Субота, 27.04.2024, 12:05

Галоўная » 2017 » Красавік » 19 » Падарожнічаем разам: вёска Галынка
08:00
Падарожнічаем разам: вёска Галынка
Сваю чарговую паездку ў рамках праекта «Падарожнічаем разам» мы здзейснім амаль на самы поўдзень Клецкага раёна, дзе наведаем вёску Галынка.


Гісторыя гэтага населенага пункта цесным чынам звязана з нашым Ганцавіцкім раёнам. Напрыклад, у вёсцы Ясянец знаходзіцца капліца-пахавальня прадстаўнікоў шляхецкага роду Вендорфаў, а прыход мясцовай царквы Святых Пятра і Паўла раней уключаў у сябе некалькі населеных пунктаў, што цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.

Першым пунктам нашага дадзенага падарожжа стане былы сядзібна-паркавы комплекс Вендорфаў. Галынка з’яўлялася нашчадкавым валоданнем гэтага шляхецкага роду. Па жаночай лініі яна перайшла Лазінскім, якія валодалі маёнткам да 1939 года. Сядзіба была сфарміравана ў 18 стагоддзі на прыпаднятай рачной тэрасе ракі Нача ў барочных формах. Рысы барока асабліва выразна праявіліся ў планіроўцы сядзібнага парка, які па выразу вядомага польскага гісторыка культуры Рамана Афтаназы, з’яўляўся неаспрэчным капрызам аднаго з гаспадароў.

Адам Вендорф
Адам Вендорф – апошні падкаморы слуцкі

Парк быў невялікім і спланаваны ў выглядзе тэрас, якія былі пасыпаны жоўтым пяском. Дрэвы і кустарнікі былі фармованнымі. Ядлоўцы звычайныя, напрыклад, мелі выгляд высокіх пірамід. Схіл тэрасы да ракі быў спланаваны ў выглядзе некалькіх узроўняў. Узроўні перасякаліся некалькімі радыяльнымі сіметрычна размешчанымі дарожкамі. Кожны ўзровень меў сваё кветкавае афармленне і фармованыя расліны. Ніжні, найбольш аб’ёмны ўзровень атачалі шапелры (рашотка, якая служыць для апоры раслін) ліпы. З іншага (правага) боку сядзібы ў натуральным масіве быў уладкаваны складаны лабірынт, які адлюстроўваў любоў да загадак і таемстваў.

У 1802 годзе Вендорфы будавалі новы дом з лістоўніцы ў стылі класіцызма. Адпаведна фотаздымка Яна Булгака дом быў аднапавярховым, прамавугольным у плане на каменным падмурку. Галоўным фасадам ён быў павернуты на захад. Сцены дома былі гарызантальна ашалёваны, вуглы ўпрыгожаны вертыкальнымі ліштвамі ў выглядзе лапатак. Цэнтр галоўнага фасада выдзяляўся параўнальна вялікім чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэра з паўкруглым вакном на франтоне.


У пачатку 1800-х гадоў будаваліся таксама капліца (1809 год), вінакурня (1809 год), свіран-галубятня (1811 год), свіран (1812 год). Адначасова вялася рэканструкцыя старога парка. Штучныя тэрасы раўняліся, перасталі стрыгчыся дрэвы і кусты. Сярод пірамід ядлоўца былі пасаджаныя гатункі бэзу ліловай афарбоўкі і цэнтафільныя ружы. У пойме ракі былі сфарміраваны два вадаёмы. Паступова парк стаў прымаць пейзажныя рысы з матывамі рамантызму. У ім з’явіліся памятныя валуны, надпіс на адным з якіх абвяшчаў: «г. 1802. Гэты сад закладзены Станіславам і Евай Вендорфамі».


