Аўторак, 16.04.2024, 16:58

ВЫСОКАЕ

Галоўная »
ВЫСОКАЕгорад, на р.Пульва, за 40 км на захад ад Камянца, 39 км ад Брэста, 3 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск на лініі Брэст – Беласток, аўтадарогамі звязаны з Брэстам, Камянцом, Пружанамі. 5,2 тыс. жыхароў (2008).

Высокае
Герб Высокага

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 г. горад атрымаў магдэбургскае права і герб, які ўяўляў сабой шчыт з выемкамі па баках, з выявай сярэбранай двухпавярховай вежы-брамы на блакітным полі. Гараджане мелі ўласны адміністрацыйны орган – магістрат, дазвалялася займацца рамёствамі, гандлем, трымаць карчму. З 1511 г. ва ўладаннях Яна Багдана Храптовіча па мянушцы Літавар. У далейшым горад не аднойчы мяняў гаспадароў, належаў Іодкам, вялікаму князю, потым Хлявіцкім, Трызнам, Войнам. У 1603 г. закладзены касцёл Святой Тройцы, які меў 44 аршыны даўжыні і 12 – шырыні, найбольшы звон насіў імя святых Пятра і Паўла. У 1647 г. Андрэй Война прадаў горад Паўлу Сапегу, ваяводу віцебскаму. Сапегі валодалі горадам больш за паўтара стагоддзя. Імі на правым беразе Пульвы быў узведзены замак, умацаваны землянымі валамі і сістэмай вадаёмаў закладзены парк. Замак моцна пацярпеў у час войнаў 1654-67 і 1700-21 гг., але абодва разы быў адноўлены. Пасля буйнога пажару 1784 г., які знішчыў галоўны будынак, замак больш не адбудоўваўся. Да нашага часу захаваліся рэшткі валоў, сцен і брама замка. У 1671 г. горад атрымаў грамату на «вечны» кірмаш, з таго часу штогод у ліпені-жніўні праводзіліся кірмашы, якія цягнуліся 4 тыдні. Вырабы мясцовых умельцаў адзначаліся ўзнагародамі на замежных выставах. У 1735 г. касцёл абнавілі; на той час налічвалася 2573 прыхаджаніны. У 1773-85 гт. быў узведзены кляштар баніфратаў (на сродкі канцлера Аляксандра Сапегі), пры якім адчынены шпіталь на 20 ложкаў. Дзейнічаў цагельны завод, які ў 1788 г. выпрацаваў 22 тыс. штук цэглы і 8 тыс. дахоўкі (у адзін абпал). У 1794-97 гг. існаваў арганізаваны Францыскам Сапегам водны гандлёвы шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 г. горад у складзе Прусіі, з 1807 г. ў Расійскай імперыі, мястэчка Высока-Літоўск Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, ва ўладанні графоў Патоцкіх. У 1816 г. побач з руінамі замка пабудаваны палац, парк пашыраны за межы былога замкавага вала (яго плошча вырасла з 30 да больш чым 50 га; у 1895 г. парк рэканструяваны).

Высокае
Замак Сапегаў Літаграфія з малюнка 1876 г. Напалеона Орды

Высокае
Замак Сапегаў, руіны. Уязная брама. Від з боку замкавага двара

У студзені 1821 г. Гродзенская ўрачэбная ўправа дала дазвол на адкрыццё аптэкі і шпіталя, пасля таго як у 1820 г. былі зачынены касцёл і кляштар і манахі-баніфраты пакінулі Высока-Літоўск. У 1826-28 гг. працавала суконная мануфактура (22 машыны, 12 ткацкіх станкоў, 118 рабочых), меўся вадзяны млын. У 1834, 1851, 1855 гг. мястэчка перажыло моцныя пажары. З 1861 г. цэнтр Высока-Літоўскай воласці тых жа павета і губерні. У час паўстання 1863-64 гг. атрад Рамана Рагінскага 24.1.1863 г. заняў мястэчка. У 1869 г. пабудавана мураваная Крыжаўзвіжанская царква за кошт сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў на месцы драўлянай царквы (1840), у 1872 г. М.Патоцкай адноўлены касцёл (у 1950-я г. будынак перададзены пад грамадскія патрэбы, пазней разабраны). У 1886 г. ў мястэчку 2729 мяшчан і 284 жыхары іншых саслоўяў, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, 2 школы, аптэка, бальніца, паштовая станцыя, завод па вырабе фарбы, 2 гарбарныя заводы, 3 вадзяныя млыны, 102 дробныя крамы, 4 карчмы, заезны двор, за год праходзілі 15 базараў і 2 кірмашы. У канцы 19 ст. царкве належалі 46 дзесяцін зямлі, у прыходзе налічвалася 369 двароў, 2954 прыхаджаніны. Паводле перапісу 1897 г. ў Высока-Літоўску 256 двароў, 3093 жыхары, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, 4 малітоўныя дамы, мужчынскае і жаночае народнае вучылішчы, яўрэйская школа, паштовае аддзяленне, лазня, канатны і свечачны заводы, 4 ветраныя млыны, 8 кузняў, 14 абутковых, 13 кравецкіх, 8 сталярных, 4 шорныя майстэрні, 2 маслабойні, 108 дробных крам у гандлёвых радах і 13 пры дамах, 2 заезныя двары, 14 піцейных устаноў. Кожны чацвер праводзіліся базары, 9 разоў на год кірмашы. У пачатку 20 ст. маёнтак Высока-Літоўск, уласнасць М.Патоцкай, меў 3150 дзесяцін зямлі, ахопліваючы мястэчка і 6 навакольных вёсак. У маёнтку вялася селекцыйная праца па вывядзенні лепшых гатункаў насення збожжавых і траў. У 1905 г. ў мужчынскім народным вучылішчы 121 вучань, у жаночым – 34 навучэнкі. 9.1.1906 г. ў Высока-Літоўску адбылася палітычная забастоўка. У 1914 г. ў мястэчку 3,8 тыс. жыхароў, 12 дробных прадпрыемстваў.

