Панядзелак, 29.04.2024, 15:39

Галоўная » 2012 » Кастрычнік » 25 » І не знікаць паэту вечна...
11:10
І не знікаць паэту вечна...
У Ганцавіцкім раёне ў горадзе Ганцавічы і вёсцы Люсіна ў мінулую нядзелю 21 кастрычніка прайшлі ўрачыстасці з нагоды дня нараджэння слыннага беларускага класіка Якуба Коласа «Пясняр зямлі беларускай». Імя творцы беларускай літаратуры Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча непарыўна звязана і з Палескім краем.

Ганцавічы, Якуб Колас

Менавіта сто гадоў таму назад у закінуты Богам палескі куточак, у вёску Люсіна, прыехаў працаваць маладзенькі настаўнік, выпускнік Нясвіжскай семінарыі Кастусь Міцкевіч. Праз пэўны час з’явіцца ў свет яго знакаміты твор – трылогія «На ростанях», у першай частцы якой ён апіша гады свайго настаўнічання і сваё першае ўзнёсла-шчырае каханне да прыгажуні паненкі Ядвісі.

Нават праз столькі гадоў памяць пра свайго знакамітага настаўніка-пісьменніка вельмі шчыра шануюць на Ганцаўшчыне. Яго імем прасякнута літаральна ўсё наваколле ў Люсіне. Аб тым, што калісьці тут жыў і працаваў Якуб Колас, прыгадвае і чыгуначны прыпынак з аднайменнай назвай, вуліца, што носіць імя класіка, а таксама крамы, на якіх красуюцца шыльдачкі з надпісамі «На ростанях» ды «Ядвіся», і нават назва мясцовага СВК «Цельшына», і, безумоўна, літаратурна-этнаграфічны музей, што размясціўся ў вясковай школе. Шануецца імя песняра і ў Ганцавічах. Летась, на Дзень беларускага пісьменства, у ціхім гарадку над рэчкай Цной быў адкрыты помнік, у якім увекавечаны малады Якуб Колас. Яго імя жыве і будзе заўсёды жыць у гэтым запаветным Палескім краі, што зайздросна багаты на свае традыцыі, напоўнены незлічонымі легендамі ды паданнямі і, галоўнае, сваімi талентамі. На творах Коласа вырасла цэлая плеяда знакамітых літаратараў: Васіль Праскураў, Віктар Гардзей, Іван Лагвіновіч, Алесь Каско, Алесь Кажадуб і многія іншыя творцы, чыя дзейнасць звязана з Ганцавіцкім краем.

Сімвалічна, што на юбілей класіка беларускай літаратуры на Ганцаўшчыну завітала сям'я знакамітага пісьменніка ў складзе яго сына Міхася Міцкевіча, унука Канстанціна і праўнучкі Васіліны, удзел у мерапрыемстве таксама бралі старшыня Ганцавiцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Саланевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд і мясцовыя літаратары. Распачалося свята памяці Якуба Коласа з экскурсіі па раённым краязнаўчым музеі, у якім яго дырэктар Ала Занька прэзентавала выставу «Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці». Адметнасцю экспазіцыі, што расчуліла ўсіх прысутных, сталі зачытаныя словы з ліста люсінцаў да пісьменніка, якія прасілі дапамогі ў будаўніцтве новай школы. Лагічным працягам экспазіцыі была і дэманстрацыя дакументальнай стужкі яшчэ з адной зоркай літаратурнага небасхілу Уладзімірам Калеснікам, які ў свой час, наведваючы Ганцаўшчыну, сказаў такія словы: "Зямля гэтая, да якой дакрануўся Колас, стала нацыянальнай святыняй". Сапраўды так, усё, што звязана з імем Коласа, тут свята ўшаноўваецца. Супрацоўнікі музея праводзяць шмат даследчай работы. Знойдзена Яшкова гара, паданне аб паходжанні якой занатаваў Якуб Колас, музей таксама плённа супрацоўнічае і з дзяржаўным літаратурным музеем імя Якуба Коласа.

