Пятніца, 26.04.2024, 00:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

13, або Спроба аўтавівісекцыі
На Беларусі ў Анатоля Кудласевіча адна за адной выйшлі 2 кнігі – «Пераход» («Мастацкая літаратура», 2013) і разглядаемыя тут «13 дзён» («Галіяфы», 2014). Акрамя таго, адзначым два таўшчэзныя замежныя выданні гэтага Аўтара: двойчы выдадзеную рускамоўную раман-хроніку «Переписка с миллионерами» (Таронта, Канада, 2015, 418 с.; Саарбрукен, Германія, 2015, 500 с.), разлічаную хутчэй на масавага чытача, дынамічную ў развіцці сюжэта і прыцягальную для многіх лейтматывам узбагачэння, і зборнік вершаў і прозы «Тройчы адзіны» (Таронта, Канада, 2015, 333 с.).



«Беларускія» ж кнігі вельмі падобныя паміж сабой. І… вельмі розныя. Падобныя перш за ўсё па душэўнай узрушанасці многіх твораў, з якой яны напісаны. Розныя, бо ў першай з названых кніг Аўтар ужываўся ў душы герояў (яны – адчуваецца вельмі востра – мелі сваіх прататыпаў), а творы другога выдання выплаўлены, за некаторым выключэннем, з асабістай душэўнай субстанцыі, у прынцыповым існаванні якой пісьменнік не толькі не сумняваецца, але і пераконвае чытачоў. Прычым А. Кудласевіч не саромеецца паралельна раскрываць сакрэты асабістай пісьменніцкай кухні (прынамсі ў «Трынаццаці днях з дзённіка Антона Кудлатага»), ледзь не тэхнічна паказваючы, якім чынам адбываецца творчы працэс, па-эксгібіцыянісцку выварочваючы сваё душэўнае нутро. Такія свайго роду вопыты аўтавівісекцыі. Возьмем пачатак:

«Я не ведаю, што гэта: аповед ці пераказ, споведзь ці пропаведзь, адкрыццё ці духоўны вопыт? Я нічога не выдумаў, а ўсё, што апісваецца, перажыў на самай справе. Не напісаць гэта я не мог, але пытанне: ці я пісаў? Дакладней, я проста запісваў — гэта мой выратавальны круг, кінуты вышэйшай Сілай, каб я змог выплысці да людзей.

Таго, хто сумняваецца, што гэта чысцюткая праўда, адсылаю да людзей, якія сутыкаліся са мной з 26 кастрычніка па 7 лістапада мінулага года, або да тых літаратараў, якія штодзённа запісваюць свае ўражанні і думкі. Колькі ні прымушаў сябе, не мог рэгулярна весці такія запісы, а толькі тады, калі нейкія Сілы абступаюць мяне з усіх бакоў сцяною і ў мяне застаецца вузенечкі віхлясты калідор, па якім я выбягаю да сябе нармальнага, — вось у такія часы я і хапаюся за "дзённік” і запісваю ўсё, што са мной адбываецца.

Наколькі гэта магчыма для чалавека, захаваў усё так, як было ў маіх абрывістых і ліхаманкавых запісах: штосьці згубілася, штосьці я парваў і выкінуў ці спаліў — яго ўжо ніколі не вернеш, як нельга павярнуць назад нават імгненне нашага жыцця. Я захаваў усе словы, думкі (нават недарэчныя), якія прыйшлі ў "тым” стане, захаваў паслядоўнасць запісаў і храналогію датаў, калі гэта адбывалася. Адзінае, што прыўнёс ад сябе, — гэта архітэктоніка. Безумоўна, лепш было б надрукаваць так, як было ва ўрыўках, напісаных маёю рукою: на пачках цыгарэт, на старонках кніг, газет і часопісаў (што траплялася пад руку), нават на шпалерах і на далоні сваёй рукі, — але гэта немагчыма таму, што мой почырк магу чытаць толькі я і пішу іншы раз не толькі словамі, а і знакамі, "меткамі”, вядомымі толькі мне "вузлякамі на памяць”. Безумоўна, рукапісны варыянт лепей пераконваў бы ў тым, што я не ўмею хлусіць у такіх рэчах» (с. 3–4).

