Чацвер, 22.08.2019, 19:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Аляксей Галаскок

Любая назва – гэта помнік зямлі
Кожны з нас помніць засвоеныя з дзяцінства словы, якімі называюцца нашы вёскі, гарады, рэкі, азёры і нават — мясціны.

Здаўна народ называў сваё паселішча словамі, узятымі з жыцця. Для нашых непісьменных продкаў было найважней, каб слова было праўдзівым. Таму захаваліся да нашага часу вёскі, рэкі, мясціны з непрыгожымі, на цяперашні погляд, назвамі -- Забалоцце, Пусты Вугал, Воўчая Яма, Чорная Гразь і іншыя. Лічыцца, чым больш старая назва населенага пункта, тым яна найдаражэйшая.

Многа на Беларусі гарадоў, пра якія народ захаваў легенды. Некалі на месцы нашага горада Ганцавічы былі балоты. У той час князі, якія жылі на нашай зямлі і на суседніх, часта варагавалі паміж сабою. Адзін з такіх князёў пайшоў паходам на Літву (так называлася некалі наша зямля), і большасць мясцовых жыхароў яго войскам была знішчана ці ўзята ў палон. Хто застаўся ў жывых, пасяліўся на выселках і ўзвышшах, забіўшыся ў глухія балоты. 3 часам яны сабраліся на вялікім востраве, дзе мужчыны дамовіліся змагацца з захопнікамі. Першую бойку з ворагам яны пад кіраўніцтвам свайго атамана Мітрыка правялі ў Хатынічах, і вельмі ўдала.

3 таго часу недалёка ад Хатыніч стала існаваць застава, «якую нельга было абысці». Калі чужынцы пасылалі сваіх ганцоў з данясеннямі, тыя траплялі ў рукі мужыкоў, якія вешалі іх на дубе. Панавалі прышэльцы не доўга, яны былі вымушаны ўцякаць з нашай зямлі. На месцы, дзе была заснавана застава, пачалі сяліцца людзі, і месца гэта стала называцца Ганцэвічы, сучасная назва яго Ганцавічы.

Хатынічы. Дзе зараз стаіць вёска, некалі былі страшныя балоты. Шлях да вёскі быў зімою, калі мароз замарожваў балоціны. Многія людзі хадзілі лавіць рыбу, касіць сена па натоптаных і вядомых ім сцежках, вярталіся дамоў заўсёды мокрымі па шыю. Але знайшоўся сярод іх кемлівы хлопец Пятрок. Ён з лёгкіх і гібкіх лазовых галінак зрабіў сабе прыстасаванне на ногі, дзякуючы якому ён не правальваўся. Гэты "абутак" вяскоўцы назвалі хатулі ці хатылі. Вёска ж атрымала назву Хатулічы або Хатынічы.

Нача. Гэта назва вёскі пайшла ад слова "нача" (пачатак), а пазней так пачалі называць і рэчку. Першыя людзі, якія перасяліліся ў гэтае месца, разгубіліся, бо яны раней не бачылі такіх балот і кустоў. Але ж як у народзе кажуць: "вочы страшацца, а рукі робяць". Памаліўшыся, прышэльцы дружна пачалі карчаваць кусты і асушваць вялікі кавалак балота. Хутка ачышчанае ад кустоў поле падсохла, земляробы пасеялі на ім жыта. Калі падышла пара жаць, выбралі жнейку-зачынальніцу з лёгкай рукой. Яна нажала жыта, перавязала яго і паставіла першы снапок. Убачыўшы гэта, людзі загулі: "Нач спавіла". Вось ён -нач, першы сноп у полі. Чуў я ад старых людзей, што назва Нача мае другое паходжанне. Раней, калі людзі ў далёкія падарожжы ездзілі на вазах, яны на ноч спыняліся ў месцы, дзе зараз стаіць вёска. Часцей за ўсё падарожнікі ехалі некалькімі фурманкамі і перад тым як спыніцца на начлег, яны папярэджвалі другіх словамі: "На-нач, на-нач".

Люсіна. Назва гэтай вёскі пайшла ад імя дзяўчыны, якая не згадзілася пайсці замуж за пана Яшука, бо ён вельмі здзекаваўся над простым людам. Калі панскія лакеі вялі Люсю сілаю да пана, яна вырвалася ад іх, кінулася ў раку і ўтапілася.

Любашава. У цяперашняй вёсцы Любашава некалі жылі мужык ды жонка, звалі іх Любаш і Люба. Любаш зрабіў вялікі грэх — забіў купца на дарозе. За нарабаваныя грошы Любаш купіў сабе многа зямлі, наняў парабкаў і застаўляў іх працаваць з раніцы да вечара. Але на зямлі грэшніка чамусьці пачалі расці крушні з камянёў, якія заглушылі ўсё навокал. Нечакана Любаш захварэў і памёр. Пасля смерці Любы каменні раптоўна зніклі. Месца гэта назвалі Любашава.

Буды. Назва вёскі, якая суседнічае з нашым раёнам, пайшла ад слова "буда". Да таго словамі "буда" і "будка" называлі прадпрыемствы для смалакурні, гонкі дзёгцю, службова-жылое памяшканне чыгуначніка, стрэлачніка.

Агарэвічы. У даўнія часы жыў у гэтай вёсцы Марка-пастух, які кожны дзень марыў стаць багатым. Яго зайздрасць і сквапнасць давяла да таго, што ён са сваімі хаўруснікамі пачаў забіваць людзей і забіраць у іх каштоўнае. Неяк пачулі сяляне, што нехта забіў багатую пані, якая жыла ў іхняй вёсцы. Пошукі пані нічога не далі. У пакоях усё было перавернута, усе яе каштоўнасці зніклі. Марк жа са сваімі сябрамі пасля гэтага выпадку не вылазіў з карчмы. Неўзабаве ў вёсцы паявіўся сляпы жабрак з павадыром. які паведаміў, што раніцай скажа людзям, хто здзейсніў гэтае забойства. Яшчэ ён казаў, што вяскоўцаў чакае вялікае гора. На світанні жабрака знайшлі з перарэзаным горлам, а яго павадыр вісеў на суку дуба. У той дзень вёска нечакана згарэла ад маланкі, упаўшай з чыстага неба. Нічога са сваёй маёмасці нікому не ўдалося ўратаваць. Згарэў і Марк са сваімі сябрамі. Новае селішча людзі аднеслі ад таго праклятага месца. Каб атрымаць дараванне ад Бога, ля дуба пабудавалі царкву, а вёску назвалі Пагарэвічы, цяпер яна Агарэвічы.

Кожны чалавек павінен даведацца пра свой радавод, пра свой край. Я веру, што з часам у вашых Ганцавічах з'явяцца вуліцы, названыя ў гонар знакамітых людзей нашай Радзімы — К. Тураўскага, Е. Полацкай і іншых. Бо любая назва — гэта помнік зямлі.
Катэгорыя: Аляксей Галаскок | Дабавіў: admin (30.09.2009) | Аўтар: Аляксей ГАЛАСКОК
Праглядаў: 2834 | Тэгі: Аляксей Галаскок | Рэйтынг: 4.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [35]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [75]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [1]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [76]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

http://nmedik.org/ отчего появляются растяжки на теле.
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.