Пятніца, 26.04.2024, 12:36

Галоўная » 2017 » Снежань » 9 » Падарожнічаем разам: горад Нясвіж (Нясвіжскія паркі – частка першая)
20:56
Падарожнічаем разам: горад Нясвіж (Нясвіжскія паркі – частка першая)
У адной з папярэдніх паездак у рамках нашага праекта «Падарожнічаем разам» мы ўжо наведвалі горад Нясвіж, дзе блукалі па вулачках старажытнага населенага пункта, які цесным чынам звязаны з магнацкім родам Радзівілаў.


На гэты раз мы вернемся ў Нясвіж і здзейснім падарожжа па парках, што размясціліся побач з замкам. Ландшафтныя паркі Нясвіжа – вялікі культурна-гістарычны здабытак, адметная з'ява ў паркавым дойлідстве Беларусі. У радзівілаўскіх парках знайшлі выдатнае адлюстраванне і атрымалі ўвасабленне асноўныя еўрапейскія стылі садова-паркавага мастацтва.

Стары парк



Нясвіж, Нясвіжскія паркі

Нясвіж, Нясвіжскія паркі

Стары парк быў закладзены ў 1878 годзе на поўнач ад замка. Да перабудовы Нясвіжа Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам тут была забалочаная мясцовасць, аднак пасля будаўніцтва сістэмы дамбаў узровень грунтавых вод падняўся, а забалочаныя ўчасткі былі неўзабаве асушаныя. Доўгі час большая частка тэрыторыі аніяк не выкарыстоўвалася. Уладзіслаў Сыракомля, апісваючы Нясвіж у 1830-я гады, згадваў пра запушчаны стан прылеглых да замка земляў. Вядома, што адзіным асобным дрэвам на тэрыторыі будучага парка была канадская таполя, пасаджаная ў пачатку XIX стагоддзя.



Нясвіж, Нясвіжскія паркі, Памятны знак таполі

У 1878 годзе Марыя Дарота Радзівіл дэ Кастэлян мэтанакіравана стварае паркавы ансамбль. Марыя прывезла з сабой з Францыі моду на паркі новага тыпу, якія грунтаваліся на перайманні натуральнага афармлення лясных масіваў. Большую частку дрэў у Старым парку пасадзілі ў канцы XIX стагоддзя. Насенне і саджанцы дастаўляліся з найлепшых лясніцтваў Беларусі, а таксама з Берліна. З моманту заснавання парка і да 1912 года галоўным яго садоўнікам быў Андрэй Пастарэмчык. Менавіта ён займаўся рэалізацыяй задум Марыі дэ Кастэлян на працягу 34 гадоў. Пасля садоўнікам Радзівілаў былі бацька і сын Стоцкія, а таксама Антоній Глінскі. Апошні аддаў парку не адзін год, і нават калі парк разам з палацам стаў часткай савецкага санаторыя, Глінскі застаўся даглядаць яго.



Аснову Старога парка склаліся тры паляны – Спартыўная, Цэнтральная і Выставачная. На Спартыўнай паляне да канца 1930-х гадоў стаяла альтанка, тут жа знаходзіліся тэнісныя корты. Да канца 1920-х на Выставачнай паляне, каля найстарэйшай таполі, існавала традыцыя ладзіць кірмаш. У час Другой сусветнай вайны фашысты абралі парк пад месца знішчэння паўтары тысячы нясвіжскіх габрэяў, якіх расстралялі тут 23 кастрычніка 1941 года.


Пасля вайны ў палацы адкрылі санаторый, парк ўпрыгожылі тыповымі савецкімі паркавымі скульптурамі, а шэраг даўнейшых помнікаў дэмантавалі. У 1963 годзе паркавы комплекс нарэшце быў абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, аднак толькі ў 1980-я гады ў занядбаным парку пачаліся поўнамаштабныя аднаўленчыя работы, якія вярнулі яму былую прыгажосць.

Памятны валун «Камень жаданняў»


Самы вялікі ў Старым парку памятны валун знаходзіцца недалёка ад увахода, у бок узбярэжжа возера. На ім Антоній Вільгельм Радзівіл увекавечыў заслугі сваёй жонкі: «... У знак прызнання за шматгадовую працу па ўпрыгожванні замка Марыі дэ Кастэлян, княгіні Радзівіл камень гэты паставіў у 1903 годзе яе ўдзячны муж князь Антоній Радзівіл, XIV ардынат Нясвіжскі». Гэты помнік шлюбнай любові ўжо ў савецкі час стаў называцца «каменем жаданняў»: кажуць, калі да яго дакрануцца, пакінуць у адной з разшчэлін гэтага камня манетку або банкноту і загадаць жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца. Менавіта з гэтай прычыны памятны камень папулярны сярод турыстаў.

