Чацвер, 25.04.2024, 12:12

ГАРАДЗІШЧАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ І КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНЦАЎ

Галоўная »
ГАРАДЗІШЧАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ І КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНЦАЎ размяшчаецца ў вёсцы Гарадзішча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудаваны ў 1774 г. з цэглы, у 1910 г. адрамантаваны намаганнямі пецярбургскага адваката Алшамоўскага.


Першы касцёл пабудаваны ў 1659—62 гг. паводле фундацыі ваяводы полацкага Яна Караля Копеца, які запрасіў манахаў-бенедыкцінцаў з г. Монтэ-Касіна ў Італіі. На ўтрыманне кляштара ваявода вылучыў фальваркі Купіцічы, Вулька, Бяла, Вялікія і Малыя Цалковічы. Спачатку былі пабудаваны драўляны касцёл і кляштарны корпус у мясцовасці, абмежаванай р. Ясельдай і воз. Палескім. З 1671 г. па загадзе віленскага біскупа Аляксандра Сапегі касцёл зацверджаны цэнтрам самастойнай дыяцэзіі. Намаганнямі настаяцеля кляштара Станіслава Кашкоўскага ў 1774—75 гг. узведзены мураваныя кляштар і касцёл. У 17 ст. манахі пабудавалі ў маёнтку Сошна драўляны касцёл, а ў 18 ст. ён перайшоў у іх уласнасць. За падтрымку паўстання 1863 г. кляштар скасаваны ў 1864 г. і прададзены дзяржаўнаму казначэйству. Самавольна захоплены прыхаджанамі пасля «Указа о веротерпимости» 1905 г., у сувязі з чым была ўзбуджана крымінальная справа. Набажэнствы ў касцёле адноўлены ў 1907 г. Адрэстаўрыраваны ў 1910 г. дзякуючы намаганням пецярбургскага адваката Алшамоўскага і ахвяраванням князёўны М.Радзівіл. Касцёл узарваны фашыстамі пры адступленні ў 1944 г., адноўлены ў 1997 г. Кляштар адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1873—83 гг.

Архітэктура касцёла была вырашана ў стылі барока «наравне с лучшими итальянскими костелами». Цэнтрычны крыжовы ў плане будынак, да прамавугольнай апсіды якога далучаны два нізкія сакрысціі. Крылы планіровачнага крыжа завяршалі фігурныя ўвагнута-пукатыя франтоны, фасады крапаваліся па вуглах слаістымі пілястрамі і апяразваліся тонкапрафіляваным карнізам, прарэзваліся высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі. Сяродкрыжжа двухсхільных дахаў завяршала фігурная барочная вежа (знята ў 1899 г., адноўлена ў 1920-я гг.).

Высокім узроўнем мастацкага афармлення адзначаўся інтэр'ер храма, насычаны архітэктурным дэкорам і сюжэтна-арнаментальным фрэскавым роспісам «добрага італьянскага пісьма», выкананымі ў 1790—1802 гг. Алтар вырашаны насценнай кампазіцыяй з карынфскіх калон і пілястраў, антаблемента, авальных медальёнаў з жывапісам, картушаў. Над ім у паўкруглым тымпане скляпення знаходзілася круглая люкарна-глорыя, акаймаваная сюжэтнай размалёўкай. Па перыметры залы праходзіць магутны крапаваны карніз з акантавым фрызам, сцены крапаваны карынфскімі каняліраванымі пілястрамі, паміж імі запоўнены фрэскавымі пано. Значнай арнаментальнай насычанасцю адметныя скляпенні, ветразі і падпружныя аркі.


Кляштарны будынак — помнік архітэктуры барока, вырашаны лаканічным прамавугольным у плане двухпавярховым аб'ёмам, накрытым вальмавым дахам. Архітэктурны дэкор абмежаваны крапоўкай плоскімі лапаткамі, прамавугольнымі панэлямі, што акаймоўваюць прамавугольныя аконныя праёмы. Перакрыцце — крыжовыя скляпенні на першым і плоская столь на другім паверхах.

Перад касцёлам пасярод агароджы-аркады стаяла мураваная брама-званіца больш позняга паходжання, вырашаная ў стылі класіцызму. Першы магутны кубападобны ярус меў па цэнтры праязную арку, па баках — аркі-экседры. Другі чатырохгранны ярус-звон таксама праразалі высокія аркі. Завяршалася вежавая кампазіцыя фігурным франтонам з круглай люкарнай. У архітэктурным афармленні былі выкарыстаны адзінарныя і падвойныя пілястры, карнізы на дэнтыкулах і сухарыках.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.