Аўторак, 19.03.2024, 14:18

КУПАЛЬІ ЯНКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
КУПАЛЫ ЯНКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ заснаваны ў Мінску паводле пастановы СНК БССР ад 19.05.1944 г. як Музей Янкі Купалы ў складзе Акадэміі навук БССР. З 1960 г. называўся Літаратурны музей Янкі Купалы, з 1980 г. сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 20.09.1945 г.. Спачатку размяшчаўся ў будынку былога Дома прафсаюзаў, з 1950 г. — у былым доме Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1959 г. знаходзіцца ў будынку, узведзеным на месцы дома, дзе ў 1927—41 гг. жыла сям'я Я.Купалы. Дзейнасць музея накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміраванне экспазіцый і выставак, складанне бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. Стваральнікам і першым дырэктарам музея з'яўляецца жонка Я.Купалы — заслужаны дзеяч культуры Беларусі У.Ф.Луцэвіч. Кіраўнікамі музея таксама былі І.З.Шарахоўскі, І.К.Жыдовіч, У.М.Юрэвіч, А.Ц.Бажко, А.М.Кулакоўскі, Ж.К.Дапкюнас, С.У.Вечар. У 2007 г. музей узначаліла А.Р.Матэвасян.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 34421 экспанат, навукова-дапаможны — 9983. Экспазіцыйная плошча 1137,9 м², выставачная — 413,2 м².

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Усе музейныя прадметы размеркаваны па 16 калекцыях. Найбольш значныя з іх: аўтографы Я.Купалы (740 адзінак захоўвання); рукапісы і перапіска родных і сучаснікаў паэта; дакументальныя матэрыялы да біяграфіі паэта, куды ўваходзяць асабістыя дакументы, пасведчанні, даведкі, граматы, узнагародныя лісты, пашпарт, дэпутацкі білет; калекцыя фотадакументаў, якая ўключае фотапартрэты, калектыўныя фатаграфіі, асобныя рарытэтныя фота паэта з дароўнымі надпісамі, фотаздымкі блізкіх, родных, знаёмых Я.Купалы і У.Ф.Луцэвіч, купалаўскіх мясцін, а таксама здымкі з літаратурных вечароў і творчых сустрэч, святаў паэзіі, юбілейных мерапрыемстваў у экспазіцыйных залах музея, выставак, прэзентацый асобных выданняў і г.д. Асобную калекцыю складае збор прыжыццёвых даваенных выданняў Я.Купалы [зборнікі «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913), «Спадчына» (1922), «Безназоўнае» (1925), «Ад сэрца» (1940)], асобных выданняў 1908—19 гг. і перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама кніг з публікацыямі твораў пра паэта, манаграфій, эсэ, выданняў, прысвечаных творчасці і памяці Я.Купалы, беларускіх календароў 1910—35 гг., буклетаў, анталогій, навуковых выданняў. Вялікую каштоўнасць мае калекцыя «Кнігі з бібліятэкі Даніловіча «Веды» (у 1908 г. Я.Купала працаваў у гэтай бібліятэцы ў Вільні). На некаторых кнігах паэта яго ўласны штамп «І.Луцэвіч». Асобную калекцыю складаюць каля 2 тысяч твораў мастацтва. Сярод іх прыжыццёвыя партрэты Я.Купалы, напісаныя мастакамі А.Бразерам, Ф.Красніцкім, Я.Кругерам, Д.Полазавым, работы В.Волкава, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, творы майстроў графікі М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Я.Раманоўскага, М.Селешчука, В.Шаранговіча і інш.

Да вобраза Купалы і яго творчасці звярталіся такія скульптары, як З.Азгур, А.Анікейчык, А.Бембель, А.Біебаў, П.Лук, Ф.Янушкевіч. Кінаархіў музея ўключае запісы голасу Я.Купалы на шарынафоне (арыгінал), зробленыя ў Калоннай зале Дома саюзаў у Маскве (1940), магнітафонныя ролікі з запісам выступленняў паэта на 1-м Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў (1934), на вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня смерці А.Міцкевіча (1940), на радыёмітынгу ў Казані (1942), копіі кінастужак з кадрамі перазахавання урны з прахам паэта на Вайсковых могілках у Мінску (1962), дакументальныя кадры кіначасопісаў, прысвечаныя юбілеям паэта, запісы ўспамінаў родных Я.Купалы, унікальнасць якіх у тым, што яны зроблены ў музеі і не маюць аналагаў у іншых фонаархівах. У музеі захоўваюцца грампласцінкі даваеннага часу: песні і рамансы ў выкананні Н.Абухавай, В.Качалава, В.Козіна, С.Лемешава, Л.Русланавай і інш.

