Пятніца, 29.03.2024, 14:56

КАСЦЮКОВІЧЫ

Галоўная »
КАСЦЮКОВІЧЫгорад, адміністрацыйны цэнтр раёна і гарадскога Савета, чыгуначная станцыя Камунары на лініі Магілёў — Унеча, за 160 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, на р.Жадунька (прыток р.Беседзь), вузел аўтадарог на Клімавічы, Краснаполле, Сураж, Хоцімск. 15,6 тысяч чалавек (2007).

Касцюковічы
Касцюковічы
Герб і сцяг Касцюковіч

За 2,5 км на поўдзень ад горада, на левым беразе р.Жадунька, знаходзіцца гарадзішча ранняга жалезнага веку, што сведчыць аб засяленні гэтых мясцін у глыбокай старажытнасці. Касцюковічы вядомы з 16 ст. у ВКЛ як уладанне казны, у Крычаўскім старостве ВКЛ. У сярэдзіне 18 ст. жыхары ўдзельнічалі ў паўстанні пад кіраўніцтвам В.М. Вашчылы. У 1768 г. побач быў аднайменны маёнтак. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, прыватнаўладальніцкае мястэчка Старыя Касцюковічы, цэнтр Касцюковіцкай воласці Клімавіцкага павета Беларускай, з 1796 г. Магілёўскай губерняў. У 1784 г. дзейнічаў францысканскі касцёл. У 1800 г. 88 двароў, 412 жыхароў. У 1826 г. павятовае вучылішча замест Клімавіч, як намячалася першапачаткова, было адкрыта ў Касцюковічах (у 1865 г. 62 вучні). У 1827 г. 1845 жыхароў. Да мястэчка былі прыпісаны 3 вёскі з 2475 дзесяцінамі зямлі. Славілася конскімі кірмашамі (2 разы на год). Меліся 14 крам. У 1858 г. 224 двары, 1036 жыхароў у 1861 г. 1661 жыхар, 9 гарбарань (адкрыты ў 1860-80 гг.). З 1865 г. працавала пенькатрапальня, затым яшчэ 3 такія прадпрыемствы, з 1875 г. — сукнавальня, з 1880 г. — 2 маслабойні, у 1876-81 гг. — 3 крупадзёркі. Памешчыку ў 1855 г. ў вёсках Касцюковічы, Канічы, Вішанькі, Малінаўка, Дзямідаўка належалі 6027 дзесяцін зямлі, 2 вадзяныя млыны, 2 сукнавальні, піцейны дом, 2 карчмы, 94 крамы, вінакурня. У 1880 г. 327 двароў, 2148 жыхароў, 7 скураапрацоўчых майстэрань, прыёмны пакой, паштовая станцыя, школа, аптэка, мураваная царква, драўляная сінагога, 3 малітоўныя школы, штогод (9 мая, 6 снежня) праводзіліся кірмашы. Частка жыхароў займалася адыходным, кавальскім, ганчарным, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1894 г. адкрыта царкоўна-прыходская школа ў в.