РОСІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫГалоўная »
РОСІЦКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца ў цэнтры вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1906 годзе з цэглы (завод у вёсцы Сар'я) на месцы драўлянага парафіяльнага храма 1778 года, фундаванага разам з уніяцкай царквой М.Т.Лапацінскім. Пасля 1917 года зачынены, пасля савецка-польскай вайны 1919—20 гадоў вернуты католікам, дзейнічаў да Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах. Адкрыты і рэстаўрыраваны ў 1988 годзе.
![](/_si/19/s76256963.jpg)
![](/_si/19/s69376516.jpg)
Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Трох нефавая двух вежавая базіліка з шырокім трансептам і пяціграннай апсідай з сакрысціямі. Фасад трохчасткавай кампазіцыі — паміж высунутымі наперад бакавымі вежамі двухгранны шчыпец. Такім жа шчыпцом завершаны прамавугольны партал арачнага ўваходнага праёма, над якім — акно-трыфорыум. Над бакавымі арачнымі ўваходамі — вокны-біфорыумы. Яруснасць і шматпланавасць франтальнаму фасаду надаюць бакавыя нізкія пяцігранёныя эркеры. Цагляная архітэктура будынка насычана архітэктурнай пластыкай: шырокія лапаткі, аркатурныя фрызы, архівольты аконных праёмаў, карнізы з сухарыкамі.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|