Калекцыя «Ушанаванне памяці Янкі Купалы» змяшчае мемуары вядомых беларускіх, украінскіх, рускіх паэтаў і пісьменнікаў, вершы, артыкулы, успаміны, прысвечаныя Я.Купалу, рукапісы, машынапісныя тэксты з подпісам аўтараў і інш.

У музеі 8 экспазіцыйных залаў, дзе храналагічна адлюстравана жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі, а таксама культурна-грамадскае і літаратурнае жыццё краіны. Акрамя літаратурнай маецца значная мемарыяльная частка: фрагмент пецярбургскай кватэры Я.Купалы, гасцёўня ў доме паэта, яго кабінет і інш., якія ўзноўлены па ўспамінах, фотаздымках, архіўных матэрыялах і знаёмяць з Вільняй, Пецярбургам, Масквой, перадваенным Мінскам.

У канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. у экспазіцыі з'явіліся новыя раздзелы — вынік навуковай дзейнасці купалазнаўцаў і супрацоўнікаў музея. Створаны новы мемарыяльны комплекс «Віленскі куток. Работа Янкі Купалы ў газеце «Наша ніва» і ў бібліятэцы «Веды», абноўлена вітрына «Перакладчыцкая дзейнасць Янкі Купалы». У вітрынах размешчаны новыя тэматычныя комплексы: «У.Луцэвіч — стваральнік і першы дырэктар музея», «Драматургія Янкі Купалы на сучаснай сцэне», «Купалаўскія мясціны і іх увасабленне ў творчасці паэта», «Янка Купала ў музыцы і выяўленчым мастацтве», «Апошнія выданні твораў пісьменніка і матэрыялы-даследванні пра яго творчасць» і г.д.

Стала традыцыяй у рамках вечароў, сустрэч, святкавання знамянальных і памятных дат у жыцці і творчасці Я.Купалы праводзіць у музеі выстаўкі з цыклаў «З Купалам у сэрцы», «У сугуччы культур» і інш. Да 125-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы створаны новы тэматычны раздзел у экспазіцыі 7-й залы «Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці», дзе экспануюцца фрагменты інтэр'ера гасцініцы «Масква» і пакоя № 414. Адноўлена экспазіцыя 3-й залы «Пецярбург. Акопы — творчая калыска паэта», створана выстаўка з фондаў музея «Пачуеш дзіўную аповесць», якая раскрывае вобраз Я.Купалы ў выяўленчым мастацтве, кніжнай графіцы, дэкаратыўна-прыкладным і народным мастацтве, а таксама перасоўныя выстаўкі — «Паэзія Купалаўскіх мясцін» і «Як на свет радзіўся Янка». Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі з уласных фондаў за межамі Беларусі: «Пушкін і Беларусь» (Расія, 1978), «Паклон мой народу за песні» (Расія, 1987), «Асоба і час» (Польшча, 1993), «Йшла доля беларуса з доляй украінца» (Украіна, 2004), «Малюся я небу, зямлі і прасторы» (Польшча, 2006), «Янка Купала і тэатр» (Літва, 2008) і інш.

Супрацоўнікі музея арганізуюць святы паэзіі, дні музея ў вёсках Вязынка, Яхімоўшчына, Харужынцы, Ляўкі, навуковыя рэспубліканскія (з 1995 г. міжнародныя) Купалаўскія чытанні. Па ініцыятыве музея створаны Міжнародны фонд Я.Купалы (1995), які аб'ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зборнікі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнародных Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў, успаміны, буклеты. Мае 4 філіялы: «Акопы» ў Лагойскім, «Вязынка» і «Яхімоўшчына» ў Маладзечанскім, «Ляўкі» ў Аршанскім раёнах. На базе матэрыялаў з фондаў музея створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літаратурны музей «Над ракой Арэсай» у Любанскім раёне (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў вёсках Сеніца Мінскага (1982) і Бяларучы Лагойскага (1998) раёнаў.

Адрас: 220030, г.Мінск, вул.Янкі Купалы, 4
Тэл.: +375-17-227-79-43; +375-17-503-03-40
Сайт: www.kupala-museum.by
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1378]
Здарэнні [459]
Грамадства [463]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.