Чацвер, 25.04.2024, 10:28

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Мы і гісторыя: ад легенд да рэальнасці. У Ясянец — па таямніцы

Краязнаўства — адзін з накірункаў работы Нацкай сярэдняй школы, які праходзіць пад дэвізам "Разам па родным краі”. Мы з нашым класным кіраўніком В. П. Вадап’ян па-сапраўднаму захапіліся вывучэннем гісторыі куточка, дзе нарадзіліся.

Вынікамі нашай работы сталі праектная праца "Мая Ганцаўшчына”, распрацоўка завочнага турыстычнага маршрута "Гута—Лахоўшчына—Нач—Ясянец”, якая складаецца з буклетаў "Вялікі свет малой радзімы”, даследчыя працы "Шлях праз стагоддзі” і "Таямніцы Ясянца. Ад легенд і казак да рэальных гістарычных падзей”.

Дарэчы, апошняя работа стала спробай зазірнуць у гісторыю аднаго асобна ўзятага населенага пункта. Дапамаглі нам кніга "Памяць. Ганцавіцкі раён” (укладальнік К. К. Мохар”, Мінск, БЕЛТА, 1999), артыкулы Святланы Локтыш "Раскіданыя гнёзды гісторыі” ("Савецкае Палессе”, №№94-97) і Таццяны Грынкевіч "Ясенецкие тайны” ("Советская Белоруссия” ад 6 снежня 2007 года), энцыклапедыя Бракгауза і Эфрона, у якую мы зазірнулі праз Інтэрнэт.


Вёска Ясянец згадваецца ў пісьмовых крыніцах толькі з ХІХ стагодзя, але старажытныя помнікі, такія, як курганны могільнік, фамільныя склепы шляхецкіх родаў, сведчаць аб тым, што людзі жылі на гэтай тэрыторыі значна раней. Вось яны і ёсць сапраўдныя таямніцы гэтага населенага пункта, у летапіс якіх хацелася б унесці сваю лепту і нам.

Таямніца першая: старажытныя курганы.

За 1 км на поўдзень ад вёскі па абодва бакі дарогі на в. Вялікія Круговічы, у лесе выяўлена больш за сто курганоў, размешчаных групамі па 15-30 у кожнай на адлегласці адна ад адной 100-150 метраў. Курганы ў пераважнай большасці маюць круглую форму, сустракаюцца насыпы, блізкія да квадрата са зрэзанымі вугламі і кольцавымі перарывістымі раўкамі каля асновы. Вышыня асобных курганаў 1,5—2,5 метра, дыяметр 7—15 метраў. У кнізе "Памяць” даецца інфармацыя аб тым, што курганны могільнік датуецца XI-XIIІ стагоддзямі. Раскопкі праводзіліся, знаходкі захоўваюцца ў Пінскім краязнаўчым музеі. "Знойдзеныя ў ясянецкіх могільніках баявыя прылады яскрава сведчаць, што дрыгавічы, якія насялялі гэтую зямлю, былі не толькі ўмелымі рамеснікамі, але і храбрымі воінамі.” ( з кнігі "Памяць”).

У снежні мінулага года на старонках "Советской Белоруссии” з’явілася зусім іншая інфармацыя. Карэспандэнт газеты Таццяна Грынкевіч піша, што ў 1961 годзе пры даследаванні 6 ясянецкіх курганоў доктарам гістарычных навук Пятром Лысенка было знойдзена шмат керамікі, але ўстанавіць племянную прыналежнасць пахаваных у курганах людзей не ўдалося. Да цяперашняга часу вучоныя спрачаюцца, чые гэта пахаванні: дрыгавічаў, драўлян ці бужан? Не падобныя ясянецкія курганы на іншыя палескія. Аўтар артыкула скептычна ставіцца да расказаў мясцовых жыхароў аб тым, што не славяне пахаваны ў курганах, а шведы. Але ж мы ведаем, што не ўсе курганы яшчэ даследаваны, а легенда пра шведаў жыве ў народзе вельмі даўно.

Расказваюць аб тым, што на месцы Ясянца быў вялікі населены пункт, у якім працавала суконная фабрыка. Але аднойчы ўзброены атрад ворагаў (шведы гэта былі ці хто іншы?) заблудзіўся ў мясцовых лясах і напаў на паселішча. Завязалася бітва, у час якой загінула многа людзей. Можна меркаваць, што курганы таму і маюць розную форму, і не падобныя на іншыя палескія, што там пахаваны і мірныя жыхары, і ворагі, якіх, як мы ведаем з гісторыі, хапала на тэрыторыі Беларусі ва ўсе часы.

Пэўна, з гэтымі падзеямі звязана яшчэ адна легенда, якую ўспамінаюць жыхары вёскі Нач, калі ідуць у лес па ягады ці грыбы. Каля лесу, які цягнецца ў бок Ясянца, ёсць нізіннае месца — там раней было невялікае балота, у якое, па расказах старажылаў, праваліўся рыцар з канём і патануў, бо абмундзіраванне на ім было вельмі цяжкім. Магчыма, ён быў з атрада, які выпадкова трапіў у Ясянец.

Кажуць, тады суконная фабрыка была разграблена і спалена, а жыхары, хаваючыся ад ворагаў, паўшлі ў глыб лясоў, сталі сяліцца на хутарах, заснавалі вёскі Нач і Гута. З далёкіх часоў засталіся назвы хутароў Валокі, Галішчына, Ля Судніка. Захаваліся фотаздымкі хутара Галішчына прыкладна пачатку ХІХ стагоддзя і яго жыхароў, сям’і Галіцкіх. Калі судзіць па адзенню і па тым, што на фотаздымку маладая сям’я з прыслугай, можна дапусціць, што людзі на хутары жылі не бедна.

