Пятніца, 19.04.2024, 14:28

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ заснаваны ў 1945 ў г.Брэст. Адкрыты для наведвальнікаў 22.06.1957 г. Зарэгістраваны 16.04.2001 г. як установа культуры з сучаснай назвай. Краязнаўчы музей у Брэсце адкрыўся вясной 1941 г., але ў Вялікую Айчынную вайну ў час гітлераўскай акупацыі ўсе яго экспанаты былі знішчаны. 27.03.1945 г. выканкам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб стварэнні абласнога гістарычнага музея. 11.06.1945 г. Савет Народных Камісараў БССР падтрымаў гэтую ініцыятыву пастановай «Аб аднаўленні абласных гісторыка-краязнаўчых музеяў у гарадах Гомелі, Бабруйску, Пінску і Брэсце». 30.08.1945 г. Брэсцкі абласны камітэт КП(б)Б пастанавіў пачаць збор і вывучэнне матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі вобласці. 14.09.1948 г. Брэсцкі rapвыканкам вырашыў перадаць пад музей будынак Крыжаўзвіжанскага касцёла (узведзены ў 1856 г.). Першая пастаянная экспазіцыя музея пачала дзейнічаць у 1957 г. З 1990 г. размяшчаецца ў будынку, узведзеным у пачатку 20 ст., які ўключаны ў зону гістарычнай планіроўкі і забудовы Брэста. Музеем кіравалі Н.П.Паўлоўская, І.В.Біруля, Н.М.Калашнікава, М.М.Слепакова, Т.А.Слесарук, Т.М.Новікава. З 2010 г. дырэктар А.У.Міцюкоў.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей

Асноўны фонд музея і яго філіялаў (2008) налічвае 161 900 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 54 569 адзінак. Агульная экспазіцыйная плошча 510 м², выставачная — 248,8 м². На 1-м паверсе ў 4 залах размешчана экспазіцыя «Родная прырода», у якой прадстаўлены асноўныя тыпы раслін і жывёл, што насяляюць Брэсцкую вобласць. Экспанаты 1-й залы характарызуюць фізіка-геаграфічныя асаблівасці Берасцейшчыны, карысныя выкапні і геалагічную гісторыю краю. Тут дэманструюцца акамянеласці мелавога перыяду мезазойскай эры — марскія вожыкі, губкі, ракавіны марскіх малюскаў, а таксама рэканструкцыя левай пярэдняй канечнасці маманта вышынёй 3,5 м. Прыродныя ландшафты Брэсцкай вобласці і асноўныя прадстаўнікі флоры і фауны паказаны ў 4 дыярамах. Асаблівае месца ў экспазіцыі займае калекцыя насякомых (налічвае каля 500 прадстаўнікоў розных атрадаў). Другая зала прысвечана самаму вялікаму і старажытнаму лесу Еўропы — Белавежскай пушчы. Экалагічныя праблемы, пытанні аховы навакольнага асяроддзя раскрываюць экспанаты наступных залаў.

На 2-м паверсе ў 8 залах працуюць пастаянныя выстаўкі і экспазіцыі. Выстаўка «З музейнай кладоўкі» прадстаўляе наведвальнікам больш за 160 найбольш каштоўных і рэдкіх прадметаў з калекцый музея. Гэта кнігі, абразы, скарбы, дакументы, зброя, прадметы побыту. Сярод экспанатаў выстаўкі — упрыгожаны залатым шыццём цырыманіяльны мундзір сенатара, выраблены ў канцы 19 ст. ў Санкт-Пецярбургу; пярсідская баявая сякерка 18 ст.; кніга «Фамільныя партрэты Радзівілаў», выдадзеная ў 1875 г. у Санкт-Пецярбургу. Да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне была адкрыта экспазіцыя «Пра подзвігі, пра доблесць, пра славу...», якая расказвае пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў з фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 1941-44 гг. і вызваленне Берасцейшчыны. Таксама прадстаўлены матэрыялы пра першага Героя Беларусі падпалкоўніка У.М.Карвата і іншых герояў, якія здзейснілі подзвігі ў мірны час. Дзейнічае экспазіцыя «На стыку стагоддзяў», дзе праз музейныя прадметы раскрываюцца дасягненні чалавецтва ў развіцці навукі, тэхнікі, культуры.