На сённяшні час парк страчаны. Прасочваюцца месцы размяшчэння сядзібнага дома, афіцыіны. На рэштках падмурка растуць маладыя бярозы і вярба. Прасочваецца тэрыторыя былога газона, па краі якога растуць адзіночныя ліпы, клён і прыгожае вялікае дрэва вяза вышынёю да 30 метраў. На былым газоне з даўніх часоў растуць адзіночныя кусты бэзу і шыпшынніку, уздоўж тэрасы атожылакі (пасынкі) таполі бальзамічнай гібрыднай. Вадаёмы даўно спушчаныя, зараслі алешынаю. Крыху ўгадваецца месцазнаходжанне тэрас рэгулярнага парка.

Вёска Галынка. Рэшткі гаспадарчых пабудоў

Па руінах падмуркаў можна яшчэ ўстанавіць размяшчэнне пабудоў сядзібы. Найбольш выразны падмурак свірна з цёсанага граніта з двумя бетоннымі ступенькамі ў падвал, які выкарыстоўваўся пад сыраварню. На адной восі з ім (бліжэй да дома) – рэшткі падмурка агароднінасховішча. Каля схіла рачной тэрасы (з боку ракі) стаяла каменная капцільня, пабудаваная ў выглядзе башні з байніцамі. Перад дарогаю праз раку на ўзвышэнні размяшчаўся спіртзавод (вінакурня), а насупраць яго, фіксуючы ўезд на парадны двор, быў пабудаваны прыёмнік спірта з двумя цыстэрнамі.

Вёска Галынка. Рэшткі гаспадарчых пабудоў
Вёска Галынка. Рэшткі гаспадарчых пабудоў

Не захавалася слядоў і ад вядомага (па літаратуры) двухпавярховага будынка, які называлі «Імбарам». Ён быў пабудаваны з лістоўніцы, верагодна, адначасова з сядзібным домам, у аддаленні ад яго, з правага боку газона (як сведчылі старажылы). Ніжні паверх выконваў функцыі склада спіртных напояў, другі – зала, дзе праводзіліся танцы пад час вялікіх прыёмаў.


З будынкаў сядзібы захаваўся своеасаблівы, васьмівугольны ў плане, невялікі цэнтрычны будынак з чырвонай цэглы на вапнавым растворы з шырокімі швамі, які быў галубятняю. Сцены квадратныя, таўшчынёю ў ніжнім ярусе 0,8 метраў, у верхнім – 0,65 метраў. Вялікія аконныя праёмы закладзены цэглаю ў шахматным парадку, што стварае маляўнічыя рады адтулін. Унутры сцены рассечаны нішамі з лучковым верхам, не паштукатураны; не захаваліся бэлечная канструкцыя і змацавальныя металічныя цягі. Дах – васьміскатны плоскі гонтавы шацёр. Выконваючы утылітарныя функцыі, будынак адначасова служыў дэкаратыўным павільёнам парка.

Вёска Галынка. Амбар-галубятня
Вёска Галынка. Амбар-галубятня

Захавалася таксама каменная каробка капліцы, якая была пабудавана ў формах класіцызма. Збудаванне ў плане квадратнае, алтаром звернутае на ўсход, вуглы апраўлены пілястрамі, сцены ўнутры дэкарыраваны нішамі, крыжовы звод паваліўся. Дах быў двухскатным, сараваны ўраганам каля 40 год таму.

Вёска Галынка. Капліца
Вёска Галынка. Капліца
Вёска Галынка. Капліца

У маёнтку правяла сваё дзяцінства Ева Фялінская, вядомая польская пісьменніца, мемуарыстка. Знаходзячыся ў далечыні ад радзімы, яна цёпла ўспамінала ўтульную Галынку.

Ева Фялінская

Далей мы рушым у бок цэнтра вёскі, дзе знаходзіцца яшчэ адзін цікавы аб’ект – памятны знак на месцы, дзе чакалі сваіх блізкіх не вярнуўшыхся з Руска-Японскай, а таксама Першай сусветнай войнаў.

