Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Аўторак, 28.11.2023, 15:59 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
АГАРЭВІЧЫГалоўная »АГАРЭВІЧЫ (Огаревичи - русс.) — вёска, цэнтр Агарэвіцкага с/с, за 7 км на ўсход ад горада і чыгуначнай станцыі Ганцавічы на лініі Лунінец — Баранавічы, транспартныя сувязі на аўтадарозе Ганцавічы — Сіняўка — Клецк. 1133 жыхары (14.10.2009 г.). Уезд у населены пункт з боку вёскі Шашкі Паводле мясцовага падання, першапачатковая назва Пагарэвічы (гэта значыць пабудаваная пагарэльцамі). Упершыню ўзгадваецца ў 1473 г. як сяленне Клецкай воласці Новагародскага ваяводста ВКЛ. У сярэдзіне XVI ст. вялікі князь Казімір аддаў сяло Ёдку Неміровічу. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 г. ў складзе Расійскай імперыі. У 1816 г. аднайменныя вёска і маёнтак Круговіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Да 1845 г. вёска з'яўлялася цэнтрам праваслаўнага прыхода, потым была аднесена да Круговіцкага прыхода. У 1886 г. сяло, 26 двароў 408 жыхароў, праваслаўная царква. Побач знаходзіўся маёнтак Агарэвічы. Паводле перапісу 1897 г. вёска, 118 двароў, 687 жыхароў, працавалі хлебазапасны магазін, піцейны дом, капліца, 2 крамы. У маёнтку (13 жыхароў) працаваў лесапільны завод. У пачатку ХХ ст. Агарэвічы ўяўлялі сабой буйную вёску, якая мела 121 двор, каля 640 жыхароў. Побач з вёскай размяшчаўся аднайменны маёнтак (9 жыхароў). У лістападзе 1917 г. ўстаноўлена савецкая ўлада у лютым 1918 г. акупіравана германскімі, войскамі, з сакавіка 1919 г. — войскамі Польшчы. Савецкая ўлада аднаўлялася ў пачатку 1919 г. і ліпені — жніўні 1920 г. З 1921 г. ў складзе Польшчы, калонія Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводста, 174 дамы, 980 жыхароў (з іх 964 праваслаўныя беларусы), і фальварак (6 будынкаў 59 жыхароў). З 1939 г. ў складзе БССР, вёска. У 1940 г. 201 двор, 1520 жыхароў, працавалі смалакурны завод, няпоўная сярэдняя школа, у былым маёнтку створаны саўгас «Агарэвічы». З 12.10.1940 г. цэнтр Агарэвіцкага с/с Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. Вуліцы вёскі У Вялікую Айчынную вайну з 30.07.1941 г. да 07.07 1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінулі ў баях, памерлі ад ран ці прапалі без вестак 55 вяскоўцаў. З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. 417 гаспадарак, 1502 жыхары. З 25.12.1962 г. да 30.07. 1966 г. ў Ляхавіцкім раёне. Паводле перапісу 1970 г. 1638 жыхароў. У вёсцы знаходзяцца выканком сельсавета, майстэрні, ветэрынарны пункт, млын, сярэдняя школа, Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, царква, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, дзіцячыя яслі-сад, гандлёвы цэнтр. Магазін "Пралеска" Нарыхтоўчы ларок Дзіцячы яслі-сад Будынак сярэдняй школы Будынак амбулаторыі У цэнтры вёскі помнік савецкім воінам і партызанам — стэла з гарэльефнай выявай салдата (скульптар А.Я.Шушкоў, 1966 г.) у памяць аб савецкіх воінах і партызанах, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну. ![]() Помнік землякам Каля Агарэвічаў (3 км на усход, ва ўрочышчы Юліна) ёсць археалагічны помнік — курган ХІ ст., належаў дрыгавічам. Раней тут было 15 курганоў. Выявіў помнік у 1951 г. Б.В.Міралюбаў, даследваннямі займаліся таксама Ю.В.Кухарэнка і М.Ф.Гурын. Знойдзеныя матэрыялы захоўваюцца ў Беларускім музеі Палесся ў Пінску. На тэрыторыі Агарэвіцкага с/с існуюць вёскі Агарэвічы, Вялікія Круговічы, Дубнякі, Калонія, Красынічы, Кукава, Малыя Круговічы, Новыя Агарэвічы, Перадзел, Шашкі.
Падрыхтавана паводле кнігі Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006.
|
|