Чацвер, 25.04.2024, 17:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Мая вялікая маленькая радзіма
Комплексны разгляд дапамагае зразумець многае ў шматвяковым развіцці пасяленняў. На карысць такога шляху схіліла яшчэ і тое, што мае карані звязаны ў аднолькавай ступені з абедзвюма вёскамі.

На багатую гісторыю маёй малой радзімы ўказвае наяўнасць у яе ваколіцах надзвычай вялікай колькасці курганоў, многія з якіх застаюцца і па сённяшні дзень незарэгістраванымі археолагамі, а многія ў ходзе асваення чалавекам прыродных рэсурсаў ужо сцёрты з твару зямлі. Сярод мясцовага насельніцтва з-за смугі часу склалася ўяўленне пра гэтыя пахаванні як пра магілы загінуўшых тут шведаў стагоддзі са тры таму, адсюль і адпаведныя назвы -- Шведскія магілы ці Капцы. Насамрэч узрост курганных могільнікаў нашмат большы. Паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, самыя старажытныя з іх датуюцца канцом Х ст. Такі пахавальны абрад на гэтых землях існаваў недзе на працягу трох стагоддзяў і належаў ён не каму іншаму, як нашым далёкім продкам: у VIII-Х ст. усю тэрыторыю Прыпяцкага Палесся насяляла ўсходнеславянскае аб’яднанне плямён -- дрыгавічы.

Афіцыйная ж гісторыя вёсак пачынаецца з XVI ст. У 1569 г. (дарэчы, цалкам верагодна, супадзенне з годам заключэння Люблінскай уніі не выпадковае, а самае непасрэднае) пасяліўся ў гэтай мясцовасці польскі пан з 28 прыгоннымі, якіх прывёз з сабою. Аднак таксама трэба мець на ўвазе, што да XIX ст. галоўным зводам законаў княтсва Статутам у трэцяй яго рэдакцыі (1588) было забаронена валоданне зямель ВКЛ замежнымі грамадзянамі, няхай сабе і з саюзнай Польскай Кароны, з якою ВКЛ стварыла канфедэрацыю. А вось культурная асіміляцыя пальшчызнай ужо тады пачалася, асабліва сярод шляхецкага саслоўя. Таму, магчыма, што той нібыдта польскі пан з'яўляўся ўсяго толькі католікам па веравызнанні, але ліцьвінам (беларусам) па этнічнай прыналежнасці. Рукамі прыгонных хутка быў пабудаваны панскі маёнтак.

Неўзабаве вакол яго, на круглай паляне ўтварылася невялікая вёсачка, якую засялілі прыгонныя. Легенда сцвярджае, што менавіта ад гэтай паляны, а дакладней ад слова "круг” і ўтварылася назва вёскі -- Кругловічы, якая неўзабаве набыла сённяшні выгляд.

Круговічы хутка раслі і ўжо ў канцы XVII ст. былі адным з самых буйных паселішчаў у нашай мясцовасці.

Не нашмат пазней, напрыканцы XVI ст., магчыма, шляхам "адпачкавання”, па суседству ўзнікла яшчэ адно пасяленне, пазначанае на картах па гісторыі тагачасся як Ляхавічы. Некаторыя слушна заўважаюць, што назву сваю гэтая вёска атрымала ад слова "лях”, бо была заселена ў асноўным палякамі, якіх у народзе звалі "ляхамі” (не выключана, што таксама беларусамі, якія перайшлі ў каталіцкую ці уніяцкую канфесію; аднак існуе гіпотэза, быццам прыгонныя Ляхавіч, мяркуючы па прозвішчах, мелі заходнеславянскае паходжанне, напрыклад, найбольш распаўсюджанае -- Муха -- неспарадычна сустракаецца ў Чэхіі, на Беларусі ж яго, мусіць, больш нідзе няма). Затым нейкім чынам вёска змяніла назву на Малое Сяло (побач жа месцілася сяло значна большае). Цяжка сказаць, ці Малое Сяло мела царкву; гэты фактар канкрэтней вытлумачыў бы паходжанне назвы, бо, як вядома, сялом пачыналі называць весь пры наяўнасці такой сакральнай пабудовы. Як можна лагічна меркаваць, у станаўленні сённяшніх назваў вёскі мелі ўзаемаўплыў: спярша Малое Сяло (пры страце адпачатковай назвы -- Ляхавічы) "дапамагло” Круговічам стаць Вялікімі, а потым ужо пад іх уздзеяннем само стала Круговічамі, але -- адпаведна -- Малымі. Як ужо вышэй сказана, рэшткі гэтых трансфармацый, захоўваючыся ў памяці мясцовых жыхароў ледзь не на генетычным узроўні, і дасюль не даюць трывала замацавацца афіцыйным назовам вёсак.

Вёскамі за шматвяковую гісторыю іх існавання валодаў не адзін панскі род, часам вакольная зямля разам з яе насельнікамі здавалася ў арэнду. Так, у пачатку XVII ст. пасля смерці нейкага пана Альбрыхта Шчаснавіча Кавячынскага1, які, відаць, не меў сыноў, вёскі ў якасці маярату перайшлі да яго дачкі Гальшкі. Яна выйшла замуж за Паўла Віроўскага, што неўзабаве таксама памёр, пакінуўшы пасля сябе сына Альбрыхта. Догляд за ўсімі сёламі, землямі ды лясамі, якія займалі ўсю паўночна-ўсходнюю частку сённяшняга Ганцавіцкага раёна, мела Гальшка, што, пабраўшыся другі раз, стала Пясецкай. 3 дасягненнем паўналецця, паводле тэстаменту бацькі і дзякуючы шчодрасці маці, Альбрыхт Віроўскі атрымаў сваю долю маярату, у якую, акрамя іншага, увайшла частка "сяла Ляхавіцкага” "і з прыдаткам чатырох аселых валок у сяле Круговіцкім”.

