Чацвер, 28.03.2024, 14:33

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

Да 145-годдзя Аляксандра Сержпутоўскага
Гісторыя Ганцаўшчыны тоіць у сябе яшчэ нямала імёнаў нашых землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё краю. Адным з такіх падзвіжнікаў з'яўляецца і Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, знакаміты этнаграфіст і даследчык, сярод прац якога нямала звестак і пра Ганцаўшчыну.

null

Захапленне старажытнымі абрадамі

Нарадзіўся А.К. Сержпутоўскі 21 чэрвеня 1864 года ў вёсцы Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерніі (сёння Слуцкі раён). Аднак усё жыццё сваёй радзімай лічыў вёску Чудзін на Ганцаўшчыне. Тлумачыцца гэта тым, што праз паўгода пасля нараджэння сына сям'я Сержпутоўскіх пераехала на хутар, які знаходзіўся паміж вёскамі Чудзін і Пярэвалакі. Сёння гэта толькі ўрочышча Сержпутоўшчына (вяскоўцы вымаўляюць прасцей — Шарпутоўшчына).

Першапачатковую адукацыю Сержпутоўскі атрымаў у Вызнянскім (сёння гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада ў Салігорскім раёне) народным вучылішчы. У чатырнаццацігадовым узросце паехаў здаваць экзамены ў падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Веды паказаў добрыя. Аднак давялося ні з чым вярнуцца дамоў. Да будучых семінарыстаў прад'яўляліся суровыя патрабаванні, немалая ўвага надавалася і іх здароўю. А здароўем Сержпутоўскі пахваліцца не мог, з маленства гадаваўся кволым.

Ад свайго вырашыў не адступаць і на другі год зноў падаўся ў Нясвіж. Гэтым разам прынялі. А яшчэ праз чатыры гады пачаў працаваць настаўнікам Лучыцкага народнага вучылішча ў Мазырскім павеце. I хоць сам рос у глушы, па прыездзе туды не магла не здзівіць галеча мясцовага насельніцтва. Але ўразіла і тое, што людзі, галоўнай мэтай у жыцці якіх было любой цаной выжыць, вельмі дасціпныя, здатныя да песень і казак.

У маладога настаўніка з'явілася жаданне запісаць тутэйшыя абрады, занатаваць узоры вусна-паэтычнай творчасці. Пазней Аляксандр Казіміравіч прызнаваўся: «Жывучы доўгі час на Палессі і маючы непасрэдныя кантакты з народам, мне ўдалося далучыцца да ўсіх бакоў яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры любой магчымасці знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі».

Першы нарыс «Голас з глушы» быў надрукаваны ў «Минских губернских ведомостях» у 1891 годзе. Усяго ж у гэтай газеце Сержпутоўскі апублікаваў іх звыш дваццаці. Сержпутоўскаму ўдалося перадаць адметнасць побыту і традыцый сялян. У сваіх нарысах Сержпутоўскі абураўся той шкодай, якую наносяць здароўю насельніцтва знахары і шаптухі і ўзнімаў пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі для вёскі кваліфікаваных спецыялістаў. Ды не толькі ўрачоў. Скіроўваў увагу і на тое, што ў сяло трэба пасылаць больш настаўнікаў, культасветработнікаў, спецыялістаў іншых прафесій. Як відаць, дбаў аб тым, каб у сельскай мясцовасці працавала па-сапраўднаму народная інтэлігенцыя, якая б несла ў глуш, у тым ліку і ў палескую, культуру, веды, пазбаўляла людзей ад цемрашальства.

У 1904 годзе Сержпутоўскі скончыў Пецярбургскі археалагічны інстытут. За гады вучобы ён усё больш схіляўся да думкі, што трэба прысвяціць сябе вывучэнню жыцця роднага народа, яго побыту, фальклору, матэрыяльнай культуры.

