Пятніца, 29.03.2024, 15:13

НАРОДНАЯ ДРАМА

Галоўная »
НАРОДНАЯ ДРАМА – найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатральным мастацтве ўсё, уласцівае больш раннім формам народнага тэатра. Вядома таксама пад назвай «мушкарат». Паказы народнай драмы параўнальна вялікія па аб'ёму са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10 — 20 чалавек), пэўнымі прыёмамі сцэнічнага выканання, спецыяльнай падрыхтоўкай (асноўная форма яе — рэпетыцыі, на якіх завучвалі тэкст, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты; выраблялі рэквізіт, рыхтавалі касцюмы).

На Беларусі першыя запісы тэкстаў народнай драмы зроблены ў 2-й палове 19 ст. этнографамі Е.Р. Раманавым, A.Е. Грузінскім, М.К. Васільевым, М. Федароўскім, у пачатку 20 ст. Е. Іваноўскім, у савецкі час — Я. Дылам, Ф.Ц. Дзідзенкам, М.Я. Грынблатам, К.П. Кабашнікавым, Г.А. Барташэвіч, В.А. Захаравай, а таксама былымі ўдзельнікамі паказу I.В. Здрокам, М.С. Ганчаровым.

Народная драма належыць да каляднага цыкла народных гульняў і паказаў, што і вызначыла яе асаблівасці. Гэта відовішча карнавальнага тыпу, для якога ўласціва агульнае для каляд вольнае святочнае светаадчуванне, своеасаблівая карнавальная атмасфера, народная святочная сістэма вобразаў. Прымеркаванасцю да каляд абумоўлены яе папулярнасць, тэматыка, сістэма вобразаў, абмежаваная колькасць сюжэтаў. Падобна да таго, як народнае свята адбывалася па ўстаноўленаму ладу, мела пэўныя нязменныя абрады і рытуалы, кожны год выконваліся адны і тыя ж народныя драмы, затое варыянтаў народнай драмы існавала шмат.

Бытавалі народныя драмы «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найбольш папулярная), «Трон» (спалучала сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драматычныя сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Народная драма «Лодка» асобна не зафіксавана, яна існавала толькі ў кантамінацыі (змяшэнні) з «Царом Максімілянам» (запісы ў г.Рэчыца і в.Бялевічы Слуцкага раёна). Вытокі народнай драмы ў калядных гульнях з пераапрананнямі тыпу «Каза», «Вялікая кабыла» (персанажы і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, часткова грым, касцюмы, рэквізіт) і ў батлейцы, дзе фактычна яна і складалася. Так, дзед і цыган з гульняў-паказаў — абавязковыя і важныя персанажы народнай драмы. Бытуе ў народнай драме і сцэна абмену коньмі з «Вялікай кабылы». Захоўваецца таксама размяшчэнне ўдзельнікаў паказу (галоўныя персанажы — на сярэдзіне хаты, астатнія — ля парога), прыём счаплення асобных нумароў (зварот асноўнага персанажа да іншых). Батлейкавы паказ «Цара Ірада» жывымі ўдзельнікамі, т.зв. жывая батлейка, і ёсць уласна народная драма. На ўзор «Цара Ірада» ў адпаведнасці са стылістыкай народнай творчасці і ў рэчышчы агульнай тэматыкі каляд (нараджэнне Хрыста і вадохрышча) была складзена народная драма «Цар Максімілян». Фактычна па форме, зместу і выканальніцтву паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна не адрозніваюцца.

Паказы народнай драмы складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т.зв. сур'ёзная — асноўны сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камедыйная — інтэрмедыйныя сцэны. У адзінае цэлае часткі спалучаліся своеасаблівым карнавальным светаадчуваннем. Паказы, што характэрна для народнага тэатра наогул, мелі своеасаблівы пралог-зварот да гаспадара хаты за дазволам «прэстаўляць» і эпілог — віншаванне са святам і просьба ўзнагароды. Асноўны кампазіцыйны прыём — выклікі дзейных асоб да цара: іх ажыццяўляюць т.зв. службовыя персанажы — воін, «фіцмаршал», «скара-ход» і інш. У асноўным сюжэце выкарыстоўваўся матыў забойства ўласнага сына (быў папулярны ўжо ў батлейцы — запісы ад A.I. Моніча і М. Барашкі, М. Федароўскага, у т.зв. Слуцкай батлейцы; таксама жывой батлейцы — з в. Казлы і Гусакі Нясвіжскага раёна). У «Цару Ірадзе» канфлікт паміж царом і яго сынам быў толькі пазначаны (як магчымая пагроза ўладзе цара), меў апасродкаваны характар. У «Цару Максіміляне» ён набыў форму непасрэднага сутыкнення, стаў цэнтральным: сын адмаўляецца адрачыся ад веры хрысціянскай, як патрабуе цар, і «паверыць кумірыцкім багам». Інтэрмедыйныя сцэны пабудаваны на ўзор батлейкавых: уключалі жартаўлівыя дыялогі, бойкі, танцы. Народныя драмы адрозніваліся інтэрмедыйнымі сцэнамі. Праўда, яны не супадалі ў варыянтах адной і той жа народнай драмы, хоць былі сярод іх як бы абавязковыя. Напрыклад, «Мацей і доктар» у «Цару Ірадзе» (і батлейцы) і яе эквівалент «Стары і доктарэ у «Цару Максіміляне» (тут у некалькі іншым выглядзе, але батлейкавыя сродкі і метады лячэння аднолькавыя). У «Цару Максіміляне» ўмоўна вылучаюцца 2 серыі інтэрмедыйных сцэн: пахаванні і паядынкі, т.зв. рыцарскія штурмаванні (паходзяць з батлейкі).