Мабыць, нешта не спрыяла ўсталяванню стабільнага валодання вёскамі адным родам з перадачай спадчыны па мужчынскай лініі. Ужо ў сярэдзіне гэтага ж стагоддзя маёнтак Круговічы, фальварак і падданыя, якія жылі ў вёсках Круговічы і Ляхавічы, былі аддадзены ў арэнду пану Керсаноўскаму. Па існуючым дакуменце-актацыі, у якім падрабязна пералічваецца ўся гаспадарка абедзвюх вёсак, можна зрабіць шмат цікавых назіранняў пра тагачасны лад жыцця на нашых землях простых людзей. Абсалютная бальшыня іх была занята працай на зямлі. Як правіла, кожны гаспадар меў па паўвалокі (1 валока - 21,36 гектара). Зямлю апрацоўвалі звычайна валамі, якіх трымалі па аднаму-два, зрэдку ў гаспадарцы быў хоць адзін конь. У шмат якіх ляхавіцкіх гаспадарках зусім не мелася цягла. Былі свае бондары, бортнікі, рымары, півавары. Акрамя натуральнага падатку, сяляне павінны былі адпрацоўваць паншчыну -- штотыдзень шэсць дзён за валоку (такім чынам, па тры чалавекадні ад гаспадаркі з дзесяццю гектарамі). Некаторыя былі вольнымі ад паншчыны, але мусілі сплочваць чынш. Цікава, што з пералічаных у дакуменце прозвішчаў да сённяшніх часоў дайшлі толькі лічаныя: Лелес, Муха ды Гардзей, у якога "вырас” колішні Гардзейчык. 3 адлегласці сённяшняга часу трохі дзіўным здаецца той факт, што ў сяле Круговічы, мяркуючы па актацыі, мелася дзесь на дзесятак меней двароў, чым у Ляхавічах, дзе было каля 50 сялянскіх гаспадарак. Але ў Круговічах стаяў панскі маёнтак і фальварак, што і вызначала "цэнтральнейшую” ролю вёскі і стварала перадумовы для яе разрастання.

У далейшым да гаспадарання ў гэтых краях мелі дачыненне Абуховічы, Чапскія і адзін з самых магутных еўрапейскіх родаў -- Радзівілы. Найбольшае ж па часе валоданне вескамі было ў Абуховічаў (сама мала паўтара стагоддзя), памяць пра якіх і сёння захоўваецца сярод людзей.

Гістарычна склалася, што Круговічы ў сваім рэгіёне былі, можна сказаць, цэнтральнай вёскай. Такое становішча не змянілася пасля захопу нашых зямель у 1793 г. Расійскай Імперыяй. Пасля адмены прыгоннага права і стварэння ў губернях Паўночна-Заходняга краю валасцей, цэнтр адной з дзвюх на тэрыторыі сённяшняй Ганцаўшчьны ўсталяваўся менавіта тут. У 1869 г. у Круговічах была адарыта аднакласная царкоўнапрыходская школа (першая ў наваколлі), што трохі пазней пераўтварылася ў земскае народнае вучылішча. У сярэдзіне XIX ст. да Круговіцкага царкоўнага прыходу далучылі суседні малаколькасны Агарэвіцкі і неўзабаве пабудавалі новую Георгіеўскую царкву, якая захавалася да сённяшніх дзён (нагадаю, наяўнасць царквы ў вясковым населеным пункце павышала яго афіцыйны статус да сяла). Па меркаванні айца Івана Круговіцкай Георгіеўскай царквы, узрост царквы насамрэч большы, бо па некаторых прыкметах яна спярша выконвала функцыі уніяцкага храма, пераўтворанага затым у праваслаўны. А ліквідацыя уніяцтва наступіла у 1839 г.

Да Круговіцкага праваслаўнага прыходу належалі такія населеныя пункты, як Гута, Любашава і Ганцавічы. Праз Ганцавічы ўжо тады праходзіла чыгунка, што ператварала іх у мястэчка. Акрамя праваслаўных, у Круговічах жылі і католікі (па ацэнцы Уладзіміра Ільіча Рапейкі, яны складалі ледзь не трэцюю частку ад агульнай колькасці жыхароў вёскі, але гэта не значыць, што католікі з’яўляліся па нацыянальнасці палякамі). Міжканфесійных сварак у Круговічах не было, але пабрацца шлюбам праваслаўным з католікамі ці тым больш іудзеямі было практычна немагчыма. Недзе ў 1920-х гг. пан Абуховіч збудаваў каплічку. На жаль, з атэістычных часоў панавання бальшавізму яна стаіць занядбанай. Гістарычныя перыпетыі з нашай краінай, відаць, не праходзілі паўз гэтыя землі. Да канца XIX ст. колькасць двароў не толькі не магла пераўзысці часы сярэдзіны XVII ст., калі маскоўская навала Івана Жахлівага (Грознага) пакінула пасля сябе меней паловы насельніцтва нашых зямель, але і сур'ёзна зменшылася. У 1816 г. Круговічы і Малое Сяло мелі адпаведна па 20 і 12 двароў. Да 1886 г. Вялікія Круговічы змаглі павялічыцца толькі на восем двароў і налічвалі 231 жыхара. Дэмаграфічны і гаспадарчы значны рост адбыўся толькі недзе на пераломе стагоддзяў. На пачатку XX ст. у вёсках было ўжо 92 двары з 520 жыхарамі ў Круговічах і 66 двароў з 424 жыхарамі ў Малым Сяле.

У 1863 г. падчас сялянскага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім удзел у ваенных дзеяннях прынялі і нашы землякі. Адзін з братоў Абуховічаў (як вядома, найбольш актыўнай з’яўлялася шляхта) тады быў сасланы ў Сібір.

Якімі б цёмнымі фарбамі шавіністы не абмалёўвалі культурнае жыццё тагачасных беларускіх вёсак, яно было і было дастаткова багатым, пра што сведчыць невычэрпны фальклорны пласт нашага народа. Што й казаць, Круговічы да самых сацыяльных катаклізмаў 1910-х гг. мелі свой лялечны тэатр2. Гісторыі невядома, колькі стагоддзяў перад гэтым гучалі словы:

Антон маладзенькі вядзе казу зарожанькі,
А Антоніха папіхае - на табаку зарабляе.