Прабачце за аб’ёмнасць цытаты, але лепей адзін раз убачыць напісанае Аўтарам, чым сто разоў перачытаць інтэпрэтацыю крытыка.

Галоўнай тэмай твораў А. Кудласевіча становіцца сэнс жыцця. Гэта – калі глянуць павярхоўна. Таму падаецца банальным. Насамрэч – не толькі, а часам і не столькі жыцця, але і смерці. Яна вісіць над чалавекам (memento mori!), падштурхоўваючы мыслячых жыць – годна, узважваючы кожны крок, кожнае слова. Паміраць збірайся, а жыта сей – у адрозненне ад лацінскага афарызму беларуская прымаўка больш важкая і больш ясная. На тое і нацыянальны характар культуры. А творы А. Кудласевіча вельмі добра, можна сказаць, паказальна ўпісваюцца ў матрыцу беларускага нацыянальнага Слова.

«На маю думку, гэтая рэч без пашкоджанняў будзе існаваць толькі ў беларускім літаратурным сусвеце, яе нельга перакласці на іншую мову, хаця б таму, што ў беларускай мове слова "Ісус” складаецца з чатырох літар, а ў рускай з пяці; што слова "вось” у роднай мове гэта і ўказальная часціца, і стрыжань, на якім штосьці круціцца, што "справа” — гэта значыць з правага боку і, калі сказаць па-руску, то гэта яшчэ і "дело” і г. д., што яшчэ раз пераконвае: беларус, паляк, (латыш, іспанец…) можа вытлумачыць і спазнаць сябе, спасцігнуць нейкія ісціны толькі той мовай, якую даў Бог, таму што перад тым Ён даў яму душу беларуса або іспанца, а ўжо потым ён пачаў вучыць СВАЮ мову як адэкватнае адлюстраванне беларускай ці іспанскай душы, замацаванае ў слове. Вывучаючы мову — спазнаеш сябе, а спазнаваць сябе праз іншую мову — тое ж самае, што калоць дровы хірургічным скальпелем. Мова не цацка, мова — Дух!» (с. 5).

Такое пацверджанне знаходзім у тых жа «Трынаццаці…», якія далі найменне ўсяму зборніку, як сказана ў анатацыі, духоўнаму. Але не толькі смерць «адухаўляе» прадстаўленыя ў кнізе творы. Побач з праблемаю часовасці чалавека, у цеснай сувязі з ёю Аўтар спрабуе вырашыць і пытанне пра ісціну – калі не абсалютную, дык хаця б практычна жыццёвую. А яна не даецца лёгка.

Герояў А. Кудласевіча, відавочна, не проста турбуюць – вярэдзяць! – розныя нюансы ў сувязі з галоўнымі, тут намі абгаворанымі аспектамі. Уздымаемая праблематыка не абыходзіць нікога. Асабліва яна выспельваецца ў чалавеку на зары яго свядомага, самастойнага шляху, калі навальваюцца пытанні рознага плана – ад бытавога ўзроўню да філасофскага. На іх патрэбна адказаць. Каб жыць, мінімізаваўшы той верад (цалкам яго ліквідаваць сапраўднаму homo sapiens’у наўрад ці магчыма). Вось і Аўтар адказвае. Прычым якраз у сваім раннім, яшчэ «дахрыстовым» узросце. Адказвае для сябе (калі фармулюе адказы), але і для іншых (калі публікацыяй апрылюднівае іх). Адказвае не фармальна – перад сваім сумленнем, смела гледзячы ў вочы людзям, баючыся Бога.
З азначанай прычыны кніга А. Кудласевіча будзе запатрабаванай у студэнцкім асяродку. Асабліва так званы дзённік. А калі ж ён трапіць да філолага, дык будзе яшчэ і добрым практыкумам у літаратурных фарматах, якія для Аўтара, такім чынам, сталі вынікам выкрышталізацыі-сублімацыі пошукаў. Бо тут – не толькі традыцыйная проза, але і графічныя творы рыхтык Сімяон Полацкі, як, напрыклад, на с. 28:

«— Што мы ведаем пра сябе і пра сусвет?… І для чаго? І як?..

