Пятніца, 26.04.2024, 18:52

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Востраў Айчыны
Паміж Бобрыкам і Ланню. Ганцаўшчына літаратурная:
паэзія, проза, публіцыстыка.
Уклад В.Гардзея, К.Мохара.
Мінск: Мастацкая літаратура, 2007.


null«...Хацелася б згадаць пра сваё сяброўства з таленавітым пісьменнікам-публіцыстам Васілём Фёдаравічам Праскуравым, чыё імя і незабыўны воблік мне блізкія не толькі як аднаму з былых кіраўнікоў Ганцавіцкага раёна. Праскурава я ведаў змалку і называў яго дзядзькам Васілём, укладваючы ў звычайны зваротак сваю прыхільнасць і глыбокую павагу. Некалькі апошніх гадоў мы жылі па-суседску: нашыя хаты стаялі насупраць праз вуліцу. Дапазна ў ягоным акне гарэла святло: пісьменнік працаваў не шкадуючы сябе. Але нават вечарамі і начамі яму не заўсёды ўдавалася пабыць на адзіноце. Ён меў вельмі багата сяброў, многія прыходзілі і прыязджалі да яго параіцца, папрасіць дапамогі. Хата з зялёнай верандай нязменна прывячала так, што сярод удзячных гасцей бытаваў устойлівы выраз: "Шчодры, як Праскураў". Ды не толькі хата, у сваім рэдактарскім кабінеце Васіль Фёдаравіч не проста прымаў наведвальнікаў, а і частаваў адмысловым чаем, балазе палескія лясы зрабілі яго гурманам. Ля напаленай грубкі, як і ля вогнішча з лесарубамі, леснікамі, паляўнічымі, гаворка станавілася нязмушанай, шчырай. Паляванне як нагоду сустрэцца з сябрамі, прыгледзецца да новых людзей, паслухаць іх. А то і ў дарозе нярэдка запыняўся, пра штосьці распытваў знаёмага ці незнаёмага, але цікавага чалавека. ...Ці ёсць такая вёска на Ганцаўшчыне, пра якую не напісаў або якую не згадаў у мастацкіх творах Васіль Праскураў: Агарэвічы і Макава, Люсіна і Чудзін, Круговічы і Дзяніскавічы, Мельнікі і Лактышы... Не толькі сённяшні дзень, але і мінуўшчыну кожнай з іх ён добра ведаў...»

Словы гэтыя належаць міністру інфармацыі Уладзіміру Васільевічу Русакевічу, для якога Ганцаўшчына -- родная і мілая старонка. Расказвае кіраўнік пра Васіля Праскурава, які многія гады знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага, культурнага, асветніцкага, увогуле грамадскага жыцця ў адным з маляўнічых рэгіёнаў Палесся. У прадмове да ўнікальнай анталогіі твораў літаратараў Ганцаўшчыны, пісьменнікаў, якія спрычыніліся да гэтай старонкі -- і творчасцю, і лёсамі сваімі. Праскураў працаваў рэдактарам «раёнкі» ў 1966-1987 гадах. І дагэтуль меў журналісцкі, літаратурны досвед. Напісаў многія кнігі публіцыстыкі. Услухайцеся ў іх назвы: «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы», «Чорны хлеб», «Наўсцяж вясковай вуліцы»...

Можна многа і да бясконцасці расказваць пра майстэрства Праскурава пісаць пра вясковае жыццё, пра простых людзей, пра Працаўнікоў з вялікай літары. Не толькі на Ганцаўшчыне, але і па ўсёй Берасцейшчыне імя сапраўднага творцы вядомае і зараз, праз гады. Але памятаць пра рэдактара газеты «Савецкае Палессе» варта яшчэ і таму, што пры Васілі Праскураве ў «раёнцы» была выпеставаная, сфармаваная цэлая літаратурная кагорта -- паэт і журналіст Мікола Антаноўскі, празаік і публіцыст Кастусь Мохар. Гэта – з тых, хто быў у «праскураўскім штаце». Але ж кагорта шмат шырэйшая, у ёй -- настаўнікі, бібліятэкары, землякі розных прафесій.Тыя, каму ганцавіцкая газета, асабіста Васіль Фёдаравіч, выдавалі літаратурную пуцёўку. А гэта і Уладзімір Марук, і Алесь Каско, і Мікола Купрэеў... Прыклад Праскурава, ганцавіцкай раённай газеты як крынічнага творчага асяроддзя па-свойму унікальны. У глыбінным палескім раёне выспела школа, сфармавалася творчая прастора, што цяпер ужо не можа спыніць сваё гарэнне.