Захавалася імя апошняга кіраўніка батлейкі -- Занька Адам Ігнатавіч, якому падчас прадстаўленняў дапамагаў асістэнт. У склад калектыву тэатра ўваходзіў і свой музыка. Не сумняваюся, што тая ж батлейка адыгрывала большую ролю ў культурна-асветным жыцці вяскоўцаў, чым расійская школка, якая мела тым часам ужо чатыры класы і збірала дзяцей навакольных вёсак. Асноўнымі прадметамі былі Закон Божы, стараславянская і расійская мовы, арыфметыка. Апошні настаўнік школы нейкі Сечка (з 1911 па 1914 гг.), па ўспамінах, што пакінулі людзі, ужо даўно памерлыя, вучыць не любіў, часта замест яго заняткі праводзілі старэйшыя вучні. Сам жа ён быў аматарам Бахуса, здаралася, нават на ўрокі прыходзіў на добрым падпітку. Відаць, ён належаў да балота той гора-інтэлігенцыі, што сустрэў Андрэй Лабановіч у гэтай палескай глушы непадалёку ад нашай вёскі.

У далейшым тэндэнцыя дэмаграфічнага росту запаволілася: пракаціліся першая сусветная і грамадзянская войны. Ліхалецці сваімі наступствамі не абміналі нашу мясцовасць. Напэўна, у 1915 г., калі недзе паблізу вёсак праходзіла лінія фронту і побач спыняліся дзве батарэі, панавала эпідэмія тыфусу. Людзі галадалі, бо з-за такой немачы не мелі здольнасці пракарміцца. Якую маглі, аказвалі дапамогу салдаты. Яны палявалі на дзічыну, якой былі багаты нашы лясы, і варылі на ўсіх есці. 3 нагоды Новага года салдаты нават арганізоўвалі ў сяле свята, на якім дарыліся дзецям якія-ніякія падарункі.

Бальшавіцкая ўлада пасля перавароту ў Петраградзе панавала нядоўга. 4 лістапада (па старым стылі) 1917 г. на салдацкім сходзе ў Ганцавічах яна была абвешчана, пасля чаго ў Круговічах арганізаваўся валасны Рэўком (старшыня Цімашкевіч з суседняга Вострава), дзейнасць якога распаўсюджвалася на Рожан, Дзяніскавічы, Любашава, Агарэвічы, Ганцавічы і інш. А на пачатку 1918 г. вёскі апынуліся пад акупацыяй кайзераўскай Германіі.

Пра нейкае разгортванне ў нашай мясцовасці дзейнасці органаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі звестак не захавалася, відаць, да глыбінкі тыя падзеі так і не паспелі дакаціцца. Аднак некаторыя нашы землякі адчулі подых нацыянальнай незалежнасці, пра што сведчыць "Пасьведчаньне Народнага Сакратарыяту БНР Рычарду Сьвяжынскаму за 25 ліпеня 1918 г. у тым, што ён беларус Менскай губэрні, Слуцкага павету, Круговіцкай воласці, вёскі Агарэвічы едзе вучыцца ў Варшаўскі ўніверсытэт”. Незалежнай дзяржаве беларусаў патрэбны былі людзі з еўрапейскай адукацыяй і кіраўніцтва БНР, нягледзячы на цяжкасці жыццёвага характару, спрыяла здольным асобам нават з правінцыі, накіроўваючы іх на вучобу ў лепшыя заходнія універсітэты, пра што за Саветамі людзі і марыць не маглі.

У той жа час да Палескага рэгіёну праяўляла прэтэнцыёзную цікавасць маладая ўкраінская дзяржава, якая адстойвала сваю незалежнасць у барацьбе супраць польскіх і расійска-бальшавіцкіх акупанатаў: на перамовах з расійскімі дыпламатамі ўкраінская дэлегацыя праводзіла сваю паўночную мяжу як раз па Круговічах, хоць украінскасцю тут і не пахла.

У канцы 1918 г. рэгіён зноў заняла Чырвоная Армія, распачаўшы ў хуткім часе барацьбу з адроджанай у Версалі польскай дзяржавай. Слуцкі збройны чын канца 1920 г. хоць і не меў разгортвання ў нашай мясцовасці, аднак, мяркуючы па існуючых матэрыялах, не выключаецца магчымасць удзелу ў ім нашых землякоў, бо ў Ганцавічах фарміраваўся Беларускі полк у 1000 чалавек. 18 сакавіка 1921 г. у II Рэчы Паспалітай (Польшчы) бальшавікі купілі мір, у кошт якога трапіла і паў-Беларусі. Недзе тады ж, паводле польскага перапісу, вёскі мелі: 116 двароў (667 жыхароў) -- Круговічы, 86 двароў (543 жыхары) -- Малое Сяло. Хутчэй за ўсё павелічэнне адбылося ў асноўным за кошт прыезджых на заходнебеларускія землі палякаў-асаднікаў.

