Субота, 20.04.2024, 07:41

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Музейны архіў

Памяць аб Якубе Коласе ў музейных фондах
Асаблівае месца ў фондах любога музея займаюць рэчы, якія звязаныя з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Ганцавіцкаму раённаму краязнаўчаму музею ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Стварэнне, адкрыццё і дзейнасць дадзенай установы культуры цесным чынам пераплятаецца з постаццю класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей шырокаму колу наведвальнікаў адчыніў свае дзверы 20 кастрычніка 2002 года. У гэты ж дзень у Ганцавіцкім раёне ў вёсцы Люсіна адбывалася святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і адкрыццё музея ў горадзе Ганцавічы стала першым выязным пунктам святочнай праграмы.

Ад самага пачатку існавання ў пастаяннай экспазіцыі музея ў адным з залаў «Гісторыя» існуе невялікая вітрына «Якуб Колас», цэнтральны экспанат — гіпсавы бюст класіка беларускай літаратуры, аўтарам якога з’яўляецца вядомы скульптар Сяргей Анатольевіч Логвін. Ён працуе ў манументальнай, станковай і мемарыяльнай скульптуры, выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама з’яўляецца старшынёю скульптурнай секцыі Беларускага саюза мастакоў. Творы Сяргея Анатольевіча захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнай акадэміі навук і непасрэдна Беларускім саюзе мастакоў. Адным з найбольш вядомых яго твораў з’яўляецца помнік беларускаму музыку Уладзіміру Мулявіну, што быў устаноўлены ў 2014 годзе на малой радзіме артыста ў расійскім горадзе Екацярынбургу.

Скульптар Сяргей Анатольевіч Логвін побач са сваім творам — бюст Якуба Коласа

Дарэчы, бюст Якуба Коласа — не адзіны твор за аўтарствам Сяргея Логвіна, што прадстаўлены ў экспазіцыі музея. У другім зале «Гісторыя» ў вітрыне, што прысвечана меліярацыі на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна, адметнае месца займае барэльеф Героя Сацыялістычнай Працы машыніста экскаватара Віктара Паўлавіча Шапавала.

Але перад тым як вярнуцца да расповяду аб прадметах, звязаных з Якубам Коласам у фондах нашага музея, зробім невялічкае адступленне… Першапачаткова пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі будучы класік беларускай літаратуры не павінен быў трапіць у Люсінскае вучылішча, як сваё першае працоўнае месца. І вось у чым справа… 13 чэрвеня 1902 года пастановай педагагічнага савета Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Якубу Коласу разам з дваццацю іншымі выхаванцамі было прысвоена званне настаўніка пачатковага вучылішча. Як узнагароду за поспехі і добрыя паводзіны савет узнагародзіў яго поўным зборам твораў Мікалая Гогаля, Васілія Жукоўскага і Аляксея Талстога.

28 жніўня таго ж года рашэннем Савета Мінскай дырэкцыі народных вучылішч з 1 кастрычніка Якуб Колас прызначаецца настаўнікам Охаўскага народнага вучылішча Пінскага павета. Прызначэнне аб якім ён атрымаў толькі праз месяц 24 верася. Як было ўстаноўлена літаратуразнаўцам Генадзем Васільевічам Кісялёвым рашэнне аб накіраванні Якуба Коласа на работу ў Охава Пінскага павета прайшло ўсе інстанцыі, аж да папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, але звестак аб настаўнічанні пісьменніка ў Охаве няма. Відаць, неўзабаве гэта рашэнне было перагледжана, і ў тым жа 1902 годзе Якуб Колас атрымаў пасаду настаўніка ў Люсінскім народным вучылішчы таго ж Пінскага павета.

Навучальны год пачаўся з 1 кастрычніка. Паводле дадзеных «Памятной книжки Минской дирекции народных училищ за 1902/1903 учебный год» Люсінскае вучылішча наведвалі 35 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Настаўніку прызначалася «пенсія» («жалованье») у суме 240 рублёў у год. Законавучыцелем тут быў Іосіф Аўксенцьевіч Ціхановіч.

Працуючы ў Люсіна, Якуб Колас рабіў этнаграфічныя запісы і збіраў вусную народную творчасць, як вынік — нарыс на рускай мове «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)». Копіі яго першых аркушаў займаюць адно з цэнтральных месцаў у адпаведнай вітрыне ў экспазіцыі раённага краязнаўчага музея. Нарыс быў напісаны ў звычайным вучаніцкім сшытку і адасланы ў Вільню ў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У тэксце рукапісу ёсць сляды рэдагавання простым алоўкам і чырвонымі чарніламі, а на палях тымі самымі чарніламі пастаўлены тэматычныя рубрыкі, якія раскрываюць змест артыкула: «Местоположение», «Народные сказания», «Окрестности», «Занятие жителей», «Улица», «Двор», «Хата», «Хозяйственные постройки», «Печь», «Внутреннее убранство». Магчыма, нарыс рыхтаваўся да друку ў адным з выданняў Геаграфічнага таварыства. Праўда, ў пачатку ХХ стагоддзя гэта праца Якуба Коласа так і не была надрукавана, але многае з таго, што папала ў нарыс, потым увайшло ў раман «На ростанях».

Копіі першых аркушаў нарыса «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)»

З дадзенага нарыса можна даведацца шмат якіх акалічнасцей аб вёсцы Люсіна і яе наваколлі. Напрыклад, што Целяшоў Дуб — не дрэва, а на самой справе — балотная рэчка, якая з’яўляецца прытокам Цны. Па словах ураджэнца вёскі Андрэя Рылкі (рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску і канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі) дадзеная рачулка, знявечаная меліярацыяй, у выглядзе невялікай канавы існуе і цяпер.

