Аўторак, 23.04.2024, 22:10

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

А жыццё працягваецца
Вядомы французскі пісьменнік Сент-Экзюперы параўноўваў вайну з хваробай. Яна — як тыф, пісаў ён. Калі б жыхарка еёскі Боркі Таццяна Сцяпанаўна Рабцэвіч ведала гэты горкі вобразны выраз былога лётчыка, яна сваім гучным голасам, па якім угадваецца цвёрды, валявы характар жанчыны, пацвердзіла б: "Вось гэта-то праўда...".

Вайна і сапраўды, можна сказаць, за некалькі мінут "скасіла" Таццяніных родных, як смяротная несупынная эпідэмія. Жахлівая трагедыя разыгралася перад самым світанкам 12 ліпеня 1942 года, якраз на вялікае праваслаўнае свята Пятра і Паўла. Шэсцьдзесят сем гадоў утрымлівае чуйная, незагойная памяць жанчыны тую страшную, трывожную ноч, I Таццяна Сцяпанаўна размотвае клубок балючых успамінаў.

null
Таццяна Сцяпанаўна Рабцэвіч 

"Быў бы мірны час, вёска ў такі святочны дзень весела адпачывала б. На вуліцу высыпалі б дзеці, радасныя ад таго, што бацькі дома, а не ў полі, ды на балоце. Спаважліва збіраліся б на прызбах ды лаўках, стомленыя ад нялёгкай вясковай працы дарослыя, каб не толькі даць адпачынак рукам, але і разам пагаварыць аб жыцці-быцці: дзе найпаўней жыта закаласіла, дзе лён ветрам ды дажджом выкруціла, дзе бульбачку дзікі не кранулі, чыю авечку ледзь не пацягнуў у лес воўк...

Але ў той суровы ваенны год было не да жаданых, радасных сустрэч на вясковых вуліцах. Трывога і страх пасяліліся пад дахам кожнай хаты. З імі, неадчэпнымі "кватарантамі", жыла і наша сям'я. Тата, Сцяпан Трафімавіч, мой брат Дзіма трымалі сувязь з партызанамі, хаця і ведалі, чым можа гэта абярнуцца. На жаль, нядобрыя прадчуванні бацькі збыліся. Памятаю: напярэдадні 12 ліпеня, вечарам, да нас прыйшоў сусед, дзядзька Васіль. Мы якраз спаць збіраліся. Сям'я была вялікая, клаліся адзін ля аднаго на палку. Сястра мая, Ганна, паслала сабе пасцель на лаўцы. Дзядзька Васіль, якому і прымасціцца не было дзе, прапанаваў Ганне ісці спаць у яго прасторную хату, што была цераз дарогу, а бацькоў дакорліва і з вясковай прадбачлівасцю ды мудрасцю папракнуў: "Палеглі усёй сям'ёй у адным месцы. Крый Бог чаго...". Сусед недагаварыў, але і так было зразумела, хто і якую бяду можа прынесці. А яна, страшная, непапраўная, ужо стаяла на парозе нашай хаты...

Дзядзька Васіль даўгавата затрымаўся ў нас у той вечар. Здаецца, і заснуць не паспелі, а маці пачала ўжо будзіць сям'ю — маўляў, трэба выганяць на пашу кароў.

Але, як мне здаецца праз гады, трывога за сям'ю ды прадчуванне нядобрай бяды не давалі заснуць нашай матулі. Яна пабегла цераз дарогу да хаты дзядзькі Васіля, настукала ў акно, каб наша Ганна ішла дамоў, бо кароў хутка выганяць. А гаспадыні кінула на хаду: "Уставай, цётка Тафіля, нядобрае чуе мае сэрца". У звонкай начной цішыні ўжо і я пачула людскую гаворку: на жэрдках непадалёку сядзелі, як аказалася потым, немец і двое паліцаяў. Якраз стала шарэць. Раптам на вуліцы пачуўся стрэл і ў тую ж хвіліну немцы кінуліся да нашай хаты, патрабуючы, каб тата адчыніў дзверы, а то шпурнуць гранату. Бацька падаўся да дзвярэй і стаў першай ахвярай варожай расправы над нашай сям'ёй. Нелюдзі ўварваліся ў хату. Паколькі было яшчэ крыху цемнавата, немец запаліў запалку і загадаў злезці з палочка Дзіме, які прыйшоў на тую ноч дамоў. Да гэтага ён начаваў у лесе, але пасля дожджыку там стала сыра, халаднавата. Раздаўся выстрал. Брат стаў другой ахвярай. I тут патухла запалка ў руках немца. Я ў адно імгненне скокнула на печ і затаілася. Ворагі спакойна і абыякава чынілі расправу над нашай сям'ёй. Кароткі стрэл — абарвана адно жыццё. Затым другі, трэці, чацвёрты... Сціснуўшыся ад страху, я лічыла па гэтых смяротных гуках сваіх родных. Нават Дзімін сынок Андрэйка, двухмесячнае дзіцятка, рэагавала на стрэлы — замаўкала на хвілінку, потым зноў заходзілася ад плачу. Праз пэўны час сціхла і яно, хаця стрэлу. перад гэтым я не пачула. А немцы пакінулі хату і, як я зразумела, збіраліся запаліць яе".

