Пятніца, 26.04.2024, 15:31

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Акцыя «Дар музею»
З сакавіка 2020 года Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей пачаў праводзіць акцыю «Дар музею». Яна накіравана на тое, каб неабыякавыя грамадзяне здавалі ў фонды музея разнастайныя рэчы, што маюць гістарычную каштоўнасць, такім чынам прадаўжаючы іх жыццё, але ўжо ў якасці музейнага прадмета, ці нават экспаната.

Дадзеным артыкулам з серыі «Музейны архіў» хацелася б зрабіць своеасаблівую справаздачу аб тым, колькі цікавых прадметаў было перададзена ў фонды музея не толькі з пачатку правядзення акцыі, але і на працягу ўсяго мінулага 2020 года.

Ці не самым каштоўным падарункам у фонды музея за справаздачны тэрмін стаў 21 прадмет, што папоўніў археалагічную калецыю. Здатчыкам яго з’яўляецца малады археолаг Аляксандр Гаршкоў. Аляксандр Дзмітрыевіч нарадзіўся ў вёсцы Заастравечча суседняга Клецкага раёна. Па замове ААТ «Крышылавічы» ў красавіку і чэрвені 2019 года ён праводзіў абследванне курганных могільнікаў ранняга сярэднявечча (Х—ХІІІ стагоддзі) паблізу ад вёскі Малыя Круговічы і рабіў распрацоўку зон аховы дадзеных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Паралельна з гэтаю працаю Аляксандрам Гаршковым была праведзена разведка на наяўнасць новых архелагічных аб’ектаў у наваколлі Агарэвічаў, а таксама Малых і Вялікіх Круговічаў. Сабраны матэрыял і быў у выніку перададзены ў фонды Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея.

Калекцыя крамянёвых архелагаічных прадметаў, што былі здадзеды у музей

Усе знойдзеныя артэфакты крамянёвыя, датыроўка пераважнай большасці якіх дастаткова шырокая — каменны-бронзавыя вякі. Прыкладна палова з здадзеных у фонды музея прадметаў з’яўляюцца адшчэпамі, ёсць таксама і нуклеусы, жаўлак, лускавінка, а таксама шэраг абломкаў. Усё гэта лішні раз падцвярджае неабходнасць правядзення комплекснага археалагічнага абследвання Ганцавіцкага раёна і здзяйснення раскопак на найбольш цікавых аб’ектах.

Хочацца падзякаваць Аляксандру Гаршкову не толькі за перададзеныя крамянёвыя артэфакты, але і за тое, што ён неаднаразова дапамагаў з больш падрабязным і дакладным апісаннем прадметаў, якія маюцца ў археалагічнай калекцыі музея.

Жыхар вёскі Любашава Сяргей Рыгоравіч Підліпны перадаў у музей адразу некалькі прадметаў, сярод якіх варта выдзяліць дастаткова рэдкі цяслярскі інструмент — лыжкавы свердзел, ім рабілі невялікія адтуліны па валокнам дрэва. Таксама ў фонды музея трапіў сабачы жэтон. Датыроўка яго ўзнікнення — 1938 год, часы Польскай Рэспублікі.

Сабачы жэтон

На адным з бакоў нанесены парадкавы нумар і аднясенне яго да Круговіцкай гміны Лунінецкага павета. Падобныя жэтоны выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі для ўліку колькасці сабак на прыватных падворках, выплаты падаткаў, а таксама іншых адміністрацыйных працэдур.

Яшчэ адзін сабачы жэтон быў перададзены ў музей ганцаўчанінам Уладзімірам Аляксандравічам Мелехаўцом. Сам прадмет больш ранейшы і датаваны 1929 годам.


Уладзімір Аляксандравіч здаў у фонды музея яшчэ і жэтон лесніка. Яго рэдкасць і ўнікальнасць тлумачыцца тым, што жэтон мае дастаткова добрую захаванасць і бытаваў у другой палове 1940-х гадоў.


Сапраўдны тэхнічны шэдэўр у выглядзе электрычнай кававаркі савецкай эпохі падарыла музею Тамара Аляксандраўна Андрэева. У час свайго бытавання падобны прыбор быў упрыгожваннем амаль любой кухні і лічыўся ці не прадметам раскошы. Сама кававарка гейзернага тыпу і мае дастаткова просты прынцып работы: вада ў адмысловай ёмістасці награецца да высокай тэмпературы і ў выглядзе пары праз фільтр з слоем молатай кавы праз трубачку выліваецца гатовым да спажывання напоем у кубак.

