Пятніца, 19.04.2024, 21:40

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

З’яўленне Ганцавіцкага раёна. Гістарычна-архіўная даведка
У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці знаходзяцца дакументы, якія адносяцца да Ганцавіцкага раёна ў 1940 годзе і пазначаны пячаткай - «АК», што азначае «асабліва каштоўныя». Да такіх дакументаў адносяцца і «Материалы по районированию Пинской области». Змяшчаюцца яны ў фондзе 7581, вопіс 1, справа 45. Вось якія дадзеныя мы тут знаходзім пра ўтварэнне Ганцавіцкага раёна.

null

Пры польскай уладзе тэрыторыя Ганцавіцкага раёна ўваходзіла ў склад Лунінецкага павета. Плошча павета складала 565,8 тысячы гектараў, на яго тэрыторыі было 119 населеных пунктаў і вялікая колькасць хутароў. Усяго тут пражывала амаль 120 тысяч чалавек, прычым сельскага насельніцтва было 83 %. Паводле польскай статыстыкі на 1 ліпеня 1939 года з 21780 сялянскіх гаспадарак 13161 мелі зямлі ад 0,5 да 5 гектараў, што сведчыць аб пераважнай малазямельнасці сялян новадалучанай тэрыторыі. 

4 снежня 1939 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ, згодна з якім было зацверджана ўтварэнне ў складзе БССР 5 новых абласцей: Баранавіцкай, Беластоцкай, Вілейскай, Брэсцкай, Пінскай.

У такіх умовах у канцы 1939 - пачатку 1940 гадоў савецкія ўлады распрацоўваюць план раянавання Пінскай вобласці, у кантэксце якога 15 студзеня 1940 года Лунінецкі павет падзяляўся на 3 раёны, адным з якіх стаў Ганцавіцкі. Адначасова мястэчка Ганцавічы было пераўтворанае ў пасёлак гарадскога тыпу. Тэрыторыя новаўтворанага Ганцавіцкага раёна складала 2228 км² з насельніцтвам 35351 чалавек. Нацыянальны склад насельніцтва раёна на пачатак 1940 года быў наступны:
1) беларусы – 28349 чалавек;
2) палякі – 4878 чалавек;
3) яўрэі – 1710чалавек;
4) рускія – 257 чалавек;
5) украінцы – 89 чалавек;
6) іншых нацыянальнасцяў – 68 чалавек.

Насельніцтва мястэчка ў азначаны час складала 2655 чалавек. У Ганцавічах было 480 дамоў.

12 кастрычніка 1940 года адбылося дзяленне раёна на сельсаветы. Было іх тады дванаццаць: Ганцавіцкі, Чудзінскі, Малькавіцкі, Кукаўскі, Лактышскі, Круговіцкі, Агарэвіцкі, Хатыніцкі, Навасёлкаўскі, Дзяніскаўскі, Люсінскі, Вяліка-Рожанскі.

Такім чынам, можна сказаць, што Ганцавіцкі раён абавязаны сваім з'яўленнем менавіта савецкай уладзе, якая і вылучыла яго са складу Лунінецкага павета. Гэта павінна было аблегчыць кіраванне тэрыторыяй Ганцаўшчыны і ўкараненне савецкай улады ў дадзеным рэгіёне.

Праўда, у савецкім адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле нашых зямель у той час існавалі і свае мінусы.Справа ў тым, што ў 1940 - 1941 гадах акрамя Брэсцкай існавалі яшчэ Пінская і Баранавіцкая вобласці. Новаўтвораны Ганцавіцкі раён увайшоў у Пінскую вобласць, хаця эканамічныя сувязі раёна былі лепшымі, на шмат мацнейшымі і больш прыбытковымі з Баранавічамі, чым з Пінскам. Гэта і не дзіўна, бо Баранавічы знаходзяцца на шмат бліжэй да Ганцавічаў, чым Пінск. У такіх умовах у жніўні 1940 года ўзнікла цалкам заканамерная прапанова начальніка раённага аддзялення НКУС Часнакова «присоединить Ганцевичский район к Барановичской области, что было бы лучше во всех отношеннях, чем сейчас, когда Ганцевичи входят в Пинскую область». Зразумела, што гэтая, магчыма, адзіная слушная прапанова галоўнага раённага змагара з контррэвалюцыяй не атрымала ніякай хады і проста згубілася на дзесяцігоддзі ў былым партыйным архіве. Але і гэта не здзіўляе, бо ва ўмовах савецкай таталітарнай сістэмы бюракратычнай вертыкалі ніякая прапанова знізу ўверх не ішла.

Савецкі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел быў паламаны нямецкім, паводле якога Генеральная акруга «Беларусь» падзялялася на 10 акруг і гарадскую акругу Мінска. Дык вось сярод 10 акруговых камісарыятаў існаваў і Ганцавіцкі. На чале Ганцавіцкай акругі былі немцы Вілі Мюлер і Вальтэр Гёрт. Плошча акругі складала 6085 км², і па стане на канец 1942 года тут пражывала 114,6 тысячы чалавек.

Пасля вайны на змену нямецкаму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу вярнуўся зноў савецкі.
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (15.01.2009) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 3720 | Тэгі: Павел Дайлід, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.