Аўторак, 23.04.2024, 19:04

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Малое Сяло – Мінск


Менавіта так можна назваць свежую падборку вершаў нашага знанага земляка В. Гардзея, змешчаную на старонках вядучага ў літаратурнай галіне беларускага часопіса "Полымя" (№8, 2008) пад назвай "Божай ласкай ураджаю быць!.." Справа ў тым, што, як адлюстравана даціроўкамі, апублікаваныя творы ствараліся або яшчэ школьнікам, або ўжо ва ўзросце, які дазваляе паэту пайсці на заслужаны адпачынак (чым, праўда, ён не спяшаецца скарыстацца, працягваючы плённую працу на ніве мастацкага слова). Геаграфія зразумелая: школьнікам Віктар Канстанцінавіч жыў у роднай вёсцы, зараз жа з’яўляецца сталым жыхаром сталіцы.

Паколькі паэтычная нізка мае назву, ёсць рацыя меркаваць, што гэта – вершы, падабраныя не выпадкова, а прадумана, да таго ж, пэўна, і размешчаныя яны паводле нейкага парадку, структуры. Большасць з іх друкуецца ўпершыню.

Адкрываецца публікацыя сёлетнім вершам "Шукаю героя…". Кінуўшы пагляд на пройдзены творчы шлях, паэт дэкларуе:

Не выдумка гэта, не мроя –
З тых дзён, калі быў малады,
Свайго я шукаю героя,
Ды нават згубіў і сляды.


Лірычны канфлікт вырашаецца двухсэнсоўна. З аднаго боку, герой паэта "з хаты абжытай пайшоў", "схаваўся ў зялёнае жыта, і вось усе звесткі аб ім". З боку іншага, паэт усведамляе, што такіх герояў і так нямала. Такім чынам, пытанне застаецца адкрытым, яго канчатковае вырашэнне адкладаецца.

Наступныя вершы рэпрэзентуюць шырокі тэматычны спектр, які, трэба адзначыць, быў характэрны В. Гардзею адпачаткова. Так, думкі школьніка з палескай глыбінкі сягаюць касмічных маштабаў ("Космас"), вяртаючыся тут жа да родных "Баравікоў", асэнсоўваюць надзённасць ("У вучнёўскай брыгадзе") і часы даўно мінулыя ("Дрыгавічы"). А сталаму паэту зусім не чужыя тэмы "Чэрвеньскага сну":

Дзіўна ўскінуліся бровы
Пры сустрэчы за смугой.
Сон, з дзяўчынкай, каляровы
Сніўся чэрвеньскай парой.
Хоць і ўздыхаецца ў канцы:
Гэты сон – як падарунак
Мне, прабегламу ў жыцці.


Веданне творчасці В. Гардзея хоцькі-няхоцькі падштурхоўвае да пошуку ў кожнай новай яго публікацыі радкоў пра малую радзіму. І гэты разам творца не здрадзіў сваёй традыцыі, прысвяціўшы колісь верш не проста Малому Сялу, а назовам яго наваколля.

Лясы, сухадолы, пагоркі,
І скрозь пералескі відны.
Бараціна, Горская, Боркі –
Багата што кажуць яны…
Імшэчак, Прасека, Дадаткі –
Назовы дайшлі праз вякі…

На пытанне, чаму ж паэт ад самага пачатку свайго творчага шляху такую ўвагу ўдзяляе, кажучы навуковай мовай, лаконімам, тут жа даецца адказ:

Пяшчотныя, простыя словы.
Удзячны бясконца я ім.
І родных ваколіц назовы
У сэрцы заўсёды маім.


Чыста тэхнічны погляд на паэтычную нізку прыкмячае ў вершах апошняга часу мінорную танальнасць. Так, "Успамін пра кросны" на "зімовай" старонцы хоць і прасякнуты цёпла-настальгічным сумам выпісвае зусім не сонечную агульную палітру,

Бо ткуць і ткуць у мройным часе кросны
Усё такое ж чорнае сукно.