Слабада (цяпер у складзе горада). У 1902 г. пабудавана бальніца. Паводле перапісу 1897 г. 411 двароў, 3240 жыхароў, 2 пенькатрапальныя, 6 скураапрацоўчых, 5 маслабойных, 2 абараначныя прадпрыемствы, вадзяны млын, сукнавальня, 3 крупадзёркі, 20 ганчарань, 5 кузняў, школа, 104 гандлёвыя крамы, 3 заезныя двары, 3 карчмы, піцейны дом, хлебазапасны магазін, царква, 4 малітоўныя дамы, сінагога. У 1900 г. пачала дзейнічаць паштова-тэлеграфная кантора. Створанае ў 1908 г. гарадское вучылішча (у 1912 г. 164 вучні) было ў 1913 г. ператворана ў вышэйшае пачатковае. Мелася бібліятэка-чытальня. У 1909 г. 10 мураваных і 355 драўляных дамоў, 4-класнае вучылішча (у 1913 г. 4 настаўнікі, 170 вучняў). У снежні 1917 г. створаны валасны рэўком, а ў студзені 1918 г. адбыўся першы валасны з'езд сялянскіх дэпутатаў. З красавіка 1919 г. ў складзе Гомельскай губерні РСФСР, з сакавіка 1924 г. ў БССР. 17.07.1924 г. па рашэнні 2-й сесіі ЦВК БССР 6-га склікання Касцюковічы сталі цэнтрам раёна ў складзе Калінінскай, у 1927-30 гг. — Магілёўскай акруг, з 15.01.1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У 1918 г. пачала дзейнічаць сельскагаспадарчая механічная майстэрня, 25.01.1923 г. — сельскагаспадарчае таварыства, у 1924 г. — пракатны пункт сельскагаспадарчых машын. У 1930-я г. створаны таварыствы пазыка-збытавое «Працы», пчалярнае, затым спажывецкае. 11.10.1935 г. адбылася першая сельскагаспадарчая выстаўка. У1926 г. пачала працаваць гантарэзня (18 рабочых у 1933 г.), у 1931 г. — ільнапеньказавод (81 рабочы ў 1933 г.), друкарня (18 рабочых у 1933 г.), у 1932 г. — прамысловы камбінат і маслазавод (71 рабочы ў 1933 г.), у 1931 г. — МТС (першапачаткова 16, у 1938 г. — 58 трактароў) і рамонтныя майстэрні пры ёй (рэарганізавана 31.03.1958 г.). У 1924 г. ў школе займаліся 349 вучняў. Ёй быў перададзены нацыяналізаваны будынак, адкрыта бібліятэка. У выніку пажару, які адбыўся 23.09.1924 г., згарэлі 84 пабудовы. З 1926 г. дзейнічалі кінаўстаноўка, раённая бальніца, у 1927 г. ўзведзена новае памяшканне для школы, пры якой у 1928 г. для дзяцей сялян-беднякоў быў адкрыты інтэрнат. У 1931 г. пачала выходзіць раённая газета, ад паравога лакамабіля запрацавала электрастанцыя. У 1933 г. палітаддзел МТС выпускаў шматтыражную газету «Ударнік сацыялістычных палёў»; пабудаваны радыёвузел. Дзейнічала цагельня, былі створаны калгасы «Парыжская камуна» і «1 Мая». Шматтыражную газету «Чырвоны лесаруб» выпускаў у 1934 г. Касцюковіцкі леспрамгас. У 1938 г. пачалося будаўніцтва новай, больш магутнай электрастанцыі. Электраўстаноўкі меліся таксама на спіртзаводзе і ільнапенька-заводзе. Працавалі беларуская і руская сярэднія школы, дзіцячыя дом (96 выхаванцаў), сад і тэхнічная станцыя, раённая калгасная школа па падрыхтоўцы рахункаводаў, брыгадзіраў-паляводаў і жывёлаводаў, раённая бальніца, радзільнае аддзяленне, Дом Саветаў, Дом культуры.