Масква не жадала мірыцца са стратай Заходняй Беларусі і ніколі не пакідала планаў вярнуць яе. Таму ледзь ні адразу пасля заключэння мірнага (!) дагавора Крэмль стаў інспірыраваць разгортванне партызанскае барацьбы супраць польскае ўлады, пік чаго прыпаў на 1924 г. У нашых краях дзейнічалі баевікі на чале з К. Арлоўскім (Аршынавым) і С. Ваўпшасавым. Паводле іх справаздачы, 6 лютага 1924 г. 50 дыверсантаў з двума кулямётамі захапілі маёнтак "Агарэвічы” Круговіцкай гміны. Канчатковае мэты дзеянні бандытаў (у асноўным менавіта так іх разглядала мясцовае насельнітва) не дасягнулі: паспаліты люд стаміўся ад шматгадовых ваенных дзеянняў і зусім не імкнуўся ў лясы, каб не правакаваць эскалацыю напружання. Аднак наёмнікі ГПУ/НКВД (паўтаруся, абсалютная большасць іх прыйшла не з мясцовых вёсачак, а была закінута пасля інструктажу з Савецкае Беларусі, таму інакш як наёмнікамі іх і не назавеш) вымусілі ўлады ўвесці ваеннае становішча на нашых землях. Жыхары населеных пунктаў не мелі права выходзіць з хат с 17 да 7 гадзін. Шмат дзе уводзіліся спецыяльныя пропускі ў якасці дазволу на перамяшчэнне ў ваколіцах гміны. Нярэдка паліцыя і войскі акружалі вёскі і наладжвалі татальную праверку жыхароў -- так званую пацыфікацыю. Адсутных абвінавачвалі ў сувязях з ГПУ. Таму ў вачах беларускага селяніна камуністычныя партызаны не выглядалі барацьбітамі за яго долю, як нам часта кажуць гісторыкі, бо наадварот выклікалі неспакой, адрывалі ад мірнае працы.

За палякамі ў вёсках мала што змянялася. І сацыяльны гнёт, і культурная асіміляцыя толькі павялічваліся: мясцовае насельніцтва праследавала ўсё ж тая беспрасветная праца на зямлі і максімум усё ж тыя чатыры класы -- школы "паўшэхнай” (хаця ўзровень навучання ў ёй, неабходна адзначыць, у параўнанні з папярэдняй расійскай павысіўся). Згодна з законам дзеці ў школах павінны былі вучыцца да дасягнення чатырнаццаці гадоў, нават тады, калі ўжо праграма ўсіх класаў вучнем была пройдзена: даводзілася сядзець у адным класе, напрыклад, па два гады і паўтараць ужо засвоены матэрыял. Школа была польскамоўнай і адной з яе задач з’яўлялася нацыянальная асіміляцыя. «Kim ty jeste?” – "Polak mały”. – "Jaki znak twój?” – "Orzeł biały”. Год за годам гэтыя словы вымушаны былі паўтараць дзеці вяскоўцаў з нашых вёсак, насельніцтва якіх заўсёды атаясамляла сябе з беларускай нацыяй, нават у тыя часы, калі значная частка жыхароў Палесся называлася тубыльцамі, тубыльнікамі (г. зн. тутэйшымі). Школьнае навучанне ў "паўшэхнай” школцы з’яўлялася бясплатным, але ўсё адно селяніну было цяжка аснасціць дзяцей (а іх было звычайна не меней трох-пяці ў сям'і) у школу, найперш трэба было думаць, як пракарміцца. Таму ненаведванне школы было нярэдкай з’явай. Абавязковасць навучання ў такіх выпадках прадугледжвала штраф або колькітыднёвае зняволенне бацькоў. 3-за беднасці сяляне звычайна выбіралі другое.

Нельга не пагадзіцца з тым, што нашы землі былі ледзь не самымі адсталымі ў ІІ Рэчы Паспалітай і што эканоміка на іх была цалкам аграрнай. Але памятайма: менавіта за палякамі, у 1925 г. было адкрыта ў Круговічах ці не першае прамысловае прадпрыемства -- цагельня з выкарыстаннем ручной і прымітыўнай механічнай працы, дзе за сезон выпускалася да 30 тысяч цаглін (першы загадчык -- нейкі Гофман, калі меркаваць па прозвішчу, немец альбо жыд). Акрамя таго, у той перыяд функцыянавалі: лесапілка, вятрак (стаяў на Маліцкай гары), а пан Абуховіч меў яшчэ і свой бровар. На пачатак XXI ст. ад панскай сядзібы засталося пару дамоў (дарэчы, і сёння жылых) і згаданая каплічка.

У пошуках лепшае долі тады многія пакідалі радзіму. Шмат з іх перасекла Атлантыку і атабарылася на абодвух амерыканскіх кантынентах (у часы каланізацыі нашых зямель царскай Расіяй і пазней бальшавікамі беларускія сяляне мелі магчымасць -- здаралася што і пад прымусам -- міграваць практычна толькі ў адзін бок -- за Урал, у Сібір).

1-га верасня 1939 г. нападам гітлераўскай Германіі на Польшчу пачалася II сусветная вайна. 3 першых яе дзён у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел і жыхары нашай вёскі: справа ў тым, што прызваныя ў войска з "крэсаў усходніх” звычайна пасылаліся служыць у супрацьлеглы ад сваіх краёў бок, пад Германію, каб не было спакусы ў вьпадку канфлікту перайсці на бок ворага (меркаванне У. I. Рапейкі, які ў першыя дні вайны быў мабілізаваны ў Войска Польскае і трапіў у палон).

Як і ў большасці заходнебеларускіх вёсак, у нас чакалі з усходу лепшага жыцця. У другой палове верасня 1939 г. Чырвоная Армія далучыла "крэсы паўночна-ўсходнія” (Заходнюю Беларусь) да Савецкай Беларусі. Адразу наступілі кардынальныя пераўтварэнні, у якіх многія жыхары вёсак хутка расчароўваліся. На словах выглядала ўсё, здэцца, і няблага, а на справе...

