Чацвер, 25.04.2024, 22:45

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Гарбата для пана асэсара
null

У Рэчы Паспалiтай да падзелаў гарбата нiколi не была па-сапраўднаму папулярнай. Толькi ў другой палове ХVIII стагоддзя, калi распаўсюдзiлася мода на ўсё ангельскае (у тым лiку на такiя напоi, як портэр цi сiдр), звычай пiць гарбату не як лекi, а дзеля асалоды цi, прынамсi, прэстыжу, пранiк у вышэйшыя пласты грамадства, амаль не выходзячы, зрэшты, за межы Варшавы. Так што ў ВКЛ, тэрытарыяльна, эканамiчна i нават псiхалагiчна значна больш аддаленым ад Еўропы, смак напою ведала хiба толькi найвышэйшая арыстакратыя – некалькi разоў згадвае яе ў сваiх дзённiках слынны мемуарыст ХVIII стагоддзя, берасцейскі кашталян Марцiн Матушэвiч. Праўда, першая дакументальная згадка пра гарбату ў Беларусі старэйшая на цэлае стагоддзе: у 1660-х гадах яе пілі ў акупаваным расійскім войскам Магілёве. Такой і ўвайшла гарбата ў свядомасць патрыётаў забранага краю, - сімвалам навалы з Усходу.

Сама польская назва раслiны (ад лацінскага herba thee), якая перайшла i ў беларускую мову, сведчыць аб тым, што cпачатку з экзатычнай «травой» пазнаёмiлiся аптэкары. Зрэшты, так было на ўсiм працягу гiсторыi гэтай раслiны: у самiм Кiтаi, на радзiме чайнай культуры, першыя два стагоддзi (з IV па VI н.э.) лiсце чайнага дрэва выкарыстоўвалася выключна ў лекавых мэтах, пакуль яго не пачалi запарваць i пiць проста так, дзеля асалоды. З еўрапейцаў першымi пазнаёмiлiся з гарбатай партугальцы, якiя ўпершыню завезлi лiсце да сябе на пачатку ХVI стагоддзя, але тады вядомасць гарбаты так i не выйшла за межы Партугалii. Больш паспяховымi аказалiся галандцы, якiя завезлi гарбату у Амстэрдам на стагоддзе пазней, але спатрэбiлася яшчэ 50 год, перш чым кiтайскае дзiва ў канцы 1650-х гадоў запазычыла ў галандцаў наступная еўрапейская нацыя – ангельцы. Гэтая падзея ў вынiку аказалася вырашальнай для сусветнага поспеху гарбаты, але нават у Англii спатрэбiлася яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў, пакуль яна зрабiлася нацыянальным напоем. У кожнай краiне паўтаралася ўсё тая ж гiсторыя – спачатку гарбата, дзеля даражнечы i незвычайнага смаку, спажывалася толькi як лекавы сродак, i кожны раз iнстынктыўны недавер грамадства вымагаў доўгага часу для прызвычайвання.

У Рэчы Паспалітай асаблiвай ненавiсцю да гарбаты вызначаўся славуты батанiк канца XVIІI ст. ксёндз Кшыштаф Клюк. У сваiм «Слоўніку раслін» ён пiсаў: «Калi б Кiтай прыслаў нам усе свае атруты, не здолеў бы нам больш пашкодзiць, чым сваёй гарбатай. Магчыма, што бывае яна ў нейкiх выпадках карыснай, але частае ўжыванне гэтай цёплай вады аслабляе нервы i органы страўнасці, а таксама надзвычай разслабляе. Дзецям i маладым асобам заўжды шкодная”.

