Субота, 27.04.2024, 01:56

ПАСАГ

Галоўная »
ПАСАГ — маёмасць і грошы, што давалі бацькі або родныя маладой, калі яна выходзіла замуж. Раней жаніх даваў за маладую выкуп яе бацькам, а з сабой маладая брала толькі свае асабістыя рэчы. Пазней бацькі і родныя маладой пачалі даваць скаціну, лён, збожжа, a ў другой палове XIX стагоддзя больш заможныя бацькі як пасаг давалі зямельны надзел і грошы.

Пасаг з'яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі, і ў выпадку падзелу гаспадаркі паміж яе членамі яна магла забраць усё, што ўнесла ў форме пасагу ў сям'ю мужа.

Папярэдняя размова пра пасаг пачыналася ў час сватання, але насіла жартаўліва-гумарыстычны характар (канкрэтнае дамаўленне пра пасаг магло навесці на думку, што хлопец зацікаўлены толькі багаццем дзяўчыны). Канчаткова пра пасаг дамаўляліся на запоінах, пры гэтым удзельнічалі звычайна бацькі маладых і сваякі нявесты, якія мелі права ўключацца ў размову і ўносіць свае прапановы. Ад памеру пасагу залежала становішча маладой у новай сям'і, і тым не менш яе бацькі заўсёды стараліся «вытаргаваць» як мага меншы пасаг. Здараліся выпадкі, калі бацькі дзяўчыны пасля вяселля не давалі абяцанага пасагу, што ў народзе лічылася ганебным учынкам. Часам, калі цесць аказваўся неплацежаздольным, яго сваякі або суседзі пазычалі яму. У некаторых выпадках бацькі маладой і яе мужа дамаўляліся пра адтэрміноўку. Рыхтаваць пасаг пачыналі з самага маленства дзяўчыны, бо акрамя шматлікіх дароў для сваякоў у склад пасагу ўваходзіла бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцель, падушкі, коўдры, дзяружкі, дываны і іншае (усё гэта трэба было зрабіць сваімі рукамі). Маладая брала з сабою таксама калаўрот, прасніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку, кросны, міску і дзве лыжкі. Бацькі імкнуліся даць нявесце па магчымасці карову, авечку, свінню. Пасаг менш заможнай нявесты складаўся з яе асабістых рэчаў, што змяшчаліся ў кубле (куфры). У некаторых мясцовасцях гэта называлася прыданым, а скаціна, зямельны надзел, грошы і да таго падобнага — пасагам.

У канцы вяселля пасаг урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога. У савецкі час страціў сваё значэнне.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №20 (709) май 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.