Пятніца, 29.03.2024, 11:44

НАБІВАНКА

Галоўная »
НАБІВАНКА – спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лакальныя назвы набойка, выбойка. Выкарыстоўвалася для вырабу свецкага і культавага адзення, набіўных дываноў, фіранак, посцілак, сурвэтак, абрусаў і інш.

Вядома з 3-га тыс. да н. э. ў Індыі. На Беларусі існавала са старажытных часоў, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найбольшага росквіту дасягнула ў 16 — 17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу набіванак у 19 ст. былі Віцебск, Магілёў, Полацк, Орша, Бабруйск, Веліж (зараз Смаленская вобласць, Расія), Невель (зараз Пскоўская вобласць, Расія), быў пашыраны ў вёсках Магілёўшчыны, Гомельшчыны і асабліва Віцебшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабрычнай вытворчасцю набіваных тканін. У пачатку і сярэдзіне 20 ст. набіванкі выраблялі асобныя майстры.

Набіванкі рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна набойкі рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінельнікамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Звычайна выкарыстоўвалі алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і іншым рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку чаго атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых набіванак для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разьбяны ўзор дошак сталі чаргаваць з металічным (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У заходніх раёнах Беларусі ў канцы 19 — пачатку 20 ст. для набівання выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным рэльефным геаметрычным узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы.

Рысунак беларускай набіванкі лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найбольш пашыраны геаметрычны (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны раслінны арнамент (кветкі васілька, рамонка, цюльпана, бэзу, пупышкі вярбы, лісты дуба, рабіны, ліпы, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Сустракаюцца зааморфныя матывы (выявы аленя, каня, пеўня, фантастычных птушак). Беларускай набіванцы характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невялікай колькасці дэкаратыўных элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. У цэлым беларуская набіванка стылістычна звязана з іншымі відамі народнага мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Калекцыі беларускіх набойных дошак з геаметрычным, раслінным, зааморфным арнаментам, сабраныя ў канцы 19 ст. Е.Р. Раманавым, знаходзяцца ў Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Узоры набіваных мастацкіх тканін зберагаюцца ў фондах Музея старажытна-беларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі, Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў.

Аўтар: Я. Ф. Шунейка
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.