Супольнымi намаганнямi галандцаў i ангельцаў на працягу ХVII-ХVIII стагоддзяў уся Еўропа збольшага пазнаёмiлася з новым напоем, але апроч Англii i Галандыi, i ў значна меншай ступенi Данii ды Швецыi, сапраўднай папулярнасцi ён нiдзе не набыў. Уся Цэнтральная i Усходняя Еўропа значна хутчэй прызвычаiлiся да кавы. Але яшчэ ў 1567 казацкiя атаманы з маскоўскага пасольства ў Кiтай прывезлi да нашых усходнiх суседзяў першыя звесткi пра гарбату. Да царскага двара, аднак, гарбата "даехала” толькi ў 1638 г., але надалей справы ў яе пайшлi вельмi хутка, так што ў 1670-х гадах яна ўжо стала прадавалася ледзь не ў кожнай маскоўскай краме. Трэба меркаваць, першае знаёмства жыхароў Беларусi з кiтайскiм напоем адбылося пры малапрыемным пасярэднiцтве маскоўскiх вайсковых абозаў, а таксама ў сiбiрскiм палоне, куды войнаў ХVII ст. трапляла немала нашых зямлякоў. Першым з іх, чыё знаёмства з экзатычнымкітайскім напоем засведчана дакументальна, быў цюменьскі дзесятнік "з літвінаў" Іван Пятроў Цекуцьеў, удзельнік маскоўскага пасольства 1615 года да Алтын-хана, аднаго з мангольскіх уладароў. Пра Цекуцьева нам сёння вядома надзвычай мала, уключаючы нават сапраўднае імя, бо маскоўскія дзякі заўжды змянялі ненадзейныя ды падазроныя імёны літвінскіх палонных на свой непазнавальны капыл. Вядома толькі, што чалавекам ён быў ужо ня маладым, служыў у казацкім войску 30 гадоў, "на многіх баях паранены быў" і валодаў мясцовымі мовамі. У склад місіі быў уключаны яшчэ адзін зямляк Цекуцьева Георгі Міхайлаў Літвін. Пад час прыёму ў хана "пить в стол носили молоко коровье топлено, а нем листье, неведомо какие, а иное питье красное, не ведают какое". Такі мангольскі спосаб запарвання гарбаты захаваўся, дарэчы, і да нашых дзён.

Апынуўшыся пасля падзелаў Рэчы Паспалiтае пад уладай двухгаловага арла, жыхары былога ВКЛ мусiлi зжывацца з новымi рэалiямi. Самастойны гандаль з Еўропай застаўся ў мiнулым, успамiны пра колiшнюю нядоўгую англаманiю хутка сцёрлiся з памяцi, i зараз гарбата трапляла на землi Вялiкага княства толькi сухапутным сiбiрскiм шляхам. Расейскi ўрад абкладаў iмпарт гарбаты больш як 100 % мытам, транспартныя выдаткi былi каласальнымi, i, вядома, як след "наварвалi” на гарбаце маскоўскiя купцы. У вынiку адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай кошт гарбаты ў раздроб на захадзе Расiйскай iмперыi быў значна вышэйшы, чым у Заходняй Еўропе. Ды i пагарда да гэтага тыпова маскоўскага напою не садзейнiчала паляпшэнню яго iмiджу у былых "сарматаў”. Тым не менш, яе спажыванне спакваля расло. За першую палову ХIХ стагоддзя iмпарт кiтайскай гарбаты ў Расiйскую iмперыю узрос з 75 да 360 тысяч пудоў штогод, i асаблiва рэзкi скачок адбыўся менавiта ў 1830-е гады: са 140 тыс. у 1830 да 280 тыс. у 1840-м. Адпаведна, гарбата таннела i рабiлася больш даступнай. Гiстарычна гэты час супадае з перыядам найгоршае мiкалаеўскае рэакцыi: падаўленнем Лiстападаўскага паўстання, закрыццём Вiленскага ўнiверсiтэту, скасаваннем царкоўнай унii і спыненнем дзейнасці Статуту ВКЛ. Таму не дзiва, што чуллiвым людзям распаўсюджванне моды на гарбату бачылася яшчэ адным нядобрым знакам з гэтага ж лагiчнага шэрагу. Сапраўды, звычай пiць гарбату на землi былога ВКЛ прынеслi расейскiя вайскоўцы i чыноўнiкi каланiяльнай адмiнiстрацыi. Ад iх гэтую звычку пераймалi спачатку нацыянальна абыякавыя, найбольш шчыльна звязаныя з расейскiмi iнтарэсамi колы. Бяскрыўдны напой з далёкага Кiтаю у вачах бескампрамiсных патрыётаў выглядаў ледзь не сiмвалам нацыянальнай здрады цi прынамсi агiднага прыстасавальнiцтва.

