Чацвер, 25.04.2024, 20:02

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

“Гісторыка” ў пошуках стагоддзяў
Спёка з раптоўнымі навальніцамі не перашкодзіла моладзеваму грамадскаму аб’яднанню "Гісторыка” зладзіць 19 ліпеня экскурсію па помніках гісторыі і архітэктуры Ганцаўшчыны (Брэсцкая вобласць).

Маршрут: Ганцавічы (краязнаўчы музей) – в. Агарэвічы – в. Шашкі – в. Вялікія Круговічы – в. Лактышы – в. Ясенец – в. Будча – в. Людвікова. Быццам бы месцаў шмат, але па кіламетражы – 45–50 км.

null
Дуб-волат у вёсцы Вялікія Круговічы

Расказалі цікаўнай моладзі усё, што ведалі, мясцовыя экскурсаводы Ала Занька і Віталь Герасіменя. Каб не забыцца, адразу зазначым, што Ганцаўшчынай, як кавалкамі торта, валодалі Радзівілы, Абуховічы і Патоцкія.

Паехалі! Палацава-паркавы ансамбль-комплекс Свяжынскіх (а з сярэдзіны XIX ст. – Апацкіх) у Агарэвічах сустрэў ржаннем коней: там знаходзіцца коняферма – адна з трох на Брэстчыне. Так што ўдалося не проста наведаць сядзібу, бровар і Ко, але і пафоткацца з кабылкай Барбі.

null
Сядзіба Апацкіх у вёсцы Агарэвічы

Паміж вёскамі Агарэвічы і Шашкі паглядзелі на рэшткі парку другой паловы ХІХ стагоддзя і сядзібы "Юліна”, якая належала… невядома каму. Уздыхнулі: вось табе і гісторыя не зразумела чыя – і паехалі далей.

У Вялікіх Круговічах знаходзіцца царква ХІХ стагоддзя, закладзеная Абуховічамі (са старой іконай XVII ст.). Там чакалі вяселле – а прыехала экскурсія. Акрамя царквы ўбачылі радавую капліцу-ўсыпальніцу, 700-гадовы дуб і серабрыстыя таполі.

Збочыўшы на вёску Лактышы, можна прайсціся па тракце Нясвіж – в. Дзяніскавічы, па якім Альбрэхт Радзівіл прыязджаў на Ганцаўшчыну паляваць… Але па ім мы не паехалі: нас чакаў Лактышоўскі музей рыбы, крама з марозівам і цудоўныя краявіды.

Крыху пасля мы дабраліся (з кіроўцам-волатам, які адчыніў жалезную браму голымі рукамі) да в. Ясенец – на могілкі. А куды ж без іх! Там пахаваныя прадстаўнікі родаў Абуховічаў, Вендорфаў і Яленскіх.

null
Магіла Аляксандра Абуховіча ў вёсцы Ясенец

null
Капліца Вендорфаў ў вёсцы Ясенец

Яшчэ ў гэты спякотны дзень нас дачакалася в. Будча – у гэтых мясцінах любіў пазбаўляць жыцця дзікоў спадар Альбрэхт Радзівіл. Што цяпер: будчанская Спаса-Праабражэнская царква 1896 году, магіла Адама Гіля, сябра Якуба Коласа, які выратаваў вёску падчас вайны ад расстрэлу, бо ведаў нямецкую мову (мараль: вучыце замежныя мовы!).

null
Узбярэжжа Вадасховішча Лактышы

У Людвікове былая памежная застава (Заходняя/Усходняя Беларусь) амаль нябачная: застаўся адзін вялізны будынак, зарослы дрэвамі і травой, а таксама лёхі. Камароў там столькі, што разгледзець заставу не асабліва паспелі. Затое экскурсавод апавяла, што з’явіліся унікальныя дакументы з Музея гісторыі Варшавы і з Грэцкага архіву, якія раскрываюць лад тамтэйшага жыцця.

Пры канцы можна адзначыць, што Ганцаўшчына – гэта 33 тысячы жыхароў, дзесятак страчаных назаўжды сядзібаў – збольшага спаленых, пра якія гэтыя ж жыхары ведаюць мала, або зусім не ведаюць, мінералка, расійская ваенная база і нядаўняя газіфікацыя. Карацей, звычайны, шараговы беларускі раён, які аформіўся ў сярэдзіне ХХ ст. (а менавіта ў 1940-м): прыгожы і цікавы, але маладаследаваны… Таму ёсць чым заняцца ў вольны час!

Вандроўка праходзіла ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!”
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (25.08.2009) | Аўтар: Лена Савеня W
Праглядаў: 2912 | Тэгі: Гісторыка, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.