Субота, 20.04.2024, 14:54

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Зводная табліца дэмаграфічных ацэнак Віленшчыны першай паловы ХХ стагоддзя: нацыянальны аспект.
Якімі былі этнічныя суадносіны ў Вільні і прылеглых да яе сельскіх раёнах у час стабілізацыі фармавання нацыянальнасцей (у сучасным разуменні) для пазначанага рэгіёну, сказаць адназначна немагчыма: розныя перапісы і розныя даследчыкі трактавалі нацыянальныя пытанні па-рознаму ў залежнасці ад тэндэнцыйнасці, методыкі і валодання матэрыяламі. Вялікую ступень складанасці ўносяць міграцыйныя працэсы тагачасся: бежанства (падчас першае сусветнае вайны тэрыторыю пакінула шмат беларусаў; на пачатку другое сусветнае вайны Віленшчына папоўнілася палякамі з заходняе і цэнтральнае частак ІІ Рэчы Паспалітай, дзе адбываліся ваенныя дзеянні), перасяленне (у міжваенны перыяд рэгіён павялічыў долю польскага насельніцтва за кошт прыезджае адміністрацыі, асаднікаў, вайскоўцаў etc., а некаторыя беларусы і асабліва яўрэі эмігравалі за Атлантыку; пасля пераходу Вільні і яе ваколіц у склад Літвы імкліва ўзрастала колькасць літоўскага насельніцтва) і, безумоўна, рэпрэсіі (савецкія, якія закранулі масы палякаў і вынішчылі беларускую інтэлігенцыю Вільні, і фашысцкія, пасля якіх шматвяковае развіццё яўрэйскае нацыі ў рэгіёне засталося ў гісторыі). 

Найбольш інтэнсіўна міграцыі адбываліся ў ваенныя часы, напрыклад, колькасць жыхароў Вільні вагалася ад 200 тысяч у мірны час да ніжэй 140 тысяч у ходзе абедзьвюх сусветных войнаў. Наогул жа першая сусветная вайна з перакрэсленнем межаў і стварэннем (ці спробамі стварэння) новых дзяржаў стала каталізатарам перагляду этнаграфічнага складу ва Ўсходняй Еўропе і – адпаведана – этнаграфічных мапаў, якія да таго часу адлюстоўвалі “расселение народов достаточно стабильно”. “Все заинтересованные страны одновременно обнаружили “несоответствие” этнических границ на всех русских и зарубежных картах (папярэдняга перыяду – А.Т.), как будто бы Белоруссия до этого времени была могущественной империалистической державой, которая несправедливо захватила территории своих соседей и еще оказала влияние в свою пользу на составителей немецких, австрийских, русских этнографических и лингвистических карт”. 

Адной з асноўных цяжкасцей у дадзенай праблеме з’яўляецца адсутнасць аўтаідэнтыфікацыі значнай часткі насельніцтва тагачасся, называнне сябе не іначай, як “тутэйшымі”. Варта заўважыць, што ў той жа час Ян Станкевіч даводзіў: аўтонімам “тутэйшыя”, якім карысталася большая частка насельніцтва Віленшчыны, называюць сябе адно беларусы, прычым не толькі на Віленшчыне, а па ўсёй Беларусі, дзе яны жывуць, адзначаючы гэтым сваю тэрытарыяльную і нацыянальную прыналежнасць. Блізкія да такой самай думкі нават некаторыя з польскіх даследчыкаў тагачасся. Да іх належыць З. Урбаньскі, у выданні якога 1932 г. гаворыцца, што “для многіх беларусаў нацыянальнасць была тоесная веравызнанню, сваю мову ж яны называлі часта “тутэйшай”. 