Касцюковічы
Свята-Крыжаўзвіжанская царква

27.09.1938 г. Касцюковічы атрымалі статус горада. Паводле перапісу 1939 г. 6,1 тысяч жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну, у 1-й палавіне ліпеня 1941 г., у Касцюковічы перабазіравалася Магілёўская абласная друкарня, што дазволіла выпускаць тут не толькі шматтыражную інфармацыйна-прапагандысцкую літаратуру, але і некаторыя рэспубліканскія перыядычныя выданні. У горадзе ў гэты час знаходзіліся кіруючыя партыйныя і савецкія работнікі Магілёўскай вобласці. 12.08.1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі прарвалі фронт абароны 13-й арміі на р.Сож і вечарам 13 жніўня каля 50 нямецкіх танкаў уварваліся ў горад, але былі спынены падаспеўшымі часцямі Чырвонай Арміі і Касцюковіцкім знішчальным батальёнам. 14 жніўня пасля жорсткіх баёў савецкія войскі вымушаны былі адступіць. Баявыя дзеянні разгортвалі партызаны і падпольшчыкі. У ноч з 27 на 28 верасня 1943 г. Касцюковічы вызвалены 120-й і 283-й дывізіямі 3-й арміі Беларускага фронту. У баях за горад загінулі 58 савецкіх воінаў і 4 партызаны (пахаваны ў брацкіх магілах на паўночна-ўсходняй ускраіне). Адна з вуліц названа імем Героя Савецкага Саюза Ф.М. Аўхачова, ураджэнца в.Машавое. На паўночна-ўсходняй ускраіне і па вуліцы Карабанаўскай у магілах пахаваны 471 чалавек — ахвяр фашызму. Пасля вызвалення горада аднаўляліся тэлеграфная і тэлефонная сувязь, якая з кожным годам пашыралася. Ужо восенню 1943 г. запрацавала раённая бібліятэка, а ў 1954 г. адкрыта дзіцячая. У 1944 г. пачала даваць ток электрастанцыя прамкамбіната. Затым уступіў у строй дзеючых шэраг іншых прадпрыемстваў у тым ліку спіртзавод, лясгас, быткамбінат, хлебазавод, ільназавод, маслазавод. Працавала школа малодшых ветфельчараў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. У 1973 г. адкрыты раённы краязнаўчы музей. Паводле перапісу 1959 г. — 7495 жыхароў. У 1977 г. далучана в.Слабада. У 2008 г. ў горадзе дзейнічаюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў (Беларускі цэментны завод), харчовых (малака- і хлебазавод), паліграфічнай (друкарня), металургічнай (цэх РУП «Магілёўдругмет»), лёгкай галін прамысловасці. Працуюць леспрамгас, лясгас, райплемстанцыя, райаграсервіс, будаўнічыя, рамонтныя, гандлёвыя і дарожныя арганізацыі, 4 сярэднія агульнаадукацыйныя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 5 дзіцячых садкоў, Дом школьнікаў, раённы Цэнтр культуры, Дом народнай творчасці, раённы Дом рамёстваў, клуб вольнага часу, кінатэатр, 2 бібліятэкі, бальніца, гідраметэастанцыя. Ёсць двухпраграмны рэтранслятар тэлевізійнага вяшчання і рэдакцыя раённага радыёвяшчання. Выходзіць раённая газета. Генеральны план забудовы распрацаваны ў 1973 г. Мінскім філіялам ЦНДІП горадабудаўніцтва, у 1974 г. праект дэталёвай планіроўкі. Тэрыторыя Касцюковіч арыентавана амаль мерыдыянальна. Горадаўтвараючай асновай з'яўляюцца прамысловыя, а таксама адміністрацыйна-гаспадарчыя арганізацыі і ўстановы. Паўночную частку складае раён чыгуначнай станцыі Камунары. Забудова невялікімі кварталамі па прамавугольнай сетцы вуліц. Кампазіцыйны цэнтр — пойма р.Жадунька. У апошнія гады развіццё горада адбываецца ў паўднёвым і паўднёва-заходнім напрамках. На галоўнай вуліцы размешчаны будынкі райвыканкама, гарсавета і іншых раённых арганізацый. У жыллёвай забудове пераважаюць індывідуальныя аднапавярховыя драўляныя дамы з прысядзібнымі ўчасткамі. У цэнтры вядзецца забудова 2-3, 5-9-павярховых мураваных дамоў. Ёсць парк, скверы каля Дома культуры і на вуліцы Першамайскай. Радзіма беларускага пісьменніка З.Піваварава.

Касцюковічы
Касцюковічы
Касцюковічы
Старая гарадская забудова Касцюковіч

Каля чыгуначнай станцыі Камунары размешчана радовішча мергелю і мелу (разведаныя запасы 422,7 млн. т).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.