Пятніца, 26.04.2024, 22:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Задуб’е – вёска мая старадаўняя
Усім настаўнікам жыцця,
з удзячнасцю за ўрокі.

Аўтар.

Гэтае даследаванне з’яўляецца спробай зазірнуць у гісторыю невялікага населенага пункта Ганцаўшчыны – вёскі Задуб’е. Ён – вынік карпатлівай і напружанай працы людзей нераўнадушных да мінулага і цяперашняга дня сваёй малой радзімы. У ім выкарыстаны архіўныя дакументы, навуковыя даследаванні, кніжныя і газетныя публікацыі, вытрымкі з мемуараў, мастацка-дакументальных выданняў, успаміны ўдзельнікаў гістарычных падзей, старажылаў вёскі, фотаздымкі.

Зразумела, адлюстраваць усё, што сабрана, на старонках газеты немагчыма. Маецца мноства яшчэ неапрацаванага матэрыялу. Дзякуючы менавіта раённай кнізе "Памяць”, краязнаўчая і пошукавая работа ў нашай школе атрымала новы імпульс. Работа працягваецца, і гэтае даследаванне будзе дапаўняцца па меры апрацоўкі атрыманых звестак. Магчыма, дзякуючы менавіта гэтаму матэрыялу, з’явяцца новыя старонкі гісторыі нашага рэгіёна і кніга "Памяць. Ганцавіцкі раён”, як і прагназавалася, атрымае працяг.


Выпіска з энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі»


Задуб’е – вёска ў складзе Малькавіцкага сельскага Савета, за 34 км. на поўдзень ад раённага цэнтра Ганцавічы, за 10 км. ад чыгуначнай станцыі Малькавічы (на лініі Лунінец – Баранавічы). 174 двары, 386 жыхароў (2005). У 19 –пачатку 20 стагоддзя вёска Дабраслаўскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1909 годзе у Задуб’і налічвалася 58 двароў, 333 жыхары. З 1921 года – у складзе Польшчы, вёска і фальварак Дабраслаўскай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, разам у вёсцы і фальварку 85 дамоў, 479 жыхароў. З 1939 года ў складзе БССР, з 15.01. 1940 года ў Ганцавіцкім раёне Пінскай вобласці. У 1940 годзе вёска, 166 двароў, 492 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. да 08.07.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінулі ці прапалі без вестак 27 жыхароў вёскі. У снежні 1943 года гітлераўцы амаль поўнасцю спалілі Задуб’е, знішчыўшы 149 двароў і загубіўшы 48 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена, ахвяры фашызму ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь. З 08.01.1954 г. у складзе Брэсцкай вобласці, з 25.12.1962 г. да 30.07.1966 г. - Лунінецкага раёна.

У вёсцы дзейнічаюць клуб, магазін, бібліятэка, базавая школа, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт. У цэнтры Задуб’я каля будынка клуба ў 1967г. пастаўлены абеліск на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, ці былі закатаваны акупантамі. Планіровачна складаецца з паўднёва-захаду на ўсход (крыху выгнутай у сярэдзіне на поўнач) вуліцы, якую перасякаюць 2 дугападобныя (выгнутыя да цэнтра вёскі) вуліцы, да якіх прымыкае шэраг завулкаў і адасобленых участкаў забудовы.

Ад вытокаў

Сярод мясцовага насельніцтва бытуе легенда аб тым, што назва вёскі паходзіць з глыбіні вякоў. Гавораць, што калісьці гэты край быў багаты прыгажунамі-дубамі. Магутныя дрэвы раслі паўсюдна, асабліва шмат іх было ва ўрочышчах Глінішча і Раманава. Такое хараство існавала да 1914 года, пакуль паблізу паселішча не праклалі вузкакалейку для вывазу будаўнічага лесу. З таго часу дубовыя гаі пачалі пакрысе знікаць, а потым іх амаль зусім не стала. Засталіся толькі адзіночныя дрэвы. Месца ж, дзе стаялі хаты вяскоўцаў, так і называлі – "за дубамі”. Мажліва, адсюль і пайшла назва вёскі - Задуб’е.