Пры ўсім пры тым можна казаць пра нейкі дыяпазон, у межах якога, магчыма, і будзе знаходзіцца працэнт той ці іншай нацыянальнасці ад агульнага складу насельніцтва. Для гэтага выкарыстана як мага болей крыніц, пачынаючы з усерасійскага перапісу 1897 г. Паводле іх складзена наступная табліца, галоўным недахопам якое з’яўляецца практычная немагчымасць уліку трансфармацый адміністрацыйных дзяленняў і дакладнага ахопу менавіта тых тэрыторый, якія нас цікавяць, але ў асноўным характарыстыка крыніцамі нацыянальнага складу насельніцтва Віленшчыны дастаткова празрыстая, ва ўсялякім разе яна дазваляе прасачыць тэндэнцыйнасць крыніц і эвентуальнасць нацыянальнага складу насельніцтва рэгіёна. 

У табліцы праілюстравана, што перапісы маюць некаторыя разыходжанні і часта тэндэнцыйна адлюстроўваюць рэчаіснасць. Гэта адбывалася па дзвюх прычынах, з двух зацікаўленых бакоў – таго, які праводзіў перапіс, улады, і перапіс каго праводзіўся, насельніцтва. Першы бок дзейнічаў у рэчышчы дзяржаўнае палітыкі, што абумоўлівала падыходы і крытэрыі да перапісу; другі, залежны ад тое палітыкі, мог (і часта гэта рабіў) скажаць рэчаіснасць, каб выказаць лаяльнасць да ўладаў, ці баючыся нейкай дыскрымінацыі. Таму на гэта трэба рабіць абавязковую папраўку, акцэнтуючы ўвагу на выніках найменш зацікаўленага ў той ці іншай ацэнцы суб’екта. Што тычыцца, напрыклад, беларусаў ды іх тагачасных стасункаў і суадносін з палякамі і літоўцамі, што выклікае вострыя дыскусіі і сёння, то ў вызначэнні іх колькасці актуалізуецца расійскі перапіс 1897 г. (зразумела, з папраўкамі далейшых змяненняў, у ходзе якіх доля беларусаў на Віленшчыне змяншалася), да таго ж гэта адзінае фундаментальнае дэмаграфічнае даследаванне, праведзенае на гэтых землях да першае сусветнае вайны, пра ўплыў якой казалася вышэй. Каштоўнасць таго перапісу (як бы не адпрэчвалі яе польскія даследчыкі) уяўляецца яшчэ і тым, што беларускаму адраджэнню спрыялі асобы менавіта прапольскае арыентацыі, якія былі зацікаўлены ва ўзмацненні самасвядомасці беларускае нацыі як самастойнага (перадусім ад пануючых тады расейцаў) этнасу, але зусім не за кошт зніжэння долі польскага элементу ў рэгіёне (пра што было “забыта” палякамі ў ХХ ст.). Таму завышаць лічбу ці працэнт беларусаў Імперыі таксама было нявыгадна, а калі яна пайшла на крок прызнання маштабнасці і адметнасці беларусага этнасу, то, відаць, вымушана была гэта зрабіць з-за абставін, якія не дазволілі адбыцца “Северо-Западному краю” як ускрайку метраполіі, хоць – не забывайма – забарона беларускае мовы існавала да 1905 г., да таго ж, паводле Мітрафана Доўнар-Запольскага, у выніку няўдалае палітыкі расійскага кіраўніцтва, якая “ўхілілася ад падтрымкі беларускай нацыянальнасці”, атрымаўся эфект паланізацыі краю. Калі развіваць тэзіс пра адмаўленне Масквою беларусам у этнатоеснасці і аўтэнтычнасці, экстрапалюючы яго на нашу праблему, то выкрышталізоўваецца выснова, што колькасць беларусаў, паводле перапісу 1897 г. (які ў параўнанні з наступнымі мае найбольшыя паказчыкі беларускага насельніцтва на Віленшчыне), таксама заніжана. Аднак усе дадзеныя паказваюць, што непасрэдна ў Вільні ў першай палове ХХ ст. пражывала няшмат беларусаў. А што тычыцца сельскае мясцовасці, то перапісы і ацэнкі выяўляюць тэндэнцыю ўзрастання іх вакол Вільні і Трокаў, дзе існавалі іх кампактныя пасяленні. 

