Субота, 27.04.2024, 07:55

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Імя на мармуры
Каля помніка загінуўшым воінам і партызанам гарыць Вечны агонь — сімвал людской памяці і смутку. Шапацяць лісцем задумлівыя вербы і, як слёзы, сцякаюць на бронзу манумента буйныя кроплі празрыстай расы. На помніку адліты імёны 187 загінуўшых. Пунсавеюць ля яго жывыя кветкі...

Што мы ведаем аб людзях, якія пахаваны тут? Восемдзесят два застаюцца невядомымі, у астатніх — воінскае званне, прозвішча, імя. А ў кожнага ж была свая біяграфія, надзеі, мары. I вайна — адна на ўсіх.

null
Герц Шапяцінскі

Вайна ўварвалася ў жыццё слонімскага хлопца Герца Шапяцінскага якраз у яго дзевятнаццаты дзень нараджэння. Дваццаць чацвёртага чэрвеня немцы занялі Слонім, і юнак з патокам бежанцаў вымушаны быў пакінуць горад, асцерагаючыся некаторых былых аднакласнікаў, якія пайшлі на службу ў паліцыю і цяпер не супраць былі паквітацца з ім, актывістам і камсамольцам.

З кожным днём фашысты ўзмацнялі акупацыйны рэжым, усе дарогі былі перакрыты. У адну з ліпеньскіх начэй нехта ціхенька, але настойліва пастукаў у акенца хаты, дзе жыла сям'я Шапяцінскіх. Маці, змучаная бясконцым чаканнем весткі ад сына, у трывозе падхапілася і выглянула з-за фіранкі. Гэта быў Герц. Аб яго вяртанні ніхто не ведаў. Некаторы час малады чалавек хаваўся ад чужых вачэй дома і ў суседзяў.

Аднак у жніўні сорак першага для яўрэйскага насельніцтва надышоў час страшэнных выпрабаванняў — немцы загналі ўсіх у гета.

Але і тады людзі не скарыліся. Ва ўмовах смяротнай пагрозы было створана падполле, адным з арганізатараў якога стаў камсамолец Г. Шапяцінскі. Падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанскім атрадам імя М. А. Шчорса, якім камандаваў лейтэнант Павел Васільевіч Пранягін.

"29 чэрвеня 1942 года нашай сям'і — бацьку Ісааку Навумавічу, маці Ганне Якаўлеўне, маім пяцярым братам і сястры Раі — удалося вырвацца з гета і далучыцца да атрада імя М.А. Шчорса”, — пісаў у сваіх успамінах Якаў Ісаакавіч Шапяцінскі, брат Герца. Былы партызан успамінаў пра ўдзел у буйных баявых аперацыях — разгроме нямецкіх гарнізонаў у Косаве, Чамялах, кулямётнай школы ў Авіновічах, падрыве моста на Шчары, цяжкім баі на 10-м шлюзе.

У кастрычніку сорак другога браты Герц, Якаў з сястрой Раяй далучыліся да партызанскага атрада Васіля Аляксеевіча Васільева, "дзядзі Васі", на базе якога ў сакавіку 1943 года была створана брыгада імя Леніна Пінскага злучэння. Траіх Шапяцінскіх залічылі ў атрад імя Дзяржынскага, камандзірам якога быў Навум Майсеевіч Ламейка. Разам з таварышамі яны ўдзельнічалі ў знішчэнні гарнізона ў Чырвонай Слабадзе, у баях на станцыях Люшча, Бастынь, каля Дзяніскавіч, падрыве чыгуначнага транспарту і ў арганізацыі партызанскай зоны ў Вялікіх Чучавічах, Гаўрыльчыцах, Гоцку, Вульцы, Вялуце.

У лютым сорак трэцяга немцы вырашылі знішчыць атрады партызан. Я.I. Шапяцінскі пісаў, што на іх рухаліся рэгулярныя войскі і батальёны з латышскіх, літоўскіх наймітаў і мясцовых паліцаяў. Партызанскае камандаванне аддало загад памяняць месцы дыслакацыі.

"Памятаю, у першую ж ноч мы пакінулі зімовы лагер і абозы ў чучавіцкім лесе і накіраваліся на паўднёвы захад, перайшлі чыгунку ў раёне Люшчы і дайшлі да плотніцкіх балот. Немцы занялі пусты лагер і зямлянкі. А зводкі фашыстаў, канечне, гаварылі аб разгроме "бандаў”, — успамінаў ветэран.