У той перыяд Ганцаўшчына, а калі больш дакладна, тэрыторыя, якую яна займае сёння, была малаабжытай. Аднак ужо з канца XV – пачатку XVI ст. да нас пачалі даходзіць звесткі аб даволі вялікіх паселішчах на гэтай зямлі.

Удзельнікі пошукавага атрада Задубенскай базавай школы ўстанавілі, што ў 1559 годзе в.Бобрык (а в.Задуб’е на працягу многіх гадоў непарыўна звязана менавіта з Бобрыкам; гл. Статыстычнае апісанне Мінскага інвентарнага Камітэта па журналу за №952, якое было складзена ў 1844 годзе. [Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф.142. Вопыт 1. Справа 1239.]) у Пінскім старастве ВКЛ, на рацэ Бобрык, асабістаць "пана ваяводы Троцкага”. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. З 1796 года ў Пінскім павеце Мінскай губерні.

Тое, што ў 1797 годзе ў архіўных дакументах Задуб’е разам з вёскамі Чамля і Бобрык згадваюцца як населеныя пункты у складзе маёнтка Бобрык дае падставу сцвярджаць, што наша паселішча было заснавана як мінімум сто гадоў назад да гэтага згадвання.

Аб чым жа сведчаць дакументы?


Выпіска са Статыстычнага апісання Мінскага інвентарнага Камітэта
№952 1844 г.

Маёнтак Бобрык, у склад якога ўваходзяць вёскі Бобрык, Задуб’е і Чамля, у 1797 годзе падараваны за ваенныя заслугі Паўлам I -ым пану Майеру Бунацэна Нагелю, які пасля перайшоў да сястры Майера Бунацэна Капіталіне Нагель на правах саўладальніцы з дзецьмі Міхаілам і Восіпам Нагель.

Праз гэты маёнтак пракладзена Сталбавая дарога з г.Мінска да г.Пінска. Маёнтак знаходзіцца на адлегласці ад губернскага горада Мінска 172 вярсты, а ад павятовага Пінска ў 50 вярстах. Паблізу знаходзіцца перпендыкулярнае мястэчка Пагост князя Карла Друцкага-Любецкага.

Агульная колькасць маёнтка Бобрык складала 45 двароў. Па апошняму 8-му перапісу колькасць рэвізскіх душ мужчынскага полу склала 158 чалавек, у тым ліку ў в.Задуб’е 14 двароў, 42 рэвізскія душы мужчынскага полу; у в.Чамля 10 двароў, 29 рэвізскіх душ мужчынскага полу; у в.Бобрык 21 двор, 87 рэвізскіх душ мужчынскага полу. Маёнтак налічваў 1600 валок зямлі. Кожны сялянскі двор меў 15 дзесяцін ворнай зямлі.

Вось як, згодна "Выпісцы”, выглядаў пайменны спіс сялян вёскі Задуб’е. Вось як выглядаў пайменны спіс сялян в.Задуб’е на 1844 год.

1. Іван Малышка
Жонка его Дар’я
Сыны: Ануфрый, Пётр
Дочкі: Яўлампія, Ганна
Маці Івана Парсія

2. Міхаіл Маляўка
Жонка его Ефрасіння
Пляменніцы: Ліза (магчыма, якое-небудзь другое, падобнае ў напісанні, імя; заўв. аўтара) і Ульяна Страхуновы
Свацця Куліна і яе дочкі Параскоўя і Ганна

3. Якаў Малышка
Жонка яго Марыя
Свацця Міхаліна
Маці яго Агаф’я
Сястра Параскоўя
Дочкі Параскоўя, Домна

4. Фёдар Маляўка
Жонка яго Домна
Брат яго Дзяніс

5. Якаў Маляўка
Жонка яго Мар’я
Сын Іван
Зяць яго Трахім Маляўка
Жонка яго Наталля
Дочкі Трахіма: Таццяна, Наталля

6. Іван Маляўка
Жонка яго Мар’я
Сын Ігнат
Дачка Домна
Зяць Якім Маляўка
Жонка Якіма Агаф’я

7. Сцяпан Маляўка
Сын яго Яўхім
Жонка Яўхіма Параскоўя
Сястра Яўхіма Пелагея

8. Мікіта Маляўка
Жонка яго Акуліна
Сын Прохар
Дачка Арына

9. Міхаіл Валасюк
Жонка яго Агап’я
Сыны: Мікіта, Пётр, Якім, Мікалай
Жонка Мікіты Параскоўя
Сын яго Андрэй
Жонка Пятра Наталля

