КАШУБІНЦАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАНАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІГалоўная »
КАШУБІНЦАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАНАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца на могілках ў вёсцы Кашубінцы Гродзенскага раёна. Пабудаваны ў 1750—73 гг. з дрэва ўладальнікамі маёнтка езуітамі. У 1962 г. закрыты. У 1989 г. вернуты парафіянам.
Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Вырашаны прамавугольным зрубам з прырубам працяглай пяціграннай апсіды, над якой высокі двухсхільны дах пераходзіць у вальмавы. 3 паўднёвага боку да апсіды далучана нізкая сакрысція. Фасад фланкіраваны высокімі чатырохграннымі шатровымі вежамі, аб'яднанымі трохвугольным франтонам даху. Бакавыя гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі ў прамавугольных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
У інтэр'еры меліся чатыры абразы евангелістаў 18 ст.,у нартэксе дзевяць партрэтаў біскупаў, арнат са слуцкім поясам. Антыпендыум алтара быў расшыты фларальным дэкорам. 11.03.1896 г. ўстаноўлены арган. У крыпце пахаванні (тры драўляныя саркафагі).
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|