Увасабленнем "новай культурнай сітуацыі”, своеасаблівай метафарай расійскай вайсковай і бюракратычнай машыны выступае грозная, бліскучая прылада з бляхі ў хрэстаматыйным апавяданні » Ігнацыя Ходзькі «Самавар”. Вандроўны купец Мухін, расеец, здаўна аселы ў гістарычнай Літве і амаль "спольшчаны”, якога тут ведаюць у кожным маленькім фальварку, прыязджае са сваймі размаітымі таварамі ў чарговы маёнтак і даведваецца што папярэдні ўладальнік разарыўся і маёнткам завалодаў ягоны былы эканом, Балтазар Сулярскі. Дачка Сулярскага Саламея спрабуе сачыць за модай і марыць выйсці замуж за суседа – пана асэсара. Але як гэта зрабіць, калі тата такі адсталы, што нават гарбаты не п’е ? Яна намаўляе тату купіць у Мухіна самавар і гарбаты і таемна ад яго збірае на ягоныя іменіны гасцей, якіх збіраецца частаваць гарбатай. Але паколькі сама не ўмее абыходзіцца з самаварам, просіць дапамагчы лёкая былога ўладальніка, якога тата разарыў. Той ненавідзіць новых гаспадароў і адмыслова прылітоўвае вечка да самавара такім чынам, каб той, закіпеўшы, разарваўся…

Устаўка:
Кіпіць вар, шыпіць, нецярпліва пабрыньквае прыбітым вечкам. «Час наліваць гарбату!» - прамовіла пані суддзёвая. Панна Саламея ўстае і хоча ўзяць чайнік. Пан сакратар цягнецца за бутэлькай з чырвонай вадкасцю, як раптам… Зрываецца вечка самавара і ляціць угару, вывернуўшы імбрык, які падае на галаву каханага пестуна Матэвушка і гарачай, па твары і вушах, аблівае яго гарбатай. Вечка ж падае га лысіну «папуні», які енкам «Ой!ой!ой!» пачынае ўтарыць ляманту дзіцяці. Тым часам вызвалены з палону вар гвалтам пырскае на вочы, твары, насы і горсы аседлага побач з самаварам панства жаночага, мужчынскага і ніякага роду, разліваецца патокамі быццам лава з кратэру. У дадатак у агульным галасе і мітусні хтосьці неасцярожна кранае модны, на адной ножцы столік – самавар абрынаецца і паўвядром вады аблівае спіны ўцякаючых пані суддзёвай і пана каморніка, а пану асэсару, які ацірае чаравічкі на абваранай ножцы панны Саламеі, у самую чупрыну сыпле попелу з жарам. Тут крык і віскат перасягаюць усялякія магчымасці ўявы. Усе ўгрунь кідаюцца ў бакоўку, ўцякаючы ад пякельнага цмока, які пыхае агнём і варам; адзін толькі асэсар з ахопленай агнём чупрынай вылятае ў сені і крычыць: «гарым !». Ад гэтага крыку ўсе сабраныя ў бакоўцы гвалтам кідаюцца да акна, у імгненні вока выдзертае з вушакоў, і пад звон разбітых шыбаў уся кампанія, адно за адным, нарэшце прызямляецца ў гурбе снегу…

Ян Баршчэўскi, амаль сiнхронна з Ходзькавым "Самаварам”, таксама зафiксаваў змяненне статусу гарбаты, ад экзатычных зёлкаў да прадукта масавага спажывання (вядома, што толькі ў межах нешматлікага сярэдняга класу) ў аповесцi "Драўляны дзядок i кабета Iнсекта” (1844), падзеi якой адбываюцца каля 1835 г.: "Няшмат часу прайшло, ужо i самавар прынеслi, налiваюць гарбату, стары пан Ротмiстар, седзячы ля стала, сказаў гаспадынi: - Мая панi, даўней гарбата была лекамi ад галавы, цяпер без яе i жыць не могуць, якiя перамены ў свеце”. Вельмі сімвалічна, што адзіную пахвалу кітайскаму напою знаходзім у эсэ "Гарбата" будучага рэнегата Плацыда Янкоўскага (Вільня, 1835 г.): "Гарбата найлепш выражае думку нашага часу. Столькі тут чагосьці млявага, блякла-жоўта-зелянаватага, рамантычнага, напаўдаўкага, напаўсалодкага, эфемернага! Адным словам - гэта сучасная паэзія. Колькі тут высокасці ў параўнанні з нуднай класіцыстычнай кавай!" То хіба варта здзіўляцца, што праз некалькі гадоў менавіта Янкоўскі адыграе адну з ключавых роляў у семашкаўскім плане скасаванні Уніі? Так што нiчога дзiўнага, што на старонках, напрыклад, "Пана Тадэвуша”, мы не сустрэнем нiводнай згадкi пра гарбату. Характэрная і рэпліка з іншага твору Міцкевіча, "Дзяды”:

(Адзін з вязняў): - Спявай жа, Фелікс ! Што наліць – віна, гарбаты ?
(Фелікс) – Віна !

