ВЯЛІКАБЕРАСТАВІЦКІ КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ГАСПОДНЯГАГалоўная »
ВЯЛІКАБЕРАСТАВІЦКІ КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ГАСПОДНЯГА размяшчаецца ў цэнтры гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці.
Касцёл закладзены 23.06.1909 г. паводле праекта гродзенскага губернскага інжынера Плотнікава. Узведзены ў 1912 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка графа І.Касакоўскага. Закрыты 17.06.1965 г., вернуты католікам у 1989 г., у 1990 г. адрэстаўрыраваны (архітэктары А.Бабіцын, С.Шыйко).
Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны прамавугольнай трохнефавай базілікай з пяціграннай апсідай. Галоўны фасад атрымаў дынамічную, вертыкальна накіраваную кампазіцыю, завершаную трох'яруснай шатровай вежай-званіцай, якая на другім ярусе дэкарыравана накладным двух'ярусным гатычным шчытом. Вертыкальнасць узмацняюць ступеньчатыя контрфорсы і стральчатыя праёмы. Уваход вырашаны магутным арачным парталам, запоўненым дзвярамі з мастацкай акоўкай. Каларыстычнае вырашэнне будынка дасягаецца спалучэннем фактурнай «аксамітавай» муроўкі сцен і атынкаваных элементаў архітэктурнага дэкору: лапатак, карнізаў, ліштваў, нішаў.
Гатычнай узнёсласцю вылучаецца і інтэр'ер храма, нефы якога перакрыты стральчатымі скляпеннямі з гуртамі. Драўляны амбон таксама вырашаны ў вытанчаных формах готыкі. Над нартэксам кансольны балкон арганных хораў, адкрытых у неф стральчатай аркай.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|