10. Сцяпан Сідарэвіч
Жонка яго Матруна
Брат Сцяпана Севасцян
Жонка яго Маруся
Дочкі Сцяпана: Улляна, Марвіна, Прося

11. Рыгор Сідарэвіч
Жонка яго Мар’я
Сыны: Восіп, Мікіта, Дзяніс, Васіль, Філіп, Арцём
Дочкі: Домна, Кацярына

12. Якаў Малышка
Жонка яго Аўдоцця
Дачка яго Арына
Сын Аўдоцці Іван

13. Мікіта Маляўка
Жонка яго Матруна
Сыны: Іван, Сямён, Цімох

14. Анатоль Валасюк
Жонка яго Аўдоцця
Сыны: Захар, Яўхім
Дачка Ганна
Брат Анатоля Сцяпан
Жонка Сцяпана Кацярына
Маці яго Наталля


[Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 142. Вопыт1.Справа 1239.]

Як бачна з "Выпіскі” на той час у Задуб’і самымі распаўсюджанымі былі чатыры прозвішчы – Малышка, Маляўка, Валасюк і Сідарэвіч.

Задубенцы, як і сяляне іншых вёсак, вялі замкнуты вобраз жыцця. Занятыя клопатам аб гаспадарцы, далей свайго паселішча нідзе не бывалі. Асобныя з іх аддалялася ад роднай вёскі не больш чым на 40-50 вёрст. Жанчыны наогул нікуды не выязджалі ўсё жыццё.

Разам з вёскамі Пласкінь, Церабень, Бобрык, Чамля і Канатоп Задуб’е ўваходзіла ў склад Мала-Плотніцкага царкоўнага прыходу.

У "Спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні” за 1870 год указана, што валодае маёнткам Бартноўскі Адам Францавіч, дваранін, рымска-каталіцкага веравызнання.

На 1876 год уладальнікамі маёнтка Бобрык, а таксама в.Забярэззе Дабраслаўскай воласці з’яўляюцца той жа Бартноўскі Адам Францавіч, але ўжо на правах саўладання з Бартноўскай Паулінай Іванавай, дваранкай, рымска-каталіцкага веравызнання. Колькасць займаемай зямлі складае 6 670 дзесяцін. Права ўладання па купчай. Маюць карчму і гадавы даход з яе 70 рублёў.

На 1889 год Бартноўская Пауліна Іванава становіцца адзінай уладальніцай маёнтка Бобрык з 6 261 дзесяцінамі зямлі, а таксама фальварка Забярэззе са 175 дзесяцінамі зямлі.

У "Спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні” 1911года ўказаны Налье Фрыдрых Густававіч. Колькасць дзесяцін, абложаных земскім зборам, складае лічбу 553. Месцазнаходжанне маёмасці – Бобрык-Задуб’е Дабраслаўскай воласці.

Далей в.Задуб’е па чарзе пераходзіць да землеўладальніка Зелеванскага. Пасля яго – на аднолькавых правах – Грабоўскаму, род якога зацверджаны ў дваранстве ў 1858 годзе, і Канапліцкаму, зацверджанаму ў дваранстве ў 1871 годзе.

Па словах мясцовых старажылаў Грабоўскага і Канапліцкага звязвала сваяцтва. Тыя ж самыя старажылы сцвярджаюць, што з часам Грабоўскі перакупіў у Канапліцкага частку яго зямель і стаў паўнапраўным уладальнікам в.Задуб’е.

Земляробства было галоўнай крыніцай існавання мясцовых жыхароў, хаця землі ў сельскагаспадарчых адносінах тут былі малаўрадлівымі.

Лён і канолі, хоць і раслі паўсюдна, але служылі выключна для задавальнення мясцовых патрэб. Для апрацоўкі зямлі выкарыстоўваліся так званыя "літоўскія сохі і бораны”, а іншых, больш дасканалых прылад, было мала.