То бок, пытанне рытарычнае. Хіба ж будзе сапраўдны патрыёт піць гарбату ?

Чым блiжэй да Масквы, якая спажывала больш за палову iмпартаванай у iмперыю гарбаты, тым хутчэй i трывалей укаранялася "трава” у штодзённы побыт – так што на Беларусi (у вузкiм сэнсе) да яе прызвычаiлiся, бадай, крыху раней, чым у сэрцы гiстарычнай Лiтвы, не кажучы ўжо пра Карону. Праўда, і на ўсходзе Беларусі гарбаты пілі ўсё ж нашмат меней, чым у Расіі, як сведчыць і падарожная нататка С. Максімава з «Жывапіснай Расіі» (1882). Пераязджаючы паміж
Новаржэвам і Вялікімі Лукамі праз раку Алту, ён пачуў ад свайго ямшчыка: "Здесь вот мы чай любим и пьём его в трактирах. Заведений этих у нас много даже и по сёлам. А там у них в «Польще» (т.е. под Велижем) чаю не знают: всё водка, и корчмы для того ў них не только в деревнях, но и по дорогам”.

Галоўным апанентам гарбаты выступала, канешне ж, кава. Калiсьцi таксама сустрэтая ў Рэчы Паспалiтай не без забабонаў i кпiнаў (бо мода на яе прыйшла ад найгоршых ворагаў – туркаў), да пачатку эпохi падзелаў кава паспела не проста заваяваць папулярнасць, але зрабiцца сапраўдным нацыянальным напоем. У параўнаннi з гарбатай кава мела больш чым стогадовую фору, якая прытым супадала з апошнім стагоддзем незалежнага iснавання. Таму досыць натуральна, што для многiх патрыётаў кава, у адрозненне ад гарбаты, сiмвалiзавала часы былой "залатой вольнасцi”.

Адгалоскі былой вайны сімвалаў, кавы і гарбаты, дажылі і да нашых дзён. Вядомы ў свой час віленскі графаман А.Уладзіміраў, нястомны змагар супраць "польскай інтрыгі”, у 1874 г. выдаў невялікую брашурку на 36 старонак пад назовам «Чай и вред его для телесного здоровья — умственный, нравственный и экономический», у якой абвінаваціў у распаўсюджванні "шкоднай” травы даўно вядомых ворагаў Расіі. А ужо ў наш час, у 1995 г., у кнізе «Чай и водка в истории России» яшчэ адзін вядомы графаман В.Пахлёбкін, аматар гарбаты, але да кічлівых ляхаў і іх хаўруснікаў настроены роўна непрыхільна як і ягоны папярэднік, не ведаючы рэальнай біяграфіі Уладзімірава, выкрыў у ім... "літоўскага шляхціча Уладзіславаса Мінгайле Даўгялу”, які нібыта па заданні Ватыкана і германскіх імперыялістаў фальшыва дыскрэдытаваў гарбату, каб не даць рускаму народу далучыцца да гэтай крыніцы здароўя! Лёгкасць, з якой Пахлёбкін выкрыў "шпіёнскую” генеалогію свайго суайчынніка, які насамрэч выконваў абавязак перад Імперыяй у заўжды ненадзейнай Вільні паслядоўна і верна, шмат кажа пра метадалогію ягонай працы. Вось так, ці то літвіны хочуць атруціць даверлівы рускі народ кітайскімі зёлкамі, ці то наадварот, падступна хаваюць надзвычай карысныя кітайскія зёлкі, але ў кожным разе, дзейнічаюць варожа, па-здрадніцку. Пі на здароўе (толькі з асцярожнасцю!) і гарбату і каву, шаноўны чытач. Але хай гэтая кур’ёзная гісторыя прымусіць цябе лішні раз задумацца, на чыім баку твае сімпатыі ў гэтай шматвекавой і шматмільённай гульні дзвюх цывілізацый....
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (07.06.2008) | Аўтар: Алесь БЕЛЫ
Праглядаў: 10558 | Тэгі: гарбата, Алесь Белы | Рэйтынг: 2.5/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.