ІВЯНЕЦКАЯ КЕРАМІКА – вырабы гаспадарчага і дэкаратыўнага прызначэння ганчароў з мястэчка
Івянец Валожынскага раёна. Промысел вядомы з XVI ст.
Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены і паліваны):
гаршчкі, міскі,
глякі, слоікі, талеркі; тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі і зааморфнымі, геральдычнымі выявамі. Посуд аздаблялі штампаваным, гравіраваным або ляпным геаметрычным
арнаментам, паліваныя вырабы –
ангобнай размалёўкай (вадкім растворам тонка змолатай гліны іншага колеру) у выглядзе кропак, завіткоў і галінак.
Найбольшага развіцця івянецкая кераміка дасягнула напрыканцы XIX – напачатку XX стст. Працавалі майстэрні па вытворчасці посуду і
кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (чайнікі, маслёнкі,
вазы, падсвечнікі ды інш.). Выраблялі пераважна паліваны посуд з ангобнай размалёўкай карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых ці хвалістых паяскоў, хваёвых лапак, іншых геаметрычных ці раслінных матываў. Была пашыраная вытворчасць паліванай манахромнай (жоўтай, карычневай, белай, зялёнай) кафлі з рэльефнымі выявамі кветак, раслінаў, адвольных кампазіцыяў у стылі «мадэрн». Выраблялі таксама карнізы для печак і цацкі.
У 1960 г. на базе ганчарнай арцелі створаная фабрыка мастацкай керамікі і
вышыўкі, якая ў 1979 г. увайшла ў аб'яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Сучасныя вырабы вызначаюцца акруглымі мяккімі абрысамі, геаметрычным узорам – гарызантальнымі гладкімі і расчасанымі палосамі, які пакрывае выраб накшталт тканіны.
Калекцыі Івянецкай керамікі зберагаюцца ў многіх музеях Беларусі, а таксама – у Дзяржаўным музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу.