Нядзеля, 05.05.2024, 08:56

МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ КЛЕЧЧЫНЫ

Галоўная »
МУЗЕЙ ГІСТОРЫІ КЛЕЧЧЫНЫ заснаваны 29.10.1961 г. у г.Клецк як школьны музей. Яго аснову склалі экспанаты краязнаўчага гуртка, які дзейнічаў у Клецкай сярэдняй школе з 1958 г., і гістарычнага кутка пры гарадской бібліятэцы (існаваў з 1959 г.). У час паходаў па раёне вучні пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Д.М. Чорнага сабралі матэрыялы пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, па гісторыі партызанскага руху, калекцыю акамянеласцяў марскіх арганізмаў і раслін дагістарычных часоў. 09.06.1967 г. Клецкі райвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці на базе гісторыка-краязнаўчага музея Клецкай сярэдняй школы раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Адкрыты для наведвання 01.09.1979 г. як гісторыка-этнаграфічны музей. Размясціўся ў спецыяльна ўзведзеным побач са школай двухпавярховым будынку, да якога ў 1983 г. былі прыбудаваны фондасховішча, яшчэ адна экспазіцыйная і выставачная залы. Фасад музея паўтарае фасад паляўнічага доміка-сядзібы Румянцава—Паскевіча ў Гомелі. У 2004 г. гісторыка-этнаграфічны музей пераўтвораны ў дзяржаўную ўстанову з сучаснай назвай.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 7795 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 2850 адзінак. Агульная плошча музея 238,2 м², плошча экспазіцыйных памяшканняў 139,3 м². Мае 5 экспазіцыйных і выставачную залу. Экспазіцыя кожнай залы ўяўляе сабой адзін з раздзелаў агульнай экспазіцыі.

Раздзел «Далёкае мінулае» ахоплівае перыяд ад старажытных часоў да ўваходжання Клеччыны ў склад Расійскай імперыі (1793). Змешчаны археалагічныя знаходкі, матэрыялы пра разгром крымскіх татар пад Клецкам 05.08.1506 г., войны сярэдзіны 17 — пачатку 18 ст., калекцыя керамікі феадальнага перыяду, схема «Тэрытарыяльны рост горада», генеалагічнае дрэва клецкай галіны Радзівілаў. У стадыі стварэння знаходзіцца раздзел «Гісторыя Новага часу», дзе змяшчаюцца матэрыялы па гісторыі краю з канца 18 ст. да верасня 1939. Падзеям 2-й сусветнай вайны, ахвярам рэпрэсій 1930-х — пачатку 1950-х гг., лёсу землякоў — удзельнікаў афганскай вайны прысвечаны раздзел «Трагічныя старонкі гісторыі»; у зале аформлены асобны падраздзел «Партызанская зямлянка». Экспазіцыя раздзела «Яркіх імёнаў сузор'е» расказвае пра славутых ураджэнцаў Клеччыны: удзельніцу нацыянальна-вызваленчага руху, пісьменніцу Е.Фялінскую, рэвалюцыянерку М.У. Багушэвіч, пісьменнікаў Л.Галубовіча, У.Дамашэвіча, навукоўцаў І.Дз. Коканя, П.І. Лобку, С.У. Ачапоўскага. У зале нацыянальных культур сабраны матэрыялы, якія адлюстроўваюць побыт яўрэйскай і татарскай абшчын Клеччыны, а таксама матэрыялы па этнаграфіі беларусаў (узоры традыцыйнага ткацтва і вышыўкі, народная вопратка, прадметы побыту, прылады працы).

Найбольш значныя калекцыі: нумізматыка, фотадакументы, археалогія, друкаваныя выданні, прадметы побыту, дакументы. Асновай археалагічнай калекцыі сталі рэчы, знойдзеныя падчас раскопак 1986-90 гг. пад кіраўніцтвам В.С. Пазнякова. Найбольш цікавыя экспанаты: жалезныя пісалы 11 ст., калекцыя жалезных і бронзавых фібул 10 — 11 ст., пярсцёнак-сігнет з выявай грыфона 12 ст., візантыйская амфара 12 ст., калекцыя кафлі 16 — 18 ст. Экспануюцца чэрап і косці першабытнага зубра (каля 40 тыс. гадоў таму назад). У нумізматычнай калекцыі захоўваюцца манеты Рэчы Паспалітай 17 — 18 ст., Расійскай імперыі 18 — пачатку 20 ст., еўрапейскіх краін 20 ст. Самы старажытны прадмет гэтай калекцыі — рыжскі шылінг 1541 г. Уяўляюць цікавасць боны Клецкага гарнізона Корпуса аховы граніцы, якія выпускаліся для польскіх ваеннаслужачых у 1920-30-я гг. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінал граматы караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ ад 09.01.1746 г. з дазволам татарам сяліцца ў межах тагачаснага Клецка; гэта самы даўні экспанат калекцыі дакументаў. Сабрана вялікая колькасць квітанцый, падатковых дакументаў перыяду ўваходжання Клеччыны ў склад Польшчы (1921-39) і нямецка-фашысцкай акупацыі (1941-44).

Сярод кніг рукапісны Каран на арабскай мове 1817 г. і малітоўнік, надрукаваны ў Маскве ў 1640  г. У ліку фотадакументаў арыгінал фотаздымка ўдзельнікаў I з'езда салдацкіх і рабочых дэпутатаў армій і тыла Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску ў 1917 г.; рэдкі фотапартрэт акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага 1926 г.; фота касцёла Святой Тройцы, пабудаванага ў сярэдзіне 15 ст. і разбуранага пасля Вялікай Айчыннай вайны; фотаздымкі з відамі старога горада. Багата прадстаўлены ганчарныя вырабы майстроў вёсак Сіняўка, Ганевічы (сіняўская кераміка), узоры адзення жыхароў вёсак Морач і Колкі — найбольш адметнага этнаграфічнага рэгіёна Клеччыны. Экспануюцца гадзіннікі, якія збіраліся ў Клецку ў 1930-я г. У фондах захоўваецца царкоўнае начынне (посуд, абразы, харугвы, адзенне святароў).

У музеі праводзяцца экскурсіі, сустрэчы з вядомымі людзьмі, арганізуюцца выстаўкі твораў народных умельцаў, самадзейных майстроў Клеччыны, тэматычныя выстаўкі з фондаў музея. Рэгулярна ладзяцца выстаўкі сумесна з раённым аддзелам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Цэнтрам дзіцячай творчасці.

Аўтар: А.У.Блінец
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа,
М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.

Адрас: 222531, г.Клецк, вул.Гагарына, 6
Тэлефон: +375-1793-55-068
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1394]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.