Як нам расказала былая настаўніца гісторы Ядвіга Адольфаўна Навіцкая, у час будаўнічых работ у вёсцы Ясянец выкопваліся астанкі мураваных пабудоў. Аляксандр Аляксандравіч Карпіевіч, дзед якога вучыўся ў польскай школе, паведаміў, што былым яе вучням пры вывучэнні гісторыі расказвалі пра ясянецкую фабрыку і нападзенне салдат. Доказаў рэальнага існавання пералічаных вышэй легенд, на жаль, не шмат, але яны даюць магчымасць верыць у гэта.

Таямніца другая: каталіцкія могілкі

Калі пачалі рабіць захараненні на ясянецкіх могілках, адказаць ніхто не можа. Звернемся да запісаў, зробленых Я. А. Навіцкай 20-25 гадоў назад пасля гутаркі са старажыламі: "Некалі могілкі займалі значна большую тэрыторыю. Пры правядзенні сельгасработ выкопваліся каменныя помнікі, датаваныя ХV стагоддзем.” Так што можна дапусціць, што ўвесь гэты час, пачынаючы з ХІ — ХІІІ стагоддзяў, у Ясянцы жылі людзі.

Чаму ж у Ясянцы размясціліся фамільныя склепы знатных шляхецкіх родаў Вендорфаў і Яленскіх, якія, па словах мясцовых жыхароў, ніколі тут не жылі? Гэтае пытанне мы задавалі многім людзям, у тым ліку і гісторыкам. Думкі былі розныя. Найбольш нам спадабалася версія, згодна якой у гэтых мясцінах жыў нейкі далёкі продак аднаго са шляхецкіх родаў.

Мы звярнуліся да Інтэрнэта і даведаліся, што Вендорфы – дваранскі род, узыходзячы да ХVІІ стагоддзя і запісаны ў VІ частку радаслоўнай кнігі Віленскай і Мінскай губерній. Яленскія – літоўскі дваранскі род герба Корчак. Продак іх, Станіслаў, быў цівуном камянецкім у 1514 годзе. Род Яленскіх падзяляецца на чатыры галіны, унесеныя ў І і ІV радаслоўныя кнігі Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Мінскай і Смаленскай губерній. Калі прыняць да ўвагі той факт, што Яленскія – літоўскі дваранскі род, а з ХІІІ стагоддзя, якім датуюцца ясянецкія курганы, пасяленне на гэтай тэрыторыі існавала, то можна дапусціць, што далёкі продак роду Яленскіх жыў у Ясянцы ў часы Вялікага Княства Літоўскага.

Згодна літаратурных звестак, род Яленскіх больш старажытны. Магчыма, род Вендорфаў — гэта адно з адгалінаванняў больш старажытнага роду Яленскіх. Да гэтай думкі мы прыйшлі, разглядваючы фамільныя гербы. На гербе Вендорфаў ёсць такія ж элементы, як і на гербе Яленскіх. Па расказах старажылаў, менавіта Яленскім належалі ясянецкія могілкі, гэта яны давалі дазвол на захараненне. Могілкі былі абнесены высокай сцяной, ля варот дзяжурылі вартаўнікі, якім Яленскі плаціў за гэта. Склепы зачыняліся на вельмі складаныя замкі

Амаль да паловы ХХ стагоддзя на могілках дазвалялася хаваць толькі тых асоб, якія мелі шляхецкія карані. Гэта можна пацвердзіць на прыкладзе пахаванага ў Ясянцы Дамініка Вадап’яна, які быў назначаны князям Радзівілам наглядальнікам за землямі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і жыў у вёсцы Нач. Жонка Дамініка не была пахавана каля мужа. Чаму была парушана даўняя славянская традыцыя хаваць разам мужа і жонку? Хутчэй за ўсё, жонка Дамініка не мела шляхецкіх каранёў, якія і былі пропускам для пахавання на ясянецкіх могілках людзям не толькі многіх населеных пунктаў Беларусі, але і Польшчы. Старажылы вёскі Ясянец успомнілі, што адзін з прадстаўнікоў роду Вендорфаў, пахаваных у Ясянцы, быў ваенным, жыў у Варшаве, а ў Інтэрнэце мы знайшлі інфармацыю аб тым, што у вёсцы Галынка Клецкага раёна знаходзілася памесце Вендорфаў.

Доўгі час Ясянец быў уласнасцю памешчыкаў Абуховічаў. І ўвогуле, у гэтах месцах жыло шмат паноў — як ні ў адным іншым кутку раёна.

Легенды і казкі існуюць у кожнай мясцовасці. Але ў вёсцы Ясянец разам з гэтымі легендамі існуюць іх рэальныя маўклівыя сведкі. Варта толькі зацікавіцца імі, звярнуцца да літаратуры, суаднесці некаторыя падзеі — і яны адкрываюць свае таямніцы.

На жаль, сёння ясянецкія капліцы знаходзяцца ў паўразбураным стане, а курганы час ад часу падвяргаюцца нашэсцю "чорных капацеляў”. Што прымушае людзей не зберагаць і аднаўляць, а — разбураць? Варта задумацца над тым, што калі мы не зменім свае адносіны да гэтых помнікаў, то нашы нашчадкі не ўбачаць нават "раскіданых гнёздаў гісторыі”, як назвала ясянецкія капліцы карэспандэнт газеты "Савецкае Палессе” Святлана Локтыш.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (16.07.2008) | Аўтар: Вучні Нацкай CШ - Савецкае Палессе
Праглядаў: 4376 | Тэгі: Начская СШ, Еленские, Вендорфы, Ясенец, газета Савецкае Палессе, Обуховичи | Рэйтынг: 3.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.