Пятніца, 29.03.2024, 02:09

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Праўда і крыўда памяці: дзве трагедыі адной вёскі
Дакладных, праўдзівых і поўных звестак пра абедзве трагедыі, перажытыя маімі аднавяскоўцамі ад фашысцкіх карнікаў і паліцаяў улетку 1941 года і ад савецкіх партызанаў увосень 1942-га, няма ні ў энцыклапедычных даведніках, ні ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Ганцавіцкі раён». Пра мірных жыхароў, закатаваных здраднікамі і акупантамі роўна праз месяц пасля пачатку вайны, чытаю як пра герояў, што «загінулі ў барацьбе з фашызмам». Пра знішчэнне вёскі партызанскім агнём і гібель людзей ад партызанскіх куляў напісана з яшчэ большым змяшчэннем акцэнтаў: «...нямецка-фашысцкія захопнікі часткова спалілі вёску». Гэтак у БелСЭ, выдадзенай больш чым трыццаць гадоў назад. Новая ж Беларуская энцыклапедыя, ужо без азначэння «савецкая», апошні том якой выйшаў летась, абодва факты, няхай і скрыўленыя, замоўчвае наогул, затое, як і хроніка «Памяць», усяляк услаўляе Чудзінскі бой... I толькі памяць старэйшых жыхароў, чые балючыя ўспаміны я збіраў не адзін год, дазваляюць мне зняць ідэалагічны полаг з дзвюх праўдзівых трагедый вёскі Чудзін.


Чудзін. Брацкая магіла на старых закрытых могілках.

Трагедыя першая: 1941 год, 22 ліпеня

Дарога смутку за новымі чудзінскімі могліцамі, адкрытымі на палявым узгорку, вядзе ў больш далёкую мінуўшчыну — у лес, за балота, дзе адгаліноўвае шырокую прасеку з Курганом памяці ў канцы. Тут — галгофа першых ахвяраў вайны. Зрэшты, галгофа пачалася яшчэ перад лесам, на раздарожжы, дзе паліцаі і нямецкія вайскоўцы зрабілі апошнюю «паверку» абезнадзееных нявольнікаў, а потым загадалі піхаць грузавік вярсты дзве па грузкіх пясчаных каляінах. Што ж, так было заўсёды: асуджаны на смерць свой пакутніцкі крыж нёс сам. I сам, як у гэтым выпадку, капаў яму для сябе. Над ямаю, часоваю магілаю закатаваных, з гадамі і паўстаў Курган памяці.

Цяпер ён зусім прыземісты, заімшэлы, а я памятаю, калі і як насыпаўся: у 1965-м вялікай і згуртаванай талакою, у падобных да якой мне больш не даводзілася ўдзельнічаць. Камуністычныя і камсамольскія суботнікі — ні ў якое параўнанне! Гэта была праца руплівага мурашніка; нават дашкольнік цягнуўся кінуць хоць жменю пяску.

Я, тады сямікласнік, працаваў поруч з бацькам, адным з былых партызанаў і франтавікоў, што ўзялі на сябе ролю брыгадзіраў і прарабаў. Шчыраваў ён па-асабліваму — з суровай зацятасцю, з непрытворнай тугою. Мне толькі ўяўлялася, а ён, мусіць, зноў яскрава бачыў знявечанае цела свайго бацькі, майго дзеда. Ці не пагэтаму я не асмеліўся спытацца ў яго, хоць і карцела: а чаму ж так позна, ажно праз дваццаць пяць з лішкам гадоў, ушаноўваем памяць?..

...Цёплым надвячоркам 22 ліпеня людзі вярталіся хто з поля, хто з сенажаці. Натомленыя, наспех вячэралі, клаліся спаць. Трывогі не было, балазе мала хто ведаў, што кроў ужо пралілася: мінулай ноччу, употайкі, паліцаі паквіталіся з аднавяскоўцамі Рыгорам Зажэкам і Цімахом Хандрыкам. Таксама мала хто паверыў чуткам, нібыта солтысам (старастам) складзены нейкі чорны спіс. Нават тады, калі ў хаты пачалі ўрывацца ўзброеныя вінтоўкамі паліцаі, трывога выбухнула не адразу. Як на пільную працу, выпраўляла свайго мужа мая бабуля Ганна: падказала, дзе стаіць рыдлёўка, дагнала ў двары, каб падаць шапку. I толькі каля грузавіка, у якім сядзелі з кулямётамі немцы і каля якога выслужліва замахалі прыкладамі паліцаі, людзі напраўду спалохаліся, пачалі прасіцца.

