Субота, 27.07.2024, 02:41

ІШЧАЛНАЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
ІШЧАЛНАЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы вёскі Ішчална Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1755—58 гг. з цэглы па фундацыі гродзенскага харунжага Язэпа Валы на месцы драўлянага храма 1670—78 гг. Побач з касцёлам у 19 ст. з цэглы ўзведзена аднаярусная чатырохгранная шатровая званіца.


Помнік архітэктуры позняга барока. Храм аднанефавы, двухвежавы з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Архітэктурная кампазіцыя мае выцягнутую па вертыкалі аб'ёмную будову з геаметрычна выразных вялікіх мас. Вузкую цэнтральную плоскасць галоўнага фасада завяршае фігурны франтон, фланкіруюць чатырохгранныя вежы, ярусы якіх вылучаны карнізамі, расчлянёны прамавугольнымі панэлямі, прарэзаны лучковымі і паўцыркульнымі прасветамі. Плоскасныя бакавыя фасады завершаны карнізам і расчлянёны двумя ярусамі лучковых аконных праёмаў.


Малітоўная зала выцягнута па падоўжнай восі і разам з апсідай перакрыта драўляным лучковым скляпеннем, якое замяніла ранейшае мураванае. Сцены крапаваны тонкімі падвойнымі лапаткамі і апяразаны шырокім карнізам. Над нартэксам хоры. Тры алтары і амбон выкананы ў стылі ракако. Галоўны алтар — асноўны пластыка-дэкаратыўны акцэнт афармлення інтэр'ера — займае ўсе тры сцяны апсіды. Яго першы ярус устаноўлены на высокім цокалі, падзелены карынфскай каланадай на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам, у цэнтры вялікі абраз «Святая сям'я», злева — «Святы Пётр», справа — «Хрышчэнне». У цэнтры другога яруса круглая люкарна, па баках жывапісныя панэлі, дэкаратыўныя вазы і выявы анёлаў. Два бакавыя алтары святой Ганны і Маці Божай Вастрабрамскай меншыя, увенчаны скульптурнымі выявамі святых Францішка і Варвары сярод анёлаў і ракайльных звіваў. Пабудаваны яны ў выглядзе пласцін, расчлянёных на два ярусы тонкапрафіляванымі і раскрапаванымі антаблементамі, фланкіраваны калонамі, капітэлі якіх з'яўляюцца пастаментамі для пуцці. Асноўны лейтматыў арнаментальна-пластычнай кампазіцыі алтароў — бясконцыя раскрапоўкі, звівы, дробныя, ювелірна вытанчаныя арнаментальныя клубкі з мудрагелістым узорам. На правай сцяне ляпная экспрэсіўная, дынамічная гарэльефная кампазіцыя «Архангел Міхаіл, які топча д'ябла» — шэдэўр мастацтва ракако. Высокамастацкім дэкаратыўна-скульптурным творам з'яўляецца амбон. Яго кафедра — пластычная чаша, падтрыманая кансоллю-ракавінай. Ракайльныя панэлі на яе гранях запоўнены ляпнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Кафедру ажыўляюць выявы дэльфіна, марскога льва, арла ў пене звіваў і ракайляў. Праз спрошчаную фігурную панэль кафедра аб'яднана з балдахінам, завершаным экспрэсіўнай кампазіцыяй з выявай святой з крыжом і пуцці. Размах і насычанасць скульптурнага і ляпнога дэкору эфектна кантрастуюць з лаканізмам архітэктурных плоскасцей інтэр'ера.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 30
Гасцей: 30
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.