Пятніца, 26.04.2024, 23:56

НАРОДНЫ КАЛЯНДАР

Галоўная »
НАРОДНЫ КАЛЯНДАР — сістэма адзначаных у народнай свядомасці замацаваных ці рухомых дат, якая склалася ў старажытнасці і з'яўлялася важным арыенцірам усяго кола рытуальных паводзін у межах гадавога, сезоннага, тыднёвага і сутачнага цыклаў, а таксама асновай прымеркаванасці да пэўных дат сельскагаспадарчых работ. Адна з форм духоўнай культуры народа. У традыцыйным беларускім народным календары адлюстраваны погляды чалавека на навакольнае асяроддзе, шматлікія культурныя ўплывы, працэсы іх уніфікацыі, дыферэнцыяцыі, узаемаўзбагачэння і інш.

Беларускі народны каляндар, які прадаўжаў старажытна-славянскія традыцыі, быў звязаны са зменаю фаз (квадраў) месяца, прычым кожная з іх лічылася спрыяльнай або неспрыяльнай для пэўных гаспадарчых работ (пасадку гародніны пачыналі звычайна ў маладзік, а закладванне яе на зіму прымяркоўвалі да апошняй квадры; снаваць пачыналі ў поўню і інш.). Па месячных квадрах у некаторых мясцінах сачылі за рухомымі святымі (напрыклад, вялікдзень заўсёды святкавалі пасля поўні ветахам — месяц у апошнюю чвэрць). Гэта пацверджанне таго, што тыднёваму падліку часу ў славян, як і ў іншых народаў, папярэднічала сістэма, арыентаваная на месячны каляндар.

У беларускім народным календары захаваліся і рэшткі сонечнага календара — старадаўняга падзелу года адпаведна зімоваму (на каляды) і летняму (на купалу) сонцастаянню. Колькасць тыдняў паміж гэтымі святамі аднолькавая (26), і Купала падзяляў сялянскі каляндарны год на два паўгоддзі.

Разам з хрысціянствам распаўсюджваўся кананічны хрысціянскі тыдзень, адбывалася замена пэўнай часткі народнай каляндарнай тэрміналогіі на канфесіянальную. Адначасова ішло і прыстасаванне, адаптацыя хрысціянскага (пазней праваслаўнага ці каталіцкага) календара да папярэдняга язычніцкага. Нягледзячы на залежнасць народнага календара ад хрысціянскага, як і другасны характар народнай каляндарнай тэрміналогіі, значэнне асобных свят, структура традыцыйнага беларускага календара, часам і назвы свят (куцця, грамніцы, вялікдзень, радаўніца, сёмуха, Іван Галавасек і інш.) далёка адышлі ад хрысціянскіх кананізаваных форм. Гэта праяўлялася ў народным асэнсаванні значнай часткі свят царкоўнага календара, нават такіх буйных, як благавешчанне, сёмуха і інш.

Аснова беларускага народнага календара — маркіраваныя і немаркіраваныя дні-святы і будні. Святы падзяляліся на вялікія, ці гадавыя (двунадзесятыя), і малыя, ці прысвяткі, да якіх прымыкала штотыднёвая нядзеля. Такая дыферэнцыяцыя залежала ад адноснай сілы забароны, якую неабходна было выконваць у час свята (на працягу вялікіх свят стараліся нічога не рабіць ні дома, ні ў полі, у некаторых выпадках нават гатаваць ежу). Яе парушэнне, паводле народных уяўленняў, магло прывесці да бяды з хатняй жывёлай або да стыхійнага няшчасця. Прытрымліваліся і забароны, прымеркаваныя да асобных дзён тыдня: нядзелі, посных дзён — пятніцы, серады (забаранялася ткаць і інш.). Асаблівае значэнне і выяўленасць уласцівы пярэдадню свята (у народным усведамленні святочны дзень пачынаецца з моманту захаду сонца напярэдадні), на які часта пераносілася агульная асэнсаванасць свята. Важным у народным календары з'яўляўся і наступны за святам дзень, шанаванне якога нібыта прадухіляла град, засуху, навальніцу і інш.

У сувязі з тым, што ў народзе фактычна не ўжываліся назвы месяцаў і каляндарныя лічбы, амаль да пачатку 20 ст. ў сялянскім побыце захоўваўся характэрны для народнага календару адлік часу ад найбольш вялікіх і нерухомых гадавых свят, сярод якіх вылучаліся посная (галодная) куцця напярэдадні вадохрышча і благавешчанне («за два тыдні да каляд», «тры тыдні па вялікадні», «да Міколы за пяць дзён» і інш.). Для вызначэння часовых адрэзкаў выкарыстоўвалі і т. зв. хранонімы, якія звязвалі з гаспадарчым ці хрысціянскім календаром: вясна, жніво, пост, піліпаўка, пятроўка і г.д.

Для асобных дзён тыдня, кожны з якіх мае ў народным календары пэўнае значэнне — адноснае ці ўстойлівае (напрыклад, панядзелак — цяжкі, нядобры дзень), істотнымі аказваліся семантычныя супрацьпастаўленні: мужчынскі — жаночы, посны — скаромны, першы — апошні. Мужчынскія і жаночыя дні падзяляліся па граматычнаму роду. Лічылася, што работы мужчынскага (будаўніцтва, сяўба і г. д.) і жаночага (жніво, хатняя праца) цыклаў трэба пачынаць выключна ў адпаведныя дні. У посныя дні (сераду, пятніцу) трэба было пачынаць вазіць з поля жыта, закладваць на зіму бульбу.

Яскрава выяўлялася ў беларускім народным календары і магія першага дня ці пачатку не толькі свят, але і розных прыродных з'яў: першага грому (калі гром на «голы» лес, то на неўраджай), з'яўленне інею, выпаданне снегу, прылёт птушак з выраю, асабліва буслоў, зязюль, ластавак. Уважліва сачылі за тымі днямі, на якія ў бягучым годзе выпадалі нерухомыя святы, але найчасцей за пярэдаднем вадохрышча (лічылі неспрыяльным для пачатку шэрагу работ) і благавешчаннем.

Існавалі і лакальныя традыцыі — прысвяткі надрэчных, палявых, пушчавых вёсак, асобных прафесій (пастухоў, рыбаловаў, пчаляроў), якія прымяркоўвалі да пэўных дат, звычайна дзён памінання адпаведных хрысціянскіх святых (напрыклад, прысвятак надрэчных вёсак і рыбаловаў прыпадаў на дзень святога Аляксея — 12-ы тыдзень па калядах). Сярод такіх традыцый вызначаюцца т. зв. «госці» — адно (радзей два) каляндарнае свята пэўнай вёскі, на якое мясцовыя жыхары запрашалі сваякоў з суседніх вёсак і рыхтавалі для іх багаты стол. Калі ў вёсцы была царква, то свята супадала з днём яе святога, у другіх выпадках святкаваліся паводле традыцыі (фэст).

Аўтар: М. П. Антропаў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
https://sportcity74.ru купить всепогодный теннисный стол.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
https://sportcity74.ru купить всепогодный теннисный стол.
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
https://sportcity74.ru купить всепогодный теннисный стол.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.