Пятніца, 19.04.2024, 06:13

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

28 жніўня – Дзень калектывізацыі
Сёння ўжо мала хто памятае гэту дату. Між тым сёлета менавіта з калектывізацыяй звязана некалькі юбілеяў. Абазначым іх у храналагічным парадку.

null
Свята "зажынкі" ў калгасе "Сцяг Леніна"
вёскі Вялікія Круговічы. 1980-я гады

1929 г. – пачатак масавай калектывізацыі ў Савецкім Саюзе (на той час Заходняя Беларусь уключна з Ганцаўшчынай уваходзіла ў склад Польшчы).

1939 г. – пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР тут арганізоўваюцца першыя калгасы (на Ганцаўшчыне такім стаў калгас імя Сталіна ў Дзяніскавічах).

1949 г. – пачатак масавай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі, у тым ліку ў нашай мясцовасці.

Драматычныя падзеі 80-гадовай даўніны, звязаныя з першай датай, абмінулі Ганцаўшчыну. Але, як аказалася, міне толькі дзесятак гадоў – і "заходнікі" на сваёй скуры паспытаюць вабноты савецкага ладу жыцця.

Акрамя Дзяніскавіч, у 1939–41-х гг. калгасы арганізавалі ў найбольш буйных вёсках: Раздзялавічах, Вялікіх Круговічах, Чудзіне, Задуб'і. Для абслугоўвання гаспадарак была створана машынна-трактарная станцыя (МТС), якая знаходзілася ў Вялікіх Круговічах і мела тады 5 трактароў і адзін прычапны збожжаўборачны камбайн.

МТС выконвала яшчэ і ролю прапагандыста – штурхала сталінска-бальшавіцкую ідэалогію ў масы. У той час вёскі запаланілі розныя агітатары, што расказвалі (часта даволі прымітыўна, як кажуць, лічачы людзей за дурняў) пра перавагі сацыялістычнага ладу, пра дзівосы савецкіх дасягненняў, праводзілі антырэлігійную кампанію. Да прыкладу, у Круговічах святамі на Юздрыку (так называецца мясцовасць, дзе стаіць царква) пад'язджала машына з МТС. Агітатар прапаноўваў: тых, хто скажа, што не верыць у Бога, павазіць за гэта. Людзі за рэдкім выключэннем цураліся такіх "атракцыёнаў". Аднак, трэба адзначыць, шматлікія агітацыйныя лекцыі наведвалі з цікавасцю. Ды і як было не цікавіцца тымі людзьмі, што, апяваючы райскае жыццё ва ўсходняй частцы рэспублікі, самі адтуль прыехаўшы, выглядалі, па сведчанні гістарычных крыніц, ледзь не абарванцамі! Як успамінаў кругавец Аляксандр Чабатарэнка, дзяцінства якога прыпала на той час, да іх зайшлі худыя, у зашмальцаваных гімнасцёрках і ледзь не босыя савецкія салдаты з камандзірам, каб "перакусіць". Пад добрую беларускую самагонку, ласуючыся салам, шырэйшым за далонь, пахучым кумпяком, пальцам пханаю каўбаскаю, што для іх было дзівам-дзіўным, камандзір з набітым ротам толькі прыгаворваў: "Мы вас вызвалім з-пад панскага прыгнёту!"

Да вайны з Германіяй суцэльную калектывізацыю правесці не паспелі, аб'яднаўшы ў сярэднім 6% ад агульнай колькасці гаспадарак. Яна не набыла тады яшчэ татальна жорсткіх, прымусовых метадаў; як правіла, калектыўныя гаспадаркі засноўваліся на экспрапрыіраваных землях эміграваўшых ці дэпартаваных памешчыкаў і асаднікаў. Аднак першыя ахвяры калектывізацыі з'явіліся ўжо тады. У многіх вёсках найбольш заможныя гаспадары былі вывезены ў Сібір.

З вызваленнем Беларусі ад нямецкіх захопнікаў быў узяты курс на аднаўленне дзеючых да вайны і стварэнне новых калгасаў. Аднак яны былі створаны хіба што фармальна, бо так і не змаглі ўвосень 1944 г. правесці пасяўную азімых. Удалося толькі рэальна аднавіць работу МТС, якая была перавезена з Ганцавіч, куды яе перавялі немцы, у Круговічы. Улада вырашыла даць "ачомацца" людзям ад ваеннага ліхалецця і не заганяць іх у напаўгалоднае калгаснае існаванне, пачатак якога добра апісаны ў творах нашага земляка-малосянца Віктара Гардзея.

