Субота, 20.04.2024, 08:37

Галоўная » 2017 » Май » 19 » Падарожнічаем разам: вёскі Туча, Дунайчыцы і Янавічы
20:50
Падарожнічаем разам: вёскі Туча, Дунайчыцы і Янавічы
Сёння мы працягнем сваё падарожжа па Клецкім раёне і як пісалі ў мінулым артыкуле пазнаёмімся з захаваўшайся матэрыяльнаю спадчынаю старажытнага рода Яленскіх, прадстаўнікі якога пахаваны ў капліцы на могілках ў вёсцы Ясянец.


Сваё падарожжа мы пачнём с вёскі Туча. Маёнтак Туча вядомы з 16 стагоддзя і належаў Яленскім герба Корчак. Радавы маёнтак уключаў ў сябе фальваркі Янавічы, Дунайчыцы і Мураванка, якія затым у розныя часы склаліся ў самастойныя маёнткі. Апошнім уладальнікам Тучы была Ядзвіга Яленская, народжаная Мельжынская.


Так выглядаў сядзібны дом у Тучы ў 1938 годзе

Ахоўная дошка на сядзібе ў Тучы

Сядзіба, якая часткова дайшла да нашых дзён, будавалася ў канцы 18 стагоддзя ў стылі класіцызму. Яна наклалася на старую барочную планіроўку. Цэнтрам кампазіцыі стаў новы каменны аднапавярховы дом з мансардным паверхам. Парадны фасад будынка вылучаны плоскім рызалітам, пазначаным вертыкальнымі паясамі руста, упрыгожаны чатырохкалонным порцікам іянічнага ордара з прамавугольным франтонам. Формы ордара стылізаваны: калоны не маюць базы, капітэлі зведзены да патоўшчанай квадратнай абакі, прапорцыі антаблементу парушаны.


Паркавы фасад будынка замест порціка меў тэрасу з балконам. Аконныя праёмы ўпрыгожаны прафеліраваннымі сандрыкамі і філёнгамі. Сіметрыя галоўнага фасада падкрэслена неглыбокімі бакавымі рызалітамі, завершанымі франтонамі.

Памяшканні дома аб'ядноўвае калідор. Цэнтральнае становішча займае парадная зала. У тоўшчы адной са сцен вестыбюля размешчана драўляная лесвіца, якая вядзе на мансардны паверх.

У сядзібу можна было заехаць па дамбе з боку вадаёмаў на рацэ Сушанка (прыток ракі Нача), якія візуальна пашыралі паравую прастору параўнальна невялікай сядзібы на прыпаднятай тэрасе. Тым больш, што вялікі парадны партэр быў адкрыты ў бок вадаёмаў, чым таксама дасягалася выразнасць успрымання будынка на фоне вады. Вось перспектывы была падкрэслена кулісай таполі белай, а з іншага боку дома – елі калючай «Glauca». Уезд перад партэрам фіксаваўся ўязной брамай з двух квадратных у плане пілонаў. Дарога перасякала партэр і праз другую браму паміж домам і старым свіранам вяла ў гаспадарчы двор. Партэр не меў традыцыйнага круга.

Рэшткі ўзядной брамы ў Тучы

Парк за домам у выглядзе аднаго вялікага баскета, абсаджанага ліпамі, быў, мабыць, часткай рэгулярных кампазіцый 18 стагоддзя, да парку прылягаў сад.


Гаспадарчы двор фарміраваўся таксама ў розныя часы. Завяршэнне будаўніцтва адносіцца галоўным чынам да пачатку 20 стагоддзя. Двор складалі спіртзавод, кузня, кароўнікі, стайня, свіраны. Добра захаваліся свіраны і кузня, якая, як і пяць свіранаў, пабудавана з чырвонай цэглы ў простых формах утылітарнай архітэктуры.

Вёска Туча. Свіран
Вёска Туча. Свіран
Вёска Туча. Свіран

Будынкі ўпрыгожаны пілястрамі, парэбрыкамі, аркавымі паясамі. Прамавугольныя ў плане свіраны даволі вялікія (34х14 метраў; 27х13 метраў; 30х12 метраў; 20х6 метраў). Адна з пабудоў была Т-падобная ў плане, пляцам 66х6 метраў, з прыбудовай 12х12 метраў. Самы малы драўляны свіран (16х8 метраў) мае галерэю на калонах.


Будынкі вылучаюцца добрым выкананнем.

