Пятніца, 14.06.2024, 16:23

МІФА-ПАЭТЫЧНЫЯ МАТЫВЫ ў літаратуры

Галоўная »
МІФА-ПАЭТЫЧНЫЯ МАТЫВЫ ў літаратуры — зварот да матываў і вобразаў, запазычаных з міфалагічнай спадчыны (усходнеславянскай і антычнай), выкліканы істотнымі эстэтычнымі запатрабаваннямі мастацкай творчасці (паглыбленне народнасці, імкненне да вышэйшай ступені філасофска-мастацкага абагульнення — сінкрэтычнасці вобразнага мыслення).

Літаратурная міфалагізацыя выступае ў якасці абагульняльнай метафары і сродку літаратурнай паэтызацыі. Багацце нацыянальнай міфалогіі ў літаратуры сведчыць пра пэўную глыбіню адлюстравання калектыўнай свядомасці народа, пра ўзровень яго маральнага і духоўнага самавыяўлення. Ужо ў творчасці М.Гусоўскага яскрава выявілася тэндэнцыя непасрэднай міфалагізацыі і адкрытай паэтызацыі роднай зямлі. У «Песні пра зубра» (1522) зубр — гэта і рэальны звер Белавежскай пушчы,і алегарычны вобраз роднага краю. Звяртаўся да міфаў Ф.Скарына з мэтай уздзейнічаць на маральнае выхаванне і духоўнае развіццё народа дзякуючы іх прытчаваму біблейнаму зместу.

У XVI — XVIII стст. з-за панавання рацыяналізму міфалагічны элемент у беларускай літаратуры звужаецца. Але ў перакладных творах (напрыклад, у шматлікіх спісах «Александрыі»), у школьных драмах міфалагічныя і фантастычныя вобразы прадстаўленыя багата. У «Прамове Мялешкі» і ў «Лісце да Абуховіча» зноў адраджаецца адкрытая паэтызацыя роднага краю, асабліва міфалагізуецца яго патрыярхальнае мінулае. У школьных інтэрмедыях XVII — XVIII стст. побач з міфалагічнымі героямі выводзіцца вобраз простага селяніна. Тэндэнцыя адыходу ад міфа антычнага выразна выяўляецца ў ананімных травесційных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», дзе фігура селяніна ўраўноўваецца з міфалагічнымі багамі.

В.Дунін-Марцінкевіч, узнаўляючы мясцовыя міфы пра гістарычнае мінулае краю, паэтызаваў традыцыйныя патрыярхальныя народныя звычаі, адкрываў у іх глыбінны маральны і духоўны змест, узвялічваў гераізм продкаў, параўноўваючы іх подзвігі з подзвігамі герояў антычнасці («Травіца брат-сястрыца», «Люцынка, альбо Шведы на Літве» і інш.). Значэнне легендарнага асабліва вялікае ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, бо ён пісаў у час актыўнага фармавання нацыянальнай свядомасці ў літаратуры. Францішак Багушэвіч таксама звяртаўся да ўмоўнай вобразнасці («Хцівец і скарб на святога Яна », «Гдзе чорт не можа, там бабу пашле»), аднак у цэлым яго творчасць хутчэй канкрэтна-аналітычная, чым паэтычна-алегарычная.

Сувязь зместу літаратурных твораў пачатка XX ст. з міфалогіяй і фальклорам захоўваецца, але яна яшчэ ў большай ступені ў чым у XIX ст., ускладняецца літаратурнай традыцыяй, пераўтвараецца пад шматлікімі эстэтычнымі ўплывамі, зменьваецца пад уздзеяннем задачаў публіцыстычнай надзённасці. Супярэчнасць паміж патрыярхальным і агульначалавечым набывае выразнае драматычнае абвастрэнне (творы Цёткі, Ядвігіна Ш.). У творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча, М.Гарэцкага міфалагічныя і фальклорныя матывы становяцца разгорнутым літаратурным вобразам.

У творах Янкі Купалы міфалагізуецца мінулае народа як адзнака жывасці яго душы, што ўплывае на сучаснае духоўнае развіццё Беларусі (вобраз духа абуджэння ў вершы «Сон»). Вобраз кургана ў творчасці паэта мае міфалагічнае паходжанне і з’яўляецца алегорыяй духоўнага ўзвышэння, яднання мінулага і сучаснага. У паэме «Сон на кургане» найбольш ярка выявіўся працэс літаратурнага падпарадкавання міфалагічных асацыяцый ў і рэмінсцэнцыяў сучасным задачам творчасці), Вобразы Сам, Чорны, відмы), сюжэтныя матывы (здабыццё скарбу, пажар, вяселле), прылады і інструменты (сякера, скрыпка) маюць даўні, традыцыйны абагульняльны міфалагічны сэнс барацьбы дабра і зла, узнёслага і нізкага, духоўнага і прыземленага.