Музейны збор налічвае больш за 20 калекцый, частка якіх з'яўляецца унікальнымі. Самая вялікая і найстарэйшая калекцыя — археалагічная, яе камплектаванне пачалося ў 1950 г. Крыніцамі яе папаўнення з'яўляюцца археалагічныя разведкі і раскопкі, выпадковыя знаходкі. У калекцыі прадстаўлены матэрыялы розных гістарычных эпох — ад каменнага веку да сярэдневякоўя, у тым ліку булава 2-га тыс. да н.э., каменныя сякеры, крамянёвыя сярпы, жалезны наканечнік дзіды (6 — пачатак 5 ст. да н.э.), бронзавыя фібулы з арнаментам (2 — 1 ст. да н.э.), каменныя ідалы (6 — 11 ст.), касцяная рытуальная сякера з цыркульным арнаментам, 5 дрыгавіцкіх пацерак (знойдзены ў курганных могільніках на тэрыторыі Камянецкага раёна). Асаблівае месца ў калекцыі займаюць знаходкі з гарадзішча Бярэсце (больш за 40 тыс. прадметаў), якія атрыманы ў выніку раскопак 1960-80-х г. і сталі асновай экспазіцыі філіяла абласнога музея — археалагічнага музея «Бярэсце». Нумізматычная калекцыя ўключае больш за 14 тыс. прадметаў. Яе фарміраванне пачалося ў 1950 г. з манет Расійскай імперыі, выпушчаных у 1841 — 1911 гг. У наступныя гады калекцыю папоўнілі манеты Вялікага княства Маскоўскага, Цвярскога, Суздальскага і ўдзельных княстваў, самыя раннія з іх адносяцца да канца 14 ст., ёсць і так званыя «сібірскія» манеты перыяду праўлення Кацярыны II. У антычнай частцы калекцыі самым рэдкім экспанатам з'яўляецца медны сестэрцый рымскага імператара Гардыяна III, які ўладарыў у 238 — 244 гг. У фондах таксама металічныя боны кааператываў пры вайсковых часцях Польшчы (1925-39 гг., каля 700 манет розных наміналаў і вайсковых часцей). У 2008 г. калекцыя папоўнілася памятнымі манетамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. У музеі захоўваюцца 18 скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 1954-90 гг. (16 манетных і 2 рэчавыя). Больш за 150 прадметаў налічвае скарб, адшуканы ў 1962 г. каля в.Страдзеч Брэсцкага раёна. Ён складаецца з залатых і сярэбраных вырабаў, якія адносяцца да 16 — 17 ст. Сярод іх 2 сярэбраныя кубкі, вырабленыя ў Нюрнбергу паміж 1588 г. і 1622 г., адзін з якіх мае, акрамя кляйма горада, імянное кляймо майстра-золатакаваля Ганса Бойтмюлера. У 1974 г. у музей быў перададзены скарб рымскіх сярэбраных дэнарыяў 1 ст., знойдзены каля в.Лышчыцы Брэсцкага раёна. У музеі зберагаюцца бронзавая закладная дошка і шкатулка з 21 манетай (1 плацінавая, 2 залатыя, 12 сярэбраных і 6 медных), закладзеныя ў падмурак Брэст-Літоўскай крэпасці 01.06.1836 г. Калекцыя этнаграфіі і прадметаў побыту адлюстроўвае самабытнасць Берасцейшчыны, у ёй прадстаўлена адзенне 7 строяў, распаўсюджаных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў канцы 19 — пачатку 20 ст. Унікальнымі элементамі касцюма, кроем, выкарыстаннем багата арнаментаваных тканін, галаўнымі ўборамі вылучаюцца сярод іх кобрынскі і маларыцкі строі. Асаблівае месца ў калекцыі займаюць прадметы ткацтва, у тым ліку двухбаковыя посцілкі, мотальскія ручнікі, бездзежскія фартухі, чарнаглянцавая кераміка А.Такарэўскага, вырабы Целяханскага шклозавода (1885 — 1915 гг.), аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў свайго часу (300 рабочых у 1900 г.). У калекцыі баністыкі маюцца банкноты вартасцю 4 і 25 злотых, выпушчаныя ў 1794 г. паўстанцкім урадам Т.Касцюшкі. Сярод дакументаў — Пасланне 1782 г. апошняга караля Польшчы і вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага з каралеўскай пячаткай і асабістым подпісам, дакументы 1794 г. з рэзалюцыяй і аўтографам Т.Касцюшкі. Акрамя таго, у фондах за-хоўваюцца мемарыяльныя калекцыі. У 2005-06 гг. паступілі фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы Ю.Несцярэнкі — чэмпіёнкі XXVIІІ летніх Алімпійскіх гульняў 2004 г. у Афінах.

Музей мае 4 філіялы: археалагічны музей «Бярэсце», музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», мастацкі музей, «Камянецкая вежа». Штогод музей і яго філіялы арганізуюць выстаўкі, музейныя і музычныя вечары, Дні краязнаўства, выязныя музеі. На базе музейных калекцый працуюць 5 музейна-педагагічных праграм, праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя міжнароднаму тыдню птушак, Сусветнаму дню аховы навакольнага асяроддзя, дню леса.

Адрас: 224018, г.Брэст, вул.Карла Маркса, 60
Тэл.: +375-162-23-91-16; +375-162-23-52-98; +375-162-23-71-40 (факс)
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.