Пятніца, 26.04.2024, 13:03

НАРОДНЫ ТЭАТР

Галоўная »
НАРОДНЫ ТЭАТР — адзін з відаў народнай мастацкай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, і арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Вядомы многім народам. Аснову рэпертуару народнага тэатра складаюць народныя драматычныя творы рознага жанру.

Развіццё беларускага народнага тэатру прайшло некалькі этапаў. Яго вытокі ўзыходзяць да старажытных паляўнічых і земляробчых абрадавых гульняў, культавых рытуалаў, дзе зараджаліся элементы ігравога дзеяння і тэатральнага пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў пару язычніцтва, паступова страцілі сваю магічную аснову. Гэта ў значнай ступені садзейнічала развіццю элементаў тэатра. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэння іх драматычна-ігравога пачатку прывёў да адносна самастойнага развіцця драматычна-тэатральных момантаў, якія набылі выразную эстэтычную функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (напрыклад, купалле) і сямейна-бытавых абрадах, у карагодах, карагодных танцах і гульнях. Найбольш ярка яны выявіліся ў вясельным абрадзе (гл. Вяселле) і калядах.

Вяселле мела аналагічную драме кампазіцыйна-структурную будову: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды ператвараліся ў своеасаблівы карнавал з разнастайнымі тэатралізаванымі гульнямі і паказамі батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. У карагодах, якія арганічна спалучалі песню, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ўзнікла на аснове песеннага сюжэта. Калектыўная дзейсна-ігравая форма перадачы зместу вядома ўжо ў карагодах тыпу «А мы проса сеялі...», дзе з дапамогай адпаведных рухаў і жэстаў удзельнікаў перадаваўся характар пэўнага земляробчага працэсу. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы асобных роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Само карагоднае кола, унутры якога выконваліся розныя сцэнкі, па сутнасці было народнай тэатралізацыяй.

Эвалюцыя абрадавай сістэмы стварыла перадумовы гістарычна ранняга вылучэння з яе народных ігрышчаў, якія былі сінкрэтычнай мастацкай з'явай і нават у пачатку 20 ст. мелі прыкметныя рысы сінтэзу песеннага, харэаграфічнага і тэатральнага народнага мастацтва. Цэнтральны момант ігрышчаў — шматлікія гульні, сярод якіх асабліва папулярнымі былі «Жаніцьба Цярэшкі» і «Яшчур». У народных святах і ігрышчах, якія страцілі непасрэдную сувязь з абрадамі, бярэ свой пачатак пазаабрадавая тэатральная творчасць працоўных мас, што вызначыла новы этап развіцця народнага тэатра. Своеасаблівым пераходным звяном, дзе акумуляваліся папярэдні мастацкі вопыт і традыцыі драматычна-тэатральнай творчасці і адначасова закладваліся асновы ўзнікнення ўласна развітай формы народнай драмы, з'явіліся шматлікія беларускія пазаабрадавыя гульні. Большасць такіх гульняў («Лось», «Вецер», «Кавалі», «Злыдні», «Чорт, «Гусі і воўк», «Старыца» і інш.) мела дастаткова развітую сюжэтную аснову, а ў іх ігравым увасабленні народныя выканаўцы выкарыстоўвалі многія прыёмы і атрыбуты тэатральнага прадстаўлення. Значную ролю ў развіцці разнастайных форм народнай традыцыі адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі народных свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці народных музыкаў, казачнікаў і іншых выканаўцаў. У станаўленне народных форм тэатральных прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафесійныя скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў, музыкі, выканаўцы драматычных сцэнак.

Народны тэатр развіваўся як тэатр жывога акцёра і тэатр лялек (батлейка). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пачатку 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы называлі жывой батлейкай. Шырока бытавала на Беларусі і народная драма. Ставілі «Цара Ірада», але найчасцей рамеснікі, сяляне і рабочыя-гутнікі звярталіся да драмы «Цар Максімілян».

Народны тэатр выяўляў сацыяльныя інтарэсы і погляды народных мас. Для яго характэрна пераемнасць і ўстойлівасць мастацкіх традыцый, якія складваліся ў працэсе гістарычнага развіцця народных эстэтычных прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Паказы народнага тэатра вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх мастацка-выяўленчых кампанентаў, непасрэднасцю кантакту з гледачамі, якія маглі ўмешвацца ў дзеянне, выконваць разам з асноўнымі ўдзельнікамі асобныя ролі.

Народная тэатральная творчасць — гістарычны папярэднік нацыянальнага прафесійнага тэатра. Традыцыі народнага тэатра ў пачатку 20 ст. выкарыстоўвалі аматарскія гурткі і першыя прафесійныя тэатры (I. Буйніцкага, У. Галубка). Паказы трупы Буйніцкага захавалі сувязь з народнымі ігрышчамі (разам з пастаноўкамі драматычных твораў уключалі выкананне песень і танцаў).

Аўтар: М.А. Каладзінскі
Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.