Не магу тут абысці адзін высакародны і мужны ўчынак. У хату да васьмідзесяцігадовага Сямёна Цалагуза паліцаі прыйшлі па яго сына. Бацька ведаў, што той хаваецца ў гумне, аднак не выдаў, сказаў: «Я за яго, мяне бярыце». I ўзялі, забілі. Праўда, адпусцілі былі, але стары збіўся з дарогі, блукаў у сасонніку, дык забралі зноў, паставілі пад кулі. Каб не замінаў.

Там, дзе цяпер Курган, былі закатаваны дзевяцера мужчын, у іх ліку мой дзед Рыгор, якому акурат у той дзень стукнула сорак. Іх у вёсцы чакалі усю ноч, людзі часта выходзілі ў двары і прыслухоўваліся: мо вярнуліся? Не спалі таксама паліцаі, шныпарылі па вёсцы, раз'юшаныя крывёю і падагрэтыя гарэлкаю. Суседзі Мацвея Стральчэні чулі, як роспачна прасіў літасці гаспадар. Дарэмна...

Назаўтра людзі кінуліся шукаць сваіх блізкіх. Тое, што яны ўбачылі на чудзінскай галгофе, не паддаецца апісанню, і я не намагаюся гэта рабіць, хоць маю даволі падрабязныя і жудасныя ўспаміны сведкаў. Прывяду хіба што адзін — дзядзькі Костуся, сына першага калгаснага старшыні Хведара Захарчэні: «Швагер бацькаў сказаў мне: пасля скрыжавання дарог балотца пройдзеш, там гільзы патронаў павінны валяцца, бо кулямёты ва ўсю рабілі. I праўда, я знайшоў рассыпаныя гільзы, пасля і пясок жоўты. Стаў разграбаць яго, наткнуўся на целы, выцягнуў бацькава. Страшна было глядзець. Ні на кім жывога месца не было, бо людаеды здзекаваліся з іх, пакуль пастралялі. Каго і паўжывога прысыпалі пяском».

Пра нястрымную лютасць канваіраў сведчыць ужо тое, што траіх сваіх ахвяраў яны не давялі да агульнай мясціны расправы, а саштурхнулі з дарогі і пачалі забіваць — павольна, з перакурам, з асалодаю. Асалода была ад таго, што паліцаі выбралі ахвяраў паводле прынцыпу «і вашым, і нашым»: для немцаў — савецкія актывісты, для сябе —уласныя крыўднікі, чаго не ўтойвалі адразу, яшчэ калі выводзілі з хат. Хто помсціўся паплаўнічаму (вартаўніку) — маўляў, не даў пацягнуць з калгаснага поля, хто конюху — пашкадаваў калісьці каня, хто суседу па надзелах зямлі, хто брыгадзіру. Дзеду майму стрэлілі ў лоб, бо насіў, хоць і нядоўга, шапку з чырвонаю зоркаю: служыў пасля верасня 1939-га ў часовай міліцыі. Яму давялося везці падводаю ў раён рабочага тартака Міхала (прозвішча ў вёсцы не памятаюць) за нейкую правіннасць, Пасля гэтага Міхал не раз пагражаў: «Ты мне тады і чорнай вады не даў папіць. Ніколі не забуду!» I не забыў, калі запісаўся ў паліцыю. Дробязную помсліваць вылюдка адлюстроўвае і выпадак з Паўлюком Сергіенем, якому ў той жудасны дзень пашчасціла. Нават карнікі ўз'еліся, калі высветлілі, што Міхал помсціць таму за... курыныя яйкі! Аднак жа крыважэрнасць паліцаяў у астатніх выпадках узяла верх. Гэта яны вярнулі ў гурт пакутнікаў і старога Сямёна Цалагуза, і дваццацігадовага Аляксандра Лобуся, якога немцы спачатку таксама «пашкадавалі», мусіць, за маладосць, але потым саступілі сваім халуям. Найбольш ахвотна акупанты саступалі тым з іх, хто быў бліжэй да новай улады.

