Чацвер, 18.04.2024, 14:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Горкі пыл франтавых дарог
Прайшлі гады, дзесяцігоддзі, і Вялікая Айчынная вайна стала часткай нашай агульнай гісторыі, аднак ветэраны і дагэтуль згадваюць былое.


У 1939 годзе юнака Пятра Зайцава з вёскі Мокрае Касцюковіцкага раёна прызвалі ў армію. Трапіў ён служыць ва ўкраінскае мястэчка Любачоў. Тут праз два гады яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Спярша беларускі хлопец спадзяваўся, што першыя весткі аб яе пачатку — толькі чуткі. Аднак надзея згасла, калі Пётр убачыў першых забітых савецкіх салдат. Вайна разгаралася, і хутка Пётр Васільевіч быў уцягнуты ў кругазварот яе крывавых падзей.

Перажыўшы цяжкія дні адступлення, Пётр на непрацяглы час вярнуўся ў родную вёску да любай жонкі Еўдакіі, з якой пасля вайна разлучыла яго на доўгія пяць гадоў. Малады мужчына далучыўся да партызан, якія дзейнічалі ў тыле ворага, а потым зноў уліўся ў рады Савецкай арміі. Камандуючы аддзяленнем сувязі 41-га артылерыйскага палка, ён перажыў жорсткія абарончыя баі пад Белай Царквой, Краменчугом, Чаркасамі. Удзельнічаў у вызваленні Сянно (Віцебская вобласць), Вільнюса, Каўнаса і ў баях за нямецкі горад Кёнінгсберг (зараз Калінінград).

Аднак нават пасля Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі для Пятра Васільевіча і яго таварышаў на гэтым вайна не скончылася. Іх адправілі на Далёкі Усход, дзе яны змагаліся супраць мілітарысцкай Японіі. Для камандзіра аддзялення сувязі адмецінай гэтага перыяду стала раненне ў плячо, пасля чаго ён быў накіраваны ў Казахстан, дзе ў шпіталі правёў восем месяцаў.

За ратныя подзвігі Пётр Васільевіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы III ступені, Айчыннай вайны I ступені, а таксама медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За перамогу над Германіяй" і іншымі, ветэран таксама мае шмат юбілейных медалёў.

За пяць франтавых гадоў П.В. Зайцаў быў тройчы паранены, бачыў мора крыві і слёз, адчуў сапраўдны боль ад страты знаёмых і блізкіх яму людзей, але шчасце ад усведамлення перамогі пакрысе загаіла душэўныя раны.

Калі Пётр Васільевіч у лістападзе 46-га вярнуўся на Радзіму, дома яго чакалі жонка і чатырохгадовая дачушка Марыя. Увесь час яна марыла ўбачыць бацьку, аб якім з пяшчотай расказвала ёй матуля. з гэтай доўгачаканай сустрэчы і пачалося новае, мірнае жыццё сям'і Зайцавых, у якой праз некаторы час нарадзіліся яшчэ тры дзяўчынкі і два хлопчыкі.

Клапатлівы бацька вялікага сямейства спачатку працаваў бухгалтарам. Пасля заканчэння Брэсцкага гандлёва-кааператыўнага тэхнікума быў накіраваны на работу ў Ляхавіцкі райспажыўсаюз, а пасля, у 1962 годзе, пераехаў на Ганцаўшчыну, дзе быў рэвізорам у райспажыўсаюзе да выхаду на заслужаны адпачынак.

У гэтым годзе Пятру Васільевічу споўнілася 90. Апошнія 65 ён жыў пад мірным небам, але так і не змог забыць горкі пыл франтавых дарог. Ветэран час ад часу дастае і разглядвае свае шматлікія ўзнагароды, зноў у думках вяртаецца да ваенных падзей. А па шчацэ цячэ скупая мужчынская сляза — ад успамінаў...
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (02.07.2009) | Аўтар: Вольга НЕСЦЯРОВІЧ-Савецкае Палессе
Праглядаў: 2385 | Тэгі: газета Савецкае Палессе, Ольга Нестерович | Рэйтынг: 1.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.