Чацвер, 25.04.2024, 16:51

ОРДА Напалеон

Галоўная »
ОРДА Напалеон (11.02.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага раёна — 26.04.1883) — піяніст, кампазітар, педагог, музычны пісьменнік, мастак. Творчасць звязаная з мастацкім жыццём Беларусі і Польшчы. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у бацькоў.


У 1823 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт, з якога ў 1827 г. выключаны за ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гг. (належаў да тайнага студэнцкага таварыства «Заране»). Пасля задушэння паўстання эміграваў у Францыю, дзе ў 1833 г. удасканальваў майстэрства ігры на фартэпіяна ў Ф. Шапэна; у 1838 г. выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў» (даход ад выдання прызначаўся на дапамогу бедным суайчыннікам), свае творы для фартэпіяна (паланэзы, вальсы, мазуркі), ухваленыя Шапэнам і Ф. Лістам, а таксама рамансы і песні на словы С. Вітвіцкага і Адама Плуга. У сярэдзіне 1840-х гг. Орда — дырэктар Італьянскай оперы у Парыжы; там жа атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі П. Жэрара. З 1856 г. на радзіме, жыў у Варацэвічах, у 1862 — 1863 гг. у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі.

Найлепшыя музычныя творы Н. Орды, асабліва паланэзы, вылучаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; аднак у некаторых творах пераважае песенны, лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне XIX ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (выдадзена ў Варшаве ў 1873 г.), высока ацэненай С. Манюшкам.

Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцінаў, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў. Вылучаюцца ягоныя архітэктурныя замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), выкананыя алоўкам, сепіяй, акварэллю. Сярод іх віды вёсак («Жукаў Барок»), гарадоў Гродна (больш за 20 малюнкаў), Віцебска, Полацка, Магілёва, Мінска, Пінска, Навагрудка, Нясвіжа, Камянца, Чашнікаў, Сянна і гарадскіх пасёлкаў Камянец, Свіслач, Друя ды інш. Гістарычную каштоўнасць маюць замалёўкі Камянецкай вежы, Горы-Горацкага земляробчага інстытута, замкаў у Крэве (Смаргонскі р-н), Гальшанах (Ашмянскі р-н), Геранёнах (Іўеўскі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Смалянах (Аршанскі р-н) Навагрудку, Пінску, дома-крэпасці ў Гайдюнішках (Воранаўскі р-н), сядзібаў і палацаў у Гродне, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Завоссі і Паланэчцы (Баранавіцкі р-н), Убелі (Чэрвеньскі р-н), Мядзвядцы (Карэліцкі р-н), Хальчы (Веткаўскі р-н), Навошы (Гродзенская вобл.), Туганавічах (цяпер в. Карчова Баранавіцкага р-на), Скоках (Брэсцкі р-н), Раманаве (сучасная в. Леніна Горацкага р-на), Закозелі (Драгічынскі р-н), Моладаве (Іванаўскі р-н), Дукоры (Пухавіцкі р-н), Жамыслаўлі (Іўеўскі р-н), Ружанах (Пружанскі р-н), Снове (Нясвіжскі р-н), Жылічах (Кіраўскі р-н), Станькаве (Дзяржынскі р-н), Прылуках і Астрашыцкім Гарадку (Мінскі р-н), Высокім (Камянецкі р-н), Бешанковічах, Лагойску, Гомелі, Нясвіжы, Пружанах і інш., помнікаў культавага дойлідства: Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннінскай царквы ў Полацку, цэркваў святых Барыса і Глеба ў Гродне, Навагрудку, манастыроў Ляшчынскага пад Пінскам, базыльянскага ў Жыровічах (Слонімскі р-н), Траецкага ў Слуцку, кляштараў у Смілавічах (Чэрвеньскі р-н), Полацку, Нясвіжы, касцёлаў і кальвінскіх збораў у Ішкалдзі Баранавіцкага, Гнезне Ваўкавыскага, Койданаве (сучасны Дзяржынск), Фашчаўцы Шклоўскага, Сар’і Верхнядзвінскага, Дзярэчыне Зэльвенскага, Варнянах Астравецкага, Ружанах Пружанскага, Жалудку Шчучынскага раёнаў, Свіслачы, Кобрыне, Іванаве ды інш.

Малюнкі вылучаюцца дакументальнасцю, маюць вялікую каштоўнасць для гісторыі архітэктуры. Вялікая колькасць малюнкаў Н. Орды зберагаецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве (Польшча). Паводле яго малюнкаў і акварэляў у 1873 — 1883 гг. створаныя (мастак А. Місуровіч) і выдадзеныя ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). На пачатку XXI ст. у Беларусі ажыццёўленае выданне некалькіх альбомаў, што грунтуюцца на працах Н. Орды, паштовага блока.

Помнік Напалеону Ордзе ў Іванава

Працуе музей Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы, у горадзе Іванава пастаўлены помнік.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 21 (614) чэрвень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.