Нясвіж. Стары парк
Аўтар фота - Андрэй Дыбоўскі (globus.tut.by)

Непадалёк, каля летняй кавярні, увагу адразу прыцягвае падобны, але значна меншы камень з высечаным на ім старадаўнім надпісам на польскай мове: «Алею пасадзіла Марыя дэ Кастэлян, княгіня Радзівіл, выкарыстоўваючы саджанцы, выгадаваныя з насення, прывезенага з саду Берлінскага палаца князёў Радзівілаў». Гэты памятны знак таксама быў усталяваны ў 1903 годзе Антоніем Вільгельмам Радзівілам у знак удзячнасці сваёй жонцы за працу па стварэнню парка. Іх ўсталяванне — важны элемент развіцця Радзівіламі сваіх паркавых угоддзяў, якое працягвалася аж да самага 1939 года.

Бюст Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі


Дадзены помнік пастаўлены ў гонар князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, падарожніка, пісьменніка, мецэната, першаму нясвіжскага ардыната.

Мянушка Сіротка было атрымана ім у раннім дзяцінстве. Легенда распавядае, што аднойчы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст сустрэў у адным з пакояў палаца пакінутае без нагляду дзіця. Кароль яго супакоіў і прылашчыў: «Ах ты мой бедны ўсімі забыты сіротка!» З тых часоў мянушку «Сіротка» так і прыстала да Мікалая Крыштафа.

Вучыўся Мікалай Крыштаф ў заснаванай бацькам пратэстанцкай школе ў Нясвіжы. У юнацкія гады шмат падарожнічаў па Заходняй Еўропе, вучыўся ў Страсбурзе і Цюбінгенскім універсітэце. Пасля смерці бацькі, пад уздзеяннем польскага прапаведніка-езуіта Пятра Скаргі публічна выракся кальвінізму.

Мікалай Радзівіл Сіротка

З гэтага часу Сіротка ўзяўся выкараняць пратэстантызм у сваіх уладаннях, у тым ліку ў Нясвіжы, куды на месца пратэстантаў былі запрошаныя езуіты. У 1583-1584 гг Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю, у ходзе якога наведаў Крыт, Кіпр, Сірыю, Палестыну і Егіпет, пра што распавёў у сваім дзённіку, які неаднаразова выдаваўся на розных еўрапейскіх мовах. У Ерусаліме Мікалай Крыштаф уступіў у ордэн рыцараў Труны Гасподняй – менавіта іх знак можна ўбачыць на медальёне на помніку князя. Пасля вяртання на радзіму ён пачаў шырокае будаўніцтва ў Нясвіжы: замест драўлянага бацькавага замка паставіў мураваны, пабудаваў касцёл Божага Цела, бенедыктынскі і бернардынскі кляштары. Для праектавання і ўзвядзення касцёла ён запрасіў з Італіі архітэктара Джавані Марыя Бернардоні. У новым замку Радзівіл сабраў галерэю партрэтаў, бібліятэку, арсенал. Заклаў парк у Альбе пад Нясвіжам, які стаў адным з першых у краіне. За кароткі тэрмін – усяго за 30 гадоў, дзякуючы князю быў узведзены новы горад. Нясвіж забудоўваўся з улікам дасягненняў еўрапейскай абароннай і эстэтычнай думкай эпохі.

Помнік Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку быў пастаўлены ў 1992 годзе і па праву заняў сваё месца на алеі славутых дзеячаў горада Нясвіжа.

Бюст Тамаша Макоўскага


Тамаш Макоўскі вядомы як аўтар гравюр да кніг і геаграфічных картаў, у прыватнасці, першай вядомай выявы Нясвіжа.

Пра дзяцінства і маладосць Макоўскага нічога невядома. Каля 1600 года ён паступіў на службу да Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Макоўскі займаўся стварэннем гравюр на медзі да кніг, якія выдаваліся ў Нясвіжскай друкарні. Каля 1603 года Макоўскі стварыў гравюру з выглядам Нясвіжа – гэта найстарэйшая выява горада, якая захавалася да нашых дзён. Гравюра Макоўскага адрозніваецца высокай дакладнасцю дэталяў, дзякуючы чаму яна стала падставай для аднаўлення аблічча шэрагу згубленых або перабудаваных будынкаў.

