Панядзелак, 06.05.2024, 15:42

КЛІЧАЎ

Галоўная »
КЛІЧАЎгорад, цэнтр раёна, за 91 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 7 км ад чыгуначнай станцыі Нясета на лініі МагілёўАсіповічы, на ўсходзе цячэ р.Ольса (левы прыток р.Бярэзіна) 7.3 тысяч жыхароў (2008).


Знаходкі крамянёвых прылад працы і каменных сякер сведчаць аб тым, што першабытны чалавек жыў на гэтай тэрыторыі яшчэ ў эпоху каменнага веку. З 6 ст. Клічаўшчына была заселена ўсходнеславянскімі плямёнамі дрыгавічоў, з 12 ст. ў Мсціслаўскім княстве, з 1-й палове 14 ст. ў складзе ВКЛ. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Клічаў упамінаецца як сяло ў акце «Обмена имений Дречих-Лук и Верховья, принадлежащих князю Друцкому-Соколинскому, на имение Соколинское, принадлежавшее Льву Сапеге, с ограннченнем того и другого» (1592). У гэтым дакуменце гаворыцца: «В селе Кличовъ Васько Никипорович, под ним пулъ службы, платить пулъ копы грошей широких». У 1738 г. сяло (20 гаспадарак) у Любашанскім старостве Аршанскага павета, дзяржаўная ўласнасць. У 1775 г. мястэчка (25 двароў) у Мацеевіцкім войтаўстве Любашанскага староства Аршанскага павета. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1801 г. ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні.

Пад час вайны 1812 г. жыхары Клічава актыўна ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе супраць французскіх войск. Асабліва вызначыўся партызанскі атрад пад кіраўніцтвам селяніна Тараса. Мінскі губернатар у справаздачы за 1812-13 гг. пісаў: «Нашэсцем варожых войск хлеб быў патраўлены і патаптаны. Беднасць сялян... яшчэ больш абвастрылася». Каб пракарміцца, сяляне Клічава сплаўлялі лес, выраблялі клёпку, калёсы, шавецкія цвікі з дрэва, распрацоўвалі паклады вапнянку. У 1865 г. ў мястэчку 79 двароў, 427 жыхароў, дзейнічала царква. У 1875 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1891 г. было 29, а ў 1894 г. – 37 вучняў У 1886 г. ў Даўжанскай воласці, 50 двароў, 390 жыхароў, меліся царква, капліца, сінагога, школа, крама, вадзяны млын. У 1894 г. ўзведзены драўляны будынак для царквы. У 1897 г. ў мястэчку 53 двары, 360 жыхароў, вадзяны і 2 ветраныя млыны, школа (народнае вучылішча), царква, піцейны дом, 4 крамы, 2 разы ў год праводзіліся таржкі. У аднайменным сяле — 79 двароў, 539 жыхароў хлебазапасны магазін, у фальварку — 3 двары, 36 жыхароў. У 1901 г. заснаваны шклозавод, які вырабляў бутэлькі, аптэчны, хімічны і фарфоравы посуд, меў паравую машыну. Са справаздачы фабрычнага інспектара вядома, што ў 1904 г. на шклозаводзе працавалі 82 чалавек. У 1913 г. было 90 рабочых. У 1914 г. рабочыя спалілі шклозавод. У 1917 г. ў сяле было 117 двароў, 2550 жыхароў, у фальварку — 1 двор, 55 жыхароў, у мястэчку — 238 двароў, 1130 жыхароў, у маёнтку — 1 двор, 81 жыхар.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады быў створаны атрад Чырвонай Гвардыі. З лютага да лістапада 1918 г. акупіраваны германскімі войскамі. У красавіку 1920 г. на тэрыторыі Клічаўшчыны праходзілі жорсткія баі паміж 16-й арміяй Заходняга фронту і 4-й польскай арміяй. Каля Клічава размяшчаўся штаб 16-й арміі (камандуючы М.В. Салагуб). З 17.07.1924 г. Клічаў — раённы цэнтр Бабруйскай акругі. У жніўні 1924 г. адбылася 1-я раённая партызанская канферэнцыя, якая абрала Клічаўскі райком КП(б)Б. У хуткім часе адбыўся раённы з'езд Саветаў, які выбраў першы склад райвыканкома. 08.12.1924 г. створана сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства «Чырвоная Беларусь». У гэтым жа годзе пачаў дзейнічаць народны дом. На базе дарэвалюцыйнай створана і працавала школа 2-й ступені, для якой у 1927 г. пабудавана памяшканне. З 1927 г. пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя. У 1930 г. на базе дробных прадпрыемстваў створаны райпрамкамбінат, у які ўваходзілі Клічаўская піларама, цэх ганчарных вырабаў у Бацэвічах, паравы і вадзяны млыны ў Доўгім і іншыя прадпрыемствы. У 1930 г. арганізаваны калгас «Наша праца». У 1931 г. адкрыты вячэрняя школа для дарослых і дзіцячая пляцоўка. У 1933 г. ў склад прамысловага камбіната быў уключаны торфазавод «1 Мая». У 1932 г. арганізаваны леспрамгас з цэнтрам у Клічаве. З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці. У 1940 г. працавалі маслазавод, 2 хлебазаводы, райпрамкамбінат, шавецкая, кравецкая і кандытарская арцелі, завод безалкагольных напіткаў, меліся тэлефонна-тэлеграфная станцыя, пошта, радыёвузел, Дом культуры, раённая бібліятэка, леспрамгас, лясгас, сталовая, сярэдняя школа, паліклініка.