Усё зразумела з самім сабою: вельмі проста тут, адзін на адзін; вельмі складана там, з людзьмі — дзе ісціна: тут? Там? Пасярэдзіне, паміж людзьмі і мною? Дзе? — ісцін не можа быць дзве. Мяне зноў уразіла трыадзінства ў пытаннях і ў адказах. Зноў трыадзінства Божае, якім прасякнута ўсё! Я вырашыў паказаць гэта графічна і сеў за машынку:
Чаму вельмі проста тут адзін на адзін?
І чаму вельмі складана там?….
Дзе ж можа быць
І
С
Ц
І
Н
?А?
Ці тут? Ці там?
Ці яна пасярэдзіне?
І тут ісціна. І там яна. І пасярэдзіне».

Увогуле калі чытаць з максімальнай сур’ёзнасцю «Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага» (а начай хіба і немагчыма), трэба рыхтавацца да сумесных перажыванняў з героем. Аўтар здолеў стварыць адпаведны ўзровень сугестыі. Але чытанне таго варта. Таму што разам з носьбітам раскудлачанай жыццёвымі сумневамі і экзістэнцыйным неспакоем душы чытач мае выйсці ачышчаным: «…і таму перад тым, як пастаўлю кропку, кажу вам свой запавет, здабыты і зразуметы на краі бездані: бойцеся зачараваных кругоў і не ганяйцеся за Сатаною па чортавым коле, не рабіце яму клеткі і не намагайцеся смяяцца з яго, а то пасмяецца ён з вас, як пасмяяўся некалі з Гогаля, які спаліўвае рукапісы...» (с. 60).

Тая ж праблемная звязка прысутнічае ў апавяданні «Сустрэча з Ярасветам». На прыкладзе галоўнага героя, які, па ўсім відаць, перажыў нешта накшталт клінічнай смерці, чытач вучыцца не паўтараць чужых памылак. Канечне, як сведчыць бясконцае мноства падобных сітуацый, вучоба тая праходзіць дарэмна. Але нават кропелька чысціні, прыўнесеная ў гэты свет, – гэта каштоўны ўнёсак у перавагу шаляў святла над цемрай. Фабула наступная: маладому чалавеку, цела якога спала, паказалі яго жыццёвы шлях, мінулы і будучы – ад пачатку да канца, з усімі добрымі і прыкрымі ўчынкамі, а пасля прадаставілі выбар вяртацца або не – у сваё цела.

«— Я не хачу паміраць так нечакана! — запратэставаў чалавек. — Я хачу яшчэ жыць! Хачу прывычнага.

— А навошта? І дзеля чаго? Каб стаць яшчэ горшым, чым ты ёсць зараз? Ты ж бачыў, што будзе далей. І запомні: смерць заўсёды будзе нечаканасцю. І табе ўсё будзе мала і мала, і заўсёды будзеш прасіць адтэрміноўкі і не нажывешся ніколі, не надыхаешся… І чым болей будзеш жыць, тым цяжэй табе будзе, тым больш пачнеш загрузаць у пазыкі, якія трэба сплочваць… тым цяжэй табе будзе потым адарвацца ад свайго свету… і гэтага не мінеш. І зноў будзеш стаяць перада мною, перад выбарам далейшага, і зноў будзеш прасіцца. Трэба адважыцца! Адзін раз, пасля будзе лягчэй. Усё адно не пазбегнеш выбару: днём раней, днём пазней — але гэта нічога не зменіць, да гэтага прыйдзеш! Сёння ты малады, моцны, а пасля…» (с. 72).