Памятны зак у вёсцы Галынка
Памятны зак у вёсцы Галынка
Памятны зак у вёсцы Галынка

Трэцім і заключным аб’ектам сённяшняга падарожжа стане царква Святых Пятра і Паўла, што размяшчаецца на поўночна-заходняй ускраіне вёскі Галынка на могілках. Яна пабудавана ў 1788 г. з дрэва на сродкі памешчыка Чыжа.


У царкоўным архіве захоўваліся візітныя кнігі з 1745 года. У 1863 годзе адрамантавана на ўрадавыя сродкі (дзве тысячы рублёў). У 1909 годзе збудавана аднапавярховая драўляная царкоўнапрыходская школа. Да 1990-х гадоў была ў заняпадзе.

Вёска Галынка. Царква Святых Пятра і Паўла
Вёска Галынка. Царква Святых Пятра і Паўла
Вёска Галынка. Царква Святых Пятра і Паўла

Уяўляе сабою помнік народнага дойлідства з рысамі архітэктуры класіцызму. У сіметрычна-восевай аб'ёмнай кампазіцыі храма пануе цэнтрычны васьмігранны асноўны аб'ём, да якога па падоўжнай восі прымыкаюць рознавялікія прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда з бакавымі рызніцамі. Над асноўным аб'ёмам, што падзелены вялікім карнізам з адлівам на два ярусы, гранёны паўсферычны купал, над якім васьмігранны барабан з шатровым завяршэннем і макаўкай наверсе. Усе аб'ёмы аб'яднаны адзіным бутавым цокалем і гарызантальнай шалёўкай фасадаў. Сцены прарэзаны прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход у храм вылучаны высокім чатырохслуповым ганкам з трохвугольным франтонам.


У арганізацыі ўнутранай прасторы паўтараецца агульная ступенчатая кампазіцыя царквы. Адносна нізкія прылеглыя памяшканні пераходзяць у высокую цэнтральную гранёную залу, перакрытую паўцыркульным скляпеннем на светлавым барабане. Над уваходам хоры з балюстраднай агароджай, што пераходзяць у двух’ярусныя абходныя галерэі цэнтральнай залы. У апсідзе ў 1863 годзе ўстаноўлены новы драўляны двух’ярусны іканастас, архітэктоніка якога заснавана на чляненні канеліраванымі пілястрамі з пазалочанымі капітэлямі, што падтрымліваюць прафіляваны антаблемент. Царскія вароты рызныя, у арнаментальныя звівы ўкампанаваны медальёны з выявамі евангелістаў. Іканастас упрыгожаны жывапісам мясцовых майстроў, накладной арнаментальнай разьбой, мае шэра-белае каляровае вырашэнне з пазалотай.


Адзіны ансамбль з царквой складае брама-званіца, пастаўленая ў 1863 годзе. Яна размяшчаецца перад галоўным уваходам у царкву. Уяўляе сабой квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з шатровым верхам на нізкім васьмігранным барабане, завершаным макаўкай. Каркасная канструкцыя запоўнена драўляным брусам. Праёмы першага і другога ярусаў вырашаны ў выглядзе трапецападобных арак.

Вёска Галынка. Царква Святых Пятра і Паўла

Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што і сваю наступную паездку ў рамках праекта «Падарожнічаем разам» мы здзейснім таксама ў Клецкі раён, дзе наведаем захаваўшуюся спадчыну роду Яленскіх, прадстаўнікі якога таксама пахаваны ў капліцы ў вёсцы Ясянец.

Для артыкула выкарыстаны публікацыі з кніг Анатоля Федарука «Старинные усадьбы Минского края» і Анатоля Кулагіна «Праваслаўныя храмы Беларусі».

Читать также:
Катэгорыя: Падарожнічаем разам | Праглядаў: 2078 | Дабавіў: admin | Тэгі: вёска Галынка, Вендорфы, Клецкі раён
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [144]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 11
Гасцей: 11
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.