Затое побач змешчаныя "Зімовы эцюд" і "Камертон", народжаныя маладосцю, маюць цалкам адваротны характар:

Гук струны ўзахліпку
Пастаяў і знік.
Гэта ладзіць скрыпку
Месяц сакавік.


І калі б не адзінае выключэнне з шэрагу свежых вершаў – "Рабінавая ноч", то падалося б, што паэт перажывае нейкі перыяд упадку жыцёвых сілаў, дэкадансу. Аднак той факт, што менавіта гэты верш даў назву усёй нізцы, прадвызначае яго знакавасць і для нізкі, і для жыццёвага перыяду творцы, які зусім не збіраецца паддавацца змрочным настроям:

Назаўтра – сонца, вылет галубіны.
Араць і сеяць, страх начны забыць.
Даспеюць рана ягады ў рабіны,
Дык Божай ласкай ураджаю быць!


І хоць паэт болей не звяртаецца ў гэтай нізцы да тэмы пошукаў свайго героя, з кожным вершам становіцца зразумела, што галоўным ягоным героем з’яўляюцца радзіма і жыццё чалавечае. Абедзьве тэмы атрымалі паэтычна-філасофскае асэнсаванне, пачатак якому быў закладзены амаль паўвека таму – у галаве, а хутчэй у сэрцы сельскага хлапчука, надзеленага неабыякім літаратурным талентам і найлепшымі чалавечымі якасцямі. А схільнасць да філасафічнага мінору ў большасці новых твораў заканамерная: яе навейвае сталасць узросту. Таму "Калінавы мост" можна разглядаць як метафару жыццёвай дарогі:

Бераг левы гудзе пад нагамі,
Бераг правы вядзе на пагост.
Неўпрыкмет над сівымі вірамі
Захістаўся калінавы мост.


Паэт зноў робіць аглядку на пражытае, заўважае яго мімалётнасць ("Там не хопіць якойсьці хвіліны азірнуцца на буйства зары…"), адзначае неспакой аднаго берага і няўтульнасць другога (прычым у берагах бачацца і прыхаваныя вобразы дзвюх асноўных месцаў пражывання паэта – малой радзімы і сталіцы) і тым не менш не закрывае вочы на цвет каліны і на нейчы плач у зялёных лугах (алегорыю супярэчнасцей жыцця чалавечага).

У такім часопісе, як "Полымя", даўно сфарміраваўся свой, як прынята сёння казаць, фармат, галоўнымі пастулатамі якога, бадай, з’яўляюцца акадэмізм і традыцыя, што, дарэчы, часам прыпадабняе творчасць розных аўтараў. Але паэзія В. Гардзея адметная і ў палымянскім кантэксце. Больш таго, нягледзячы на тую адметнасць, яна ўражвае менавіта сваім акадэмізмам зместу і формы, хоць "акадэміку” падчас напісання яго многіх нядаўна апублікаваных перыёдыкам вершыкаў было нейкіх 15-17 гадоў.

Пад канец напісання водгуку успомнілася вечная дыскусія ў літаратурных колах адносна таго, што ж называць маладымі вершамі. Існуе два асноўных адказы: 1) маладыя вершы – гэта творы маладых, 2) толькі-толькі напісаныя опусы. У дадзеным выпадку мы бачым і тое, і другое. Таму гэты водгук з поўным правам можна было б намінаваць і наступным чынам – "Маладыя вершы Віктара Гардзея". А нам, чытачам, застаецца толькі спадзявацца, што наш таленавіты зямляк прадаставіць яшчэ не адну магчымасць напісаць аналагічны водгук на чарговую падборку сваіх паэтычных твораў пад ужо прыдуманай для той падборкі назвай, прыведзенай зараз як альтэрнатыўны прыклад.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (04.12.2008) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3133 | Тэгі: Віктар Гардзей, Літаратурная Ганцаўшчына, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.