Штаб партызанскага злучэння Пінскай вобласці прыняў рашэнне не ўступаць у адкрытыя баі з перавышаючымі сіламі праціўніка. Народныя мсціўцы ваявалі з засад, ажыццяўлялі кароткія і раптоўныя налёты на невялікія групы гітлераўцаў. Ім даводзілася быць у пастаянным руху. Партызаны звычайна перамяшчаліся ноччу, а днявалі ў лесе ці на балотах. Нягледзячы на напружанасць абстаноўкі, голад, неверагодную стому, ніхто з іх не губляў веры ў перамогу над ворагам.

Шмат вёсак і хутароў партызанскага краю было спалена фашыстамі. Насельніцтва, ратуючыся ад карнікаў, уцякала ў лес.

У сакавіку 1943 года многія кадравыя нямецкія фарміраванні пасля апублікавання дакладаў і справаздач аб поўным знішчэнні партызан былі адпраўлены на фронт. Партызанскі атрад імя Дзяржынскага, байцамі якога былі браты Шапяцінскія, у гэты час дыслацыраваўся паблізу вёскі Гаўрыльчыцы. У суботу, 13 сакавіка, камандзір аддзялення Павел Качарганаў атрымаў загад разведаць абстаноўку ў вёсках Чудзін і Будча. Дзесяць байцоў аддзялення пайшлі на заданне. На досвітку кулямётчыкі, што стаялі ў сакрэце, а сярод іх быў Якаў Шапяцінскі, заўважылі людзей, якія рухаліся ў бок лагера. Пазней ён успамінаў: "Гэта нашы рабяты вярталіся з задання. Я стаў лічыць іх. Сем... Траіх няма. Раптам пахаладзела ўнутры. Я адразу зразумеў, што сярод тых невярнуўшыхся мой брат Герц”.

Аб тым, што адбылося ноччу, расказаў таварышам камандзір аддзялення: "Калі мы дайшлі да ваколіцы Чудзіна, трое байцоў вызваліся ісці першымі. Гэта былі Мікалай па мянушцы Колкаўскі з в. Колкі, які ведаў некаторых мясцовых жыхароў, лейтэнант Віктар і аўтаматчык Герц. Ля самай вёскі яны трапілі на засаду карнікаў батальёна "СС". Пачуліся кулямётныя чэргі, узрывы гранат — і хутка ўсё змоўкла. Група ў напружанні прыслухоўвалася да нязвыклай пасля перастрэлкі цішыні. I раптам з боку Чудзіна пачуўся яшчэ адзін выбух...”

У гэты ж дзень, 14 сакавіка, партызанам усё ж удалося прабрацца ў Чудзін, дзе яны і даведаліся аб абставінах гібелі сваіх таварышаў. Віктар і Мікалай былі забіты адразу. Аўтаматчык Герц адстрэльваўся, але быў паранены ў нагу, ён змог адпаўзці яшчэ каля пяцідзесяці метраў. Ноч выдалася яснай і фашысты заўважылі байца. У той час узяць у палон жывога партызана было для акупантаў і іх памагатых — паліцаяў, надзвычайнай падзеяй, таму яны прапанавалі раненаму здацца. Той адказаў: "Здаюся". Паступіў загад: "Кідай зброю". Баец моўчкі адкінуў убок свой аўтамат. Зноў пачуўся загад: "Уставай, рукі ўгору!". Партызан са стогнам вымавіў: "Дапамажыце. Я паранены ў ногі, не магу ўстаць". Абнадзееныя неверагоднай удачай, фашысты кінуліся да сваёй ахвяры. Калі яны наблізіліся да байца, паранены рвануў чаку гранаты — грымнуў выбух...

У 1956 годзе, калі праводзіліся перапахаванні воінаў і партызан, загінуўшых на тэрыторыі нашага раёна, астанкі трох народных змагароў былі перавезены ў брацкую магілу, што знаходзіцца на плошчы горада Ганцавічы. Сярод іх быў і прах Герца Шапяцінскага.

null
Якаў Шапяцінскі з жонкай ля брацкай магілы,
дзе пахаваны яго брат Герц

У рабоце над матэрыялам выкарыстана пісьмо ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога партызана атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Леніна Пінскага злучэння Я.I. Шапяцінскага, адрасаванае чырвоным следапытам, членам гістарычнага гуртка Чудзінскай СШ.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.05.2009) | Аўтар: Таццяна КАЧУРКА-Савецкае Палессе
Праглядаў: 2200 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Татьяна Кочурко | Рэйтынг: 1.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.