Пятніца, 29.03.2024, 09:47

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Канстанцін Мохар

Адкуль карані твае, Ганцавічы?
Афіцыйна засведчана, што годам заснавання Ганцавіч лічыцца 1898 год. Вельмі спрэчнае і, на мой погляд, не зусім аб’ектыўнае сцвярджэнне, не падмацаванае ніякімі архіўнымі дакументамі.

Больш дакладнай датай заснавання нашага горада можна было б лічыць 1884 год, калі разам з будаўніцтвам царскай Расіяй Палескай чыгункі на яе геаграфічнай карце з'явілася станцыя Ганцавічы. Але і гэтую дату можна ўзяць пад сумненне: чыгуначныя станцыі, як правіла, не ўзнікалі на голым і неабжытым месцы. Найчасцей яны ствараліся паблізу існуючых паселішчаў або непасрэдна ў іх.
Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што Ганцавічы, як фальварак, хутар ці нават вёска, узніклі значна раней, чым мы прывыклі лічыць. І таму ёсць дакументальнае пацвярджэнне, на якое чамусці ніхто дагэтуль не звярнуў увагі: "Інвентар асобнага фальварка Ганцавічы, прададзенага Макавецкімі Навагрудскаму падстолію і ваяводу пану Юзафу Абуховічу" ад 1773 года. Заўважу, не вёскі, а "асобнага фальварка". Дык што ж, паводле гэтага дакумента, уяўляў сабой на той час двор гэтага фальварка?

Вось яго апісанне: "Ад вёскі (пэўна, маецца на ўвазе аднайменная вёска Ганцавічы — заўв. аўтара), уехаўшы на дзядзінец, — стары жылы будынак, занядбаны і поўнасцю згнілы... Уся забудова, а менавіта, два свіранкі, стаенка, хлеў і бровар таксама спарахнелыя... Гумно і адрына таксама старыя..." (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, фонд 1774, вопіс 1). Гэты двор, па сутнасці, мы і маем права лічыць пачаткам гісторыі цяперашняга горада. А паколькі будынкі двара за год ці два "спарахнець" не маглі, то прастаялі яны тут, па крайняй меры, стагоддзе, а то і больш. Значыць, і дата заснавання Ганцавіч істотна аддаляецца.

Яшчэ адно пацвярджэнне таму, што вёска Ганцавічы і фальварак — не адно і тое ж, а асобныя, самастойныя паселішчы, знаходзім усё ў тым жа дакуменце: "Карчма... ў паўмілі ад двара Ганцавіцкага на гасцінцы Хатыніцкім пры мосце ў ганцавіцкіх межах... (Цяперашні канец вуліцы Кастрычніцкай за пляжам "Паўднёвы". А новы мост паблізу аб'язной дарогі стаіць на тым жа самым месцы, дзе стаяў згадваемы ў гэтым дакуменце. — Заўв. аўтара). Карчма немалая, здаўна ўтрымліваецца для карысці праязджаючых, з-за недагледжанасці зараз разбураецца. Пры карчме для карысці тутэйшых арандатараў пабудаваны бровар, таксама значнага рамонту патрабуе". І далей: "Царква, або касцёлік Ганцавіцкі за вёскай Ганцавіцкай, каля чвэрці мілі ад двара. Гэты касцёлік пад тытулам Святога Антонія, са спарахнелым дахам і пашкоджанымі сценамі... Пры гэтым касцёліку, або царкве ніякай плябаніі не было, пагэтаму аб плябаніі нічога паведаміць нельга. Круговіцкая парафія і плябанія пастарскай увагай не занядбаныя, аднак невядома, калі быў дадзены фундуш і ўтворана парафія, але, калі гэты фундушавы дакумент знойдзецца, то мы ад таго права калятарства адмаўляемся на карысць новага дзедзіча пана Юзафа Абуховіча, Навагрудскага падваяводы, які мае падбіраць і прэзеньтаваць новых порахаў".

І карчма, і бровар, і царква ці касцёлік, як бачна з прыведзенай цытаты, былі далёкія ад межаў вёскі Гацавічы і ніякім чынам да яе не адносіліся. Бліжэй да іх быў ужо існуючы на той час фальварак. А можа, гэта было адно цэлае?!

І што вельмі важна, фальварак Ганцавічы на той час адносіўся да Навагрудскага павета Гродзенскай губерні, а не да Слуцкага Мінскай губерні, як у 1902 годзе, калі Мінскім губернскім праўленнем быў падпісаны план забудовы мястэчка Ганцавічы.

Новыя дакументы, знойдзеныя настаўніцай Задубенскай базавай школы С. Т. Навіцкай у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, таксама абвяргаюць раней абвешчаную дату заснавання мястэчка Ганцавічы. Вось выпіска з "Аглядаў па Мінскай губерні за 1789 і 1883 гады": "Навагрудскі павет, м. Ганцавічы. 14 чэрвеня згарэлі ад падпалу жылыя і халодныя пабудовы 21 домаўладальніка. У здзяйсненні падпалу падазраецца Павел Бобка. Страт панесена 10750 рублёў." (Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь). 3 гэтага дакумента сведчыць, што мястэчка Ганцавічы існавала яшчэ да стварэння чыгуначнай станцыі Ганцавічы. А значыць, і карані заснавання нашага горада адыходзяць далёка ў глыбіню стагоддзяў. Асмелюся сцвярджаць, праўда, з вялікай рызыкай недакладнасці, што Ганцавічы на карце свету пазначаны як мінімум 340-350 гадоў назад, а ніяк не 110, як цяпер лічаць некаторыя. Пошук новых архіўных дакументаў можа істотна ўдакладніць гэтую дату і не ў бок яе памяншэння, а, хутчэй за ўсё, павелічэння.
Катэгорыя: Канстанцін Мохар | Дабавіў: admin (19.10.2008) | Аўтар: Канстанцін МОХАР - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3687 | Тэгі: Ганцавічы, газета Савецкае Палессе, Константин Мохор | Рэйтынг: 1.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.