Немалаважным у аналізе статыстыкі перапісаў з’яўляецца рэлігійна-канфесійны фактар: часта насельніцтва “расцягвалася” паміж польскаю і расійскаю нацыянальнымі прыналежнасцямі на аснове таго, дзе быў ахрышчаны чалавек – адпаведна ў касцёле ці царкве. Дэмографы-навукоўцы ў сваіх інтэпрэтацыях, як правіла, рабілі карэктуру тым адхіленням (з прынцыпамі і методыкай інтэпрэтацый вучоных можна азнаёміцца, адшукаўшы іх працы, указаныя ў спасылках). Дарэчы, рэлігійна-канфесійны фактар стаўся чыннікам зніжэння дадзеных пра колькасць менавіта беларускага насельніцтва (і не толькі на Віленшчыне). Таму Мікола Волаціч падтрымлівае гісторыка і географа прафесара Станіслава Любіча-Маеўскага, які 5 красавіка 1940 г. у сваёй лекцыі, чытанай у Вільні, казаў, што “да 1919 г. ніякай каланізацыі Палякамі беларускіх зямель не было, ніхто з Палякаў сюды (на т. зв. Заходнюю Беларусь – А.Т.) масава не прыязджаў. Толькі пад уплывам вонкавых абставінаў польшчылася мясцовая беларуская шляхта, а прыезд сюды Палякаў пачаўся ад 1919 г. <...> Аб нейкіх мясцовых Паляках тут няма і мовы. У гэтак званых “мясцовых” Палякаў няма і капелькі польскай крыві”. “ІІІ Літоўскі Статут з 1588 г., што абавязваў на Беларусі (Заходняй) да 1840 г., – цытуем цяпер непасрэдна М. Волаціча, – надалей пакідаў у сіле ўвесь час абавязваючы закон, які забараняў чужынцам (Палякам і іншым) купляць зямлю й сяліцца на Беларусі й Жамойдзі”. Сам М. Волаціч вылічвае польскую іміграцыю на “крэсы паўночна-ўсходнія” у перыяд 1919 – 1931 гг. у межах 260 тысяч чалавек, з якіх у Віленскім ваяводстве асталявалася 85 тысяч.

Сярод польскіх жа даследчыкаў даходзіць да таго, што пры дапамозе практычна аднолькавых аргументаў яны робяць ледзь не супрацьлеглыя высновы (гледзячы, якая лепей будзе пасаваць іхняй канцэпцыі, а гэта ўжо пахне сафістыкаю – прынамсі ў адным з выпадкаў). Так, Леон Васілеўскі ў пачатку ХХ ст. меркаваў, што літоўцы/жмудзіны паланізаваліся, засвоіўшы перад гэтым беларускую мову (абеларусіўшыся), бо з дапамогай яе лягчэй было пераняць мову польскую. А Галіна Турска ў міжваенны перыяд даводзіла, што для беларускага люду польская мова мела толькі культурнае значэнне, пазбаўленае ўтылітарных момантаў, “tak wyraznie uwypuklajacych sie w procesie polonizacji Litwinow”. “Bialorusin, – цытуем далей, – nie mial klopotow jezykowych: rozumial jezyk polski i rosyjski, sam byl przez Polakow i Rosjan rozumiany, a w stosunkach z Litwinem ten ostatni byl strona przystosowujaca sie. Dlatego wloscianin bialoruski nie odczuwa potrzeby porzucenia swego jezyka, ktory jest dla niego zyciowo zupelnie dogodny”. Паўстае лагічнае пытанне, ці паланізаваліся носьбіты беларускае мовы (у тым ліку абеларушаныя літоўцы), ці яе хапала для кантактаў са славянамі – у адрозненне ад людзей, якія валодалі толькі літоўскаю моваю, няроднаснаю і незразумелаю на памежжы са славянамі. Супярэчнасці ў канцэпцыі знаходзяцца і ў самога Л. Васілеўскага, які ўказвае на шматлікія шляхі даплыву польскага элементу на Літву (гістарычную – А.Т.), якая нібыта стала адкрытай па заключэнні Люблінскай уніі (1569), чаго, як указаў вышэйзгаданы М. Волаціч, насамрэч не адбывалася. Аднак, М. Доўнар-Запольскі заўважыў, што па сцвярджэнні самога Л. Васілеўскага, працэс паланізацыі народных мас, які адно пачаўся перад паўстаннем 1863 г., пры пераемніках М. Мураўёва зрабіў найбольшыя поспехі. Ці не эфектам менавіта тых поспехаў, а не ранейшага даплыву польскага элементу, сталася прысутнасць “польскага” насельніцтва на Беларусі? 