У 1939/40 навучальным годзе ў Круговічах функцыянавала пачатковая школа (чатыры класы), якая з адкрыццём восенню 1940 г. пятага класа стала, як казалі, "растущей” сямігодкай -- няпоўнай сярэдняй школай. Прынамсі фармальна дзеці кругаўцоў і малосянцаў (саманазвы мясцовых жыхароў, лаконімы) ўпершыню атрьмалі магчымасць навучання ў школе на роднай мове, але, па ўспамінах I. М. Гайцюкевіча, настаўнікі, прысланыя аднекуль з усходу, выкладалі па-расійску. Бальшавікі кардынальна мянілі праграму навучання: з ліку прадметаў былі выкінуты: рэлігія, гісторыя і геаграфія Польшчы, якіх замянілі вельмі падобнымі савецкімі адпаведнікамі накшталт гісторыі і канстытуцыі СССР (але гэтымі прадметамі ідэалагізацыя навучання не абмяжоўвалася, матэрыялы ўсіх урокаў мелі адзін прынцып: ганіць капіталізм у любых яго праяўленнях, хваліць сацыялізм, сталінскае аблічча якога зусім не адпавядала яго апісанням на старонках падручнікаў). Для агітацыйнага эфекту дзяцей прымітыўнам чынам стараліся абдурыць, іначай і не скажаш. Па школах вядомы наступны прыклад. Дзяцей прымушалі маліць Бога са словамі: "Бог, Бог, дай пірог!” Зразумела, ніякага пірага не з’яўлялася. Пасля ж прапаноўвалі папрасіць у самога Сталіна, ці ў новай улады, напрыклад: "Советы, Советы, дайте конфеты!” Адчыняліся дзверы, і загадзя падрыхтаваны чалавек уносіў у клас прысмакі. Больш таго, пазашкольнае жыццё вучняў і настаўнікаў улада таксама імкнулася жорстка рэгламентаваць: напрыклад, забаранялася наведваць культавыя ўстановы, на савецкія святы ўсіх вымушалі удзельнічаць у мітынгах і дэманстрацыях.

Шырока прымянялася адміністрацыйна-камандная методыка кіравання жыццём новазанятых тэрыторый. Маладых хлопцаў з восені 1940 г. у "добраахвотна-прымусовым” парадку забіралі на вучобу ў школы фабрычна-завадскога навучання (ФЗН), а мужыкоў 1910 - 1915 г. н. -- на розную працу, у прыватнасці кругаўцы працавалі на будоўлі аэрадрома пад Кобрынам.

Ужо ў 1939 г. пачаліся працэсы калектывізацыі, як паказаў досвед, найбольш страшнай з’явы для сялян. Праўда, яна не набыла тады яшчэ жорсткіх прымусовых метадаў: як правіла, калектыўныя гаспадаркі засноўваліся на экспрапрыіраваных землях эміграваўшых ці дэпартаваных памешчыкаў і асаднікаў. У Круговічах стварылі калгас імя Леніна, які ачоліў тутэйшы жыхар Андрэй Заяц. 3 мэтамі дапамогі калектыўным гаспадаркам раёна ў гэтай жа вёсцы была арганізавана машынна-трактарная станцыя, дырэктарам якой стаў нехта Бубліс, відаць, прыезджы.

У кожнай вёсцы Саветы адкрылі магазіны, якія запоўнілі таннымі таварамі, у прыватнасці газай, паркалем, махоркай, гарэлкай (астатнія два прадукты за палякамі былі пад дзяржаўнай манаполіяй), але ўвогуле маштабы гандлю прыкметна скараціліся, з’явіліся дэфіцытныя тавары і чэргі. У мястэчках з’явіўся так званы "чорны рынак”, дзе можна было набыць неабходныя дэфіцыты за шматкроць большыя за дзяржаўныя цэны.

Напрыклад, гаспадарчае мыла каштавала 120 рублёў (пры трох рублях, устаноўленых дзяржавай), 1 кг масла -- 40-50 руб. (10 руб. -- па дзяржаўных цэнах), 1 кг сала -- 50-60 руб. (9 руб.), 1 кг бульбы -- 1,5 руб. (0,3 руб.), 1 кг цукру -- 40 руб. (5,7 руб.), чаравікі мужчынскія -- 100 руб. (55 руб.) і жаночыя -- 80 руб. (36 руб.). І гэта пры тым, што зарплаты настаўнікаў, лекараў, рабочых знаходзіліся на ўзроўні 200-300 рублёў. За польскім жа часам просты настаўнік меў магчымасць за месячную пенсію купіць некалькі кароў. Гэтыя лічбы яскравым чынам кажуць пра тое, у які бок змяніўся ўзровень жыцця з прыходам бальшавіцкай улады.

У той час абедзве вёскі запаланілі розныя агітатары, што расказвалі (часта даволі прымітыўна, як кажуць, лічачы людзей за дурняў) пра перавагі сацыялістычнага ладу, пра дзівосы савецкіх дасягненняў, праводзілі антырэлігійную кампанію. Да прыкладу, святамі на Юздрыку (так называецца мясцовасць, дзе стаіць царква) пад’язджала машына з МТС. Агітатар прапаноўваў тым, хто скажа, што не верыць у Бога, павазіць за гэта. Людзі за рэдкім выключэннем цураліся такіх "атракцыёнаў”. Аднак, трэба адзначыць, шматлікія агітацыйныя лекцыі наведвалі з цікавасцю. Ды і як было не цікавіцца тымі людзьмі, што апяваючы райскае жыццё ва ўсходняй частцы рэспублікі, самі адтуль прыехаўшы, выглядалі, як сведчаць гістарычныя крыніцы, ледзь не абарванцамі! Як успамінаў А. М. Чабатарэнка, дзяцінства якога прыпала на той час, да іх зайшлі худыя, у зашмальцаваных гімнасцёрках і ледзь не босыя савецкія салдаты з камандзірам, каб "перакусіць”. Пад добрую беларускую самагонку, ласуючыся салам, шырэйшым за далонь, пахучым кумпяком, пальцам пханаю каўбаскаю, што для іх было дзівам-дзіўным, камандзір з набітым ротам толькі прыгаворваў: "Мы вас вызвалім з-пад панскага прыгнёту!”