Народная драма пранікнута аптымізмам, жыццесцвярджальнасцю, у ёй спраўляецца свята матэрыяльнага дабрабыту, роўнасці і свабоды, сімвалізуецца ў астаткавай форме ўсеагульная весялосць, «банкет на ўвесь свет». Усё перакладаецца на мову святочных народных уяўленняў, абсмейваецца, зніжаецца высокае і сур'ёзнае, сцвярджаецца фамільярнасць як тып зносін. Традыцыі народнай карнавальнай культуры выяўлены перш за ўсё ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараецца свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі. Тут смерць — не трагедыя, а падстава для жартаў, таму і пахаванні вясёлыя. Паядынкі — умоўна гэта тыя ж бойкі, але пададзеныя ў параўнальна высокім стылі. Яны таксама вясёлыя, нават тыя, што мелі смяртэльны зыход, бо падаваліся скрозь прызму святочнага светаадчування і ўсур'ёз гледачамі не ўспрымаліся. I са смерцю тут абыходзяцца фамільярна: з ёй таргуюцца за жыццё, у бялевіцкім варыянце яна нават скача за ўсімі ўдзельнікамі, а потым і яе саму забіваюць. Носьбітамі карнавальнага пачатку ў народнай драме з'яўляліся інтэрмедыйныя персанажы, перш за ўсё «дзед» («стары-далакоп», «мужык», блізкія да іх і тры «пастухі»), «яўрэй», «цыган». «доктар», «элегант», «пілігрым». Яны належаць да катэгорыі блазнаў, пры гэтым «дзед» і «яўрэй» выконваюць важную функцыю карнавальнага развечвання «цара». Яны і паводзяць сябе адпаведным чынам: весяляць сваімі кпінамі, жартамі, прыкідваюцца, строяць з сябе дурня і тым самым забаўляюць гледачоў, абсмейваюць усіх, у т.л. і сябе; смех, іронія, фамільярнасць вызначаюць іх зносіны з публікай. Персанажы і інтэрмедыйныя сцэны народнай драмы пранізаны амбівалентным смехам. Пры гэтым забаронаў і абмежаванняў для смеху ў тэатры не існавала. Карнавальныя матывы ўплывалі і на сур'ёзныя падзеі, здымалі з іх драматызм і напружанне, афарбоўвалі і т.зв. сур'ёзныя персанажы. Літаральна ўсё травесціруецца: сам «цар» (напр., цырымонія ўступлення яго на трон), удзельнікі гераічных бітваў «гусар», «рыцары» (у т.л. абаронца горада Аніка-ваяка) і інш. Блазнёрства інтэрмедыйных персанажаў мела і сур'ёзны сэнс: у ім адбіваліся народныя імкненні, перамагаліся страх і смерць, адмаўляліся афіцыйная праўда і пануючая ўлада. Наладзіўшы ўсеагульную роўнасць абсмейвання, часовае утапічнае царства свабоды і матэрыяльнага дабрабыту, інтэрмедыйныя персанажы тым самым нібыта праектавалі мадэль будучага справядлівага грамадства. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асноўны сюжэт: яго персанажы, карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асноўным канфлікце, сур'ёзны матыў перапыняўся інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, так што сур'ёзнасць асноўнага сюжэта і яго персанажаў адносная.