"Сям'я майго свёкра, — распавядае Марыя Васільеўна Сергіеня, гаспадыня на дзве асірацелыя хаты цяпер, — мела няшчасце жыць поруч з Рыгорам Будчанінам. У вайну ён стаў солтысам, яго сын Яўхім — паліцаем. Іх і да таго недалюблівалі, трохі пабойваліся, Яўхім жа — першы забіяка на сяло. 3 суседзямі жылі кепска, мо і з Іванам Сергіенем, свёкрам маім, сваркі былі. Дык і паказалі на яго немцам. А ў яго — шасцёра дзяцей. У калгас ён пайшоў, каб неяк пракарміць іх, конюхам стаў... То за што? Не, забралі. Крыж на грудзях і крыж на спіне выразалі, у яму кінулі, як сабаку якога. Страшная, але святая мясціна. Муж мой Саша там вельмі часта бываў, дзяцей браў з сабою, зараз нашы ўнукі ездзяць».

Каля Кургана памяці апошні раз я пабываў летась, а перад тым (чатыры гады назад) з бацькам. Дасюль вінавачуся, што падахвоціў старога прыйсці: тое, што мы засталі тут, яму, васьмідзесяцігадоваму інваліду вайны, здароўя не дадало. Не, Курган той жа, на тым жа месцы, толькі мемарыяльная пліта істотна абноўлена. Да дзевяці прозвішчаў чамусьці дапісалі яшчэ пяць, а над гэтым ахвярным спісам выбілі дзяжурнае і вельмі ж непраўдзівае: «Вечная память и слава павшим в боях за Родину».

Самая першая і найбольшая за ўсе гады вайны трагедыя для вёскі звялася, па сутнасці, да прапагандысцкага лозунгу. Раўнівыя абаронцы «савецкага патрыятызму» ў адзін момант пакутнікаў, што зведалі нялюдскія здзекі, пераўвасобілі ў герояў, як быццам без гэтага арэола іхнія загубленыя жыцці меней значылі б перад Богам і нашчадкамі. I як быццам нашчадкам не трэба ведаць пра злачынствы здраднікаў і звычайных шкурнікаў-прыстасаванцаў. Але так ужо ў нас павялося: патрыятызм выхоўваць выключна на гераізме. Вось і адказ на маё даўняе юначае пытанне, чаму так доўга мясціна трагедыі не ўвекавечвалася наогул.

На шчасце, яшчэ застаюцца астраўкі памяці ўсвядомленай і прачулай. Такі «астравок» — па другі бок дарогі смерці, там, дзе трое з дзевяці пакутнікаў загінулі першымі. Сын аднаго з іх, Аляксандр Сергіеня, муж цяпер адзінокай жанчыны, чый успамін я падаў вышэй, паставіў невялікі металічны крыж і агароджу, не здаволены адной мемарыяльнай плітою на Кургане памяці. Мала дзядзьку Сашу было і таго, што прозвішча бацькава ўпісана яшчэ ў адзін мемарыял — у цэнтры вёскі, агулам, пад ужо знаёмаю «шапкаю» — «павшим в боях».

Крыжамі былі пазначаны ў Чудзіне іншыя мясціны, дзе загінулі вяскоўцы ў ліпені 1941 года і пазней. На жаль, драўляны крыж — знак нетрывалы, яго трэба з гадамі мяняць. Глядзіш — і ўжо няма каму або чаго крывіць душою, няма калі. Бальшавіцкі ваяўнічы атэізм зрабіў сваю справу, з-за яго на доўгі час пазнікалі крыжы і з ростані дарог. Добра, што многія магілы на старых чудзінскіх могліцах, няхай сабе цяпер зачыненых для пахаванняў, дагледжаны, балазе тут зноў правіць службу абноўленая Юр'еўская царква. Пад абеліскамі і помнікамі, пад аднымі дрэвамі і ў адной зямлі ляжаць і змагары з ворагам, і простыя вяскоўцы, што палеглі як ад рук фашыстаў ды іхніх паслугачоў, так і... Пра ахвяраў партызанскай акцыі — у другой частцы маіх нататкаў.

Трагедыя другая: 1942 год, 14 кастрычніка

Існаваў калісьці піянерска-камсамольскі рух з дэвізам «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Ніхто і нішто — гэта ў ідэале, на справе ж многія складаныя і трагічныя падзеі, што не ўмяшчаліся ў ідэалагічныя рамкі, змушана замоўчваліся, аддаваліся нябыту. А ў душах сведкаў ваеннага ліхалецця не праходзілі ні боль ад стратаў, ні нянавісць да забойцаў. Здраднікаў-паліцаяў, што чынілі гвалт у Чудзіне, тут памятаюць і сёння, каго больш, каго менш. Ведаюць далейшыя лёсы многіх з іх. Сцяпан Будчанін падарваўся на партызанскай міне, закладзенай пад чырвоным сцягам каля дарогі. Каменданта (ці намесніка каменданта) паліцыі Яна Саковіча і яго найпершага хаўрусніка Міхала застрэлілі самі акупанты, хоць, як сцвярджаюць найбольш дасведчаныя, не абышлося тут без антыфашысцкага падполля. Шкадуюць вяскоўцы, што Боская кара абмінула Яўхіма Будчаніна і Мікалая Мігая, а яны ж былі аднымі з самых рупных і жорсткіх фашысцкіх памагатых.