Здавалася б герой скараецца перад гэтай жалезнай логікай – і вырашае сысці з жыцця ў той момант. Але – раптам успомніў: «Маці! А як жа маці? Яна не перажыве маю смерць!» (с. 73). Гэта становіцца паваротам да працягу існавання і згадаецца толькі напрыканцы зямнога шляху: «Чалавек успомніў сваё — і яму стала прыкра і балюча: як жа так? Ён забыўся на самае важнае і галоўнае — жыў, як давядзецца, не думаючы ні аб чым, а недзе там, у чорным космасе, яго ўжо даўно чакаюць» (с. 76). Моцная дыдактыка. Але ці ўспрымецца яна? Тут Аўтар сам даволі скептычны. Аднак і не без патаемнай надзеі – той, стральцоўскай, з «эпітафіі апавяданню», якое тым не менш працягвае ланцужок рэінкарнацый у іншых аўтараў: «О, вядома, не шмат логікі ў ім (у апавяданні. – А. Т.), але ж не шмат логікі і ў стратах, што прыносяць нам лета ці вясна, зіма ці восень. Ёсць, на жаль, рэчы, непадуладныя нам, але ж ёсць і суцяшэнне, ёсць і надзея. У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсць таксама. О, паэт да таго ж бывае яшчэ крыху забабонным. Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць, ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды – бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг».

Сюжэты твораў А. Кудласевіча нібыта выдуманыя. Прынамсі яны не могуць быць рэалістычнымі. Разам з тым ці ж мала невытлумачальнага рацыянальна ў жыцці кожнага з нас? Таму дапушчальна, што ў творцаў ступень ірацыяналізму па жыцці значна большая і яны могуць насамрэч перажываць некаторыя пераўвасабленні – калі не «за ўсе мільярды двухногіх» (У. Караткевіч), дык хаця б за некаторых. Так, у апавяданні «Ад Крыжыка да крыжа» караткевічаўскай «бяздоннай трывогай» за чалавецтва пачынае жыць галоўны герой Віктар: «…і ў няшчасці, у горы, і ў смерці ўсякага чалавека кожны з нас вінаваты асабіста. Няма чужой бяды. Калі мы пад адным сонцам — няма! Усе знітаваны паміж сабой, як пупавінай, звязаны крэўнай і роднаснай сувяззю…» (с. 88). У той жа час развіццём падзей даказваецца, што клапаціцца варта перадусім пра сваіх родных, дакладней, менавіта з іх пачынаючы дарыць свету сваю любоў і па-караткевічаўску «распятае сэрца».

Да лепшых твораў разглядаемай кнігі А. Кудласевіча аднясём яшчэ два – «Вазоны» і «Жэзл Жалезны, або Глядзіце, такога не бывае!». Першае апавяданне – пра фрагмент будзённасці з пераменамі настрою героя, які прыходзіць да не новай, але пазітыўнай і патрэбнай кожнаму высновы: «Аказваецца, падораная аднойчы чалавеку радасць абавязкова вяртаецца назад. А мы так часта сумняваемся ў гэтым» (с. 97). Другое – «фантастычная навела з перасцерагаючай рэальнасцю» – «аб незвычайным феномене Пятровіча», які раптоўна адчуў здольнасць лятаць.

