Панядзелак, 29.04.2024, 09:11

КЛІМАВІЧЫ

Галоўная »
КЛІМАВІЧЫгорад, раённы цэнтр, чыгуначная станцыя на лініі Орша — Унеча, за 124 км на ўсход ад Магілёва, аўтадарогамі злучаны з Крычавам, Касцюковічамі. Дзейнічае аэрапорт. Праз горад цячэ р.Калініца (прыток р.Лабжанка). Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Насельніцтва 14,6 тысяч чалавек (2008).


Месца, якое зараз займае г.Клімавічы, было ў старажытныя часы заселена плямёнамі радзімічаў, аб гэтым сведчаць выяўленыя каля горада бескурганныя могільнікі, а таксама 5 паселішчаў позняга этапа зарубінецкай культуры (2—5 ст.) і раннефеадальнага часу. Пазней гэта мясцовасць уваходзіла ў Смаленскае і Мсціслаўскае княствы, з 1569 г. ў Мсціслаўскае ваяводства Рэчы Паспалітай. У пісьмовых крыніцах упершыню Клімавічы ўпамінаюццаў 1-й палове 17 ст. як паселішча ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ. У 1626 г. заснаваны кляштар дамініканцаў. З 1720 г. належалі Бяляўскім, з 1758 г. — роду Галынскіх. У 1762 г. сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве, шляхецкая ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, дзяржаўная ўласнасць. З 22.03.1777 г. горад, цэнтр павета Магілёўскай губерні. Яго архітэктурна-планіровачная структура мела ў той час лінейны характар. Драўляная забудова размяшчалася невялікімі сядзібнымі ўчасткамі па абодва бакі ракі. Мелася мураваная царква.

Клімавічы
Сядзіба князёў Мяшчэрскіх, зараз краязнаўчы музей

У 1778 г. быў распрацаваны план, які прадугледжваў перанос горада на свабодную тэрыторыю на ўсход ад існуючай забудовы. Новы горад, адпаведна гэтаму праекту, павінен быў уяўляць сабой прамавугольны ўчастак, падзелены геаметрычнай сеткай вуліц на невялікія кварталы. У цэнтры, на скрыжаванні галін вуліц, размяшчалася плошча, а на процілеглых ускраінах — яшчэ 2 плошчы. На цэнтральнай плошчы — 2 мураваныя царквы і парк. Гэты праект быў ажыццёўлены ў 19 ст. У пачатку 20 ст. тут ужо дзейнічала 15 прадпрыемстваў, а сярод драўлянай забудовы вылучаліся некалькі мураваных дамоў з крамамі.

У 1781 г. Клімавічы атрымалі герб: пчала на залатым фоне (у гэтых краях было развіта пчалярства). У канцы 18 ст. было 198 дамоў. З 1796 г. заштатны горад. З 1802 г. зноў павятовы горад Магілёўскай губерні. У 1804 г. ў горадзе знойдзены скарб, які складаўся з 1815 бронзавых і сярэбраных дзінараў першых рымскіх імператараў, што сведчыла аб яго даўніх шырокіх гандлёвых сувязях. Гэта быў самы буйны на тэрыторыі Беларусі скарб антычных манет. У вайну 1812 г. акупіраваны французамі, якія нанеслі гораду шмат страт і разбурэнняў. Калі напярэдадні вайны тут жыло звыш 1200 чалавек, то ў 1825 г. толькі каля 1 тысяч чалавек. У 1837 г. адкрыта мужчынскае, у 1903 г. жаночае прыходскія вучылішчы. Рэформа 1861 г. актывізавала гандлёва-прамысловую дзейнасць. У 1855 г. заснаваны прадпрыемства па апрацоўцы скуры. Адкрываліся іншыя прадпрыемствы, расло насельніцтва. Калі ў 1863 г. ў Клімавічах было 1819 жыхароў, то ў 1883 г. — 3241 жыхар, а ў 1897 г. — 4714 жыхароў У 1861 г. адкрыта прыватная духоўная школа. У 1863 г. адкрыта аднакласнае вучылішча, а ў 1865 г. — жаночая змена пры ім. У 1865 г. адкрыта двухкласнае павятовае вучылішча. У 1844 г. пабудавана драўляная царква. Да нашага часу захаваліся такія помнікі архітэктуры, як драўляны дом купца (вул.Савецкая), пабудаваны ў 1867 г., і мураваная царква (вул.Пралетарская, 7), пабудаваная ў 1866 г. і ператвораная ў 1881 г. ў саборную. У 1880-я г. ў Клімавічах былі 2 мураваныя і 534 драўляныя дамы, 102 лаўкі, 2 царквы, двухкласнае павятовае і прыходскае вучылішчы. Дзейнічалі 3 гарбарні (адкрыты ў 1855, 1865 і 1875 гг.). У 1883 г. пачалі дзейнічаць тытунёвае, у 1897 г. спіртаачышчальнае прадпрыемствы. На тракце Орша — Клімавічы — Касцюковічы была паштовая станцыя, якая ў 1880 г. мела 6 коней. Дзейнічалі 102 гандлёвыя кропкі. У 1883 г. адкрыта бальніца (6 ложкаў) і аптэка. 01.09.1881 г. пачала дзейнічаць тэлеграфная станцыя. У 1904 г. ў горадзе было 718 дамоў (4 мураваныя, 714 драўляных), 21 дробнае прадпрыемства, бальніца, аптэка, друкарня, фатаграфія, бібліятэка, чытальня, 8 тракціраў і чайных, 9 заезных дамоў.