Незабыўна рамантычным для ўдзельнікаў свята стала падарожжа па Алеі пісьменства, дзе гасцей сустракалі коласаўскія героі Сымон-музыка, паненка Ядвіся і настаўнік Лабановіч. Пасля таго, як да помніка Якуба Коласа былі ўскладзены кветкі, свята перамясцілася ў самабытную вёску Люсіна. Гасцінна адчыніла свае дзверы Люсінская яслі-сад сярэдняя школа, у якой цяпер навучаюцца не 37 вучняў, як тое было ў гады настаўнічання маладога Кастуся Міцкевіча, а 228 хлопчыкаў і дзяўчынак і 39 дашкалят. Пачалася экскурсія па школе з наведвання бібліятэкі, якой Міхась Канстанцінавіч падарыў нізку кніг – успамінаў пра свайго бацьку Якуба Коласа, што пакінулі пасля сябе яго паплечнікі і сябры. Пасля знаёмства з выставай мастацкай творчасці навучэнцаў школ раёна, што гасцінна размясцілася на другім паверсе, госці перайшлі ў літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа, з экспазіцыяй якога прысутных пазнаёмілі навучэнцы 11-га класа. Затым асноўная дзея свята разгарнулася на плошчы, што размясцілася ля памятнага знака, дзе калісьці стаяла школка, у якой на працягу двух гадоў настаўнічаў малады Міцкевіч. І пакуль дэлегацыя на чале з Міхасём Міцкевічам крочыла ад сучаснай школы па вуліцы Крупеніча да плошчы вёскі, сына славутага песняра сустракалі багатыя падворкі вяскоўцаў, якія частавалі старадаўнімі стравамі, шчырымі словамі ды песнямі.

Люсіна, Якуб Колас

- Міхась Канстанцінавіч, ведаеце, а мой дзед, Міхал Занька, быў вучнем у вашага бацькі, – падышоўшы да госця, шчырым голасам, напоўненым пяшчотай і любоў’ю, сказала люсінка Зося Жалезная.

Люсіна, Якуб Колас

І Міхась Канстанцінавіч, так, як і калісьці яго бацька, пытаўся ў вяскоўцаў, як ім жывецца зараз. Вяскоўцы шчыра адказвалі, паказваючы на тое, якой добраўпарадкаванай стала вёска за апошнія гады, і фатаграфаваліся на памяць. А на галоўнай плошчы, побач з тым месцам, дзе калісьці тулілася школка і ў старожцы бабкі Мар'і кватараваў малады Колас, разгарнулася вясёлкавая выстава вырабаў народных майстроў, а са сцэны ліліся мілагучныя беларускія песні, многія з якіх пакладзены на словы Якуба Коласа. Тут жа чыталі свае творы мясцовыя літаратары. Кульмінацыяй свята стала падвядзенне раённых конкурсаў на лепшага чытальніка твораў Якуба Коласа і юных літаратараў. Лепшымі чытальнікамі на Ганцаўшчыне названы Артур Сукач, вучань СШ № 3 г.Ганцавічы, і Кацярына Пабудзей, вучаніца Востраўскай ясляў-сада сярэдняй школы, сярод юных літаратараў у намінацыі «Паэзія» пераможцамі сталі Алена Бондар, вучаніца гімназіі, Анастасія Віннік, вучаніца Хатыніцкай СШ, у намінацыі «Проза» – Дар'я Кісялевіч, вучаніца Раздзялавіцкай СШ, і Ірына Ісаева, вучаніца СШ № 1 г.Ганцавічы.

Люсіна, Якуб Колас

Міхась Міцкевіч, вельмі расчулены ад свята, не хаваючы хвалявання, падзяліўся сваімі ўражаннямі:

- Люсіна я наведваю ў другі раз. І, здаецца, няма слоў, каб перадаць мае пачуцці, што перапаўняюць сэрца. Вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна, настаўнікам і люсінцам, што захоўваюць памяць пра бацьку. Сёння вельмі важна, каб у школе вывучалі беларускую літаратуру, важна, каб дзеці чыталі і ведалі творы Якуба Коласа, бо без культурнага падмурку цяжка выхаваць духоўнага чалавека. І вельмі прыемна, што на Ганцаўшчыне вельмі шануецца Коласава слова. Адчуваецца, што свята гэтае надзвычай цёплае, ідзе ад сэрца людзей, якія па-сапраўднаму помняць і любяць Якуба Коласа

Люсіна, Якуб Колас

А над Люсінам, над бязмежнымі прасторамі Ганцавіцкага краю лілася пранікнёная, да болю ў грудзях шчымлівая песня: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы...». Словы Коласа, яго творы і дзеі назаўжды будуць жыць у сэрцах людзей Ганцаўшчыны.

П.с.: фотарэпартажы са свята «Пясняр зямлі беларускай» у горадзе Ганцавічы і вёсцы Люсіна.

Кацярына ЯЦУШКЕВІЧ, «Заря»
Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 2363 | Дабавіў: admin | Тэгі: Люсіна, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Якуб Колас
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Кастрычнік 2012  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.