Што вылучае кнігу сярод падобных рэгіянальных літаратурна-мастацкіх анталогій? Акрамя таго, што прадстаўлены вядомыя ўсёй Беларусі майстры прыгожага пісьменства. Па-першае, анталогія адметная высокаю культурай укладання. Падабраныя В.Гардзеем і К.Мохарам творы са спадчыны вялікіх пісьменнікаў і з зробленага ў літаратуры мясцовымі паэтамі, якія маюць па адной-дзве кнігі, вылучаюцца сапраўднай мастацкасцю, па-другое, у дадатак да бібліяграфічнага знаёмства са многімі пісьменнікамі публікацыям мастацкіх твораў папярэднічаюць нарысы Віктара Гардзея.

Віктар Гардзей здолеў задаць асаблівую інтанацыю ў размове пра пісьменнікаў-землякоў. Як адзін з яркіх прыкладаў -- лаканічны і неабцяжараны шматслоўем нарыс пра легенду беларускай літаратуры апошняй чвэрці ХХ стагоддзя Міколу Купрэева -- «Вершы, напісаныя ў белых бярэзніках». Чытачу, які шчыра і нязмушана, не звяртаючы ўвагі на якія б там ні было грамадскія, сацыяльныя акалічнасці і тэндэнцыі ў стасунках з літаратурай, цікавіцца беларускім прыгожым пісьменствам, наўрад ці трэба расказваць пра аўтара кніг вершаў «Непазбежнасць», «Правінцыйныя фантазіі», а таксама «Панскай элегіі» і іншых аповесцяў.

Яшчэ прыйдзе той час, калі велічыня Міколы Купрэева (мо нават найперш з-за яго прозы) будзе ўсвядомлена ўсімі, хто толькі будзе чытаць па-беларуску.

Выпісаныя В.Гардзеем пісьменніцкія біяграфіі не маглі б нарадзіцца, калі б літаратар не пражыў значную частку сваіх гадоў поруч са сваімі героямі, калі б не хадзіў аднымі з імі сцежкамі. І пра Коласа, і пра Сержпутоўскага адзін з укладальнікаў напісаў так адухоўлена, што іх бытаванне, іх творчасць у звязку з Ганцаўшчынай падаюцца надзвычай важнымі, калі не асноўнымі фрагментамі жыцця народнага песняра і фалькларыста.

Літаральна дзве невялікія заўвагі да ганцавіцкай літаратурна-мастацкай анталогіі. У час Першай сусветнай вайны служыў франтавым медыкам у Беларусі Канстанцін Паўстоўскі. У прыватнасці, пісаў з Ганцавічаў у жніўні 1915 года: «...Пішу цяпер у хаце. Равуць дзеці, плачуць жанчыны, баяцца набліжэння "герман", за акном тысячныя абозы бежанцаў, -- скрозь вогнішчы і вогнішчы, гразь, смурод, дажджы, сыры вецер з навакольных балотаў...» Можна было б уключыць у кнігу «Паміж Бобрыкам і Ланню» невялікі ўрывак з «Аповесці пра жыццё» Канстанціна Паустоўскага. Магчыма, з адпаведным літаратурна-краязнаўчым ці гісторыка-літаратурным каментарыем. І яшчэ. У час свайго падарожжа ў 1810 годзе апісаў сялянскае жыццё ў ганцавіцкай вёсцы Любашава рускі ваенны пісьменнік Уладзімір Бранеўскі. Пазней гэта апісанне ўвайшло ў кнігу «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга» (1828): «Цесная хаціна без падлогі, сцены і столь у ёй былі пакрыты сажаю нібы ў коміне. Умяшчала яна шматлікую сям'ю разам са свойскай жывёлай...» Між іншым, Уладзімір Багданавіч Бранеўскі (1782, па іншых звестках -- 1784, 1786-1835) -- мемуарыст, краязнаўца, генерал-маёр расійскай арміі. У «Падарожжы...» -- вандроўныя запіскі пра Аўстрыю, Венгрыю, Польшчу, Беларусь, змяшчаецца нямала унікальных звестак пра культуру, этнаграфію і фальклор паўднёвых і заходніх славян пачатку XIX стагоддзя. Першая частка кнігі пад назвай «Падарожжа па Венгрыі» выдадзена ў 1940-я гады ў Будапешце.

Але гэтыя заўвагі -- драбнічка, якая не можа засланіць высокі ўзровень ганцавіцкай літаратурна-мастацкай анталогіі. Як раней, дарэчы, біяграфія краіны выкладалася праз гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў «Памяць», так зараз праз серыю «Беларусь літаратурная», ствараецца яшчэ адзін летапіс Айчыны -- літаратурна-мастацкі. І кніга «Паміж Бобрыкам і Ланню» заняла ў ёй належнае месца.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (23.10.2008) | Аўтар: Алесь КАРЛЮКЕВІЧ-Краязнаўчая газета
Праглядаў: 3606 | Тэгі: Алесь Карлюкевіч, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 3.7/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.