Народная драма шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў. Паказы звычайна адбываліся па хатах. Удзельнікі і гледачы прытрымліваліся традыцыі, якая ў народным тэатры, у т.л. і паказах народнай драмы, з'яўлялася своеасаблівым рэжысёрам. Выкарыстоўваліся агульныя прынцыпы паказаў народнага тэатра: кантакт удзельнікаў і гледачоў, адсутнасць сцэнічнай пляцоўкі, дэкарацый (іх замяняў рэквізіт), заслоны, куліс, асвятлення; маскі; дэкламацыя з фарсіраваным гукам і напеўнасцю мовы; сінтэтычнасць відовішча — спалучэнне драматычных элементаў з музычнымі і танцавальнымі, часам і з пантамімай; перавага дзеяння над словам. У выканальніцтве народнай драмы спалучаліся прыёмы народныя, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі — і т.зв. вайсковыя (у аснове іх выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайскавога статута). Часам выкарыстоўваліся сцэнічныя эфекты (звычайна выкіданне полымя з рота ў сцэнах паядынкаў). Для паказаў народнай драмы характэрна умоўнасць, хуткі тэмп, агульная франтальная мізансцэніроўка, адсутнасць мімікі ў сур'ёзных персанажаў. Паказы разыгрываліся і ўспрымаліся з асаблівым святочным, вясёлым, гарэзлівым настроем удзельнікаў і гледачоў, таму народная драма ў выкананні народных акцёраў — заўсёды камедыя.

Народная драма «Цар Максімілян» была асабліва папулярная сярод гутнікаў. Яны фактычна наладжвалі аматарскія спектаклі па матывах народных драмаў. У гэтых спектаклях захоўвалася агульная канва народнай драмы, а яе канфлікт, вобразы былі пераасэнсаваны, асучаснены, пастаноўкі мелі ярка выражаную сацыяльна-палітычную накіраванасць. Традыцыйныя прыёмы і прынцыпы народнага паказу спалучаліся з моцным уплывам тэатра: пышныя пастаноўкі з удзелам 35 — 40 чалавек, урачыстыя цырымоніі ўступлення на трон і пахавання, масавае пабоішча (28 чалавек), рэжысёр і яго памочнік, спецыяльнае памяшканне са сцэнай, заслонай, асвятленнем, месцамі для гледачоў і інш. Народныя традыцыі выканання народнай драмы былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы A.М. Рэмізава і М.А. Міцкевіча ў Беларускай драматургічнай студыі ў Маскве (1924, рэж. В.С. Смышляеў).

Народная драма найбольш шырока бытавала на Беларусі ў 2-й палове 19 ст. — 1-й трэці 20 ст. Зафіксаваны яе паказы: «Цар Ірад»—у Гродзенскай вобласці: г.п. Дзятлава (1895), в. Васілішкі Шчучынскага раёна (1901), Навагрудак (1909), в. Воўпа Ваўкавыскага раёна (1911); у 1920-30-я г. ў Заходняй Беларусі — вёскі Казлы і Гусакі Нясвіжскага, Азярніца Слонімскага, Кропінкі Смаргонскага, Верхні Церабяжоў Столінскага (напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады), а таксама на Маладзечаншчыне; «Цар Максімілян» — у Віцебскай вобласці: Віцебск (каля 1860-х г.), Глыбокае і в. Ластавіца Глыбоцкага раёна (1867); у Мінскай вобласці: Слуцк (каля 1850-х г., 1887 — 88, 1902—04) і навакольныя вёскі, у тыя ж гады, таксама вёскі Бялевічы (1912, 1917—20, апошнія паказы налажаны ў 1962, 1963), Старэва (1912, 1916, на гуце) Слуцкага, в. Межная Слабада Клецкага (1912), в. Языль Старадарожскага раёнаў (1920-я г.); у Магілёўскай вобласці: в. Смолькі Касцюковіцкага раёна (1905); у Гомельскай вобласці: Гомель (1880-я г.), Беліцк (1891), Рэчыца (1896, 1923), вёскі Ровенская Слабада Рэчыцкага (1980-я г.), Гарывада Гомельскага (1911), Дарашэвічы Петрыкаўскага раёнаў (1920-я г.); у Брэсцкай вобласці в. Лахаўка Лунінецкага, в. Міхалін Пружанскага раёнаў (1904—05, на гуце), таксама в. Нараўка (1912, на гуце), у былой Гродзенскай губерні (цяпер Польшча); «Трон» — Гомель і Беліцк (1912), a таксама з 1870-х г. разыгрываліся беларускімі трупамі з Мінскай і Чарнігаўскай губерній на Украіне; «Мацей і доктар» — Барысаўскі раён (1902), каля в. Рудзевічы Зэльвенскага раёна (1903).

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтар: Дз.У. Стэльмах
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.