У рэвалюцыю 1905-07 гг. адбыліся масавыя хваляванні. Неаднаразова спынялі работу прадпрыемствы. У студзені 1906 г. сяляне навакольных вёсак рашуча выступілі супраць памешчыцкага прыгнёту, аказалі супраціўленне паліцыі і нават абяззброілі паліцэйскіх. Улады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступленняў.

У пачатку 20 ст. ў Клімавічах пачалі працаваць электрастанцыя, кінатэатр, пошта, гасцініца, аптэка, народны дом. Галоўнай была вул.Свірэльная, якая цягнулася ад базарнай плошчы праз увесь горад. Кожную пятніцу на плошчы адбываўся кірмаш. У горадзе на 19 вуліцах быў 51 мураваны і 838 драўляных дамоў, 6830 жыхароў. Асвятлялі вуліцы 35 газавых ліхтароў, а на базарнай плошчы былі электрычныя ліхтары, якія сілкаваліся ад кінематографа. Пераважалі дробныя рамесныя майстэрні — пераплётныя, слясарныя, кавальскія, цяслярскія, шавецкія. Да найбольш буйных адносіліся друкарня, млын, гільзавае прадпрыемства, цагельны завод. У 1907 г. прыватнае жаночае аднакласнае вучылішча пераўтворана ў прагімназію, a ў 1913 г. павятовае пачатковае вучылішча — у вышэйшае пачатковае вучылішча. У 1908 г. адкрыта 3-класная агульнаадукацыйная вучэбная ўстанова з праграмай гімназіі, у 1911 г. — 5-класная гімназія. У 1910 г. пачало дзейнічаць аддзяленне педагагічнага таварыства. 03.10.1912 г. адкрыта жаночая гімназія. Меліся таксама гарадское вучылішча, ніжэйшая рамесная школа, мужчынская і жаночая школы (вучылішчы), царкоўна-прыходская школа. У 1913 г. было 7100 жыхароў. Дзейнічалі бібліятэка, чытальня, кніжная лаўка, друкарня, фатаграфія, гарадская бальніца. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. створаны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У маі 1917 г. адбылася двухтыднёвая забастоўка краўцоў, да якіх далучыліся рабочыя іншых майстэрняў. На плошчы адбыўся шматлюдны мітынг. 23.05.1917 г. на павятовым з'ездзе было выказана патрабаванне перадаць усю зямлю сялянам у бясплатнае карыстанне.