Тамаш Макоўскі

Дзякуючы яго гравюрам мы можам пазнаёміцца з выглядам іншых замкаў Радзівілаў і гарадоў ВКЛ: Біржаў, Вільні, Гародні, Коўна, Клецку і Трокаў. У гэты ж час ён удзельнічаў у стварэнні карты Вялікага княства Літоўскага. Пазней Тамаш Макоўскі працаваў у іншых друкарнях, дзе займаўся ілюстраваннем розных кніг. Напрыклад, яго аўтарству належаць ілюстрацыі да двух панегірыкаў і навата да знакамітага конегадоўчага трактата «Гіпіка». Ён таксама вядомы як аўтар гравюр «Аблога Смаленска» і «Від Масквы». У шэрагу выпадкаў Макоўскі толькі пераносіў на дошкі гатовыя карціны, аднак яго таленавітае выкананне захоўвае самастойную мастацкую каштоўнасць. У 1992 годзе яму быў усталяваны дадзены помнік у Нясвіжы.

Бюст Джавані Бернардоні


Побач з помнікам Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку ўсталяваны бюст Джавані Марыя Бернардоні – італьянскага манаха-езуіта, першага архітэктара-аўтара барочных будынкаў у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім. Джавані нарадзіўся на поўначы Італіі, працаваў мулярам, у 23 гады прыйшоў у Рым ўступіць у ордэн езуітаў і стаць архітэктарам. Браты-езуіты накіравалі яго на будаўніцтва галоўнага ордэнскага храма ў Рыме Іль-Джэзу, дзе ён працаваў 6 гадоў. Пасля Бернардоні працаваў на будаўніцтве цэркваў у Неапалі, Абруццы.

Джавані Бернардоні

Бернардоні прыязджае на запрашэнне Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіж у 1586 годзе і застаецца тут на 13 гадоў. Галоўным яго праектам быў касцёл езуітаў. Прататыпам касцёла быў галоўны ордэнскі храм езуітаў у Рыме – Іль-Джэзу. Храм акрамя сакральнай функцыі павінен быў прыстасаваны пад княжацкую пахавальню. Шматпланавае прызначэнне касцёла патрабавала дакладнай выверкі яго праекта. У лістападзе 1593 будаўніцтва касцёла было скончана і адбылося першае набажэнства.Касцёл езуітаў у Нясвіжы лічыцца першай пабудовай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай у стылі барока. У 1599 годзе Бернардоні пераязджае ў Кракаў, дзе будуе касцёл святых Пятра і Паўла. Акрамя гэтага ён выканаў яшчэ праекты манастыра св. Бернардына ў Кальварыі Зебжыдоўскай і касцёла св. Казіміра ў Вільні. Але завяршэнне апошняй працы архітэктар ужо не ўбачыў, ён памёр у 1605.

У 1992 годзе ў Старым нясвіжскім парку ўсталяваны бюст Джавані Бернардоні працы скульптара Мікалая Гумілёва.

Бюст Уладзіслава Сыракомлі


Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя – Людвік Кадратовіч) – вядомы беларускі і польскі паэт, публіцыст і краязнаўца. Яго гісторыка-этнаграфічнае сачыненне «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» уяўляе вялікую каштоўнасць для вывучэння гісторыі Нясвіжа, паколькі Сыракомля як архіварыус Радзівілаў меў доступ да шматлікіх дакументаў, якія ў цяперашні час раскіданыя па ўсёй Усходняй Еўропе. Акрамя таго, ён меў зносіны са сведкамі гістарычных падзей.

Паэт з маладосці быў звязаны з Нясвіжам. У мясцовай школе пры дамініканскім кляштары Сыракомля вучыўся ў 1830-я гады. У 1840-1844 гадах паэт працаваў спачатку памочнікам кіраўніка маёнткамі князёў Радзівілаў у Нясвіжы, а пазней архіварыусам у палацавым архіве. У 1844 годзе Уладзіслаў Сыракомля пабраўся шлюбам з Палінай Мітрашэўскай ў касцёле Божага Цела. Акрамя «Вандровак па маіх былых ваколіцах», Сыракомля напісаў 6 санетаў, прысвечаных Нясвіжу, а яго твор "Ілюмінацыя" перадае трагічную гісторыю, пачутую ад старой нясвіжанкі.