У творчасці Якуба Коласа схільнасць да міфалагізацыі фігураў не такая выразная, як у Янкі Купалы; аднак даўняе традыцыйнае ў яго творах займае вялікае месца, асабліва ў апісанні побыту і працы селяніна як спрадвечнага рытуалу, існаванне якога мае міфалагічнае паходжанне. Гэта ў нейкай ступені збліжае паэму «Новая зямля» з творамі антычных аўтараў (Гамер), якія міфалагізавалі сялянскі побыт і працу.

У вершах М.Багдановіча міфалагічныя персанажы (вадзянікі, русалкі, змяіны цар) не валодаюць той злавеснай сілаю і варожасцю да чалавека, што ўласцівыя адмоўным міфалагічным персанажам Янкі Купалы; яны заўсёды былі светлымі, лёгкімі духамі роднай зямлі. Гэта сведчыла пра больш выразную сувязь творчасці М.Багдановіча з літаратурнай традыцыяй.

Беларуская літаратура пачатку XX ст. перажывала перыяд найбольш інтэнсіўнага ідэйна-мастацкага асваення міфалагічнай і фальклорнай спадчыны. Гэты працэс у 1905-1917 гг. набыў асаблівую маштабнасць і складанасць. Творчае стаўленне да міфа і фальклору як ніколі раней у гэты час падпарадкоўваюцца галоўнай канцэпцыі эстэтычнага развіцця, выяўляюць асноўны пафас нацыянальнага станаўлення мастацкай літаратуры.

У гады грамадзянскай вайны, калі паэты з трывогай гаварылі пра будучы лёс роднага краю, абвастрылася праблема захавання і далейшага развіцця духоўнай культуры народа. У 1917-1920-я гг. Янка Купала зноў звярнуўся да вобразаў-сімвалаў (злыдняў, начніцаў,традавіцы, перуна, грамавіцы), каб перадаць жыццёвую сілу роднай зямлі, умацаваць веру ў яе магутную жыццяздольнасць (сутнасць імкненняў беларускай літаратуры таго часу паэт выказаў у вершы «Спадчына»). Паэты пачатку 1920-х гг., часта звярталіся да антычных міфалагічных вобразаў. Моцны міфалагічны пачатак і ў паэме Янкі Купалы «Безназоўнае», у якім паэт славіць уздым народнага духу, абуджанага Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Паступова з-за спрошчанага разумення ўзаемасувязяў мінулага і сучаснага міфалагічная традыцыя рэзка паслабляецца, аднак поўнасцю не знікае (у аповесці Якуба Коласа « Дрыгва» велічны вобраз дзеда Талаша з воўчай шкураю на плячах, якая паводле грэчаскай міфалогіі азначала сілу; багатая на фальклорныя вобразы і матывы літаратурная казка Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка»).

З апошняй чвэрці XX ст. зноў назіраецца зварот да міфалагічнага, традыцыйна-народнага адчування свету. Міфалагічныя матывы ўласцівыя творам I.Мележа, У.Караткевіча, Я.Брыля, Максіма Танка, I.Пташнікава, В.Казько, В.Карамазава і інш. У В.Быкава ўчынкі і дзеянні герояў пры ўсёй іх несумненнай жыццёвай рэальнасці, фактычнай пераканальнасці і часавай канкрэтнасці ў нейкай ступені нагадваюць тую агульную накіраванасць і сэнсавасць, што вядомая ўжо ў міфалагічных творах («Сотнікаў», «Здрада», «Пайсці і не вярнуцца», «Знак бяды»); бадай, таму ў апошнія гады жыцця пісьменнік звярнуўся да такога жанру літаратуры, як прыпавесці. У выніку глыбокага пранікнення ў характары герояў яго творы набываюць дакладныя прыкметы прытчавасці.

Такім чынам, і ў новай літаратуры выкарыстанне міфалагічных вобразаў і матываў з’яўляецца плённым сродкам ідэйна-мастацкага асэнсавання сучаснага жыцця, сродкам выяўлення агульначалавечых праблемаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 26 (475) ліпень 2013 г.,
«Краязнаўчая газета» № 27 (476) ліпень 2013 г.,
«Краязнаўчая газета» № 28 (477) ліпень 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1403]
Здарэнні [476]
Грамадства [474]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Чэрвень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.