Актыўным змагаром за Савецкую ўладу быў былы марак, дэлегат 3-га з'езда Саветаў С.І. Жбанкоў, першы старшыня павятовага Клімавіцкага Савета дэпутатаў. У снежні 1917 г. былыя паліцэйскія з дапамогай эсэраў і меншавікоў арганізавалі ў горадзе свой Савет народных дэпутатаў, які быў ліквідаваны атрадам чырвонагвардзейцаў з Магілёва. Савецкая ўлада ўстаноўлена 22.01.1918 г. За ўмацаванне Савецкай улады змагаўся ўраджэнец в.Бяседавічы Хоцімскага раёна І.З. Сурта, які ў сакавіку 1918 г. быў выбраны старшынёй Клімавіцкага павятовага выканкома. 5 з'езд Саветаў Клімавіцкага павета (1918) вырашыў накіраваць у Чырвоную Армію 4200 добраахвотнікаў. У сакавіку 1918 г. зрабіў першыя крокі ў сваёй дзейнасці Савет народнай гаспадаркі. У 1918 г. адкрыты дзіцячы сад (65 дзяцей). 28.07.1918 г. адбыўся I з'езд РКП(б) Клімавіцкага павета, на якім былі вырашаны пытанні арганізацыі ў павеце партыйных ячэек, камбедаў і камун. У сувязі з наступленнем войск кайзераўскай Германіі быў створаны партызанскі атрад (100 чалавек). 02.06.1918 г.пачаў дзейнічаць Клімавіцкі павятовы рэўком. 01.07.1919 г. створана крэдытнае сельскагаспадарчае таварыства «Камуніст». Восенню 1918 г. ўзнікла камсамольская арганізацыя. У 1922 г. адкрыты пракатны пункт сельскагаспадарчых машын. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1918 г. было 44 вучні.

24.07.1923 г.арганізаваны сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, у 1924 г. — сельскагаспадарчае кааператыўнае аб'яднанне, у лютым 1923 г. — пчалаводчае таварыства. З сярэдзіны студзеня 1919 г. дзейнічаў павятовы камісарыят па ваенных справах. У 1923 г. пачаў дзейнічаць філіял літаратурнага аб'яднання «Маладняк», у 1924-26 гг. выходзіў часопіс «Маладняк Калініншчыны» — орган акружнога камітэта камсамола і філіяла «Маладняка».

З 17.07.1924 г. Клімавічы — цэнтр Калінінскай акругі і Клімавіцкага раёна. З 09.06.1927 г. да 26.07.1930 г. ў Магілёўскай акрузе, з 20.02.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У горадзе дзейнічалі вучэбна-паказальныя майстэрні, у якіх у 1924 г. быў 21 навучэнец. У 1925 г. арганізаваны дзіцячы дом і дзіцячая кансультацыя. У наступным годзе была ўведзена ў строй электрастанцыя магутнасцю 50 кВт, а затым пачаў дзейнічаць радыёвузел. Агульная плошча забудовы горада ў 1925 г. склала каля 320 дзесяцін. У 1925 г. выйшаў зборнік твораў М.Горкага, які быў першай кнігай мастацкага перакладу ў Беларусі ў паслякастрычніцкі перыяд. Насельніцтва паводле перапісу 1926 г. складала звыш 7,6 тысяч чалавек, у 1939 г. — звыш 9,5 тысяч чалавек. Дзейнічалі партыйна-рабочы, камсамольскі і піянерскі клубы, школа працоўнай моладзі, вячэрняя партшкола, народны дом, Дом селяніна, Дом асветы, школа рабочай моладзі, акруговая бібліятэка, 2 гарадскія пункты па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1928 г. ў Клімавіцкай сямігодцы была адкрыта спецгрупа па падрыхтоўцы кааператыўна-бухгалтарскіх і савецкіх работнікаў. Пры школе меўся інтэрнат.

Росту Клімавіч садзейнічала будаўніцтва ў 1929-30 гг. чыгункі, якая пралягла праз горад. З сакавіка 1930 г. да студзеня 1932 г. працаваў фасфарытны завод. У 1924-27 гг. выдавалася акруговая газета «Наш працаўнік» (з 12.12.1924 г.), у 1925-26 гг. выходзіў дадатак да гэтай газеты «Малады камуніст» — орган Калінінскага акруговага камітэта камсамола. У 1926-27 гг. выходзіў штомесячны літаратурна-мастацкі дадатак акруговай газеты — «Світанне». Пасля ліквідацыі акругі выйшаў 05.03.1930 г. 1-ы нумар раённай газеты «Камуна» (цяпер «Новае жыццё»), адной з першых раённых газет БССР. У1930 г. арганізаваны калгас імя К.Маркса (у 1932 г. аб'ядноўваў 167 гаспадарак, меў 773 га ворыва).