Масавая арганізацыя калгасаў на Ганцаўшчыне прыпадае на перыяд 1949-1950 гг. 12 лютага 1949 г. выйшла дырэктыва раённага партыйнага сходу, паводле якой на пачатак вяснова-пасяўной кампаніі 1949 г. неабходна было мець калгасы ў кожным буйным населеным пункце раёна. Колькасць калгасаў у раёне тады пераваліла за 30 і аб'ядноўвалі яны на канец 1949 г. толькі трэцюю частку прыватных гаспадарак. Палешукі не хацелі аб'ядноўвацца, не імкнуліся пад гнёт калгасна-прыгоннай сістэмы, смак якой, відаць, за гады ваенных нягод не забыўся. Хіба што самыя бедныя, каму не было чаго губляць, ішлі ў калгас, спадзеючыся на паляпшэнне свайго эканамічнага становішча і сацыяльнага статуса (многія з іх станавіліся дробнымі начальнікамі). Арганізацыю калгасаў ускладняў узброены супраціў палешукоў, ахвярамі якога станавіліся актывісты калгаснага руху. Але і арганізатары калгасаў хадзілі са зброяй. Як успамінаў мой дзед, які з дзесяццю гектарамі зямлі лічыўся серадняком, да яго прыйшлі заганяць у калгас людзі з вінтоўкамі. Указаўшы на плойму дзяцей, ён мовіў прыкладна наступнае: "У калгас паміраць галоднаю смерцю і асуджаць на яе сям'ю не пайду. Вось у вас стрэльбы, дык можаце хоць застрэліць, бо працаднямі ўсё адно не наясіся".

Круговіцкая МТС на пачатак 1949 г. мела ўсяго 7 трактароў на некалькі гаспадарак, таму ў асноўным праца вялася ўручную і з дапамогай цяглавай сілы. А ў 1958 г. МТС была ўвогуле расфарміравана з выкупам тэхнікі калгасамі.

Тагачасныя калгасы атрымлівалі вельмі кепскія ўраджаі: напрыклад, збожжавых – да 5 ц/га, бульбы – каля 50 ц/га. Адсутнасць зацікаўленасці спрычынілася да таго, што вяскоўцы працавалі абы-як. Як яны казалі, у калгасе добра жыць: адзін робіць, сем ляжыць. Нягледзячы на пагрозу быць кінутым у лагер, людзі таемна складалі і пераказвалі прыпеўкі:

Не забіў нас Гітлер люты,
– Мы парвалі яго путы!
Дык задушыць Сталін нас,
Як загоніць у калгас!

Паралельна з калектывізацыяй адбывалася і "раскулачванне" – экспрапрыяцыя ў найбольш заможных гаспадарках аднаасобнікаў часткі рухомай і нерухомай маёмасці. Прычым яна працягвалася не адзін год. Калі аднаасобнік не здаваўся і не ішоў у калгас, то яго зямлю моцна абрэзвалі, пакідаючы неўрадлівыя глебы, адбіралі коней. Цяглавай сілай у гаспадарцы на пэўны час станавіліся нават звычайныя каровы (у чым можна правесці паралелі з ваенным і пасляваенным часам).

Калгаснікі ў Савецкім Саюзе з'яўляліся і фармальна, і фактычна людзьмі другога гатунку, іх становішча нагадвала статус прыгонных сялян. Чаго варты хаця б той факт, што яны да 1960-х гг. не мелі пашпартоў, што рэзка абмяжоўвала іх у магчымасці змяніць працу на лепшую ці ўвогуле куды паехаць (за выключэннем якой цаліны ці БАМа). Таму моладзь выкарыстоўвала любыя магчымасці, каб вырвацца ў горад. Так, хлопцы пасля войска імкнуліся зачапіцца за які завод. Доўгі час калгаснікі працавалі за так званыя працадні: ім ставіліся "палачкі" за выхад на працу, а ў канцы года адбываўся разлік, як правіла, у выглядзе натурпрадукту (збожжа, бульбы), а грошай у некаторых гаспадарках маглі не даць зусім. Ад голаду ратавалі рэшткі прыватных гаспадарак, бо калгасных "заробкаў" і блізка не хапала сем'ям, у якіх тым часам нярэдка было па пяцёра і больш дзяцей. Але і прыватную гаспадарку утрымліваць было цяжка, бо гэта азначала сплачваць вялікія падаткі: за кожную пядзю зямлі, за кожную курыцу, за кожную яблыньку...

Паляпшэнне становішча калгасаў і калгаснікаў адбылося толькі з 1960-х гг., асабліва калі дзяржава пачала дзяліцца з сельскай гаспадаркай прыбыткам, атрыманым за продаж карысных выкапняў (нафты, газу, вугалю). Да таго ж распачалася ў вялікіх маштабах меліярацыя, і па першым часе асушаныя глебы давалі добрыя ўраджаі, якія, аднак, ужо ў канцы 1980-х гг. пайшлі на спад, бо асушаныя землі пачалі ператварацца ў пясчаныя пустыні.

Сёння ў Беларусі захоўваецца калгасная сістэма, хаця многія калгасы (у тым ліку на Ганцаўшчыне) з'яўляюцца нерэнтабельнымі і не могуць пракарміць самі сябе. А калгаснікі па-ранейшаму маюць параўнаўча нізкі сацыяльны статус. Цікава, што тыя людзі, якія адпакутавалі ў калгасах за нішчымныя працадні, сёння атрымліваюць найменшыя пенсіі (200 тысяч з капейкамі). Вось так аддзячыла дзяржава сваіх амаль рабоў.

Відаць, таму і не святкуецца Дзень калектывізацыі, бо ў ёй было і ёсць мала святочнага і радаснага для сялянаў.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (04.09.2009) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3524 | Тэгі: дзень калектывізацыі, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/11
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.