У Вялікую Айчынную вайну 05.07.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Патрыёты, пакінутыя для падпольнай работы, ужо 14.07.1941 г. на адкрытым партыйным сходзе выбралі бюро падпольнага райкома на чале з Я.І. Зайцам і партыйную тройку па кіраўніцтве партызанскім рухам (Я.І. Заяц, П.М. Вікторчык, І.З. Ізох). У канцы 1941 — пачатку 1942 г. партызаны знішчылі ўсе гітлераўскія паліцэйскія гарнізоны ў раёне, a 20.03.1942 г. сіламі 128, 277, 620 і 752-га партызанскіх атрадаў быў вызвалены г.п. Клічаў. Для кіраўніцтва Клічаўскім партызанскім злучэннем быў утвораны Клічаўскі аператыўны цэнтр. Яго афармленне пачалося 03.04.1942 г., калі камандаванню 208-га партызанскага атрада (камандзір У.І. Нічыпаровіч) былі падпарадкаваны 128, 277, 620, 757, 760-ы партызанскія атрады і фактычна ўзнікла Клічаўскае партызанскае злучэнне. На працягу 1942 г. да яго былі далучаны і іншыя атрады. 27.09.1942 г. выйшаў першы нумар клічаўскай падпольнай раённай газеты «Голас партызана». У лістападзе 1942 г. партызанскія атрады аб'ядналіся ў 6 брыгад, у лютым 1943 г. сфарміраваны яшчэ 4 брыгады. У ліпені 1943 г. на базе 277, 278, 115, 25-га (Клічаўскага) партызанскіх атрадаў была створана Клічаўская ваенна-аператыўная група. Кіраўнікі групы: сакратары Клічаўскага падпольнага райкома партыі Я.І .Заяц і П.М. Вікторчык, камандзір І.З. Ізох, начальнік штаба І.А. Баранаў. З чэрвеня 1942 г. партызаны падтрымлівалі пастаянную радыёсувязь, а з ліпеня 1942 г. і авіясувязь з Вялікай зямлёй. Дзейнічаў партызанскі аэрадром. У ліпені—жніўні 1942 г. пад час правядзення буйных карных аперацый гітлераўцы стварылі ў некалькіх вёсках раёна свае гарнізоны і захапілі Клічаў. Акупанты поўнасцю спалілі і зруйнавалі раённы цэнтр, загубілі 504 жыхароў. Канчаткова вызвалены 28.06.1944 г. 348-й стралковай дывізіяй Чырвонай Арміі і 537-м партызанскім палком у ходзе Бабруйскай аперацыі.

З 1944 г. ў Бабруйскай, з 1954 г. ў Магілёўскай абласцях. У 1962-65 гг. у складзе Кіраўскага раёна. Адразу пасля вызвалення была адноўлена тэлефонная і тэлеграфная сувязь. Да пачатку 1945 г. былі адноўлены райпрамкамбінат, кравецкая і шавецкая арцелі, бандарна-сталярны цэх і млын пры Клічаўскім лясгасе. Аднавіла выхад раённая газета «Сталінская праўда», пачалі працаваць раённая бальніца, жаночая і дзіцячая кансультацыі. У верасні 1951 г. адкрыты Дом культуры. Пачалі дзейнічаць музей народнай славы (з 10.08.1969), сярэдняя школа № 2, дзіцячы сад-яслі, гасцініца. У 1963 г. адкрыты тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, на базе якога, а таксама саўгасаў «Зара» і«Красінскі», у 1974 г. створаны Магілёўскі саўгастэхнікум. У 1968 г. ў склад гарадскога пасёлка ўвайшлі вёскі Яўсцешына і Маркаўшчына.

Клічаў
Уезд у горад

У 2000 г.п. Клічаў стаў горадам. У 2006 г. ў горадзе прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод, філіял Асіповіцкага малочнага камбіната), дрэваапрацоўчай галін прамысловасці; лясгас, леспрамгас, камбінат кааператыўнай прамысловасці, райплемстанцыя, дарожныя, рамонтныя і будаўнічыя арганізацыі, метэастанцыя; Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, 3 сярэднія і 1 пачатковая школа, школы мастацтваў і дзіцяча-юнацкая спартыўная, 3 дзіцячыя сады, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 2 бібліятэкі, Дом культуры, кінатэатр, цэнтр пазашкольнай работы, стадыён, камп'ютэрны клуб; тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, бальніца, паліклініка, 2 аптэкі, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, гасцініца, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, Клічаўскі краязнаўчы музей, царква. Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў грамадзянскую вайну; брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: у гонар партызан, на месцы першага ў Беларусі партызанскага аэрадрома, курган Славы ў гонар партызан і воінаў-вызваліцеляў.

Клічаў
Дабравешчанская царква

Архітэктурна-планіровачная структура горада вызначаецца прамавугольнай сеткай кварталаў, дзе дамінуюць аднапавярховыя драўляныя жылыя дамы сядзібнага тыпу. Забудову цэнтральнай часткі горада складаюць вуліцы Ленінская (галоўная), Крываноса, Савецкая (забудаваны 2—5-павярховымі жылымі дамамі). На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Крываноса склалася цэнтральная плошча. На захадзе ад цэнтра размешчана вучэбная база Магілёўскага саўгаса-тэхнікума са стадыёнам. Зона адпачынку — лесапарк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Генплан 1979 г. прадугледжвае развіццё горада ў паўднёва-заходнім напрамку, функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, стварэнне ў цэнтры горада мемарыяльнай зоны.

Клічаў
Фантан у гарадскім парку

Радзіма беларускай пісьменніцы Г.А. Васілеўскай (нарадзілася ў 1927 г.).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1395]
Здарэнні [466]
Грамадства [472]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.