У 1931 г. пачала працаваць Клімавіцкая МТС (у студзені 1932 г. 44 трактары), якая адразу ж была электрыфікавана (рэарганізавана 31.03.1958 г.). МТС з'яўлялася доследна-паказальнай, абслугоўвала ў 1934 г. 69 калгасаў. Пры МТС у 1932 г. пачала працаваць майстэрня па рамонце трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна абслугоўвала таксама Крычаўскую, Мсціслаўскую, Чавускую і Касцюковіцкую МТС, калгасы і саўгасы Клімавіцкага, Крычаўскага, Прапойскага і Чэрыкаўскага раёнаў. У 1933-34 гг. пры МТС дзейнічаў палітаддзел, выходзіла шматтыражка «За бальшавіцкія калгасы».

Клімавічы
Міхайлаўская царква

У жніўні 1928 г. даў першую прадукцыю першы ў рэспубліцы Клімавіцкі завод сілікатнай цэглы. Працавалі ў горадзе майстэрня «Чырвоны металіст», маслабойня, арцелі «Чырвоны ткач» і «Праца», дзейнічала бальніца. У1931-35 гг. выходзіла газета «Ударнік прамкааперацыі» (з 12.04.1931 г.). У 1933 г. адкрыты ветэрынарны тэхнікум, які да 1941 г. выпусціў звыш 550 спецыялістаў. Дзейнічала двухгадовая медыцынская школа. У 1940 г. ў горадзе ўжо 4 школы, 4 дзіцячыя сады, 2 гасцініцы, бальніца, паліклініка, радзільны дом. У 1941 г. прынята рашэнне аб арганізацыі пчалаводчага тэхнікума.

Клімавічы
Турма, зараз тут размяшчаецца рэдакцыя раённай газеты

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Клімавічы з сярэдзіны ліпеня 1941 г. знаходзіліся ў прыфрантавой паласе (фронт праходзіў па р.Сож). У жніўні 1941 г. каля горада разгарнуліся жорсткія баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія вялі 132-я стралковая дывізія, 4-ы паветраны-дэсантны, 45-ы стралковыя карпусы, Ленінградскі камуністычны батальён і іншыя часці. У Клімавічах у гэты час працавала перасовачная майстэрня па рамонце танкаў і трактароў. 10.08.1941 г. горад быў акупіраваны. Гітлераўцы стварылі тут канцлагер. Толькі ў жніўні-лістападзе 1941 г. ў ім было загублена больш за 800 чалавек. У горадзе супраць акупантаў дзейнічала падполле, арганізатарамі якога былі выкладчык Магілёўскага педінстытута І.М. Пяроўскі і малады журналіст А.А. Гардзіевіч. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, падтрымлівалі сувязь з партызанамі, перадавалі ім бланкі дакументаў медыкаменты, зброю і боепрыпасы, звесткі аб руху паяздоў, дыслакацыі нямецка-фашысцкіх войск, падрыхтоўцы карных аперацый. Летам 1942 г. падпольшчыкі правялі паспяховую аперацыю па захопе рэзідэнта нямецкай разведкі барона фон Файта. У лістападзе 1942 г. адзін з кіраўнікоў падполля А.А. Гардзіевіч быў схоплены і павешаны гітлераўцамі. Акупанты разбурылі прадпрыемствы, установы культуры, шмат жылых і грамадскіх будынкаў. 28.09.1943 г. горад быў вызвалены часцямі 238-й стралковай дывізіі 50-й арміі Бранскага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанскімі атрадамі. У цэнтры горада, у скверы, у брацкай магіле пахавана 19 воінаў, якія загінулі ў баях супраць акупантаў. У іх ліку камандзір 45-га стралковага корпуса генерал-маёр Э.Я. Магон, які загінуў 11.08.1941 г. каля в.Малашкавічы. Звыш 300 воінаў пахаваны ў брацкай магіле на гарадскіх могілках. Тут жа — магіла Героя Савецкага Саюза С.В. Раманца, які вызначыўся ў баях на тэрыторыі Германіі ў красавіку 1945 г. (пасля вайны жыў у Клімавічах, памёр 10.12.1977 г.). Па вул.Сацыялістычнай, на тэрыторыі саўгаса-тэхнікума, у брацкай магіле пахаваны 28 савецкіх воінаў, якія загінулі ў верасні 1943 г.