Уладзіслаў Сыракомля

Памяць паэта ў горадзе увекавечвае мемарыяльная дошка ў касцёле Божага Цела. Паставіць помнік на тэрыторыі горада не дазвалялі царскія ўлады, якім не падабаўся паэт-дэмакрат, аднак ўдзячныя нясвіжане знайшлі выйсце, і памятная дошка была ўсталяваная ў касцёле ў 1902 годзе і захавалася да нашых дзён. У 1992 годзе бюст пісьменніка заняў належнае месца побач з іншымі выбітнымі людзьмі горада.

Бюст Юрыя Нясвіжскага


Пытанне прыналежнасці Юрыя Нясвіжскага да горада Нясвіжа да сённяшняга дня застаецца поўнасцю нераскрытым. Аднак з вялікай ступенню верагоднасці пра князя-удзельніка бітвы на Калцы можна казаць як пра першага нясвіжаніна, які ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах.

Бітва на Калцы была першым істотным сутыкненнем паміж руска-палавецкім і мангольскім войскамі. 31 мая 1223 года войска Русі было ўшчэнт разбітае, а большая частка князёў знайшла сваю смерць на поле бітвы. Юрый Нясвіжскі ў летапісах узгадваецца ў пераліку шасці князёў, якія адступалі з поля боя, аднак былі схопленыя ў палон і былі пакутніцкі забіты. Усіх палонных яшчэ жывымі паклалі пад дошкі, на якіх пасля бітвы адбылося баляванне трыумфатараў-манголаў.

Гэта адзіная ўзгадка пра нясвіжскага князя, якая трапіла на аркушы старадаўніх рускіх летапісаў. Пазней гісторыкі і генеолагі на падставе ўскосных дадзеных выявілі, што Юрый Нясвіжскі верагодна з’яўляецца сынам гарадзецкага, затым пінскага князя Яраполка і ўнукам тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Як прадстаўнік княжацкай дынастыі Рурыкавічаў у пачатку XIII ст., у перыяд тэрытарыяльнай дробнасці на рускіх землях, Юрыю перайшоў ва ўладанні Нясвіжскі ўдзел.

Юры Нясвіжскі

Археолагі не здолелі выявіць месца знаходжання горада у XIII ст., і таму пэўная частка даследчыкаў лічыць праўдзівым выкарыстоўваць 1446 год як час, калі дакладна ўпершыню ўзгадваецца Нясвіж. Аднак ёсць верагоднасць, што першапачатковы Нясвіж мог знаходзіцца на тэрыторыі аднаго з гарадзішчаў на ўсход ад сучаснага горада. Такім чынам, да нашага часу няма яснасці ў пачатковай гісторыі Нясвіжа, тым не менш гэта не перашкодзіла ў 1992 годзе на алеі ў Старым парку размясціць бюст Юрыя Нясвіжскага.

Бюст Якуба Коласа


Бюст усталяваны ў гонар народнага паэта Беларусі і класіка беларускай літаратуры Якубу Коласу. Будучы пісьменнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч нарадзіўся на радзівілаўскіх землях недалёка ад Стоўбцаў. З 1898 па 1902 год ён вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Час, праведзены ў горадзе, станоўча паўплываў на творчасць пісьменніка, напоўніў яго новымі яркімі вобразамі, якія пасля былі рэалізаваны ў творах паэта. Лічыцца, што сюжэт адной з самых вядомых яго паэм, «Сымон-музыка», можа быць навеяны ў тымліку і ўспамінамі пра Нясвіж.

Пасля нясвіжскага перыяду будучы класік працаваў настаўнікам у школах на Палессі, знаходзіўся ў турэмным зняволенні за грамадскую дзейнасць. Пасля Першай сусветнай вайны Якуб Колас напісаў мноства твораў, якія сталі класікай беларускай літаратуры. У 1926 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.

Якуб Колас

Сёння імем Якуба Коласа названы Нясвіжскі дзяржаўны каледж і адна з вуліц горада. У 1992 годзе ў памяць пра класіка быў усталяваны гэты бюст.



Чытаць таксама:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 1726 | Дабавіў: vitalis | Тэгі: Нясвіж, падарожнічаем разам, Нясвіжскі замак
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Снежань 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.