У 1906 годзе вучоны двойчы выязджаў у Слуцкі (у які ўваходзіла Ганцаўшчына) і Мазырскі паветы. Адрас для сваіх першых экспедыцый выбраў невыпадкова. Хацеў плённа папрацаваць там, дзе многае было знаёмым, сустрэцца з людзьмі, з якімі паспеў зблізіцца. Раёны, якія наведваў Сержпутоўскі, адносіліся да цяжкадаступнай часткі Палесся, куды дагэтуль даследчыкі не наведваліся.

Вынікам паездак стала праца «Беларусы-палешукі (этнаграфічны нарыс): Пабудовы, заняткі і павер'і сялян паўночнай палавіны Мазырскага і паўднёвай часткі Слуцкага паветаў Мінскай губерні (38 чарцяжоў і малюнкаў)». Яна была прадстаўлена ў Рускі музей як дадатак да сабраных экспанатаў. На жаль, работа, як і некаторыя іншыя працы Сержпутоўскага, засталася ў рукапісе.

Праца Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» з'яўляецца вынікам шматгадовай збіральніцкай дзейнасці вучонага. У ёй змешчана 2275 тэкстаў, запісаных пераважна ў вёсцы Чудзін. Дарэчы, ёй прысвечана і грунтоўная мовазнаўчая праца Сержпутоўскага «Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні». Тут, у Чудзіне, ён запісаў нямала народных казак, якія сёння сталі хрэстаматыйнымі: «Пану навука» — ад селяніна Дудара, «Праўда і крыўда», «Палешукі і палевікі», «Бязногі багатыр» — ад Данілы Куляша, «Першае яечка», «Агонь у сэрцы, а розум у галаве» — ад Матруны Бохмачыхі і інш. Ад А.К.Сержпутоўскага дайшлі да нас і скупыя звесткі пра выдатнага беларускага казачніка Рэдкага.

Быў Рэдкі непісьменны. Займаўся звычайнай сялянскай працай. Аднак ад гэтага непісьменнага народнага мастака А.Сержпутоўскі запісаў 40 казак: «Музыка-чарадзей», «Музыка і чэрці», «Каваль-багатыр», «Асілак» і інш. Варта адзначыць, што Рэдкі не толькі расказваў, але і сам ствараў казкі.

Сабраныя А.Сержпутоўскім казкі, легенды, паданні склалі два вялікія зборнікі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» і «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета».

Крыніца мовы вечна жывая

Не абышоў вучоны сваёй увагай і народную песню. Захаваўся рукапіс яго зборніка «Беларускія песні». 3 яго экспедыцыйных дзённікаў можна бачыць, як жыва цікавіўся ён народнай песнятворчасцю. Гэта пацвярджае і «Сшытак для нататкаў», які вёў Сержпутоўскі ў час сваёй паездкі ў беларускае Палессе ў лютым 1906 года. Апісваючы вёскі Агарэвічы, Шашкі, Круговічы, Чудзін, Дзяніскавічы, Гаўрыльчыцы, ён адначасова запісваў у гэтых вёсках прыказкі і прымаўкі, замовы, песні.

Сержпутоўскі, хоць і правёў большую частку свайго жыцця за межамі Беларусі, ніколі не парываў сувязі з ёю. Пастаянна цікавіўся працамі беларускіх даследчыкаў, сачыў за літаратурнымі навінкамі, падтрымліваў кантакты з некаторымі пісьменнікамі. Ёсць звесткі, што Аляксандр Казіміравіч сябраваў з Янкам Купалам, ведаў на памяць яго многія вершы. Цікавіла Сержпутоўскага і творчасць Якуба Коласа. Не ў апошнюю чаргу, мабыць, таму, што і Купала, і Колас ужо на пачатку творчага шляху былі яркімі выказнікамі душы свайго народа, а менавіта духоўны свет беларусаў і цікавіў нязменна Сержпутоўскага.

