ЛОСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ІСУСАГалоўная »
ЛОСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ІСУСА размяшчаецца на ўгорку ў цэнтры вёскі Лоск Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Пабудаваны ў 1919—24 гг. з драўлянага брусу.
Першы касцёл у 1480 г. пабудавала ўдава князя Івана Карыбутавіча Ганна. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка было цэнтрам арыянства. Ян Кішка пабудаваў рэфармацкі храм, адкрыў друкарню, запрасіў у яе Сымона Буднага і іншых дзеячаў Рэфармацыі (Д.Лянчыцкі, Я.Карцан). У 1639 г. Лоскі храм адышоў да Віленскай капітулы. Пасля 1959 г. выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах.
Твор народнага дойлідства. Прамавугольны ў плане зруб накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над пяцігранным прырубам апсіды з невялікай сакрысціяй. Плоскасны галоўны фасад завершаны трохвугольным шчытом, у тымпане якога прарэзана арачнае акно, якое расчляняе прафіляваны карніз. Уваход вырашаны шырокім прамавугольным праёмам. Неашаляваныя сцены рытмічна падзелены вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў. У перакрытую плоскай столлю малітоўную залу выступаюць хоры, на якія вядзе лесвіца бакавой клеці.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|