Клімавічы
Гасцінны дом канца XIX ст.
Зараз тут размяшчаецца раённы ваенны камісарыят


Адразу пасля вызвалення была адноўлена тэлеграфная і тэлефонная сувязь, якая з кожным годам пашыралася. У верасні 1944 г. былі адноўлены ветэрынарны тэхнікум, радыёвузел, зноў стала выходзіць раённая газета. У жніўні 1946 г. ўступіў у строй і пачаў выпускаць прадукцыю завод сілікатнай цэглы. У хуткім часе пасля вызвалення былі адноўлены лікёра-гарэлачны завод, бальніца, паліклініка, электрастанцыя. У пасляваенны час тут размяшчаўся дзіцячы дом.

Цэнтральная частка сучасных Клімавіч размешчана на правабярэжжы р.Калініца. Галоўнымі з'яўляюцца паралельныя паміж сабой вуліцы Камуністычная і Сацыялістычная, якія праходзяць праз увесь горад з захаду на ўсход. Паралельна да галоўных ідуць вуліцы Інтэрнацыянальная, К.Маркса, Пралетарская і інш. Іх перакрыжоўваюць вуліцы Савецкая, Першамайская, Магона і інш. На скрыжаванні вуліц у цэнтры размешчана плошча са старажытным паркам, дзе ўстаноўлены помнік воінам і партызанам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На плошчы ўзведзены будынак райвыканкома, насупраць — Дом культуры, перад якім устаноўлены помнік У.І. Леніну. Цэнтральная частка забудавана мураванымі і драўлянымі жылымі дамамі, вул.Савецкая — 2—4-павярховымі жылымі дамамі секцыйнага тыпу. Прамыслова-складская зона размешчана каля чыгункі. Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы: завод металічных вырабаў рамонтна-механічныя майстэрні, рамонтнае аб'яднанне Сельгастэхнікі, камбінат будаўнічых матэрыялаў, лікёра-гарэлачны завод, завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод, ПМК-21, МПМК-9. У горадзе размешчана лясніцтва, ёсць камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, аграрны каледж, 4 сярэднія, музычная і дзіцяча юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, 7 дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, Дом культуры, кінатэатр, 6 клубаў, 2 бібліятэкі, бальніца, паліклініка, цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы, краязнаўчы музей, філіял «Беларусбанка». Помнік архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква (сярэдзіна 19 ст.). Выдаецца газета «Новае жыццё», дзейнічае рэдакцыя раённага радыёвяшчання. З 1996 г. праходзіць фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», які ў 2001 г. атрымаў статус міжнароднага. У 2002 г. ў цэнтры горада ўстаноўлены памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам.

Клімавічы
Вуліцы горада

Клімавічы — радзіма Героя Савецкага Саюза І.С. Нікалаева (21.5.1916 — 11.4.1945), Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі А.А. Мацкоўскага (20.7.1917 — 12.11.1978), беларускага пісьменніка У.Ц. Бурсава (н. 19.12.1927 г.), беларускага кінарэжысёра, заслужанага артыста Беларусі Ю.М. Стальмакова (24.10.1902 - 09.03.1958).

За 1,5 км на поўдзень ад горада размешчана Клімавіцкае радовішча мелу (разведаныя запасы 5,3 млн. т), якое распрацоўваецца Клімавіцкім камбінатам будаўнічых матэрыялаў. За 3,5 км на паўднёвы ўсход ад горада — радовішча пяскоў і мелу Пясчаная гара (разведаныя запасы пяскоў 1,5 млн. м3, мелу 1,39 млн. т), распрацоўваецца Клімавіцкім камбінатам будаўнічых матэрыялаў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.