Як мог, Сержпутоўскі адстойваў беларускую мову. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён гнеўна асуджаў тых, хто адмаўляў ёй у самастойнасці, дзейнічаў па прынцыпу, якога, на жаль, па-ранейшаму прытрымліваюцца некаторыя «інтэрнацыяналісты». Калі ты католік — значыць, паляк, а калі па веравызнанні праваслаўны, то — рускі. Вялікую ўвагу Сержпутоўскі надаваў мясцовым гаворкам, у якіх бачыў жывую крыніцу мовы.

У 1911 годзе ў Пецярбургу выйшла яго кніга «Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудин Слуцкого уезда Минской губернии», у якой Аляксандр Казіміравіч падзяліўся назіраннямі над мовай палешукоў, з якімі нямала сустракаўся, падкрэсліў яе адметнасць, непадобнасць на іншыя гаворкі.

У савецкі час Сержпутоўскі двойчы падарожнічаў па Беларусі, папаўняючы свае фальклорныя запісы. А ў астатні час з'яўляўся свайго роду паўпрэдам нашай рэспублікі ў Ленінградзе. Добрую паслугу Аляксандр Казіміравіч аказаў у пачатку 20-х гадоў, калі Рускі музей запланаваў правядзенне шэрагу этнаграфічных выставак, прысвечаных народам, што насялялі Савецкі Саюз. Адной з першых у 1923 годзе адкрылася экспазіцыя «Беларусь»). А ў тым, што матэрыялы трапілі ў горад на Няве своечасова, і такія, што характарызавалі розныя аспекты жыцця беларусаў, беларускага народа, канечне ж заслуга Сержпутоўскага, які сам адбіраў іх і з'яўляўся кансультантам для тых, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы выстаўкі. Пры непасрэдным удзеле Аляксандра Казіміравіча афармляліся шэсць з сямі яе раздзелаў.

Сержпутоўскі адным з першых пачаў адстойваць неабходнасць стварэння ў складзе этнаграфічнага аддзела Рускага музея самастойнага беларускага аддзялення. На мэтазгоднасць гэтага сведчыла тое, што ў фондах назапасілася велізарная колькасць этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія мелі дачыненне да Беларусі. Рашэнне аб адкрыцці такога аддзялення было прынята 24 мая 1931 года. Яно займалася даследаваннем жыцця не толькі беларусаў, але і іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі: яўрэяў, палякаў, латышоў, літоўцаў. Аляксандр Казіміравіч распрацаваў і план экспедыцыі «Беларусы і БССР». Выстаўка пад такой назвай працавала ў Рускім музеі ў 1931—1933 гадах.

Прызнанне ва ўсім свеце

Не абышлося без Сержпутоўскага і ў 1939 годзе, калі з англійскага горада Ліверпуль, дзе праходзіла міжнародная этнаграфічная выстаўка, паступіла запрашэнне Дзяржаўнаму музею этнаграфіі (так ужо называўся Рускі музей) прыняць у ёй удзел. Спешна пачалі рыхтаваць экспанаты. Беларускія падбіраў Сержпутоўскі. Камісія музея пакінула для адпраўкі ў Англію 22, шаснаццаць з якіх былі ў свой час прыдбаны самім Аляксандрам Казіміравічам у час яго этнаграфічных экспедыцый па Беларусі.

Памёр Аляксандр Казіміравіч раптоўна, 5 сакавіка 1940 года. Пакінуў пасля сябе 45 навуковых друкаваных прац, матэрыялы, якія сабраў падчас 25 навуковых экспедыцый. Пакінуў тое, што мы, яго нашчадкі ня здольныя ацаніць па сённяшні дзень. Таму імя гэтага сапраўднага патрыёта, які захварэў Беларуссю да сканчэння дзён сваіх, яшчэ будзе ўвекавечана ўдзячнымі нашчадкамі. Дзякуй табе вялікі, Аляксандр Казіміравіч, ад усёй Ганцаўшчыны!
Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (21.06.2009) | Аўтар: Павел ДАЙЛІД
Праглядаў: 4409 | Тэгі: Аляксандр Сержпутоўскі, Павел Дайлід, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 4.2/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.