Голас маёй субяседніцы задрыжаў, яна змоўкла, ледзь пераводзячы дыханне. I праз дзесяцігоддзі стаіць перад яе вачыма той малюнак: на падлозе цесна ад людскіх цел, нерухомых, у розных нязручных позах.

"Відаць, ёсць Бог на свеце, дзіцятка маё, — утаймаваўшы крыху хваляванне, расказвае далей Таццяна Сцяпанаўна. — Я на печы, а мне нейчы голас тройчы падказвае-штурхае: "Злезь з печы, злезь з печы, злезь з печы". Я саскочыла са сваей схованкі, і ўціснулася ў пячурку, што была паміж печчу і сцяной. Дзверы рыпнулі, і ў хату.зноў зайшлі каты. Немец сам праверыў, ці ёсць хто на печы. "Вось і ўсе камуністы", — кінуўшы гэтую фразу, начныя прышэльцы выйшлі, дзверы за імі зачыніліся.

Што рабіць? У маёй дзіцячай галаве маланкава мільгацелі думкі: "Буду сядзець тут. А калі яны запаляць дом? Не, лепш імгненная гібель ад кулі, чым палаць у агні". Узялася за клямку, каб ступіць насустрач смерці, але нейкая сіла прымусіла мяне зірнуць у акно. Ворагі скіравалі сваю ненажэрную ўвагу ўжо на другую сям'ю, дзе, як стала вядома пазней, расстралялі пяць душ. Я ў гэты момант выскачыла ў агародчык, пералезла цераз плот і схавалася ў высокім жыце, што расло за ім. I яно выратавала ў той дзень мае жыццё. А за маёй спіной палала ўжо наша хата і надворныя пабудовы. Я не бачыла, як потым з астылага вогнішча даставалі і клалі ў начоўкі абвугленыя костачкі маіх бацькоў, братоў, сясцёр, пляменнічка. Пахавалі іх на могілках, непадалёку ад нашай хаты.

Непрыкаяна блукала я ў той дзень па вёсцы. I толькі калі сцямнела, прыйшла на папялішча, што чарнела на месцы роднага куточка. Тут зразумела, што я — круглая сірата, і спаўна адчула горыч незваротнай страты і той боль, які нясе людзям вайна.

Не памятаю, колькі б часу залівалася горкімі слязамі ад безвыходнасці і той невядомасці, што чакала мяне наперадзе, калі б не ўбачыла мяне суседка, цётка Тафіля. Яна забрала мяне да сябе, спытала, ці хачу есці. Я адмоўна пакруціла галавой, разумеючы, што і ў іх не сытна. Лягла ў іх хаце начаваць, а гол ад не дае заснуць. Добрая, спагадлівая цётка Тафіля адчула, што не сплю, ноччу паднялася, запаліла лучыну. Дзядзька Васіль пачаў ушчуваць жонку, маўляў, убачаць святло ў хаце нелюдзі, завітаюць. "Васілько, гэтаму дзіцяці не да сну, яно есці хоча, заціркі трэба зварыць", — прашаптала цётка. Наш сусед моўчкі, у знак згоды кіўнуў жонцы галавой.

А гадавалася я спачатку ў сваёй цёткі Веры, потым у брата свайго бацькі — Івана. Ад яго і замуж пайшла, сваё гняздзечка звіла. Радуюся: не ўдалося ворагам знішчыць наш род. Выжыла, а дзякуючы чаму — лёсу, Усявышняму ці маёй дзіцячай кемлівасці? Мабыць, усё ж Бог захаваў мяне. Маю пяцёра дзяцей, трынаццаць унукаў, столькі ж праўнукаў. Дачушка Галя па маёй просьбе пабудавала свой дом на тым месцы, дзе маіх бацькоў стаяла перад вайной хата. Сама жыву цераз дарогу, на дзень па некалькі разоў да Галі прыходжу, быццам па родным падворку хаджу. Радуюся кожнаму новаму дню, бо ці ж не мне ведаць цану міру і спакою на зямлі?! А вайну праклінаю: яна асіраціла мяне. Гэта ж якой багатай была б я на радню, каб жывымі засталіся мае браты і сёстры...".

І не толькі Т.С.Рабцэвіч, але і Р.Я.Кот, К.РБелька і іншыя мае землякі. У тую ноч, 12 ліпеня, немцы знішчылі ў нашай вёсцы 49 чалавек мірных жыхароў. Яны спяць вечным сном, на могілках, якія добра відаць з вокнаў хат і Таццяны Сцяпанаўны, і яе дачкі Галіны. Калі ёсць жыццё на тым свеце, бачаць, як рупяцца на роднай зямлі іх нашчадкі, які прыгожы дом стаіць на былым папялішчы, як квітнеюць сады і палымнеюць кветкі на падворку ўнучкі С.Т.Рабцэвіча, бацькі Таццяны Сцяпанаўны. Жыццё працягваецца... I дай Бог, каб ніколі не рвала яго нітачкі няшчадная вайна.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (05.06.2009) | Аўтар: Марыя ДЗЁМІНА - Савецкае Палессе
Праглядаў: 2876 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Мария Дёмина | Рэйтынг: 1.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.