Напад гітлераўскай Германіі перапыніў савецкую рэарганізацыю вёсак. Часы нямецкай акупацыі сталіся вельмі трагічнымі як для Беларусі ў цэлым, так і яе вёсачак. Удзень не давалі спакою немцы -- аматары беларускіх прысмакаў, асабліва яек і курацінкі. А ноччу нярэдка турбавалі партызаны: ім жа таксама трэба было нешта есці. Даходзіла да таго, што на ноч людзі гналі скаціну пад абарону служачых вермахта -- у гарнізонны бункер, фундамент якога захаваўся да сённяшніх дзён. Узгадаваны бальшавікамі міф пра савецкую партызанку, як пра барацьбу народа і дзеля народа не адпавядае рэчаіснасці, лепшым, але трагічным пацверджаннем чаму з’яўляюцца нічым не абгрунтаваныя ахвяры сярод жыхароў нашых вёсак: часам кіруючыся пачуццямі асабістае помсты, "народныя барацьбіты” пад прыкрыццём ночы заходзілі да селяніна і брутальна распраўляліся з ім. Так, у 1941 г. загінуў Гардзей Мікалай Піліпавіч (1905 г.н.), якога застрэліў партызан-аднавясковец Кунар з-за колішняй сваркі наконт зямельнага надзелу; у 1944 г. быў заведзены ў свой хлеў і застрэлены як нямецкі прыслужнік Муха Іосіф Аляксеевіч (1909 г.н.) з Малых, хоць насамрэч і не супрацоўнічаў з акупантамі, але ў разрад здраднікаў траплялі нават за які пачастунак для немцаў (а без яго ўзнікала пагроза жыццю з боку салдатаў вермахта). Мой дзед таксама ледзь не паплаціўся з жыццём за тое, што, калі гнаў самагонку, добра-такі падпаіў немца. Як сцямнела, завіталі "народныя барацьбіты” і ўжо ледзь не расправіпася з сям'ёй звычайнага селяніна, але ў галоўнага з іх хапіла розуму не даць адбыцца трагедыі. На жаль, такіх фактаў кніга "Памяць” па нашым раёне не падае, хоць яны не былі выключэннем і сваім лёсам тыя людзі не адрозніваліся ад аднавяскоўцаў, якія загінулі ад рук нацыстаў ці іхніх памагатых. Вось такія правалы ў "Памяці”. Цікава, што ў гэтай кнізе згаданыя ахвяры "партызанскай барацьбы” трапілі ў лік ахвяраў фашысцкага тэрору. Уладу дзеля помсты за мінулыя "правіннасці” вяскоўцаў любілі выкарыстаць і тыя, хто падаўся ў паліцыю. Так ад рук былога заляцальніка Радзюка Мікалая (па мянушцы Дзярбун) загінула Гурман Надзея Іванаўна, якая некалі адмовіла яму, выйшаўшы замуж за іншага.

Такім чынам, ні карычневая чума, ні савецкія партызаны, ні атрады польсюх і ўкраінскіх нацыяналістаў, якія дзейнічалі таксама ў палескім рэгіёне, не прыносілі нічога добрага простаму насельніцтву, якое прагла міру. Вайна, пунктам адліку якой трэба лічыць 1939 г., для нашых вяскоўцаў была вялікай, але зусім не айчыннай: спачатку некаторыя з іх ваявалі ў войску II Рэчы Паспалітай, а пасля падзелу яе паміж Германіяй і СССР -- у Чырвонай Арміі (здаралася, адны і тыя ж людзі). Ці можна назваць Бацькаўшчынай дзяржаву, якая забараняла вучыцца на матчынай мове, як было пры Польшчы, і ці стала за няпоўных два гады Айчынай "турма народаў”3? Пытанне, на наш погляд, рытарычнае.

Але якое-ніякое жыццё падчас германскай акупацыі працягвалася. У Круговічах адкрылася нават так званая народная школа на чатыры класы. Была яна нацыянальнага накірунку (наколькі дазваляла акупацыйная ўлада). Цікавы штрых да яе: вучань, пераступаючы парог класа павінен быў вітацца ўсюдваючы руку словамі "Жыве Беларусь!” (паведамленне У. I. Мухі, былога вучня школы, пазней шматгадовага дырэктара Круговіцкай СШ). Наогул жа змест школьнай праграмы змяніўся з усхвалення III Рыма (Масквы і Сталіна) на шанаванне III Рэйха (Германіі і Гітлера). У Ганцавічах праводзіліся настаўніцкія курсы, дзе ў 1942 г. вучыўся, як паведамляе Ціна Клыкоўская, Пётра Ротэнбэрг родам з Круговіч, які з’яўляўся актывістам Саюза Беларускай Моладзі (аналаг камсамолу ў час германскай акупацыі), за што і быў забіты партызанамі.

Школа, аднак, перастала функцыянаваць у 1943 г., бо пачаўся імклівы адток вучняў з яе -- у сувязі з пераменамі на фронце і актывізацыяй дзеянняў савецкіх партызанаў, якія на Беларусі жорстка расправіліся не з адным настаўнікам "народных школ”, расцаніўшы іх мірную працу як калабарацыянізм, згодніцтва. Справа ў тым, што нацыянальна-культурнае развіццё пры германскай акупацыі4 на Беларусі мела болып ліберальныя варункі, чым за Саветамі, яюя нават у час вайны праз паргызанскі рух стараліся знішчаць праявы нацыянальных памкненняў беларускага народа.

7 ліпеня 1944 г. нямецкі гарнізон у Круговічах быў з адноснай лёгкасцю разбіты наступаўшымі часцямі Чырвонай Арміі. У вёсках ізноў усталявалася савецкая ўлада, але "другое прышэсце” бальшавікоў, якіх яшчэ перад вайною вяскоўцы з’едліва "перайменавалі” ў башлыкоў, людзі ўспрынялі, як пераход з агню ды ў полымя. Быў узяты курс на аднаўленне дзеючых да вайны і стварэнне новых калгасаў. Аднак яны былі створаны хіба што фармальна, бо так і не змаглі ўвосень 1944 г. правесці пасяўной азімых. Удалося толькі рэальна аднавіць работу МТС, якая была перавезена з Ганцавіч, куды яе перавялі немцы, у Круговічы. Улада вырашыла даць "ачомацца” людзям ад ваеннага ліхалецця і не заганяць іх у напаўгалоднае калгаснае існаванне.