Людзі прагнулі помсты за ліпеньскую трагедыю сорак першага. Шмат хто, як і мой бацька, пайшоў у партызаны, а ў 1944-м — на фронт. Аднак ніхто з землякоў, з кім я гутарыў, зусім не схільны лічыць за помсту партызанскую акцыю супраць чудзінскай паліцыі ў кастрычніку сорак другога года. Яна, не да канца прадуманая і занадта расцугляная, абярнулася новай трагедыяй для вёскі.

Тады за адзін дзень згарэла дзве трэці сядзібаў — ці то 152, ці то 204, розныя крыніцы даюць розныя лічбы, але ў абодвух выпадках гэта больш, чым за ўсю вайну ў любой іншай вёсцы Ганцаўшчыны. Згарэлі, зразумела, не толькі тыя хаты, дзе жылі-сталаваліся паліцаі і адкуль іх «выкурвалі» народныя помснікі. Агонь не выбіраў, пляжыў усё запар. Згадвае жыхар Чудзіна Рыгор Якаўлевіч Барсукевіч: «Спярша партызаны прагналі паліцаяў. Я ў акно пазіраў: беглі, лаяліся, стралялі. Адных і другіх было чалавек па дзесяць, мо трохі больш... Пагоня нічога не дала, ужо блізка пачынаўся алешнік, паліцаі там пахаваліся, а мо і залеглі, ва ўсялякім разе сунуцца за імі было небяспечна. Дык партызаны злосна павярнулі назад, у сяло, і хутка сяло загарэлася. Ніхто яго не тушыў: падняўся такі вецер, што попел ад саламяных стрэх, як расказвалі пасля, далятаў да Рожана, гэта амаль паўтара дзесятка вёрст. Паспрабуй патушыць!»

Сам пажар быў вялікай бядой: набліжалася зіма. Пагарэльцы туліліся ў сваякоў і проста ў спагадлівых гаспадароў, затым пачалі капаць зямлянкі. У іх і перазімавалі. I ўсе ж самае страшнае было не ў пажары. Палячы вёску, партызаны далі поўную волю рукам: прабілі штыком плячо аднаму з мужчын, бахнулі з вінтоўкі ў жанчыну, што высунулася з акна, скалечылі твар ёй... Гэтага мала: чатырох чалавек партызанскія кулі скасілі напавал, прычым не толькі тых, што прынялі на па¬стой здраднікаў. Вось успамін Фёдара Арцёмавіча Савені, сына аднаго з забітых: «Было каля сямі гадзін раніцы. Бацька сядзеў ля стала апрануты. Дый мы ўсе папрачыналіся. Уваходзяць партызаны, удвух ці утрох: «Ты хазяін?» Кажа: я. А ён жа гаспадаром хаты не быў, мы ў чужой жылі, у нас на ўскрайку сяла стаяў толькі зруб. Ці кватаравалі раней тут паліцаі, не ведаю. Партызаны ні пра што больш не пыталіся, загадалі: хадзем. Маці і мы, чацвёра дзяцей ад пяці да трынаццаці гадоў, загаласілі, пахапаліся за бацьку, выйшлі з ім на двор. Нас адапхнулі, параскідвалі, вывелі бацьку за варотцы і адразу стрэльнулі у патыліцу. Ен упаў у канаву. Хату падпалілі, але няўдала першы раз, дык вярнуліся, расклалі агонь з сухога ільну ў сенях... Мы хавалі бацьку, калі ўжо сонца садзілася. Мылі ў агародзе, ён абгарэў, дык папрасілі адзежу ў суседзяў...»

Дадам немалаважны штрых: Фёдар, калі ішоў у войска, прынцыпова адмовіўся ад парады ваенкаматчыка замяніць праўдзівы запіс у асабовай справе на бяспечны і зручны: маўляў, бацька забіты фашыстамі. «Пішыце як ёсць — партызанамі», — сказаў ён рашуча.