Некаторыя сяляне займаліся вінакурствам, якое мела чыста гаспадарчы характар, таму што галоўная мэта яго заключалася ў здабыванні барды, неабходнай для кармлення жывёлы ў панскім маёнтку.

Мясцовае насельніцтва, займаючыся земляробствам, у свабодны ад палявых работ час адпраўлялася "на промысел”: на сплаў лесу рацэ Бобрык.

З 1887 года пачалася высечка сасновага і дубовага лесу, затым хваёвага, бярозавага і іншых парод – ліпы, граба, клёна, ясеня. У той час у мясцовага насельніцтва папулярнай была мода на пляценне каробак, так званых "вярэнькаў” з бярозавай кары; кошыкаў, каробачак, капелюшоў з тонкіх каранёў, лапцей з лыка, саламяных капелюшоў, - што складала занятак большай часткі людзей сталага ўзросту выключна для асабістых патрэб.

Маладое і здаровае насельніцтва мужчынскага полу наймалася да яўрэяў-арандатараў панскіх азёр на рыбную лоўлю сеткамі, з аплатай ад 30 да 45 рублей за сезон.

Распаўсюджаным заняткам было развядзенне дзікіх пчол. Вуллі ўяўлялі сабою тоўстыя калоды, унутры якіх было выдзяўблена месца для пчол. Гэтыя калоды ставілі на высокіх, пажадана сасновых або дубовых без сукоў дрэвах, да якіх прыраблялі спецыяльныя падмосткі, па мясцоваму "одры”. Лесвіцай служыла сукаватае бервяно, прыстаўляемае да одра. Одры ахоўвалі пчол ад мядзведзяў, якія не маглі іх скінуць, трымаючагася на значнай вышыні абедьвума лапамі за ствол гладкага, без сукоў дрэва.

Здабыты сялянамі мёд быў нізкай якасці, а так званы белы мёд ці па мясцоваму "ліпець” сустракаўся рэдка і вельмі цаніўся. Яго прадавалі яўрэям па цане ад 4 да 6 рублёў за пуд, а за пуд воску прасілі ад 18 да 22 рублёў.

Задуб’е было размешчана на невялікім пясчаным пагорку сярод непралазных балот і быў пакрыты слоем наноснай глебы. Мясцовасць наўкола была амаль неабжытай. Адзіны паштовы тракт Пінск-Мінск, які звязваў жыхароў гэтага краю з цывілізацыяй, праходзіў праз сяло Хатынічы. Ды і то праезд па ім быў магчымы толькі спякотным летам ці марознай зімой.. Другіх шляхоў зносін паблізу не было наогул, пакуль у 1884 годзе праз суседнія Малькавічы не праклалі чыгунку.

Цяжка і гаротна жылося мясцоваму люду. Адзінай узнагародай за ўсе беды яму былі неабсяжныя лугі, якія давалі выдатнае сена, ды так многа, што за кароткае лета задубенцы не паспявалі скасіць нават трэцяй часткі іх. Вялікія запасы дазвалялі вяскоўцам утрымліваць шматлікую хатнюю жывёлу, а гноем з-пад яе шчодра аздабляць свае палі і ніўкі, якія аддзячвалі іх неблагім ураджаем. І па сённяшні дзень лепшым гаспадаром у Задуб’і лічыцца той, у каго на падворку больш стажкоў. Чым болей іх, тым багацейшы гаспадар.

Гісторыя роднага краю – багацейшы выток эмацыянальнага выхавання, пазнання гістарычных і геаграфічных з’яў, аснова для вывучэння гістарычнай спадчыны. Вось чаму вельмі важна аднавіць яе, сабраць у адно цэлае і захаваць для нашчадкаў. У гэтым цвёрда перакананы і самі жыхары Задуб’я. Таму для нас вельмі важны кожны ўспамін старажылаў пра мінуўшчыну.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (27.08.2008) | Аўтар: Святлана НАВІЦКАЯ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 3816 | Тэгі: Святлана Навіцкая, Задуб'е, газета Савецкае Палессе | Рэйтынг: 3.5/4
Меню
Системы водоподготовки купить во владимире filter-ochistki.ru.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Системы водоподготовки купить во владимире filter-ochistki.ru.
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Системы водоподготовки купить во владимире filter-ochistki.ru.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.