Масавая арганізацыя калгасаў на Ганцаўшчыне прыпадае на перыяд 1949 -1950 гг. Спачатку (вясной 1949 г.) быў створаны калгас у Малым Сяле -- імя Леніна (першы старшыня Мікалай Міхайлавіч Бэрнат). Нягледзечы на тое, што Круговічы тым часам з'яўляліся цэнтрам сельскага савета і мелі калектыўную гаспадарку яшчэ да вайны, кругаўцы не надта імкнуліся пад гнёт калгасна-прыгоннай сістэмы, смак якой, відаць, за гады ваенных нягод не забыўся (хаця 12 лютага 1949 г. выйшла дырэктыва раённага партыйнага сходу, паводле якой на пачатак вяснова-пасяўной кампаніі 1949 г. неабходна было мець калгасы ў кожным буйным населеным пункце раёна). Як успамінаў мой дзед, які з дзесяццю гектарамі зямлі (усё тою ж паўвалокаю, што і некалькі стагоддзяў таму меў звычайны селянін) лічыўся серадняком, да яго прыйшлі заганяць у калгас людзі з вінтоўкамі. Указаўшы на плойму дзяцей, ён мовіў прыкладна наступнае: "У калгас паміраць галоднаю смерцю і асуджаць на яе сям’ю не пайду. Вось у вас стрэльбы, дык можаце хоць застрэліць, бо працаднямі ўсё адно не наясіся”.

Такое становішча вымусіла ўдзяліць адказныя органы болей увагі з прымяненнем сілавых метадаў. Гэта прынесла плён напрыканцы верасня, калі на карце раёна з’явіўся калгас імя Талбухіна (старшыня Адам Максімавіч Гайцюкевіч). У 1951 г., як таго патрабавала палітыка ўзбуйнення калектыўных гаспадарак, калгасы абедзвюх вёсак былі аб’яднаны пад назвай імя Леніна з цэнтрам у Круговічах (старшыня Рэлік Канстанцін), у 1960 г. пераіменаваны ў "Сцяг Леніна” (бо пасля далучэння нашых вёсак да Ляхавіцкага раёна ў яго складзе аказаліся дзве гаспадаркі з адной назвай). Па тэмпах калектывізацыі Круговіцкі сельсавет працягваў плесціся ў канцы, на кастрычнік 1949 г. маючы толькі 19 % уступіўшых у калгас гаспадарак з іх агульнай колысасці ў 500 двароў (паасобку ў Круговічах і Малым Сяле на 1 лістапада 1948 г. налічвалася адпаведана 230 і 184 двары).

Круговіцкая МТС на пачатак 1949 г. мела усяго 7 трактароў на некалькі гаспадарак, таму ў асноўным праца вялася ўручную і з дапамогай цяглавай сілы. А ў 1958 г. МТС была ўвогуле расфарміравана з выкупам тэхнікі калгасамі. Круговіцкая гаспадарка набыла 5 трактароў і камбайн (брыгадзірам трактарнай брыгады стаў Занька Мікалай Максімавіч).

Пасля вайны адбыўся імклівы рост насельніцтва вёсак. Цэнтр сельсавета, праўда, 16 ліпеня 1954 г. быў перанесены ў Агарэвічы, якія знаходзяцца бліжай да райцэнтра.

Упершыню за сваю гісторыю Круговічы страцілі сваё цэнтральнае значэнне сярод вакольных вёсак. Ужо ў 1944 г. наладзіла функцыянаванне школа-сямігодка, першы выпуск з якой адбыўся ў 1947 г. 3 1951 г. школа пераўтвараецца ў "ростущую” дзесяцігодку -- сярэднюю школу, якая дала першы выпуск у 1954 г. Яе наведвалі, каб атрымаць сярэднюю адукацыю, дзеці са шматлікіх суседніх вёсак (нават з Дзяніскавіч, якія па колькасці насельніцтва значна пераўзыходзілі Круговічы, але на той час яшчэ не мелі сваёй дзесяцігодкі). У Малым Сяле тым часам (з 1958 г.) функцыянавала няпоўная сярэдняя школа. Пасляваеннае пакаленне было такое шматлікае, што Круговіцкая СШ мела па два паралельных класы. Па вайне працягваўся набор юнакоў у вучэльні "Працоўных рэзерваў”, а яго метады сталі яшчэ больш жорсткімі. Часам, па словах У. I. Мухі, адпаведнымі работнікамі ўлады вечарам акружаўся сельскі клуб, дзе праходзілі танцы, і вылоўліваліся патэнцыйныя навучэнцы "хабзайняў”. Гэту з’яву, якая вельмі нагадвае прыёмы фашыстаў, таксама забіраўшых моладзь, у народзе празвалі "хапуном”.

Бібліятэка ў Круговічах адкрылася ў 1944 г. Спярша гэта была хата-чытальня (цяпер у тым доме размяшчаецца амбулаторыя). У 1952 кніжны фонд перанеслі ў памяшканне пабудаванага сельскага клуба, затым, пасля адкрыцця там жа кінабудкі -- у былы панскі маёнтак, які згарэў разам з бібліятэкай у 1964 г. У 1970 г. быў пабудаваны Дом культуры, дзе і размясцілі новую бібліятэку.

У 1960 г. было сфарміравана Круговіцкае лясніцтва, плошча яго склала 8460 га. 1961-1962 гг. прайшлі пад знакам электрафікацыі вёсак. Прадуктыўна працавала цагельня, пасля ўдасканалення тэхналогій выпускаючы за сезон да 3-4 мільёнаў штук цэглы. Да канца 1970-х гг. у наваколлі вёсак ажыццявілі меліярацыю, пасля чаго і без таго невялічкая рэчка Смердзь, якая брала выток каля царквы, пераўтварылася ў бязводную канаву. Старэйшае пакаленне добра помніць, што фауна рэчкі раней была адносна багатай, а шчупакі ў перыяд нерасту і зараз падыходзяць нярэдка па вярхоўях канаў Кудахі5 ледзь не да самага сяла. У 1980-я гг. большасць вуліц абедзвюх вёсак былі заасфальтаваны. Тады ж пабудавалі гандлёвы цэнтр і новую школу, з’явілася цэлая новая вуліца (Лясная), у цагляных дамах якой пасяліліся калгаснікі. Малыя Круговічы не мелі такой увагі з боку ўлады і калгаса, бо з’яўляліся па сутнасці спадарожніцай Вялікіх, але таксама тым часам добраўпарадкоўваліся (канешне, усё гэта разглядаецца па тагачасных мерках, у катэгорыях так званага "развітага сацыялізму”).