Пасля Тучы мы адправімся ў вёску Дунайчыцы. Сядзіба двор Дунайчыцы, якой бязменна валодалі, паводле сямейнай хронікі, з канца 14 стагоддзя Яленскія, пабудавана на прыўзнятай маляўнічай тэрасе ракі Лань каля 1780 года меркавана Гедэонам Яленскім.

Вёска Дунайчыцы. Сядзібны дом
Вёска Дунайчыцы. Сядзібны дом
Дунайчыцы. Сядзібны дом

Сядзібны дом складаўся з васьмі пакояў і быў аднапавярховым, меўся порцік з чатырох дарыйскіх калон на парадным фасадзе і паўкруглы рызаліт на паркавым. У другой палове 19 стагоддзя побач з домам (з правага боку) размяшчаўся невялікі каменны будынак, так званая «кашталянка», які служыў афіцынай. Трэцім архітэктурным збудаваннем сядзібы была драўляная шасцігранная капліца, вядомая ў гісторыі архітэктуры, крытая «ламаным» гонтавым дахам.

Вёска Дунайчыцы. Капліца
Капліца ў Дунайчыцах

Да двара прылягаў параўнальна вялікі парк, плошчаю каля 8 гектараў. Ён займаў тэрасу ракі, спускаўся па схіле і візуальна быў добра ўвязаны з поймай ракі. Меў саспелы, высокай якасці дрэвастой галоўным чынам з ліпы. Перад домам размяшчаўся вялікі газон з адзінкавымі драўнянымі саліцёрамі і кветнікам на цэнтральным крузе.


Сядзіба ўключала таксама вялікі пладовы сад, акружаны аднараднай ахоўнай паласой з ліпы, і гаспадарчы двор. Захаваліся: рэшткі будынка афіцыны, спіртзавод (тры будынкі), гаспадарчая пабудова і часткова насаджэнні парку.

Вёска Дунайчыцы. Спітрапрыёмнік

Вёска Дунайчыцы. Рэшткі афіцыны
Вёска Дунайчыцы. Рэшткі афіцыны
Дунайчыцы. Рэшткі афіцыны

Трэцім заключным пунктам нашага падарожжа стане вёска Янавічы. У першай палове 19 стагоддзя Янавічы належалі Бжазоўскім, затым уладальнікамі былі Вайцэхоўскія, Піляўскія. У 1910 годзе маёнтак купіў Эдвард Яленскі. Апошнім уладальнікам быў сын Эдварда Альгерд Яленскі.

Янавічы. СЯдзібны дом

Раман Афтаназы лічыць, што сядзібны дом быў пабудаваны ў апошнія дзесяцігоддзі 18 стагоддзя, а можа быць, і раней, адначасова з капліцаю (у 1772 годзе) Па дадзеных даследчыка Анатоля Мікалаевіча Кулагіна, гэта адбылося пазней – у першай палове 19 стагоддзя.


Мяркуючы па ўзросту дрэвастою, парк закладзены не пазней канца 18 стагоддзя, відаць, у апошняй чвэрці, у рэгулярным стылі. Двор фарміраваўся на месцы старых збудаванняў, магчыма, ўмацаванага замка, ад якога засталіся досыць вялікія і ўражлівыя фрагменты рова і вала.

Сядзіба закладзена на тэрасе ракі Лань. Уключала ў сябе сядзібны дом, афіціну, жылы дом, капцільню, парк, свіран, лядоўню і гаспадарчы двор.

Сядзібны дом мураваны, аднапавярховы. Дах быў мансардным, цяпер – вальмавы. Дом вылучаецца цікавай, строга сіметрычнай планіроўкай параднага фасада. Шырокая лоджыя фасада аформлена каланадай з шасці дарыйскіх калон, якія нясуць карніз даху. Маляўнічасць паркавага фасаду надае паўкруглы эркер з выхадам у парк і двума вокнамі, якія асвятляюць гасціны зал. Пластычнасцю архітэктурнай апрацоўкі вылучаюцца апраўленне аконных праёмаў і руставаныя вуглы будынка.

Янавічы. Сядзібны дом

Дом адрозніваецца цікавай планіроўкай (архітэктар невядомы). У яго цэнтральнай частцы размешчана парадная зала – ратонда, да яго прымыкаюць вестыбюль, гасцёўня, чатыры тарцовыя залы, ад якіх вузкія бакавыя калідоры вядуць да выхадаў у тарцах будынка. Інтэр'еры памяшканняў ўпрыгожвалі кафляныя печы. Зараз унутраная планіроўка зменена. Будынак мае патрэбу ў рамонце.