Высокае
Капліца Святой Барбары

Высокае
Касцёл Найсвятой Тройцы

З 1915 г. акупіравана германскімі войскамі, іх у пачатку 1919 г. змянілі польскія войскі. 1.8.1920 г. мястэчка вызвалена Чырвонай Арміяй, устаноўлена савецкая ўлада, але ў канцы жніўня яно зноў захоплена польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавору ў 1921-39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр Высока-Літоўскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства, у 1923 г. – 236 двароў, 2.1 тыс. жыхароў. Дзейнічаў падпольны райкам КПЗБ.

У 1939 г. 6,1 тыс. жыхароў. З 4.12. 1939 г. ў Брэсцкай вобласці, з 15.1.1940 г. – горад Высокае, цэнтр Высокаўскага раёна. У 1940 г. ў горадзе працавалі гарбарны (15 рабочых) і цагельны заводы, маслазавод (10 рабочых), 6 млыноў, 7 пякарняў, 3 няпоўныя сярэднія школы, пошта, тэлеграф. У Вялікую Айчынную вайну з 23.6.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі ў горадзе 1297 чалавек. У час акупацыі дзейнічаў падпольны райкам ЛКСМБ. Горад вызвалены 27.7.1944 г. часцямі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі. У 1945 г. ў горадзе дзейнічалі заводы па вырабе алею і мыла, пякарня, ваўначоска і інш., быў адчынены дзіцячы дом, у 1956 г. пераўтвораны ў школу-інтэрнат. У 1958 г. створаны Высокаўскі Міжкалгасбуд. Паводле перапісу 1959 г. ў Высокім 2,6 тыс. жыхароў. З 1962 г. горад у Камянецкім раёне.

Высокае
Кляштар баніфратаў

Працуюць завод жалезабетонных вырабаў, сырзавод, Камянецкае раённае вытворчае аб'яднанне па тэхнічнаму забеспячэнні сельскай гаспадаркі, лясніцтва, сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, санаторная школа-інтэрнат, СПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, Дом культуры, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, 2 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 2 бібліятэкі, бальніца. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), Крыжаўзвіжанская царква (1869), сядзіба і парк 1-й паловы 19 ст.

Высокае
Рэшткі сынагогі. Агульны выгляд

Высокае
Царква Узвышэння Святога Крыжа.

У 1940-62 гг. горад з'яўляўся цэнтрам Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Раён створаны 15.1.1940 г., 12.10.1940 г. падзелены на 12 сельсаветаў: Агародніцкі, Баршчэўскі, Вярховіцкі, Воўчынскі, Гольскі, Лумненскі, Лютаўскі, Навасёлкаўскі, Расненскі, Стаўскі, Такарскі, Тымянкоўскі. У склад раёна ўваходзілі 116 паселішчаў, налічвалася каля 8 тыс. сялянскіх гаспадарак (у тым ліку 2,4 тыс. хутарскіх), 17 былых панскіх маёнткаў, 47 школ. У час удакладнення савецка-польскай мяжы 16.8.1945 г. Польшчы перададзены Гольскі, Лумненскі, Такарскі (часткова), Тымянкоўскі сельсаветы, адначасова да Высокаўскага раёна былі далучаны Амелянецкі, Бушміцкі, Ваўковіцкі сельсаветы былога Кляшчэльскага раёна (скасаванага ў сувязі з перадачай большай яго часткі Польшчы). 16.7.1954 г. скасаваны Амелянецкі, Ваўковіцкі, Лютаўскі, Навасёлкаўскі, Стаўскі сельсаветы, паселішчы перададзены ў суседнія сельсаветы. 17.4.1962 г. раён скасаваны, уся яго тэрыторыя разам з г.Высокае ўвайшла ў Камянецкі раён.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1387]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.