У той кастрычніцкі дзень сорак другога разам з Арцёмам Савенем загінулі Аксеня Каско (родам не адсюль, з Рожана), Васіль Сергіеня, Мікіта Цалагуз. Паліцаі ў хаце апошняга не стаялі, гэта дакладна, яго забілі, калі ён ратаваў ад агню куфар з дабром. Урэшце, стаялі ці не, не ад людзей залежала. Хіба першыя двое самі запрасілі нягоднікаў? «Забівалі за што папала, — з абурэннем прыгадваюць вяскоўцы. — Зірнуў нядобра, ці ты сказаў што, ці паліцыянта ў хату ўзяў, як Аксеня-ражанка. Яна пляменніка ж узяла. Што, не браць, падстаўляць каго другога? Але ж хто тады разбіраўся? Сёння не разбіраюцца, а то — война!..»

Імёны чацвярых у афіцыйныя спісы ахвяраў вайны, канечне, не трапілі, гэта пярэчыла б прапагандысцкім канонам. Яшчэ б! Калі ўжо нівелююцца імёны палеглых ад рук карнікаў, дык што казаць пра забітых сваімі: маўляў, на вайне ўсялякае бывае, выпадковыя страты на ёй непазбежныя. А ці такія ўжо непазбежныя? Сведкі той партызанскай акцыі зусім не схільныя сцвярджаць, што ўсім яе ўдзельнікам агонь і кроў засцілі вочы. Нязменна кажуць пра такі выпадак. Стаяў тады перад тварам смерці і родны брат забітага Васіля Сергіені Дзмітрук, той, у каго патрапіў штык. Уратавала хлопца не толькі тоўстая суконная адзежына — уратаваў другі партызан, які схапіў за рукі свайго напарніка: «Ты што робіш? Што ты,робіш?!» Ледзь-ледзь не пабіліся паміж сабою.

Так што і няпоўная праўда ёсць хлусня. Мне, напрыклад, заўсёды карцела даведацца, ці раскайваюцца ўдзельнікі вайны — не адпетыя мярзотнікі і здраднікі, для якіх вайна адно і вінаватая, а тыя ж партызаны і франтавікі — за неапраўданую жорсткасць, праяўленую няхай сабе імгненна, падсвядома? Зразумеў, што далека не ўсе. Нейкі Буга, партызан, на руках якога кроў жыхароў Чудзіна, у Чудзін жа і прыехаў у мірны час. Працаваў у бібліятэцы, часта падвясельваўся гарэлкаю, хадзіў кандыбоберам і не зважаў на асуджальныя позіркі і словы людзей. Падобных да яго нямала, і ўсё ж спавядальныя прызнанні і абвінавачванні надараюцца. Яны хоць і трывожаць, гнятуць, аднак не адчужваюць ад чалавека, наадварот, вяртаюць веру ў яго. Ды зноў жа: наша грамадства, заідэалагізаванае за гады і дзесяцігоддзі, прагне веры абсалютна чыстай, без найменшага сумнення. Хіба адназначна, асабліва на афіцыйным узроўні, былі ў свой час успрыняты споведзі беларускіх хатыняў, сабраныя ва унікальнай кнізе «Я — з вогненнай вёскі»? Жывыя галасы цудам ацалелых людзей асудзілі не толькі фашызм, а і таталітарызм увогуле; у многіх з іх прагучаў дакор у адрас народных помснікаў, якія нярэдка правакавалі карнікаў, добра ведаючы, што не здолеюць абараніць мірных жыхароў; было і тое, што дало падставу ўсумніцца ў нібыта непагрэшнай еднасці «савецкага народа», у выключнай сіле і мужнасці кожнага «савецкага чалавека».

Мы звыклі шукаць гераізм у любой бядзе і, насуперак праўдзе, па-ранейшаму знаходзім яго: у афганскай вайне, што забрала або пакалечыла тысячы маладых жыццяў, у чарнобыльскай катастрофе і нават у яе наступствах, якімі адважна грэбуюць вяртанцы ў забруджаную зону. «Нельга пярэчыць волі і выбару людзей!» — неаднойчы апраўдвалі гэтых чарнобыльскіх «герояў» прэса і тэлебачанне, апраўдваючы на самой справе бездапаможнасць і ў вялікай ступені абыякавасць дзяржавы.

Што ж, сумленнасць і крывадушнасць, споведзь і замоўчванне, добрае і ліхое — усё павінна застацца на скрыжалях памяці. Праўдзівай памяці, бо толькі тады яна — святасць.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (08.05.2009) | Аўтар: Алесь КАСКО
Праглядаў: 4213 | Тэгі: Чудзін, Алесь Каско | Рэйтынг: 1.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.