Янавічы. План сядзібнага дома

Парк маленькі, плошчаю усяго 1,5 гектара. Меў арыгінальнае сіметрычна-восевае рашэнне, параўнальна выцягнутую кампазіцыйную вось працягласцю больш за 300 метраў. Уязная алея паміж двума квадратнымі баскетамі вядзе да параднага двара. Захаваўся паўночна-заходні баскет плошчаю 0,15 гектараў з аднараднай абсадкаю ліпы ва ўзросце больш за дзвесце гадоў.

Янавічы. Сядзібны дом
Янавічы. Сядзібны дом

Парадны партэр прыпадняты, параўнальна вялікі, у паўночна-ўсходняй частцы абмяжоўваўся капліцаю, а злева – лядоўняю ( не захаваліся). Капліца была ў плане квадратная, з «ламаным» гонтавым дахам.

Янавічы. Капліца
Янавічы. Капліца

Па вонкавым перыметры партэр агінае канал, фіксаваны аднараднай пасадкаю клёну востралісцевага. Канал сілкаваўся водамі Лані, узровень якой у перыяд разліву падымаўся да тэрасы. Меўся мост і жалезныя вароты. Уязная брама з двума высокімі чатырохграннымі каменнымі пілонамі размяшчалася на ўездзе з гасьцінца КлецкЛяхавічы. Асаблівасці афармлення ўездаў падкрэслівалі замкнёнасць сядзібнага ансамбля, што складала адну з рысаў паркаў барока. У той жа час парк заставаўся адкрытым, з маляўнічымі відамі на пойму.

Парк (за сядзібным домам) складалі два выцягнутых уздоўж восі прамавугольных баскеты. Тут па вузкіх ліпавых алеях праходзіў прагулачны маршрут, стаялі лавы. Зялёныя кабінеты баскетаў мелі кветкавае афармленне . Завяршалася вось парку двума невялікімі штучнымі вадаёмамі, размешчанымі анфіладна і злучанымі каналамі. За сажалкамі перпендыкулярна да асноўнай восі кампазіцыі парк і навакольны сад, перасякаліся папярочнай алеяй, якая злучала сад і парк з гаспадарчаю зонай і адводзіла ў найбольш адасобленую частку сядзібы, да краю тэрасы.

Паралельна восі кампазіцыі ўздоўж парку ішла дарога на гаспадарчы двор, які займаў паўночна-заходнюю частку сядзібы.

Драўляная, у плане 15х10 метраў, вышынёй чатырнаццаць вянкоў афіціна замыкала вось сядзібы за сажалкай. Бярвёны былі выкананы з папярочнымі насечкамі, якія імітавалі руст. Дах з двухсхільнымі заломкамі, першапачаткова быў мансардным. На фасадзе, звернутым да сажалкі, былі ўваходныя дзверы і шэсць вокнаў, таксама меўся ганак на чатырох слупах.

Янавічы. Дом конюха
Янавічы. Дом конюха

Да парку з бакоў прымыкалі свірны: каменныя (справа) і драўляныя – з процілеглага боку. Каменны свіран меў глыбокі падвал, дзе захоўваліся сыры. Драўляны свіран (21х8м) быў трохзрубны, двухпавярховы, вышынёй у дваццаць шэсць вянцоў, крыты гонтай. На фасадзе размяшчалася галерэя шырынёю адзін метр, на дзесяці слупах. На кожным паверсе было па два ўваходы.

У апошнія гады сядзіба інтэнсіўна руйнуецца пад дзеяннем прыватнай забудовы. Свіран (амбар), кароўнік і іншыя гаспадарчыя пабудовы разабраны. Дом патрабуе рамонту, засыхаюць ліпы. У баскетах парку засталіся толькі лічаныя дрэвы.

Сядзіба з'яўлялася ўзорам пераходнай эпохі, у якой выразна спалучаліся рысы барока і класіцызму

У наступным падарожжы мы застанемся ў Клецкім раёне і наведаем суседнія з Янавічамі вёскі Стралкава і Красная звязда (былыя Радзівілімонты).

Для артыкула выкарыстаны публікацыі з кніг Анатоля Федарука «Старинные усадьбы Минского края» і Анатоля Кулагіна «Праваслаўныя храмы Беларусі».

Читать также:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 1962 | Дабавіў: admin
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.