Можна лічыць гэты опус А. Кудласевіча пэўным літаратурна-мастацкім водгукам на аповед вядомага сучаснага пісьменніка Барыса Пятровіча «Неба пад нагамі і вакол». Канкрэтыку адказу, аднак, без дадатковых тлумачэнняў Аўтара нам хіба не спасцігнуць. У цэлым абодва творы розныя. Хоць іх і можна назваць сучаснай інтэрпрэтацыяй класічнага «отчего люди не летают так, как птицы?»: «Чаму Бог не даў чалавеку крылаў? Магчыма, адрываючыся ад зямлі, хоць зрэдку ён пераконваўся б у сваёй нікчэмнасці і мізэрнасці, убачыў бы, што свет, у якім жыве, — хісткі, кволы і нетрывалы, і ўсё ж такі, прыгожы! Да болю ў ваччу прыгожы! Глядзець і не наглядзецца. Няўжо гэтага мала? Усім хапіла б месца пад сонцам. Чаму ж людзі ніяк не прыйдуць да згоды і суладдзя хаця б паміж сабою, не гаворачы пра іншых жывых істот, што насяляюць зямлю. I трапляюцца вылюдкі, якія намагаюцца захапіць і сваё, і чужое месца — адсюль і ўсе беды, усе войны» (с. 113–114). Можна было б вырашыць, што А. Кудласевіч закладае нейкую іранічнасць у адрас творчасці калегі па пяры, але ж яшчэ ў «Трынаццаці…» аўтар дзённіка прызнаецца: «Уключыў святло. Зноў ухапіў "Крыніцу”. Знайшоў "Планіду” Пятровіча… Чытаю… Тое ж самае… І ён ведае! У яго тое ж кола, з якога трэба вырвацца. Тыя ж праблемы: зачараванае кола, кругаварот жыцця, замкнуты ланцуг падзей і здарэнняў, кругавая парука людзей і дзеяў, парука ў хлусні і няшчырасці — словам, квадратура круга, і для таго каб выжыць, трэба рашыць гэтую задачу. Я плакаў…» (с. 21). Таму пакінем аналіз Кудласевічавага кагнітыўнага дысанансу іншым, размясціўшы пры гэтым у сістэме ўмоўных пісьменніцкіх каардынат названых твоцаў дзесьці поруч.

Другая палова кнігі (як у сэнсе аб’ёму, так і колькасці твораў), шчыра кажучы, надала выданню літаратурна-мастацкай вартасці не шмат. Апавяданне «Здымай боцікі!» яшчэ-такі можна прыняць і пахваліць Аўтара за ўдалае, арганічнае сумяшчэнне камізму і драматызму ў разыгранай па ролях сітуацыі драматурга Ягорава і рэжысёра Зубчыка. Апошні лічыць: «Творчасць — гэта гульня! Чалавек па натуры сваёй гулец. Спачатку ён гуляецца з соскаю, потым з цацкамі, затым у футбол гуляе, валейбол… Хто на што майстар. Адзін гуляецца шахматамі, а другі — жанчынамі. А твае пісьменнікі проста гуляюць у літаратуру. Ёсць такая гульня па сваіх правілах» (с. 137). З ім не пагаджаецца служачы Слова і даказвае на практыцы, як так званая гульня становіцца жыццём.

Аднак «раман у жанры палітычнага памфлета» «Халасты», які разгортвае сюжэт яшчэ адной амерыканскай трагедыі, хоць і мае «правільную» мараль, але больш нагадвае «мыльную оперу», дзе кіпяць, фантаніруюць пачуцці ад кахання да нянавісці з дамешкам крымінальнага чытва.

Больш прываблівае «сучасная містэрыя» «Сонкус», у якой дзейнічаюць (на беларускай зямлі!) побач з людзьмі нашай з вамі рэчаіснасці (некаторыя персанажы – напрыклад, адзін палітык – маюць рэальных, лёгка ўгадваемых прататыпаў) і асобы з далёкага мінулага (Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая), і архангелы. Завязкай твора становіцца з’яўленне на небе (толькі над Беларуссю ўзору 1995 года) двух сонцаў. Улада прадпрымае меры, каб сітуацыя ў сувязі з гэтым не выйшла з-пад кантролю, і ўвогуле асэнсоўвае, што рабіць пры такіх акалічнасцях. Даходзіць да ўвядзення «прагрэсіўнага падатка на дабаўленае сонца» (с. 286).