Копія нарыса ў добрай якасці ў рамках супрацоўніцтва з Літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа была адносна нядаўна атрымана нашым музеем і цяпер даступна шырокаму колу аматараў літаратуразнаўства і краязнаўства.

У фондах музея таксама захоўваюцца копіі лістоў жыхароў вёскі Люсіна да Якуба Коласа. Люсінцы заўжды памяталі свайго маладога настаўніка, які пражыў з імі побач у 1902—1904 гадах. Падчас віхураў Першай сусветнай вайны і ў перыяд 1920—1930-я гады ў люсінцаў не было магчымасці звяртацца да славутасці: вёска, належачы да заходняй часткі Беларусі, засталася пад Польшчай. Але і ў тыя цяжкія часы паланізацыі творы Якуба Коласа шырока хадзілі ў беларускіх масах. Верыцца, што і люсінцы тады чыталі аповесць «У палескай глушы». Чыталі, радаваліся сустрэчам са сваім нядаўнім мінулым, ад пакалення да пакалення ўспаміналі апісаныя ў мастацкім творы падзеі і людзей. І пра свайго настаўніка, які праз аповесць, перакладзеную на восем еўрапейскіх моў, адкрыў свету Люсіна, вяскоўцы заўсёды захоўвалі памяць і амаль праз паўвека — пасля Другой сусветнай вайны. Таму сувязь аднавілася, калі сціхла апошняе на нашай зямлі ваеннае ліхалецце, а Пінскае Палессе назаўсёды стала неад’емнай часткай Беларусі.

Ліст да Якуба Коласа ад дырэктара Люсінскай школы К.Санько. 20 красавіка 1949 года

Дзякуючы даследванням навукоўца Анатоля Віктаравіча Трафімчыка стала вядома, што жыхары вёскі Люсіна, ведаючы дабрыню знакамітасці яшчэ па колішніх часах — двух навучальных гадах настаўнічання «Лабановіча» ў «Цельшыне» і калі настала патрэба, звярнуліся да чалавека, які да той пары стаў народным паэтам. А патрэба была не абы-якая: не было дзе вучыцца падрастаючаму пакаленню люсінцаў. Таму па дапамогу звярнуліся да свайго вялікага настаўніка. Калектыўных лістоў было тры, яны датаваны 1948 і 1949 гадамі. Але фактычна і часткова праблема люсінцаў была вырашана толькі да 1953/54 навучальнага года, калі ў эксплуатацыю быў здадзены новы будынак школы ў якім змясціліся ўсяго толькі пяць класных пакояў, фізхімкабінет, піянерскі і настаўніцкі пакоі.

Перапісваўся Якуб Колас і з жыхаром вёскі Люсіна сваім вучнем Міхаілам Васільевічам Занькам. Адзін з лістоў Міхаіла Васільевіча і сёння ўпрыгожвае пастаянную экспазіцыю музея класіка ў Мінску, а яго копія ёсць і ў фондах нашай установы культуры.

Ёсць і ліст да Якуба Коласа з тады яшчэ гарадскога пасёлка Ганцавічы ад студэнта трэцяга курса мясцовага педагагічнага вучылішча Сцяпана Васільевіча Макарава, што датаваны 19 сакавіка 1949 года. У ім ён просіць класіка даць параду, пра што і як пісаць «каб стаць на грунт літаратурнай дзейнасці» і даслаў яму сваю паэму «Няволя і жыццё».

Фрагмент ліста Якубу Коласу ад студэнта Ганцавіцкага педвучылішча Сцяпана Васільевіча Макарава

Зусім нядаўна ў фонды музея былі перададзены некалькі прадметаў, якія непасрэдна звязаныя з постаццю класіка беларускай літаратуры. Некалькі з іх — значкі. Тры з іх прысвечаны юбілеям Якуба Коласа, два — 90-гадоваму, адзін — 100-гадоваму. Калекцыю дакументаў папоўнілі таксама два канверты і адна паштовая картка. Адзін з канвертаў прысвечаны 125-гадоваму юбілею Якуба Коласа. Адметная асаблівасць канверта — штамп першага дня гашэння, які адбыўся 30 кастрычніка 2007 года ў Мінску на Галоўпаштампе. Яшчэ адзін канверт і паштовая картка былі выпушчаны да 100-гадовага юбілея класіка беларускай літаратуры, на паштовай картцы таксама маецца адзнака аб першым дні гашэння — 3 лістапада 1982 года.

Канверты, паштовая картка і значкі з выявамі Якуба Коласа

Адзін з прыватных калекцыянераў паабяцаў у хуткім часе перадаць у фонды музея два наборы паштовых марак, што былі надрукаваныя да 120-і і 135-гадовых юбілеяў з дня нараджэння Якуба Коласа. Яны дакладна стануць упрыгожваннем філатэлічнай калекцыі музея.

На Якубе Коласе не сканчваецца пералік вядомых людзей, дакументы аб якіх захоўваюцца ў фондах Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея. Тут знайшлося месца не толькі літаратарам, але і прадстаўнікам іншых прафесій. Аб іх мы абавязкова раскажам ў наступных артыкулах з серыі «Музейны архіў».
Катэгорыя: Музейны архіў | Дабавіў: vitalis (17.04.2021) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 664 | Тэгі: У палескай глушы, музей, Целяшоў Дуб, Люсіна, Ганцавіцкі раён, Якуб Колас, аповесць, Літаратурная Ганцаўшчына, На ростанях, Яшукова Гара, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.