Электрычная гейзерная кававарка з кубкам ФК «Ганцавічы»

Цэлую калекцыю прыгожых карункавых сурвэтак у музей прынесла Тамара Мікалаеўна Коўш. Іх аўтар — сапраўдны майстар карункавай справы Андрэй Іванавіч Волах. Супрацоўнікі музея адабралі ў фонды сваёй установы восем найбольш адметных сурвэтак, а астанія перадалі на пастаяннае захоўванне ў Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў.

Карункавая сурвэтка

Андрэй Іванавіч, які пайшоў з жыцця ў 2019 годзе, быў дастаткова вядомым майстрам сваёй справы. Па успамінах, вязаць карункі ён пачаў яшчэ ў школе ў сёмым класе. З таго часу яго рукам належыць некалькі соцен карункаў, большасць з якіх прадстаўляюць сапраўдныя творы мастацтва. Адметная асаблівасць Андрэя Іванавіча як майстра, гэта тое, што ён не прадаў ні адной сваёй працы, а толькі дарыў іх.

Рамеснік Аляксандр Канстанцінавіч Віктаровіч падарыў музею шэраг школьных пасведчанняў 1930-х гадоў. Яны належаць тром дзяўчынкам з вёскі АгарэвічыВера, Сафія і Марыя Баброўскія. Дакументы сведчаць аб тым, што яны з поспехам навучаліся ў мясцовай спачатку двухкласнай, а потым трохкласнай пачатковай школе. На ўсіх пасведчаннях, акрамя выстаўленых адзнак, прысутнічае адбітак пячаткі школы, а таксама подпіс яе кіраўніка.

Жыхар горада Ганцавічы Аляксандр Андрэевіч Кавалевіч перадаў у музей два драўляныя акушэрскія стэтаскопы, якія вераю і праўдаю адпрацавалі ў установах цэнтральнай раённай бальніцы і «пасля выхаду на пенсію» ператварыліся ў сапраўдныя музейныя прадметы, дзе ў новым статусе будуць прыносіць карысць і надалей.

Акушэрскія стэтаскопы

Выдатны прыклад народнага майстэрства ў музейныя фонды трапіў ад ганцаўчанкі Галіны Пятроўны Філюціч — ручны арэхакол. Аўтарам яго з’яўляецца Пётр Фёдаравіч Тадра. З-за шматгадовага выкарыстання арэхакол страціў частку адной з ручак, але і без яе ён цудоўна спраўляецца з сваёю асноўнаю функцыяю — калоннем арэхаў.

Ручны арэхакол

Мы расказалі далёка не пра ўсе прадметы, што былі перададзены ў фонды музея за мінулы 2020 год. Іх, як і здатчыкаў, значна болей, а ў дадзены матэрыял трапілі толькі найбольш адметныя і цікавыя.

Нельга абыйсці той факт, што і сама серыя артыкулаў «Музейны архіў» мае плён у папаўненні фондаў прадметамі. У студзені 2021 года ў музей звярнуўся жыхар горада Ганцавічы Мікалай Фёдаравіч Кузьміч, які расказаў, што прачытаў у газеце артыкул аб калекцыі фотаапаратаў і вырашыў перадаць у фонды музея сваю невялічкую фоталабараторыю. Сярод здадзеных прадметаў варта выдзяліць фотапавелічальнік «Ленинград-4У» і фотаапарат «Эликон-535», які з’яўляецца апошняю фотакамераю распрацаванаю вытворцам БелОМА. Але аб іх і яшчэ шмат чым цікавым мы раскажам у далейшых артыкулах з серыі «Музейны архіў».

Фотаапарат «Эликон-535»

Трэба адзначыць, што акцыя «Дар музею» не скончана, яна працягвае сваю працу і зараз. Таму звяртаемся да кожнага, хто мае ў сябе рэчы, якія ў перспектыве маглі б стаць музейнымі прадметамі (старыя фотаздымкі, дакументы, кнігі, манеты, вопратка, музычныя інструменты, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, посуд і іншае), а таксама расказаць аб гісторыі нашага краю: прыходзьце да нас у музей, з вашай дапамогай мы зможам даць ім новае жыццё і прадставіць іх на выстаўках, ці пастаяннай музейнай экспазіцыі!
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (24.04.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 680 | Тэгі: кававарка, археалогія, Ганцавіцкі раён, карункі, Акцыя, музей, пасведчанне, жэтон, Ганцавічы | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.