Пятніца, 29.03.2024, 03:18

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Першыя добраахвотнікі
На календары 30 кастрычніка 1925 года. У вёсцы Чудзін гміны Вялікія Чучавічы Лунінецкага павета сабраліся жыхары, каб вырашыць хвалюючае ўсіх пытанне: "Як абараніць сваю маёмасць ад пажараў?". Падчас яго абмеркавання прынялі рашэнне аб стварэнні ў Чудзіне добраахвотнага пажарнага таварыства і ў складзе добраахвотнай пажарнай каманды з жыхароў вёскі. Узначаліць таварыства даручылі войту гміны мясцоваму жыхару Паўлу Рулінскаму. У склад кіраўніцтва таварыства абралі сялян Аляксандра Рулінскага і Ціхана Савеню, гандляра Аркадзя Готальскага, а таксама Аляксандра Хандрыку. Для набыцця неабходнага пажарнага інвентару вырашылі ўсталяваць штогадовы ўнёсак у памеры 3-х злотых з кожнага сябра таварыства. Вызначылі парадак прыцягнення коней для дастаўкі пажарных да месца пажару. Зону выезду добраахвотнай пажарнай каманды ўстанавілі ў радыусе 5 кіламетраў ад вёскі Чудзін.

Ці апраўдаліся надзеі жыхароў Чудзіна на сваю пажарную каманду? Архіўныя дакументы даюць падставу адказаць на гэтае пытанне сцвярджальна. Праз шэсць гадоў, у 1931 годзе, у склад добраахвотнай пажарнай каманды ўваходзіла ўжо 30 чалавек. Радыус выезду каманды павялічыўся да 10 кіламетраў (уключна з вёскай Пярэвалакі і навакольнымі фальваркамі) з насельніцтвам каля 3000 чалавек. За гэтыя гады за грошы сяброў таварыства было набыта неабходнае пажарнае абсталяванне і інвентар. Каманда мела на ўзбраенні 2 ручныя пажарныя помпы з пажарнымі рукавамі, 3 пажарныя драбіны, для падвозу вады на тушэнне пажару мелася 5 бочак ёмістасцю па 250 літраў кожная.

У 1931 годзе начальнікам каманды стаў Герасім Цалагуз, а намеснікамі яго былі абраны Андрэй Цалагуз і Ян Савеня. Члены каманды актыўна павышалі сваю прафесійную падрыхтоўку. Штотыднёвыя практычныя заняткі сталі правілам, на працягу года з камандай было праведзена 8 раптоўных пажарна-тактычных заняткаў, з іх 2 — уначы.

Член каманды Мікалай Рулінскі быў накіраваны на курсы ваяводскага добраахвотнага пажарнага таварыства і атрымаў званне плутановага пажарнай аховы.

Сябры добраахвотнага пажарнага таварыства шмат увагі надавалі папярэджанню пажараў. Іх работа прыносіла плён. У 1931 годзе каманда выязджала толькі на 2 пажары. Але не толькі тушэннем пажараў і трэніроўкамі займаліся добраахвотныя пажарныя вёскі Чудзін. У складзе добраахвотнага пажарнага таварыства меўся свой духавы аркестр, тэатральны гурт і хор. Пажарная раміза (дэпо) служыла асяродкам культуры для мясцовых жыхароў. У апісваемы год члены таварыства паказалі 4 тэатральныя імпрэзы і 5 канцэртаў.

Прайшлі гады, і ў Чудзіне быў размешчаны пажарна-выратавальны пост Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які ўзначальвае таксама Рулінскі, але ўжо Андрэй. Аднак традыцыі добраахвотнікаў не зніклі, і ў снежні 2008 года для дапамогі выратавальнікам-прафесіяналам была створана добраахвотная пажарная каманда. На жаль, мы не маем ніводнага фотаздымка тагачаснай каманды ці асобных яе ўдзельнікаў. Таму абласны і раённы саветы добраахвотнага пажарнага таварыства вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з усімі, хто хоча паспрыяць справе стварэння летапісу добраахвотных пажарных каманд ці можа паведаміць аб сваяках і знаёмых, якія прысвяцілі сябе высакароднаму служэнню справе абароны чалавечых жыццяў ад пажараў.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (12.06.2009) | Аўтар: Андрэй САЎЧУК-Савецкае Палессе
Праглядаў: 1796 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Ганцевичский РОЧС | Рэйтынг: 1.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.