Субота, 20.04.2024, 12:10

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Канстанцін Мохар

Падзелены народ
17 верасня 2009 года наша краіна будзе адзначаць знамянальную дату — 70-годдзе з дня ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Амаль 18 гадоў, пасля падпісання паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Рыжскага мірнага дагавора аб спыненні вайны паміж дзвюма краінамі, значная частка БССР (у асноўным Брэсцкая і Гродзенская вобласці) знаходзілася ў складзе Польшчы. Цяжка жылося заходнікам-беларусам пад уладай былой краіны-суседкі, пад яе буржуазна-памешчыцкім прыгнётам. Ужо з самых першых дзён акупацыі народ Заходняй Беларусі пачаў нацыянальна-вызваленчую барацьбу супраць прыгнятальнікаў, якая пры дапамозе Чырвонай Арміі сонечным днём 17 верасня 1939 года прывяла да жаданага ўз'яднання беларускага народа. А праз чатыры месяцы, 15 студзеня 1940 года, быў утвораны Ганцавіцкі раён. Як гэта было? Пра гэтыя падзеі мы паспрабуем расказаць у серыі сваіх публікацый у газеце "Савецкае Палессе”, якую адкрываем гэтым матэрыялам.

У выніку савецка-польскай вайны 1920 г. і заключанага пасля яе 18 сакавіка 1921 г. Рыжскага мірнага дагавора Беларусь была падзелена на дзве часткі. Згодна з ім да Польшчы цалкам адышла і Ганцаўшчына. На новых тэрыторыях устанаўлівалася польская ўлада. Быў праведзены прыняты ў Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел — на ваяводствы, паветы, гміны. За тэрыторыяй Віленскага, Навагрудскага, Палескага, большай часткі Беластоцкага ваяводстваў замацавалася неафіцыйная назва "Заходняя Беларусь".

Тэрыторыя сучаснай Ганцаўшчыны ўвайшла ў склад Лунінецкага павета Палескага ваяводства. У сваю чаргу яна была падзелена на гміны — Круговіцкую і Хатыніцкую.

Заходняя Беларусь з'яўлялася адсталай ускраінай польскай дзяржавы. Эканамічная палітыка правячых колаў была скіравана на тое, каб пакінуць "усходнія крэсы" ў якасці аграрна-сыравіннага прыдатку прамысловых раёнаў Польшчы.

Пераважалі дробныя прамысловыя прадпрыемствы. Яны займаліся ў асноўным пераапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі і драўніны. У 1926 — 1930 гг. колькасць прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала звыш 20 чалавек, не перавышала 127, звыш 100 чалавек — 19. На Ганцаўшчыне было некалькі даволі-такі буйных па тым часе прадпрыемстваў. Сярод іх вылучаліся лесапільны завод Альбрэхта Радзівіла ў Дзяніскавічах (звыш 200 рабочых), лесазавод "Слуцкі, Кацман, Баруковіч і К" (200 рабочых), завод Файнберга і Копытмана (100 рабочых), шклофабрыка акцыянернага таварыства "Ганцавічы" (звыш 100 рабочых). Астатнія ж прадпрыемствы былі вельмі дробныя.

Рабочы клас падвяргаўся жорсткай эксплуатацыі.

У Брэсцкім дзяржаўным архіве захавалася заява беспрацоўных станцыі Малькавічы Хатыніцкай гміны палескаму ваяводзе з просьбай аб выданні ім дапамогі па беспрацоўю. На думку нядаўніх рабочых, гэтая дапамога была для іх і іх сем'яў адзіным паратункам ад галоднай смерці. "Сапраўдным маем звярнуцца з просьбай да пана ваяводы, — гаворыцца ў заяве, — аб міласцівым распараджэнні аб аказанні нам дапамогі са сродкаў грамадскай бяспекі на май 1932 года. Сваю просьбу матывуем тым, што падпісаліся на данай заяве пераважна рабочыя, прыехаўшыя з усёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Мы працавалі пастаянна ў дрэваапрацоўчай прамысловасці ў Малькавічах некалькі гадоў запар. У цяперашні час работа на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай прамысловасці замерла, у сувязі з гэтым на тэрыторыі Малькавіч нават выпадковай работы ні ў кога з нас няма.

У красавіку гэтага года нам была выдадзена разавая дапамога натурай, якая была таксама недастатковай у сувязі са змяншэннем рацыёну, а цяпер, на май г.г, наўмысна пасланы намі дэлегат з прашэннем да пана павятовага старасты ў Лунінцы вярнуўся з тлумачэннем, што рашэнне па справе выдання тэрміновай дапамогі на перыяд беспрацоўя будзе выслана праз гміннае ўпраўленне. Замест гэтага чыноўнік павятовага аддзялення сейміка Лунінца і праўленне Хатыніцкай гміны аб'явілі нам, што наогул дапамога беспрацоўным на май і наступныя месяцы адменена.

На падставе вышэй сказанага апялюем да пана ваяводы аб міласцівым распараджэнні аб аказанні нам тэрміновай часовай дапамогі, таму што цяперашняе становішча, пры якім нас мораць голадам, і пазбаўленне якой-небудзь часовай дапамогі ад дзяржавы з'яўляецца вялікай крыўдай для нас.

Аб прынятым рашэнні просім пана ваяводу міласціва паведаміць нам асобным лістом"
.

Пад гэтым адчайным зваротам стаяць 65 подпісаў малькавіцкіх беспрацоўных. Аднак польскія ўлады не спяшаліся працягнуць руку дапамогі, знаходзілі для гэтага ўсялякія адгаворкі. Аб тым сведчыць рэзалюцыя пінскага ваяводы на пісьмо беспрацоўных станцыі Малькавічы ад 19 мая 1932 г.: "Пану саветніку Малачынскаму, ва ўпраўленне. Аддзелу працы і забеспячэння. Вяртаю ў сувязі з ліквідацыяй камітэта па справах беспрацоўных".

Вось так абыходзіліся польскія ўлады не толькі з мясцовым насельніцтвам, але і са сваімі рабочымі, накіраванымі на працу ва "ўсходнія крэсы". Памятаеце: "...рабочыя, прыехаўшыя з усёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай...". А што тады гаварыць пра карэнных жыхароў? Да іх слоў, просьбаў аб дапамозе ніхто нават не прыслухоўваўся. Для абяздоленых беларусаў улада не знаходзіла не толькі грошай, а нават звычайнай чалавечай увагі. У выніку такой дыскрымінацыйнай палітыкі кіруючых колаў тысячы заходніх беларусаў апынуліся на мяжы галоднай смерці. Многія з іх у адчаі аказвалі ўладам непадпарадкаванне, нелегальна пераходзілі ў Савецкую Беларусь у пошуках лепшай долі, траплялі ў турмы як па гэты, так і па той бок мяжы...

Смалакурны завод у вёсцы Малькавічы.
Катэгорыя: Канстанцін Мохар | Дабавіў: admin (19.02.2009) | Аўтар: Канстанцін МОХАР - Савецкае Палессе
Праглядаў: 3203 | Тэгі: Константин Мохор, газета Савецкае Палессе, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 1.0/10
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.