Пятніца, 26.04.2024, 03:49

НАРОДНЫ ЭТЫКЕТ

Галоўная »
НАРОДНЫ ЭТЫКЕТ — сукупнасць правіл паводзін і абыходжання, прынятых у асяроддзі працоўных; знешняе праяўленне культуры. Рэгуляваў узаемаадносіны людзей у працоўнай, грамадскай, бытавой і сямейнай сферах жыццядзейнасці, у кантактных сітуацыях са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі.

Правілы народнага этыкета перадаваліся з пакалення ў пакаленне, праяўляліся ў розных звычаях, абрадах, табу, адлюстроўваліся ў казках, прымаўках, прыказках, частушках і іншых фальклорных жанрах. У паводзінах працоўных здаўна закладзены гуманістычны прынцып павагі да чалавека і яго годнасці, маральныя патрабаванні: добразычлівасць, ветлівасць, сціпласць і дакладнасць, павага да бацькоў і старэйшых, гасціннасць і інш. У сялянскай абшчыне, прамысловых арцелях існавалі элементы калектывісцкіх адносін (узаемадапамога і ўзаемаадказнасць), вытокі якіх у абшчынна-родавым ладзе. Праявамі такіх адносін былі талака, бонда і інш. Народны этыкет характарызуецца этнічнымі адметнасцямі, вызначае асаблівасці жаночага і мужчынскага адзення, галаўных убораў, упрыгожання. У розных народаў неаднолькавыя формы прывітання, звароту, звычаі, традыцыі, абрады, забароны, сэнс жэстаў, позы сядзення, парадак прыёму ежы і інш.

На Беларусі спрадвеку абавязковымі атрыбутамі з'яўляліся вітальныя словы — «добры ранак», «добры дзень», «дабрыдзень», «добры вечар», развітальныя — «бывайце», «да пабачэння», «да сустрэчы», «дабранач», словы ўдзячнасці — «дзякуй», просьбы — «калі ласка», «будзьце ласкавы» і інш. У вёсцы было прынята вітацца і з незнаёмымі людзьмі. Вітанні з тымі, каго даўно не бачылі, і развітанні на доўгі час суправаджаліся поціскам рукі і пацалункамі. Пры ўваходзе ў жылое памяшканне разам з прывітаннем мужчыны абавязкова здымалі галаўны ўбор.

На Беларусі бацькоў, старэйшых (знаёмых і незнаёмых) называлі на Вы. Да бацькі звярталіся са словамі «татка», «татачка», да маці — «матуля», «мамка», «мамачка». Спакон вякоў прынята было аказваць дапамогу спадарожніку парадай, начлегам, харчаваннем. У простых людзей у пашане былі працавітасць, добрасумленныя адносіны да зямлі, да працы і яе вынікаў, асабліва да хлеба. Сурова асуджаліся гультайства, лянота, грэбаванне працай, прыроднымі ўгоддзямі, у сям'і і арцельных калектывах такія паводзіны выклікалі і спагнанні.

Правілы народнага этыкету рэгулявалі адносіны паміж юнакамі і дзяўчатамі, жанчынамі і мужчынамі. Яны ўстанаўлівалі формы адносін паміж моладдзю на вячорках, у час гульняў, абрадаў, пры праводзінах дзяўчыны хлопцам. У сямейнай сферы народны этыкет вызначаў абавязкі мужа, жонкі і іншых членаў сям'і. У сельскай мясцовасці мужчыны абавязаны былі араць зямлю, касіць, перавозіць сена, салому, снапы, даглядаць скаціну зімой, выконваць будаўнічыя і рамонтныя работы, нарыхтоўваць дровы, вырабляць гаспадарчыя прылады, начынне і інш. Жанчынам ставілася ў абавязак гатаваць ежу, засяваць і палоць агарод, капаць бульбу, рваць лён і каноплі, апрацоўваць трасту, прасці, ткаць, шыць, мыць і рамантаваць адзенне, падтрымліваць чысціню ў доме. Паводле народнага этыкету мужчыне не да твару было даставаць ежу з печы, бялізну з куфра або кубла. Гэтыя абавязкі і правілы маглі парушацца ў экстрэмальных умовах. Дзеці безадказна павінны былі слухацца бацькоў, асабліва галаву сям'і, гаспадара.

Народны этыкет рэгуляваў распарадак працоўнага дня, вызначаў час, калі ўставаць раніцай, снедаць, абедаць, вячэраць. Строга прытрымліваліся застольнага этыкету. Ніхто не пачынаў есці раней галавы сям'і. За ядой не прынята было размаўляць. За скінуты на падлогу хлеб або крошкі прасілі прабачэння. Чарговую страву пачыналі есці па камандзе гаспадыні. З'ядалі ўсё, што было ў місцы. За свавольства за сталом дзеці караліся. Шэраг правіл адносіўся да абрадавага застолля: вясельнага, хрэсьбіннага, памінальнага і інш.

У паводзінах працоўных, іх узаемаадносінах меліся і негатыўныя з'явы, абумоўленыя іх прыгнечаным становішчам, беднасцю, непісьменнасцю, нізкім узроўнем адукацыі і культуры.

Аўтар: І.М. Браім
Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.