Неабходна высока ацаніць характарастварэнне ў «Сонкусе», пачынаючы з рэпрэзентацыі персанажаў. Праводзіцца іх своеасаблівая, але вельмі сімвалічна-характарыстычная градацыя па адзенні – ад «залатога аблачэння» архангелаў да чорных і чорна-шэрых строяў міністраў і кіраўніка дзяржавы. Паэт, напрыклад, апрануты ў «сярэбрана-белае, з залатымі крапінкамі і чорна-шэрымі лапікамі» (с. 241). Адпаведна выпісаны і дзеянні ды выказванні асоб (Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая гавораць вершавана рытмізаванаю моваю). Атрымаліся, як адмыслова паводле энцыклапедыі, вобразы людзей, акрэсленыя з вядомай паўнатой і індывідуальнай вызначанасцю, праз якія раскрываюцца як гістарычна абумоўлены тып паводзінаў (учынкі, думкі, перажыванні, мова), так і характэрная для аўтара маральна-этычная канцэпцыя чалавечага існавання.

У п’есе ўздымаюцца праблемы сацыяльна-палітычнага характару. Яны, дарэчы, за 20 гадоў з часу напісання твора аніяк не прытупіліся. На вялікі жаль для Беларусі і яе народа. Таму сутнасна містэрыя набывае выразныя рысы сатыры і трагіфарсу.

Завяршаецца дзейства судом:
ТУРАЎСКІ. Каму больш дадзена, з таго і запыт большы, хто быў апошнім — стане першым.
ПОЛАЦКАЯ. Каб розную і ўсякую на свеце спраўдзіць праўду.
ПАЭТ. Яшчэ дадам. Да прэзідэнта, помню, не дастояцца ў чарзе, няхай сягоння пачакае.
ТУРАЎСКІ. Пачнём? Хто першы? А ты куды? Назад! Ты сёння, прэзідэнт, адным з апошніх будзеш, каб зведалі нарэшце людзі, што й прэзідэнтаў судзяць. (с. 299)

Трэба прызнаць, аднак, што тэхнічна не ўсё ўдалося Аўтару, які ці не ўпершыню выступае драматургам. У разгортванні дзейства назіраецца пэўная разбэрсанасць. Адчуваецца, што рэалізацыя зместу ўзяла верх над формай. Магчыма, нехта знойдзе і перабор у фарбах. Зрэшты, гэта справа густу, у тым ліку патэнцыяльнага рэжысёра, бо штука яўна просіцца на сцэну. 

У «Трыпціху "Снегавікоў”» і «Вертыкаліях» А. Кудласевіч даў волю свайму памкненню да авангардных форм, якія часам пракідваліся ў яго іншых творах. Нягледзячы на прэваліраванне гэтым разам формы над зместам, апошні яўна не надуманы, абумоўлены перажытым самім Аўтарам. Аднак гэтыя творы саступаюць у мастацкім плане класічнаму фармату прозы пісьменніка.

Напрыканцы для больш зразумелага тлумачэння назвы нашай рэцэнзіі заўважым, што жыццё А. Кудласевіча суправаджае лічба «13». Ён пры гэтым не лічыць яе энергетыку негатыўнай. Наадварот. Думаецца, уяўная ці не, але магічнасць гэтай лічбы сапраўды ўплывае на мастацкія тэксты творцы, у тым ліку разгледжанай кнігі. Лепшыя апавяданні маюць невытлумачальную сілу прыцягнення, прычыны якой не паддаюцца асэнсаванню, літаратуразнаўчаму аналізу. Менавіта такая метафізіка і павінна быць у мастацкіх тэкстах. Гэта тое, што называюць душой. Яе надзіва шырока, экстравертна і адкрывае А. Кудласевіч у прадстаўленым выданні.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (05.08.2015) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - "Верасень"
Праглядаў: 1883 | Тэгі: Анатоль Кудласевіч, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавіцкі раён, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.