Як бачна з табліцы, найменш спрэчак вялося вакол яўрэйскага насельніцтва, наяўнасць якога насамрэч было цяжка “падтасаваць” у той ці іншы бок: яўрэі, як правіла, карысталіся сваёй мовай (ідыш), а што тычыцца рэлігіі, дык ледзь не татальна вызнавалі іудаізм, да таго ж яны кампактаваліся ў гарадской мясцовасці і звычайна займаліся гандлем ці нейкім рамесніцтвам. А вось насельніцтва славянскага паходжання з-за адсутнасці “цвёрдых” прыкмет той ці іншай нацыі неаднаразова зведала змену нацыянальных бірак. У асноўным насельніцтва “дзялілі” ўсходні і заходні суседзі беларусаў. А да ідэнтыфікацыі жыхароў Віленшчыны спрычыніліся яшчэ і літоўцы/жамойты ў пошуках этнічна-гістарычнае прыналежнасці гэтага рэгіёну менавіта да іхняе дзяржавы, створанай па першай сусветнай вайне. Такім чынам, (між)дзяржаўная палітыка вельмі часта генерыравала вынікі дэмаграфічных даследаванняў. Але сёння відавочна тое, што з усіх бакоў, якія былі зацікаўлены ў тым, каб “знайсці” на Віленшчыне чым больш сваіх супляменнікаў, самую слабую палітычную сілу, амаль неканкурэтназдольную – з прычыны розных гістарычных абставінаў (у першую чаргу з-за малога бальшавіцкага імперыялізму) – мелі беларусы, што і дазволіла суседзям маніпуляваць масамі насельніцтва ў сваіх мэтах (мне невядома прынамсі ніводнага не тое, што нейкага дэмаграфічнага даследавання, праведзенага з беларускіх пазіцый у тагачассе, а нават грунтоўных аналітычных ацэнак нацыянальнага складу насельніцтва Віленшчыны ці іншага рэгіёна, зробленых беларускімі інтэлектуаламі; ці не самым важкім здабыткам тут з’яўляецца “Геаграфія Беларусі” А. Смоліча 1919 г.). Менавіта гэтыя маніпуляцыі, у ходзе каторых і па сённяшні дзень кропкі над “і” не расстаўлены, наводзяць на думку пра прэваліраванне ў Віленскім рэгіёне ў першай палове ХХ ст. перадусім беларускага нацыянальнага элементу, ва ўсялякім разе сярод той, зусім немалое часткі насельніцтва, якая давала глебу для такіх маніпуляцый. А гэта, як відаць з табліцы, не многа не мала больш за палову жыхароў краю. 

Зразумела, гэтыя ўсе заўвагі да табліцы не могуць стопрацэнтна аб’ектываваць дадзеныя. Аднак відавочна, без аніякага зважання на фактары, якія ўносілі блытаніну ў статыстыку, дэмаграфічная панарама Віленшчыны першай паловы ХХ ст. так і застанецца за смугою беспрасветнага туману.
null

Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (26.03.2009) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 3995 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.