1991 г. не прынёс нейкіх значных перамен у знешнім выглядзе нашай вёскі. Але ў свеце адбылася падзея, якой чакала ўся дэмакратычная супольнасць, -- за нечакана кароткі тэрмін "разваліўся” ўшчэнт здэградаваны Савецкі Саюз. Упершыню за дзве сотні гадоў наша мясцовасць зноў стала неад’емнай часткай суверэннай беларускай дзяржавы (калі не ўлічваць БНР, якая, на жаль, не змагла ўвабрацца ў сілу).

Аднак перыяд адноснага росквіту яшчэ за савецкім часам пачаў змяняцца заняпадам. У канцы XX ст. у сувязі з міграцыяй жыхароў у горад, у абедзвюх вёсках пачала памяншацца колькасць насельніцтва (у Круговічах на 1 верасня 1997 г. было 378 двароў са 1104 жыхарамі, на 1 студзеня 2005 г. -- ужо 878 жыхароў, у тым ліку 531 працаздольнага ўзросту, 208 пенсіянераў і 137 дзяцей і падлеткаў). Калгас, разрабаваны "гаспадарамі”, збанкруціўся і быў далучаны да больш моцнага. Цагельня з-за нерэнтабельнасці і безгаспадарчасці спынілася (хаця быў пачаўся працэс яе рэфармавання, пераводу на больш сучасныя тэхналогіі, але неўзабаве перарваўся, пакінуўшы пасля сябе толькі каробку, якая, несумненна, каштавала добрыя грошы, што аказаліся выкінутымі на вецер).Колькасць вучняў у школах з кожным годам становіцца меншай. У Малым Сяле базавую школку, па чутках, маюцца закрыць зусім. Забываюцца шматвяковыя традыцыі. Пад уздзеяннем русіфікацыі вёскі пераходзяць на пачварную "трасянку”. Аб тым, што ў гэтым рэгіёне сыходзявда тры групы гаворак, у хуткім часе можна будзе даведацца толькі з навуковых выданняў.Сёння ж яшчэ захоўваецца глеба для даследаванняў дыялектолагаў: у нашых вёсках, дыялект якіх адносіцца да гродзенска-баранавіцкай групы гаворак і вельмі блізкі да літаратурнай мовы, нярэдка сустракаюцца моўныя з’явы суседніх дыялектаў -- слуцкіх і заходнепалескіх, што стварае асаблівы каларыт, цудоўнейшым чынам адлюстраваны ў творчасці вядомага беларускага пісьменніка Віктара Гардзея, які нарадзіўся ў Малым Сяле і ў шматлікіх мастацкіх творах апеў сваю малую радзіму, людзей, на долю якіх вьшала столькі нягод і так мала светлых старонак. Духоўны пласт, які кшталтаваўся не адным пакаленнем, сёння не мае пераемнасці. У хуткім часе мала хто зможа ўспомніць тыя цікавыя легенды і паданні пра мясцовыя мікратапонімы.На жаль, у святле сённяшніх тэндэнцый будучыня вёсак, асабліва Малых Круговіч, бачыцца песімістычнай. Яшчэ пакуль не ідзе размовы пра знікненне вёскі з геаграфічнае мапы, але мясцовым жыхарам жыць на сваёй малой радзіме становіцца ўсё цяжэй і складаней.

1 - Пад прозвішчам Кавячынскі ў гісторыі Беларусі быў у XVI ст. кнігавыдавец (у тым ліку твораў С. Буднага), нясвіжскі стараста, намеснік Мікалая Радзівіла Чорнага -- Мацвей. Улічваючы, што Радзівілы мелі простае дачыненне да валодання вёскамі, можна меркаваць, што, магчыма, гэта і сваякі, прычым па бацькоўскай лініі.
2 - Дарэчы, нават даўжэй, чым гэта было заўважана ў свой час прафесійнымі даследчыкамі, якія ў XX ст. ужо не фіксуюць прадстаўленне батлейкі ў ваколіцах Начы (па ўсёй верагоднасці маецца на ўвазе вёска Ганцавіцкага раёна, тады -- Нясвіжскага павета): Народны тэатр/НАН Беларусі, Ін-т мастацтва-знаўства і фальклору; Уклад. і камент. М. А. Каладзінскага; Уступ. арт. А. С. Фядосіка; Рэд. выд. А.С.Фядосік, А. В. Сабалеўскі. 2-е выд., выпр. і дапрац. Мн.: Бел. навука, 2004. С. 354. Туг жа можна ўбачыць разгорнугы варыянт спектакля, прыкладна такога ж, які ставіўся ў нашай мясцовасці (с. 354-357).
3 - Трапны выраз Леніна пра царскую Расію, але і да сённяшніх часоў яна не змяніла сваёй імперскай сутнасці, а сталінскія часы сталі, можна сказаць, апафеозам зняволення і прыгнёту народаў.
4 - Дарэчы, у час першай сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй нацыянальнае жыццё беларусаў і ў сферы культуры, і ў сферы палітыкі зрабіла значны крок наперад. Менавіта тады ўпершыню ў масавым парадку пачалі адкрывацца беларускамоўныя школы. Ці бьла тады школка ў Круговічах аўтарам пакуль, на жаль, не ўстаноўлена.5 - Назва ўрочышча на поўдзень ад Круговіч.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (05.06.2008) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 5695 | Тэгі: Вялікія Круговічы, Малыя Круговічы, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.4/14
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.