Субота, 27.07.2024, 03:25

ЛЫСКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР МІСІЯНЕРАЎ

Галоўная »
ЛЫСКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР МІСІЯНЕРАЎ размяшчаецца ў цэнтры вёскіі Лыскава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудаваны ў 1763—85 гг. з цэглы.


Першы драўляны касцёл пастаўлены ў 1527 г. на сродкі віцебскага ваяводы, старосты жмудскага М.Клочкі, у 1751 г. ўладальнікам маёнтка Адамава ваўкавыскім маршалкам Я.Быхаўцом перададзены місіянерам. У другой палове 18 ст. ўзведзены кляштарны будынак. Пры кляштары місіянераў існавалі школа, шпіталь і бібліятэка. У 1866 г. касцёл 18 ст. пераасвячоны ў праваслаўную царкву, рэканструкцыю пад якую ажыццявіў архітэктар Ф. Афанасьеў. 22.07.1880 г. ад маланкі загарэўся гонтавы дах, засталася толькі мураваная частка. У 1883—84 гг. адноўлены архітэктарам П.І.Залатаровым (выкладзены новыя скляпенні, заменены кроквенныя канструкцыі даху і пакрыццё). На касцёльных могілках 16.09.1825 г. пахаваны польскі паэт і драматург Ф. Карпінскі (нізкая капліца пад двухсхільным ганкам з надпісам «Гэта мой дом убогі»). Могілкі адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1877 г.


Кaсцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Крыжовы ў плане аднавежавы аб'ём з прамавугольнай апсідай і дзвюмя сакрысціямі. Чатырох'ярусная вежа (перабудавана ў 1818 г.) пры дапамозе ўвагнутых бакавін плаўна ўпісана ў плоскасць галоўнага фасада, якая насычана крапавана падвойнымі пілястрамі, між'яруснымі прафіляванымі карнізамі. Верхні ярус званіцы завершаны самкнутым купалам, дэкарыраваны валютамі, вуглавымі пілястрамі, другі — завершаны па гранях прафіляванымі аркамі, што надае архітэктурнай дамінанце барочную, амаль скульптурную пластычнасць. Гэтаму садзейнічаюць і высока ўзнятыя лучковыя аконныя праёмы і плоскія лапаткі ў прасценках бакавых фасадаў.

Зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якія абапіраюцца на прафіляваныя архівольты і насценныя пілястры. Паміж апошнімі размешчаны вялікія арачныя нішы, над якімі лучковыя аконныя праёмы, аддзеленыя прафіляваным фрызам. Апсіда перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, крылы трансепта і сакрысціі — крыжовымі, у тоўшчы фасаднай сцяны вінтавая лесвіца на званіцу. Размалёўка паўночнага крыла трансепта імітуе ордэрную архітэктанічную кампазіцыю.


Насупраць касцёла захаваўся барочны жылы корпус. Двухпавярховы П-падобны ў плане галерэйны будынак, сцены і цэнтральны рызаліт якога крапаваны пілястрамі, міжпавярховай карнізнай цягай. У дэкоры выкарыстаны руст, надаконны лучковы пояс, міжаконныя руставаныя лапаткі. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, тыпавыя келлі — крыжовымі. На першым паверсе паўднёвага крыла знаходзілася трапезная.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 45
Гасцей: 45
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.